ПРО́ХАРАВА (Віялета Ігараўна) (н. 17.11.1941, г.п. Чэрлак Омскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне біяхіміі і анкалогіі. Д-рмед.н. (1997), праф. (1999). Скончыла Мінскі мед.ін-т (1964). З 1964 у БелНДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1981 заг. аддзела). Навук. працы па гарманальна-метабалічных узаемаадносінах у сістэме «пухліна—арганізм», біяхім. перабудовах у арганізме анкалагічных хворых пры комплексным і камбінаваным лячэнні, пухлінных маркёрах, паказчыках электроннага парамагнітнага рэзанансу ў дыягностыцы раку.
Тв.:
Рак и циклические нуклеотиды: Механизмы опухолевого роста, гормоночувствительность опухолевой ткани, пробл. клинич. онкологии. Мн., 1993 (разам з Л.М.Берштэйнам, Я.Ф.Канаплёй);
Лабораторная оценка побочных реакций организма на многокомпонентную химиотерапию злокачественных опухолей у детского контингента больных (у сааўт.) // Актуальные проблемы онкологии и медицинской радиологии: Сб. науч. работ. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ХАРАЎ (Георгій Міхайлавіч) (29.4.1934, с. Ківерычы Рамешкаўскага р-на Цвярской вобл., Расія — 12.4.1997),
бел. вучоны ў галіне хіміі нафты і торфу. Д-рхім.н. (1991). Скончыў Ленінградскую лесатэхн. акадэмію (1959). З 1975 у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі (у 1988—94 заг. лабараторыі). Навук. працы па хім. тэхналогіі гаручых выкапняў, даследаванні хім. саставу і выкарыстанні тарфянога воску. Распрацаваў новыя спосабы вылучэння бітумаў з торфу і бурага вугалю, спосаб атрымання канцэнтратаў нафтавых меркаптанаў.
Тв.:
Эмульгирующиеся составы, содержащие торфяной воск (разам з Н.І.Лыч, Г.І.Крот) // Новые процессы и продукты переработки торфа. Мн. 1982;
Эфирные битумы торфа (разам з В.С.Голубевай, А.В.Гусінцавай) // Химия твердого топлива. 1988. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛЕ́ПСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да снеж. 1942 у вёсках Багута, Задомля, Ляды, Пагарэлкі, Прылепы, Прыстрамы Прылепскага с/с Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. У розны час налічвала больш за 20 чал. (кіраўнікі І.Д.Будай, П.І.Санковіч). Падпольшчыкі трымалі сувязь з падп. групамі і партыз. атрадамі Смалявіцкага, Лагойскага і Барысаўскага р-наў, працавалі па іх заданнях. Арг-цыя была своеасаблівым базавым перасылачным пунктам для людзей, што ішлі з лесу ў Мінск або ў партызаны, і тут атрымлівалі зброю, дакументы, прытулак, праваднікоў. Падполлю Мінска патрыёты дапамагалі прадуктамі, вывозілі з горада лістоўкі, шрыфты, зброю, учынялі дыверсіі. У вер. 1942 пасля правалу Мінскага падполля асн. частка падпольшчыкаў пайшла да партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́КАС (франц. précoce ад лац. praecox ранні, скараспелы),
парода танкарунных скараспелых авечак мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў Францыі ў 19 ст. скрыжаваннем англ. мясных парод з рамбулье, пазней у Германіі. Гадуюць у краінах Еўропы, ЗША. На Беларусі невял. статкі чыстапародных жывёл ёсць у Іванаўскім і Брэсцкім р-нах Брэсцкай вобл.
Жывёлы буйныя, моцнай канстытуцыі. Маткі бязрогія, бараны бязрогія і з рагамі. Маса бараноў каля 100 (найб. да 150), матак каля 60 кг. Воўна белая, даўж. каля 7 см. Гадавы настрыг з бараноў 7—8 (да 11,7), з матак 4,4—4,8 кг. Выхад чыстай воўны 45—50%. Плоднасць 120—130 ягнят на 100 матак. Скараспелыя жывёлы, у 6—7 месяцаў маса да 45—50 кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРА́НАЎ-САКАЛО́Ў (Ігар Васілевіч) (18.6.1907, с.Вял. Якшань Ніжагародскай вобл., Расія — 19.5.1996),
расійскі фізікахімік. Акад.Рас.АН (1966, чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1971). Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). З 1929 у Фіз.-хім. ін-це імя Л.Я.Карпава, адначасова (з 1947) праф. Маскоўскага хіміка-тэхнал. ін-та, гал. рэдактар час. «Химия и жизнь» (з 1964). Навук. працы па фізікахіміі аэрадысперсных сістэм. Распрацаваў метады даследавання аэразоляў (1933—39), даследаваў законы іх фільтрацыі. Прапанаваў метад атрымання і тэхналогію вытв-сці прынцыпова новых звышэфектыўных тонкавалакністых фільтравальных матэрыялаў (фільтры П.; 1936—38), а таксама матэрыялы для засцярогі ад вытв. і бытавога шумаў. Ленінская прэмія 1966. Дзярж. прэмія СССР 1941.
Тв.:
Волокнистые фильтрующие материалы ФП. М., 1968 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ВІЧ (Сяргей Астапавіч) (12.4.1931, г. Капыль Мінскай вобл. —6.10.1981),
бел. тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1962). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1955). У 1955—57 акцёр Бел.рэсп.т-ра юнага гледача. У 1960—73 і 1977—81 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, у 1973—77 нам. міністра культуры Беларусі. Даследаваў дзейнасць Е.Міровіча, тэатр. спадчыну Я.Коласа, развіццё тэатр.маст. самадзейнасці Беларусі. Адзін з. аўтараў «Гісторыі беларускага тэатра» (т. 1—2, 1983—85).
Тв.:
Народныя тэатры Беларусі. Мн., 1966;
Тэатральная самадзейнасць Савецкай Беларусі. Мн., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Васіль Уладзіміравіч) (19.7.1761, г. Абаянь Курскай вобл., Расія — 3.8.1834),
рускі фізік і электратэхнік. Акад.Пецярб.АН (1809, чл.-кар. з 1802). Скончыў Харкаўскі калегіум (1785), вучыўся ў Пецярб. настаўніцкай семінарыі. У 1795—1833 праф.пецярб. Медыка-хірургічнай акадэміі. Раннія работы па тэорыі гарэння, потым адзін з першых у Расіі вёў даследаванні па электратэхніцы. Стварыў найбуйнейшую гальванічную батарэю (1802), з дапамогай якой адкрыў электрычную дугу. Паказаў магчымасць яе выкарыстання для асвятлення, электраплаўлення, зваркі і аднаўлення металаў з вокіслаў. Устанавіў залежнасць сілы току ад плошчы папярочнага сячэння правадніка. Прапанаваў пакрываць праваднікі ізаляцыйным слоем. Даследаваў электралітычнае дзеянне эл. току, разрады ў газах, электрызацыю трэннем, люмінесцэнцыю. Стварыў шэраг эл. прылад. Яго даследаванні паклалі пачатак практычнаму выкарыстанню электрычнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Мікалай Іванавіч) (12.4.1840, с. Вазнясенскае Макар’еўскага р-на Кастрамской вобл., Расія — 20.6.1921),
украінскі гісторык, літаратуразнавец. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1916), акад.АН УССР (1919). Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1865), з 1876 яе прафесар. Аўтар «Нарысаў гісторыі ўкраінскай літаратуры XIX ст.» (1884) і «Нарысаў з гісторыі ўкраінскай літаратуры XVII—XVIII стст.» (1911). Даследаваў праблемы слав. літаратур («Аб уплыве заходнееўрапейскай літаратуры на старажытнарускую», 1872, «Гістарычны погляд на ўзаемныя адносіны паміж сербамі і рускімі ў адукацыі і літаратуры», 1876, «Заходнярускія палемічныя сачыненні» 1894), гісторыі тэатра («Драматычныя сачыненні Георгія Каніскага», 1878, «Стары паўднёварускі тэатр і ў асаблівасці вертэп», 1882), гісторыі царквы («Нарыс гісторыі базыльянскага ордэна», 1870), гісторыі Беларусі («Беларусь і Літва», 1890). Яму належаць працы па археалогіі, этнаграфіі, музейнай справе і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЎЦО́Ў (Мікалай Мікалаевіч) (н. 18.5.1947, в. Старая Каменка Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне оптыкі і прыкладной матэм. фізікі. Д-рфіз.-матэм.н. (1995), праф. (2000). Скончыў БДУ (1970). З 1979 у БПА. Навук. працы па тэорыі пераносу выпрамянення, скарыстанні ўласцівасцей і прынцыпаў інварыянтнасці пры рашэнні задач матэм. фізікі. Сфармуляваў прынцып інварыянтнасці як абагульненне асн. аспектаў тэарэтыка-групавога падыходу, на аснове чаго атрымаў рашэнні мнагамерных задач тэорыі пераносу, бесканечных лінейных сістэм алг. і Дыферэнцыяльных ураўненняў і інш.
Тв.:
Восстановление внутреннего распределения поля излучения по его характеристикам на границах рассеивающей среды // Изв. АНСССР. Физика атмосферы и океана. 1980. Т. 16, №3;
Свойства и принципы инвариантности: Приложение к решению задач мат. физики. Ч. 1. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры позняга класіцызму ў г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1850 з цэглы. Касцёл — 3-нефавая 2-вежавая базіліка з паўцыркульнай апсідай і 2 сакрысціямі абапал яе. Асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты 2-схільным дахам, апсіда — больш нізкім. Гал. фасад вылучаны ў цэнтры глыбокім рызалітам і завершаны 2-схільным шчытом. Квадратныя 4-ярусныя вежы прарэзаны скразнымі арачнымі праёмамі, круглымі люкарнамі і завершаны шлемападобнымі купаламі. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і шырокімі пілястрамі ў прасценках. Інтэр’ер перабудаваны. Часткова захавалася керамічная падлога з арнаментальным малюнкам. Перад касцёлам брама з 3 арачнымі праходамі, аздобленая на гал. фасадзе паўкалонамі і завершаная лучковым франтонам. У касцёле хрысцілі Я.Купалу.