ПЛА́ТАЎ (Мацвей Іванавіч) (17.8.1751, станіца Старачаркаская Аксайскага р-на Растоўскай вобл., Расія — 15.1.1818),
расійскі ваен. дзеяч. Вайсковы атаман Данскога казацкага войска (з 1801), ген.ад кавалерыі (1809), граф (1812). Ганаровы д-р права Оксфардскага ун-та (1814). На ваен. службе з 1764. Удзельнік рус.-тур. войнаў 1768—74, 1787—91 і 1806—12, рус.-пруска-франц. вайны 1806—07. У пач. вайны 1812 камандзір «лятучага» корпуса 1-й арміі (у Гродне); адрэзаны ад яе франц. войскамі, далучыўся да 2-й арміі; прыкрываў яе адыход, атрымаў перамогі над напалеонаўскай кавалерыяй у Мірскім баі 1812 і каля в. Раманава (цяпер Леніна Слуцкага р-на). Пасля Смаленскай бітвы ўзначаліў ар’ергард аб’яднанай арміі. У час Барадзінскай бітвы 1812 зрабіў рэйд у тыл праціўніка. Восенню 1812 удзельнічаў у праследаванні адступаючай франц. арміі, у вызваленні Оршы, Талачына, Барысава і інш. Удзельнік замежных паходаў рускай арміі 1813—14.
Літ.:
Астапенко М.П., Левченко В.Г. Атаман Платов: Жизнеописание. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́МБА (ням. Plombe адлац. plumbum свінец),
кавалачак свінцу з адбіткамі пячаткі, якім апламбоўваецца пэўны прадмет. Стараж. П. адрозніваюцца ад віслых пячатак (гл.Була) невял. памерамі (1—1,5 см) і прызначэннем. На Русі П. «наўгародскага тыпу» служылі малымі пячаткамі пасаднікаў (канец 11—13 ст.). Найб. пашыраны П. «драгічынскага тыпу», якіх у Драгічыне-Надбужскім (Польшча) выяўлена некалькі тысяч. Шырока бытуе меркаванне, што П. прывешвалі да цюкоў з таварамі, якія вывозілі на знешні рынак, што гарантавала іх захаванасць. У Зах. Еўропе двухсастаўныя гандл. П. вядомы ў 15—17 ст. У 19—20 ст. выкарыстоўваюцца П. пад пламбір (прыстасаванне ў выглядзе клешчаў) на пошце, чыгунцы, у банках і інш. установах. З 2-й пал. 20 ст. ў шырокім ужытку П. з пластмасы з адтулінамі для прасоўвання кантрольнага дроту або шнура; маюць выявы дзярж. герба, даты, умоўныя літары і лічбы. На тэр. Беларусі ў час археал. раскопак П. выяўлены ў Віцебску, Тураве, Брэсце, Полацку і інш.
Пломбы 16—18 ст. з Дзісны і Друі (правы і адваротны бакі).
хвароба Гейнэ-Медзіна, эпідэмічны дзіцячы параліч, вострая інфекцыйная хвароба, якая пашкоджвае нерв. сістэму, пераважна шэрае рэчыва спіннога мозга. Бывае ад лёгкіх форм (катаральныя з’явы) да цяжкіх паралічаў. Пашыраны сярод дзяцей. Узбуджальнік — паліявірус (3 незалежных тыпаў). Крыніца інфекцыі — хворы на П. або вірусаносьбіт. Заражэнне адбываецца праз стрававальна-кішачны тракт і паветрана-кропельным шляхам. Вірус размнажаецца ў лімфатычным глотачным кольцы, рэгіянарных лімфатычных вузлах, пранікае ў кроў. Адрозніваюць непаралітычныя формы П., падобныя да менінгіту або да вострага кішачнага расстройства, і паралітычныя (спінальная, бульбарная, панцінная), калі развіваюцца вялыя парэзы і паралічы мышцаў, назіраюцца асіметрычныя паралічы ног, рук, плечавога пояса; аднаўленчы перыяд 2 гады, аднак у 50% хворых на П. развіваецца пажыццёвая інваліднасць (укарачаюцца канечнасці, адбываецца атрафія мышцаў). Для папярэджання П. праводзіцца вакцынацыя дзяцей. Лячэнне сімптаматычнае. На Беларусі значны ўклад у ліквідаванне П. зрабілі Э.Ф.Фельдман, Х.А.Протас. У канцы 1990 — пач. 2000-х г. П. ліквідуецца як інфекц. хвароба, што выклікаецца «дзікім» (завозным) штамам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛ ПОТ (сапр.Салот Сар; 19.5.1928, прав. Кампонгцям, Камбоджа — 9.6.1996),
палітычны і дзяржаўны дзеяч Камбоджы. У 1949—52 вучыўся ў Сарбоне (Францыя). З 1940-х г. удзельнік антыяп., потым — антыфранц. руху. Чл.Камуніст. партыі Індакітая, з 1951 — Нар.-рэв. партыі Камбоджы (з 1963 — Кампучыйская камуніст. партыя), яе ген. сакратар у 1963—89. З 1967 узначаліў узбр. барацьбу камуністаў («чырвоных кхмераў») супраць рэжымаў Нарадома Сіянука, з 1970 — Лон Нола, якая скончылася захопам «чырвонымі кхмерамі» ў крас. 1975 улады ў краіне. У 1976—79 прэм’ер-міністр Дэмакр. Рэспублікі Кампучыі. Пад яго кіраўніцтвам была зроблена спроба хуткай пабудовы ў Камбоджы камуніст. грамадства; фактычна быў усталяваны жорсткі таталітарны рэжым, у выніку голаду і рэпрэсій загінула ад 2 да 3 млн.чал. Справакаваў узбр. канфлікт з В’етнамам. Пасля ўзяцця 7.1.1979 в’етн. войскамі сталіцы Камбоджы Пнампеня ўцёк у Тайланд, дзе ўзначаліў партыз. барацьбу супраць рэжыму Хенга Самрына і в’етн. войск. У 1985 падаў у адстаўку з усіх пасад, застаючыся фактычным кіраўніком «чырвоных кхмераў». У ліст. 1991 вярнуўся ў Камбоджу, дзе хаваўся ад новых улад у горных раёнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́СТАВАНГАРД (адпост... + авангард),
неаавангард, у музыцы ўмоўная назва розных плыней сучаснага зах.-еўрапейскага муз. мастацтва, для якіх характэрна адмаўленне адэстэт. установак авангарда. Тэрмін зацвердзіўся ў канцы 1960-х г. Выявіўся ў змешванні розных стыляў (гл.Полістылістыка), тэхнік пісьма ў адным творы (напр., «Атмасферы» Дз.Лігеці). Разрыў паміж пераўскладненай авангарднай музыкай і ўспрыманнем яе публікай прывёў да ўзнікнення музыкі мінімалістаў з культам прастаты, звароту да традыц. музыкі ўсх. культур з іх запаволеным успрыманнем часу. Для П. характэрны пошук новых уласцівасцей гуку (у галіне санорыкі, мікрахраматыкі, электроннай музыкі), панаванне т.зв. афармальнай музыкі: «адкрытых» твораў, ці якія «развіваюцца» (усе віды алеаторыкі, «момантавая музыка», «жывая электронная музыка», «музыка дзеяння» і інш., у якіх муз. твор прадстаўлены не як вынік творчай дзейнасці, а як працэс). Яскравыя вынаходніцтвы П. — формульная, мультыформульная і суперформульная кампазіцыі. Рысы П. найб. уласцівы творчасці кампазітараў Л.Берыо, Г.Генцэ, К.Штокгаўзена, П.Булеза, Л.Нона. У бел. музыцы П. у чыстым выглядзе не знайшоў увасаблення, пэўныя яго прыёмы выкарыстоўваюць А.Сонін («Прысвячэнне Сапфо»), Дз.Смольскі («Актафонія») і інш.
Літ.:
Соколов А.С. Музыкальная композиция XX в.: Диалектика творчества. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛУ́КІ,
вёска ў Сеніцкім с/с Мінскага р-на. За 12 км на Пдад Мінска, 3 кмадчыг. ст. Пціч. 1483 ж., 528 двароў (2000).
Вядомы з 16 ст. ў складзе ВКЛ, уласнасць Горскіх, Роскіх, Агінскіх, Сянькевічаў, Іваноўскіх, Оштарпаў, Горватаў і інш., з 1872 Чапскіх. У 1635 заснаваны мужч. манастыр (згарэў у 1868), у 1763 пабудавана Свята-Пакроўская царква. З 1793 у Рас. імперыі ў Самахвалавіцкай вол. Мінскага пав. Да 1864 тут паштовая станцыя на тракце Мінск—Навагрудак. У 1865 пабудавана царква Раства Багародзіцы, з 1879 пры ёй існавала нар. вучылішча. Замалёўку П. зрабіў Н.Орда. У 1886 у П. бровар, піваварня, млын., у 1897 у вёсцы 50 ж., 8 двароў, 2 кузні, хлебазапасны магазін, царква. З 1924 вёска ў Самахвалавіцкім р-не БССР, з 1935 у Сеніцкім с/с Мінскага р-на.
Прадпрыемства аэрафотагеадэзічных пошукаў, цэх дзярж. інспекцыі па электрасувязі, Бел.НДІ аховы раслін. Сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Прылуцкі палацава-паркавы комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭДЫКА́Т (адлац. praedicatum сказанае),
тое, што ўласцівасць; у вузкім сэнсе — уласцівасць асобнага прадмета, у шырокім — адносіны, г.зн. уласцівасць некалькіх прадметаў. У арыстоцелеўскай і традыц. логіцы разумеўся толькі як адзін з двух тэрмінаў суджэння — той, у якім нешта гаворыцца аб суб’екце. Больш агульная трактоўка П. звязана з разглядам прэдыкацыі як прыватнага выпадку функцыянальнай залежнасці. У сучаснай логіцы П. — лагічная (або прапазіцыянальная) функцыя — выраз з нявызначанымі тэрмінамі (пераменнымі), які пры выбары канкрэтных значэнняў для гэтых тэрмінаў пераўтвараецца ў асэнсаванае (ісціннае або памылковае) выказванне. У лагічнай структуры суджэння традыц. паняцці П. і суб’екта замяняюцца адпаведна на дакладныя матэм. паняцці функцыі і яе аргумента.
У адпаведнасці з гэтым П. вызначаюцца на мноствах (абласцях прадметаў); элементы якіх служаць аргументамі, або значэннямі адпаведных пераменных. Пры функцыянальнай форме запісу П. ад η пераменных выражаюць формулай P(x1, ... xn), дзе η ≥ 0. Пры η = 0 П. супадае з выказваннем, пры η = 1 П. з’яўляецца ўласцівасцю ў вузкім сэнсе (аднамесны П.), пры η = 2 — уласцівасцю «пары» (двухмесны П.), пры η = 3 — уласцівасцю «тройкі» (трохмесны П.) і г.д.Гл. таксама Логіка прэдыкатаў, Функцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУГАЧО́Ў (Емяльян Іванавіч) (каля 1742, б. станіца Зімавейская-на-Доне, цяпер тэр. Валгаградскай вобл., Расія — 21.1.1775),
кіраўнік сялянскай вайны 1773—75. Данскі казак, харунжы (1770). Удзельнік Сямігадовай 1756—63 і рус.-тур. 1768—74 войнаў. У 1771 уцёк адваен. службы на р. Церак, там выбраны станічным атаманам. У лют. 1772 арыштаваны, уцёк да старавераў у Ветку на Гомельшчыне, у ліст. — на р. Яік (цяпер Урал), дзе агітаваў казакаў пайсці на вольныя землі за р. Кубань. Арыштаваны, засуджаны на катаргу. У маі 1773 уцёк з казанскага астрога на Яік, дзе паводле дамоўленасці з групай казакоў абвясціў сябе імператарам Пятром III (вер. 1773). Выступаў з утапічнай ідэяй «справядлівага» казацка-сял. царства. У час сял. вайны непісьменны П. паказаў вял. арганізатарскія і ваен. здольнасці. Жорстка распраўляўся з дваранамі і ўсімі, хто не прызнаваў яго імператарам. Пасля канчатковага паражэння ад урадавых войск П. 19.9.1774 схоплены групай сваіх прыбліжаных і неўзабаве выдадзены ўладам. Пакараны смерцю (чвартаваны) ў Маскве.
Літ.:
Буганов В.И. Пугачев. М., 1984.
М.Г.Нікіцін.
Е.І.Пугачоў. З партрэта невядомага мастака. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЛЬСА́РЫ (англ. pulsars скарачэнне ад Pulsating Sources of Radioemission пульсуючыя крыніцы радыёвыпрамянення),
касмічныя крыніцы імпульснага эл.-магн. выпрамянення. Адкрыты ў 1967 Э.Х’юішам (Вялікабрытанія). Вядома некалькі соцень П. Перыяды паўтарэння імпульсаў 0,002—4 с. Выпрамяненне мае нецеплавую прыроду. Большасць П. выпрамяняе ў радыёдыяпазоне ад метровых да сантыметровых хваль. П. ў Крабападобнай туманнасці і некаторыя інш. выпрамяняюць таксама ў аптычным, рэнтгенаўскім і гама-дыяпазонах. П. атаясамліваюць з нейтроннымі зоркамі, што хутка верцяцца. Выпрамяненне распаўсюджваецца ў малым цялесным вугле і накіроўваецца ў бок назіральніка праз прамежкі часу, роўныя перыяду вярчэння зоркі. Малыя перыяды і высокая стабільнасць імпульсаў (змена за перыяд меншая за 10−14 с) абумоўлены, адпаведна, хуткім вярчэннем зоркі (да некалькіх дзесяткаў абаротаў за секунду) і стабільнасцю перыяду яе вярчэння. Энергія вярчэння зоркі пераўтвараецца ў энергію выпрамянення, таму перыяд вярчэння зоркі (перыяд П.) паступова павялічваецца. Назіранні П. выкарыстоўваюцца для вывучэння будовы Галактыкі, даследавання міжзорнага і міжпланетнага асяроддзяў, праверкі агульнай тэорыі адноснасці і інш.
Літ.:
Смит Ф.Г. Пульсары: Пер. с англ.М., 1979;
Манчестер Р.Н., Тейлор Дж.Х. Пульсары: Пер. с англ.М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́НА (ісп. Puna, на мове кечуа — пустынны),
прыродная вобласць у Паўд. Амерыцы, Перу, Балівіі, Чылі і Аргенціне. Уяўляе сабой высакагорныя пустыні і сухія стэпы на высокаўзнятых пласкагор’ях Цэнтр. Андаў паміж Зах. і Цэнтр. Кардыльерамі. Выш. 3500—4600 м. У рэльефе пераважаюць слабахвалістыя раўніны і плоскія катлавіны, запоўненыя вулканічнымі, абломкавымі і азёрна-ледавіковымі адкладамі. Клімат высакагорна-трапічны з халаднаватым дажджлівым летам і халоднай сухой зімой. Сярэднія т-ры ліст. 5—10 °C, ліп. 2—6 °C. Ападкаў ад 1000 мм за год на Пн, да 100—200 мм на Пд і З. Характэрны рэзкія змены надвор’я і моцныя вятры. П. — вобласць унутранага сцёку (найб.р. Дэсагуадэра). Найб. азёры Тытыкака і Паапо. Развіты саланчакі. Глебы ад высакагорна-стэпавых да чырвона-бурых пустынных, часта саланчаковыя. Расліннасць пераважна ксерафільная, разрэджаная, з дзернавінных злакаў (кавыль, аўсяніца, вейнік і інш.), падушкападобнага хмызняку (льярэта і інш.), асобных кактусаў, салянак, трапляюцца нізкарослыя дрэвы (палілепіс, тола і інш.). Пашавая жывёлагадоўля (развядзенне авечак, мулаў, лам); у бас. азёр Тытыкака і Паапо — пасевы збожжавых, бульбаводства. П. вылучаюць таксама як вышынны ландшафтны пояс Цэнтр. Андаў.