МАНТЭВЕ́РДЗІ ((Monteverdi) Клаўдзіо Джавані Антоніо) (хрышчаны 15.5.1567, г. Крэмона, Італія — 29.11.1643),
італьянскі кампазітар, дырыжор; адзін з першых класікаў оперы. З 1590 чл. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме. З 1590 служыў пры двары герцага Мантуанскага. З 1613 капельмайстар сабора Сан-Марка ў Венецыі. Адзін з арганізатараў першага публічнага опернага т-ра (Венецыя). Апіраючыся на прынцыпы фларэнтыйскай камераты, заклаў традыцыі опернай венецыянскай школы. Ператварыў оперу ў муз. драму, развіў оперныя формы (арыя, ансамбль, хор, арк. інтэрмедыя), увёў у оперу уверцюру, стварыў розныя тыпы рэчытатыву, узбагаціў сродкі гармоніі і аркестроўкі. Як музыкант-віртуоз выкарыстаў новыя выканальніцкія прыёмы. Стваральнік т.зв. ўсхваляванага стылю, дасягнуў гранічнай драматызацыі мадрыгала, ператварыўшы яго ў драм. сцэну. Аўтар 8 опер, з якіх цалкам захаваліся «Арфей» (паст. 1607), «Вяртанне Уліса на радзіму» (паст. 1640), «Каранацыя Папеі» (паст. 1642) — узоры эмацыянальна-псіхал. напружанай канфліктнай драматургіі. Сярод інш. твораў балет, хар. канцэрты, месы, матэты, каля 150 свецкіх і духоўных мадрыгалаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАНЫ́ЛЫ»
(«Manyly»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгады «Штурмавая» і мясц. насельніцтва ў раёне в. Манылы і ў Маныльскім лесе (Лагойскі р-н), а таксама ў Барысаўскім, Плешчаніцкім і Смалявіцкім р-нах Мінскай вобл. 2—14.4.1943 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі 2-га паліцэйскага палка з прыдадзенай яму танк. ротай, 2 мінамётнымі і 1 сапёрным узводамі. Ажыццяўлялася ў 3 этапы, кожны з якіх меў кодавую назву: «М.» — 2—4 крас., «Вясна—Поўдзень» («Lenz—Süd») — 6—8 крас. і «Вясна—Поўнач» («Lenz—Nord») — 8—14 крас. Нягледзячы на перавагу ў сілах і сродках, карнікам не ўдалося акружыць і знішчыць брыгаду. Партызаны з баямі адышлі ў паўн. напрамку. Гітлераўцы расстралялі 732 чал. ў шэрагу вёсак Лагойскага, Смалявіцкага і інш. раёнаў; 531 чал. «мабілізавалі» на катаржныя работы. Захапілі шмат жывёлы, збожжа, бульбы, разбурылі прадпрыемствы па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі, у т. л. 11 млыноў, шмат якія вёскі спалілі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Фелікс Станіслававіч) (1.2.1920, в. Машчонае Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 13.8.1992),
бел. вучоны-эканаміст. Акад.АН Беларусі (1969, чл.-кар. 1966). Д-рэканам.н. (1964), праф. (1965). Скончыў БДУ (1946). З 1947 у Ін-це эканомікі АН Беларусі (у 1964—80 дырэктар). Адначасова ў 1966—70 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі. Навук. працы па развіцці і размяшчэнні прадукц. сіл Беларусі, эфектыўнасці с.-г. вытворчасці. Даследаваў заканамернасці размяшчэння галін сельскай гаспадаркі і фарміравання с.-г. зон. Удзельнічаў у распрацоўцы навук. прагнозаў па комплексным выкарыстанні прыродных рэсурсаў і развіцці прадукц. сіл Палесся. Адзін з аўтараў і навук. рэдактар кн. «Эканамічная геаграфія Беларускай ССР» (1956), «Беларуская ССР» (1957), «Сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні ў Беларускай ССР за гады Савецкай улады» (1970).
Тв.:
Измерение эффективности работы сельскохозяйственных предприятий. Мн., 1975 (разам з А.І.Мяцельскім);
Факторный анализ эффективности сельскохозяйственного производства. Мн., 1983 (у сааўт.);
Социально-экономическая эффективность сельскохозяйственного производства в АПК. Мн., 1986 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫ́ННАЯ ГРА́ФІКА,
сукупнасць метадаў стварэння, захоўвання і апрацоўкі на ЭВМ (у т. л. ўвод/вывад) інфармацыі, якая мае форму відарысаў, графікаў і інш. Выкарыстоўваецца ў прамысл. сістэмах аўтаматызаванага праектавання для стварэння мадэляў новых вырабаў, у навук. і інж. даследаваннях, бізнесе, рэкламнай справе, індустрыі забаў, мастацтве.
Станаўленне М.г. як навук. кірунку адбылося ў сярэдзіне 1960-х г. М.г. звязана з выкарыстаннем сродкаў выліч. тэхнікі, якія інтэнсіўна развіваюцца, і з неабходнасцю апрацоўкі вельмі вял. аб’ёмаў інфармацыі за кароткі час. Выкарыстоўвае вынікі ў галіне структур даных, аперацыйных сістэм, моў праграмавання, геам. мадэліравання і інш.Асн.тэхн. сродкі: графічныя дысплеі, сканеры, графапабудавальнікі, прынтэры, дыгітайзеры. Праграмныя сродкі залежаць ад галіны іх выкарыстання.
На Беларусі работы ў галіне М.г. пачаты ў 1960-я г. ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, дзе створаны першыя графапабудавальнікі і вектарныя дысплеі, распрацаваны пакеты праграм для фарміравання маш.-буд. чарцяжоў і рашэння графічных і геам. задач. Гл. таксама Лічбавая апрацоўка відарысаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІШЧАНЧУ́К (Уладзімір Андрэевіч) (н. 5.8.1946, в. Валавель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. акцёр, педагог. Засл. арт. Беларусі (1977). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1968). З 1968 акцёр і дырэктар Гродзенскага абл.драм.т-ра. З 1985 заг. кафедры, з 1990 дэкан тэатр. факультэта Бел.АМ. Характарны акцёр. Творчасць адметная мастацтвам імправізацыі, разнастайнасцю сцэн. фарбаў. Найб. значныя работы стварыў у камед. рэпертуары. Сярод роляў: Быкоўскі і Кутас («Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы), Жлукта («Мілы чалавек» К.Крапівы), Несцерка (аднайм. п’еса В.Вольскага), дзед Цыбулька («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Гатоўчык («Апошні шанц» В.Быкава), доктор Пінч і Балтазар («Камедыя памылак» У.Шэкспіра), Кісельнікаў («Багна» А.Астроўскага), Сімяонаў-Пішчык («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Ларыёсік («Дні Гурбіных» М.Булгакава), Зямцоў («Жорсткія гульні» А.Арбузава), Залатуеў («Развітанне ў чэрвені» А.Вампілава), Голубеў («Сам-насам з усімі» А.Гельмана) і інш. Здымаецца ў кіно: «Вадзіцель аўтобуса» (1983), «Прыступіць да ліквідацыі» (1984), «Маці Урагану» (1990), «Апёк» (1999) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСІ́НСКІ (Сяргей Сцяпанавіч) (н. 21.9.1920, с. Лісіцына Велікаўсцюжскага р-на Валагодскай вобл., Расія),
бел архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1973). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (1952). У 1960—67 і з 1969 кіраўнік майстэрні ў ін-це «Мінскпраект», у 1967—69 гал. архітэктар ін-та «Белдзяржпраект». Асн.работы: у Мінску — праекты забудовы пл. Калініна (1954—62), планіроўкі і забудовы 2-й чаргі праспекта Скарыны (1958—64), будынак гарвыканкома (1964), Палац мастацтваў (1973; цяпер рэсп. Мастацкая галерэя); комплексы 5—14-павярховых інтэрнатаў па вуліцах Сурганава, Цнянскай, Металістаў (усе 1969—79), фантан «Юнацтва» каля гасцініцы «Мінск» (1978, усе ў сааўт.), комплекс жылых дамоў па вул. Няміга (1991, кіраўнік аўтарскага калектыву); санаторны комплекс «Беларусь» у Сочы (Расія; 1953—68), мемар. комплекс «Вязынка» ў в. Вязынка Маладзечанскага р-на (1972), будынак аблвыканкома ў Гомелі (1974), Дом Саветаў у г. Шчучын Гродзенскай вобл. (1979, усе ў сааўт.) і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГО́РСКІ (Ігар Станіслававіч) (н. 17.2.1931, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі; стваральнік навук. школы па матэм. мадэліраванні і аўтаматызацыі с.-г. вытв-сці. Акад. Акадэміі агр. навук Беларусі і Рас. акадэміі с.-г. навук (1992). Д-ртэхн.н. (1978), праф. (1980). Скончыў БСГА (1953). З 1953 у Ін-це торфу Нац.АН, з 1961 у БелНДІ механізацыі сельскай гаспадаркі (у 1983—98 дырэктар, у 1984—98 ген. дырэктар НВА «Белсельгасмеханізацыя», з 1998 гал.навук. супрацоўнік, з 1999 саветнік). Навук. працы па абгрунтаванні сістэм тэхн. сродкаў для сельскай гаспадаркі, параметраў і рэжымаў работыс.-г. машын і агрэгатаў на стадыі іх праектавання на аснове метадаў матэм. мадэліравання; створаны высокаэфектыўныя машыны, глебаапрацоўчыя агрэгаты, тэхн. сродкі для ўборкі і пасляўборачнай апрацоўкі зерня, лёну, кармоў і інш.
Тв.:
Моделирование сельскохозяйственных агрегатов и их систем управления. Л., 1979 (у сааўт.);
Механизация процессов химизации и экология. Мн., 1993 (разам з Л.Я.Сцепуком, В.П.Дзмітрачковым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІКАРПО́ВІЧ (Канстанцін Міхайлавіч) (18.3.1889, в. Белая Дуброва Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 20.2.1963),
бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1951). Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю (1909). Настаўнічаў у школах Чэрыкаўскага пав. У 1925—26 чл. гісторыка-археал. камісіі Інбелкульта. З 1929 у Ін-це гісторыі АН Беларусі (навук. супрацоўнік, заг. сектара; у 1941—42 у Казахстане). На Беларусі і ў Бранскай вобл. адкрыў і вывучаў палеалітычныя (Бердыж, Елісеевічы, Падлужжа, Юдзінава, Юравічы) і мезалітычныя (Журавель, Крыжы) стаянкі, помнікі неаліту і бронзы (Крывіна, Страліца). Вёў разведвальныя работы з мэтай выяўлення новых археал. помнікаў на Беседзі, Дняпры, Іпуці, Сажы, Случы і інш. Першы выказаў думку пра засяленне тэр. Беларусі першабытным чалавекам у стараж.-каменным веку, што першабытны чалавек рабіў аснову жытлаў з чарапоў і інш.вял. касцей мамантаў, а рэбры выкарыстоўваў як землекапалкі. Вывучаў касцярэзнае мастацтва першабытных людзей.
Тв.:
К вопросу о мустьерской культуре в Верхнем Поднепровье // Материалы по археологии БССР. Мн., 1957. T. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАШКО́ВАЙ МЕТАЛУРГІ́І З ДО́СЛЕДНАЙ ВЫТВО́РЧАСЦЮ НДІБеларускага дзяржаўнага навукова-вытворчага канцэрна парашковай металургіі.
Засн. ў 1972 у Мінску на базе праблемнай лабараторыі Бел.політэхн. ін-та. У 1980 на базе НДІ створана навукова-вытв. аб’яднанне, у 1996 — Бел.дзярж. навукова-вытворчы канцэрн парашковай металургіі. Асн. кірункі навукова-тэхн. дзейнасці: распрацоўка навук. прынцыпаў кіравання структурай і ўласцівасцямі матэрыялаў, стварэнне новых матэрыялаў (канструкцыйных, порыстых, трыбатэхн., алмазазмяшчальных, магнітных, керамічных і інш.) для работы ў экстрэмальных умовах; распрацоўка высокаэфектыўных тэхналогій атрымання гэтых матэрыялаў метадамі парашковай металургіі, сінтэзу, уздзеяннем імпульснымі нагрузкамі, нанясеннем ахоўных пакрыццяў і інш. і выраб з іх дэталяў, вузлоў і камплектуючых для прадпрыемстваў аўтатрактарнага і с.-г. машынабудавання, энергетыкі, прыборабудавання, чыг. транспарту, вытв-сці хім. і харч. прадуктаў, будматэрыялаў, вырабаў мед. тэхнікі і інш. З 1977 выдае штогоднік «Парашковая металургія». У ін-це працаваў чл.-кар.Нац.АН Беларусі Г.Дз.Карпенка, працуюць акад.Нац.АН Беларусі П.А.Віцязь і А.У.Роман.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРК КУЛЬТУ́РЫ І АДПАЧЫ́НКУ,
від парку ў населеным месцы, прызначаны для правядзення масавых культ.-асв., фізкультурна-аздараўленчых, спарт., забаўляльных і інш. мерапрыемстваў, для адпачынку насельніцтва. Уваходзіць у сістэму азеляненнянас. месцаў і ствараецца з улікам патрабаванняў зялёнага будаўніцтва.
Пры стварэнні такіх паркаў выкарыстоўваюць паркавыя масівы, у т. л. каштоўныя старадаўнія паркі, улічваюць іх наведвальнасць і ўмяшчальнасць, памеры і прызначэнне збудаванняў на іх, вылучаюць сектары культ.-асв.работы, спарт.-фізкультурных мерапрыемстваў, відовішчна-масавы, дзіцячы, ціхага адпачынку, адм.-гаспадарчы. Арганізуюць пры парках танц. і спарт. школы, тэатр. і муз. калектывы, праводзяць канцэрты, конкурсы, дыскатэкі, гульні, атракцыёны, нар. гулянні і інш. Для абслугоўвання наведвальнікаў ствараецца сетка пунктаў інфармацыі, харчавання, зацішкаў ад непагадзі. Зялёныя насаджэнні звычайна займаюць 70—75% плошчы парку.
На Беларусі першыя такія паркі арганізаваны ў 1930-я г. ў Рэчыцы, Слуцку, Оршы, найб. па плошчы паркі ў Мінску, абл. гарадах, а таксама ў Светлагорску, Кобрыне, Наваполацку, Калінкавічах, Бабруйску, Маладзечне, Баранавічах і інш.