КРЭАЗО́Т (ад грэч. kreas мяса + sozo выратоўваю, захоўваю),
смалістая вадкасць з едкім пахам, якую атрымліваюць сухой перагонкай драўніны (звычайна бука) або вылучаюць з фракцый разгонкі кам.-вуг. смалы. Складаецца з фенолаў і іх эфіраў, а таксама нафталіну і антрацэну. Выкарыстоўваецца для прапіткі драўніны (каб прадухіліць гніенне), як флотарэагент (пры абагачэнні руд), дэзінфектант (пры дэзінфекцыі); ачышчаны драўняны К. — як антысептык у медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПРЭ́ЕЎ (Аляксандр Клаўдзіевіч) (26.9 1900, г. Беласток, Польшча — 26.8.1975),
генерал-лейтэнант (1944).
Скончыў курсы пры Ваенна-марской акадэміі (1929) і курсы ўдасканалення начсаставу прыВаен.-паветр. акадэміі (1931). У арміі з 1914, у Чырв. Арміі з 1918, удзельнік грамадз. вайны. У Вял.Айч. вайну нам.нач.ВПСВМФ, нач. тылу ВПСВМФ. Да 1956 на камандных пасадах у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАЦЬБА́,
выбіранне насення (або пладоў) з каласоў, мяцёлак, кошыкаў, струкоў, галовак, катахоў раслін; заключная аперацыя ўборкі збожжавых і інш.с.-г. культур. Бывае адзінарнай і падвойнай (пры адна- і двухразовым прапусканні масы ўраджаю праз малацільнае ўстройства). Праводзяць камбайнамі і малатарнямі (у полі ці на таку) разам з ачысткай і звычайна сумяшчаюць з сартаваннем, а пры прамым (аднафазным) камбайнаванні — са жнівом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНІНГАКО́КІ,
парныя, шарападобныя, грамадмоўныя, аэробныя бактэрыі роду Neisseria; узбуджальнікі інфекц. хвароб, напр.менінгіту чалавека (асабліва ў дзяцей). Апісаў ням. вучоны А.Вейксельбаум (1887). Выдзяляюць эндатаксін і алергізуючую субстанцыю. Размяшчаюцца паза- і ўнутрыклетачна. З арганізма хворых выдзяляюцца з насаглоткі, ліквору, крыві, скурных высыпак, сінавіяльнай вадкасці. Гінуць у вонкавым асяроддзі пры 20 °C праз 30 мін, пры 50 °C праз 5 мін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАСТРАНГІЛЁЗ,
інвазійная хвароба дзікоў і свойскіх свіней, якая выклікаецца метастрангілідамі. Пашыраны ўсюды. Зрэдку развіваецца ў жвачных, сабак і чалавека. Найб. пашкоджваюцца лёгкія. Часцей хварэе маладняк у летне-асенні перыяд. Жывёлы заражаюцца пры паяданні інвазаваных дажджавых чарвей. Прыкметы: кашаль, выдзяленні з носа, адсутнасць апетыту, адставанне ў росце і развіцці, праявы гіпаксіі; часта ўскладняецца пнеўманіяй і інш.Пры значнай інвазіі жывёлы гінуць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУМІФІКА́ЦЫЯ (ад мумія + лац. facio раблю),
высыханне трупа ці асобных адмерлых частак жывога арганізма. Натуральная М. адбываецца пры пераходзе вільгаці з мёртвай тканкі ці трупа ў навакольнае асяроддзе і адсутнасці ўмоў для гніласнага распаду тканак (напр., высокая т-ра). Пры штучнай М. труп насычаецца спец. рэчывамі, якія яго кансервуюць. Пасля М. труп ці яго ч. захоўвае форму, страта масы дасягае 75%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАКЛЁП,
змена структуры і ўласцівасцей металаў і сплаваў, выкліканая іх пластычным дэфармаваннем. Робіцца для паверхневага ўмацавання металаў (павялічвае часовае супраціўленне разрыву, мяжу цякучасці, цвёрдасць, стомленасную трываласць). Узнікае пры апрацоўцы вырабаў ціскам (пракатцы, валачэнні, коўцы, штампоўцы) і рэзаннем, пры абкатцы ролікамі, спец. апрацоўцы шротам і інш.Гл. таксама Накатка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЛЕ́ДАВАЛЬНАСЦЬ,
генатыпічная абумоўленасць зменлівасці адзнакі для папуляцыі або групы арганізмаў. Вызначаецца колькасна з дапамогай каэфіцыента. Больш нізкія каэфіцыенты атрымліваюцца для адзнак, якія абумоўліваюць біял. прыстасаванасць арганізмаў (пладавітасць, маса цела пры нараджэнні і інш.). Выкарыстоўваецца ў селекцыі для вызначэння патэнцыяльнай эфектыўнасці адбору (пры высокіх значэннях каэфіцыента эфектыўны масавы адбор), для прагназавання росту прадукцыйнасці парод жывёл, сартоў раслін, штамаў мікраарганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІСТА́ГМ (ад грэч. nystagmos дрымота),
міжвольныя рытмічныя двухфазныя (хутка і павольна) рухі вочных яблыкаў у чалавека і жывёл. Бывае адна- і двухбаковы (часцей); гарыз., вярчальны, верт. і дыяганальны. Назіраецца ў здаровым стане, напр., пры працяглым вярчэнні на крэсле, фіксацыі позірку на прадметах, што хутка рухаюцца; у паталаг. стане пры хваробах ц. н. с., пашкоджаннях і захворваннях мозга, вушнога лабірынта і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНЕЎМАКО́К (Streptococcus pneumoniae),
бактэрыя роду стрэптакокаў. Узбуджальнік крупознай пнеўманіі і інш. запаленчых захворванняў органаў дыхання.
Клеткі дыям. 0,5—1,25 мкм, часта парныя, сферычныя ці авальныя, нерухомыя, грамстаноўчыя, аэробы, гетэратрофы. Мала ўстойлівыя да ўздзеянняў навакольнага асяроддзя. Маюць фактары патагеннасці (капсула і інш.). Пры парушэнні нармальных ахоўных механізмаў (напр., пры віруснай інфекцыі дыхальных шляхоў) бактэрыі з зева пранікаюць у лёгкія.