галіна гістарычнай навукі, якая вывучае станаўленне чалавека і гісторыю чалавечага грамадства па матэрыяльных рэштках жыцця і дзейнасці людзей — рэчавых (археал.) помніках. Даследуе ў комплексе стараж. помнікі (стаянкі, паселішчы, могільнікі, свяцілішчы, майстэрні і інш.), рэчы і іх катэгорыі (прылады працы, прадметы побыту, матэрыялы духоўнай культуры), выяўленыя ў час археалагічных раскопак; узнаўляе сац.-эканам. гісторыю эпох, што недастаткова або зусім не адлюстраваны ў пісьмовых крыніцах, даследуе шэраг пытанняў, якія вывучаюцца і сумежнымі навукамі — этнаграфіяй, антрапалогіяй, палеанталогіяй і інш.; цесна звязаны з дапаможнымі гіст. дысцыплінамі — нумізматыкай, сфрагістыкай, эпіграфікай. Археалогія падзяляецца па эпохах (каменны век, бронзавы век, жалезны век, сярэднявечча), часам па крыніцах, культурна-гіст. абласцях, этнічных прыкметах (скіфскі перыяд, антычныя дзяржавы, славянская археалогія). Паводле храналаг. і тэр. падзелу своеасаблівых рыс помнікаў вылучаюцца т.зв.археалагічныя культуры. Важным пытаннем з’яўляецца класіфікацыя і датаванне здабытых пры раскопках рэчаў. У археалогіі выкарыстоўваюць спецыфічныя метады даследавання: параўнальна-тыпалагічны метад (вызначэнне культ. прыналежнасці і храналогіі рэчаў шляхам параўнання з аналагічнымі, але ўжо вядомымі), стратыграфія (умовы залягання культ. пласта археал. помнікаў адносна геал. напластаванняў і інш. пластоў), статыстычны (улік масавых знаходак аднолькавага прызначэння), а таксама розныя метады археалагічнага датавання. Важны метад даследавання археал. помнікаў — картаграфаванне. Асобная галіна археалогіі — падводная археалогія — вывучае стараж. і сярэдневяковыя помнікі, што апынуліся пад вадой (у азёрах, рэках, морах). Археал. матэрыялы дапаўняюцца пісьмовымі крыніцамі.
Як навука археалогія аформілася ў 19 — пач. 20 ст. (да гэтага яна вывучала антычнасць і мела мастацтвазнаўчы кірунак). У краінах Зах. Еўропы цікавасць да нац. гісторыі, у т. л. да археалогіі, асабліва ўзмацнілася пасля Вял.франц. рэвалюцыі 1789—93, якая спрыяла абуджэнню нац. самасвядомасці. З павелічэннем колькасці археал. матэрыялаў пачаліся спробы іх класіфікацыі. У 1836 дацкі археолаг К.Ю.Томсен падзяліў помнікі першабытнай эпохі на каменны, бронзавы, жал. вякі, Дж.Лебак падзяліў каменны век на палеаліт і неаліт. Гэту класіфікацыю паглыбіў Е.Я.Ворса, які вызначыў храналогію бронзавага веку паводле абрадаў пахавання. З гэтага часу археалогія становіцца навук. дысцыплінай. З 2-й пал. 19 ст. ва ўсіх краінах свету праводзіліся археал. даследаванні; распрацаваны храналагічная і перыядычная сістэмы, навук. метады раскопак; адбываліся археал. з’езды і кангрэсы. У 1869—83 франц. археолаг Г. дэ Мартылье падзяліў палеаліт на перыяды: шэльскі, ашэльскі, мусцьерскі, салютрэйскі, мадленскі. У Еўропе адкрыты эгейскія цывілізацыі дагамераўскай Грэцыі (Г.Шліман, А.Эванс), на Усходзе — шумерская і вавілонская культуры. Шведскі археолаг А.Мантэліус размеркаваў стараж. рэчы па тыпах, якія пазней звязаў у эвалюц. рады, і, такім чынам, стаў заснавальнікам параўнальна-тыпалагічнага метаду. У пач. 20 ст. чэшскі археолаг Л.Нідэрле надрукаваў збор славянскіх старажытнасцяў і даказаў агульныя рысы культуры славян. Дзякуючы даследаванням А.С.Уварава, Д.Я.Самаквасава, Л.К.Іваноўскага, У.І.Сізова, А.А.Спіцына ўзнікла славяна-руская археалогія.
На Беларусі археал. раскопкі пачаліся ў канцы 18 — пач. 19 ст., археал. помнікі даследавалі Т.Нарбут, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, К.П. і Я.П.Тышкевічы, А.Г.К.Кіркор, Е.Р.Раманаў, У.З.Завітневіч, В.А.Шукевіч, М.Ф.Кусцінскі, М.М.Турбін, Г.Х.Татур, Л.Ю.Лазарэвіч-Шапялевіч, З.Глогер, М.В.Фурсаў, С.Ю.Чалоўскі і інш. На актывізацыю археал.даследаванняў паўплываў 9-ы археал. з’езд у Вільні (1893). У 1925 пры Інбелкульце створана гісторыка-археал. камісія, у 1927 адкрыта кафедра археалогіі (з 1929 археал. камісія ў Ін-це гісторыі Бел.АН, з 1932 секцыя археалогіі). У даваенны час археал. даследаванні праводзілі А.М.Ляўданскі, К.М.Палікарповіч, С.А.Дубінскі, А.Дз.Каваленя, І.А.Сербаў, С.С.Шутаў і інш. У 1930-я г. многія археолагі рэпрэсіраваны і загінулі (Ляўданскі, Дубінскі, Каваленя і інш.). У Зах. Беларусі археал. раскопкі праводзілі У.Галубовіч, Г.Цэгак-Галубовіч, З.Шмід, З.Дурчэўскі і інш. У 1944 у Ін-це гісторыі АН Беларусі створаны сектар археалогіі, з 1980 — аддзел археалогіі з сектарамі, у 1986 сектары пераўтвораны ў аддзелы. У 1973 створана кафедра археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гіст. дысцыплін у БДУ. Бел. археолагі выявілі каля 1300 помнікаў каменнага і бронзавага вякоў, вызначылі іх прыналежнасць да археал. культур (У.Дз.Будзько, У.Ф.Ісаенка, М.М.Чарняўскі, У.П.Ксяндзоў, А.Г.Калечыц, Э.М.Зайкоўскі, В.Ф.Капыцін і інш.), праводзілі мэтанакіраванае вывучэнне помнікаў, культур і этнічных утварэнняў жал. веку (А.Р.Мітрафанаў, Л.Д.Побаль, К.П.Шут, В.І.Шадыра, В.С.Вяргей, М.І.Лашанкоў і інш.). Даследаванні бел. археолагаў дапамаглі ўзнавіць працэс фарміравання ўсх.-слав. племянных аб’яднанняў (дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў), гісторыю стараж. гарадоў (В.Р.Тарасенка, Г.В.Штыхаў, Э.М.Загарульскі, П.Ф.Лысенка, Я.Г.Звяруга, М.А.Ткачоў, З.С.Пазняк, Т.С.Бубенька, В.М.Ляўко, Л.У.Калядзінскі, В.Е.Собаль, Ю.А.Заяц і інш.), матэрыяльную культуру сельскага насельніцтва (Л.У.Дучыц, Я.Р.Рыер, У.У.Багамольнікаў, Т.М.Каробушкіна і інш.). У апошняе дзесяцігоддзе актыўна вывучаліся познасярэдневяковыя помнікі 14—18 ст. (А.А.Трусаў, А.К.Краўцэвіч, В.У.Шаблюк, І.М.Чарняўскі і інш.). Археал. даследаванні на Беларусі праводзілі супрацоўнікі Ін-таў археалогіі і гісторыі матэрыяльнай культуры Расійскай АН (Л.В.Аляксееў, І.І.Арцёменка, Ф.Д.Гурэвіч, Н.М.Гурына, Ю.У.Кухарэнка, В.М.Мельнікоўская, П.А.Рапапорт, Г.Ф.Салаўёва, Э.А.Сымановіч, В.В.Сядоў, П.М.Траццякоў).
Літ.:
Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1—2. Мн., 1970—72;
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Белорусская археология: Достижения археологов за годы Советской власти. Мн., 1987;
Вяргей В.С. Археалагічная навука ў БССР, 1919—1941 гг.Мн., 1992;
Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл.Мн., 1993.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Археалогія. Раскоп на паселішчы Бароўка ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл.Да арт.Археалогія. Пантыкапей, рэшткі збудавання 2 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАЗНА́ЎСТВА,
галіна мастацтвазнаўства; навука, якая вывучае кінамастацтва, яго спецыфіку, заканамернасці развіцця, сацыяльна-эстэт. ролю ў грамадстве, узаемаадносіны з інш. мастацтвамі, віды і жанры кінематографа, выразныя сродкі, працэс стварэння кінафільмаў, іх пракат і ўспрыняцце гледачамі. Уключае таксама гісторыю і тэорыю кіно, кінакрытыку, кінабібліяграфію і фільмаграфію. Развіваецца ва ўзаемадзеянні з інш. навукамі, асабліва з эстэтыкай, сацыялогіяй, псіхалогіяй.
К. ўзнікла адначасова са з’яўленнем кіно. У 1910-я г. станаўленне сусв. К. адбывалася ў рэчышчы агульнаэстэт. пошукаў: работы К.Ланге, П.Вегенера, Х.Хефкера (Германія), Дж.Папіні, Э. Дэ Амічыса, Р.Кануда (Італія), В.Ліндсея, Г.Мюнстэрберга (ЗША) і інш. У Расіі гэты працэс асэнсоўваўся ў часопісах, у 1916 выдадзены зб. «Уся кінематаграфія». Гэтыя пошукі падсумаваны ў першай кіназнаўчай кнізе Л.Дэлюка «Фотагенія» (1920, Францыя). У канцы 1920 — пач. 1930-х г.найб. значнай тэмай былі дыскусіі пра гукавое кіно (маніфест М.Паньёля «Парыжская сінематургія», 1933). Важныя эстэт. сінтэзы ў кінатэорыі зроблены ў творах Р.Арнгайма, Э.Панофскага, В.Беньяміна (Германія), Х.Рыда (Вялікабрытанія), Я.Мукаржаўскага (Чэхія) і інш. Пытанні сац. адказнасці кіно разглядалі Дж.Грырсан, П.Рота (Вялікабрытанія). У 1930—40-я г. тэорыі авангардызму змяніліся эстэт. і сацыялагічнымі абагульненнямі, падыходам да кіно як да цэласнай сістэмы (Р.Спотысвуд у Вялікабрытаніі, А.Аструк у Францыі і інш.). У італьян К. пашырылася тэорыя неарэалізму, развіццё якой адзначыла новы этап у зах. К. і станаўленне фенаменалагічнай кінатэорыі ў 1950—60-я г. (А.Эйфр, А.Ажэль, Р.Мюнье). Развівалася тэорыя кінарэалізму (А.Базен, З.Кракаўэр), сцвярджалі тэорыю «прамога кіно» — Ж.Руш, К.Маркер, М.Руспалі, «аўтарскага кіно» — Ж.Даніёль-Валькроз, П.Каст. Ф.Труфо, Э.Рамер, семіётыку кіно — Ж.Мітры і інш. З 1970-х г. у зах. К. склаўся шэраг кірункаў, якія вывучалі кіно праз прызму розных методык. Уклад у развіццё гісторыі кіно зрабілі Дж.М.Куасак, Т.Рэлуі, Рота, М.Бардэш, Р.Бразіяк, Ж.Садуль, Мітры і інш. У СССРдарэв. кіно вывучалі Б.Ліхачоў, М.Іезуітаў, С.Гінзбург, М.Лебедзеў і інш.Сав. кінамастацтва часцей асэнсоўвалі самі яго дзеячы, кіназнаўцы і крытыкі (С.Эйзенштэйн, Л.Куляшоў, У.Пудоўкін, Дз.Вертаў, В.Шклоўскі, Ю.Тынянаў, А.Піятроўскі). У 1950-я г. створана гіст.-метадалагічная праца «Нарысы гісторыі савецкага кіно» (т. 1—3, 1956—61). Перыяд нямога кіно даследаваў Лебедзеў («Нарыс гісторыі кіно СССР», 1947; 2-е выд., 1965). У 1960-я г. выдадзены работы Эйзенштэйна, Пудоўкіна, А.Даўжэнкі, Вертава, Э.Шуб, Куляшова і інш. Даследаваўся замежны кінематограф, выдаваліся творы тэарэтыкаў кіно Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі, ФРГ, ЗША і інш., артыкулы і сцэнарыі рэж. Ф.Феліні, Л.Вісконці, М.Антаніёні, І.Бергмана, манаграфіі пра дзеячаў айч. і замежнага кінематографа. Выкладчыкі Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі стварылі «Кароткую гісторыю савецкага кіно» (1969). У 1969—78 з удзелам кіназнаўцаў рэспублік выдадзена 4-томная «Гісторыя савецкага кіно». У 1970-я г. пачалося выданне серыі гіст.-навук. работ па нац. кінематаграфіі.
У 1980-я — пач. 1990-х г. выйшла некалькі манаграфій, зборнікаў, даведнікаў. З 1988 НДІ кінамастацтва Кінакамітэта Расіі, Эйзенштэйнаўскі цэнтр даследаванняў кінакультуры і маск. Музей кіно выдаюць час. «Киноведческие записки».
Станаўленне бел. кіно ў 1920—30-я г. асвятлялася ў перыяд. друку. Пасля Вял.Айч. вайны сродкі масавай інфармацыі асвятлялі асн. праблемы бел. кінематографа, выходзілі артыкулы пра кінадраматургію, рэжысуру, тэматычную скіраванасць кінастудыі «Беларусьфільм», экранізацыю твораў бел. пісьменнікаў і драматургаў. Артыкулы па К. змяшчаліся ў навук. зборніках АН Беларусі, выдаваліся брашуры пра пачынальнікаў бел. кіно і інш. У 2-й пал. 1950—60-х г. прыход новых творцаў, пашырэнне кінавытв-сці і павышэнне маст. ўзроўню фільмаў садзейнічалі станаўленню К. У 1957 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі створаны сектар тэатра, кіно і музыкі, на аснове якога ўзнік сектар тэатра і кіно (з 1977 сектар кіна- і тэлемастацтва). У «Весцях АНБССР» і інш. выданнях друкаваліся артыкулы аб фільмах-спектаклях, кінапубліцыстыцы, героіка-патрыятычнай і сучаснай тэматыцы ў даваен. і пасляваен. бел. кінамастацтве (зб-кі «Беларускае мастацтва», 1957, 1962; «Праблемы сучаснага беларускага мастацтва», 1968). Першая манаграфія, прысвечаная гісторыі кінамастацтва Беларусі, — «Беларускае кіно» А.Красінскага, В.Смаля, Г.Тарасевіча (1962). Станаўленне і асн. этапы развіцця бел. кінематаграфіі 1920—60-х г. асветлены ў «Гісторыі беларускага кіно» (ч. 1—2, 1969—70). Спецыфіку вобразнасці ў кінапубліцыстыцы даследавалі Е.Бондарава, Л.Шылава («Нарыс на экране», 1969), Н.Фральцова («Тэлебачанне: хроніка, дакумент, вобраз», 1977), віды і жанры кіно, спецыфіку кінавобраза — В.Нячай, Г.Ратнікаў («Асновы кінамастацтва», 1978). Гісторыя бел. кіно выкладзена ў працы Красінскага «Экран зямлі беларускай» (1973). Розныя бакі кінамастацтва Беларусі, творчасць сцэнарыстаў, рэжысёраў, аператараў, кінамастакоў, асн. праблемы дакумент. і ігравога кіно адлюстраваны ў калектыўных зборніках «Кіно Савецкай Беларусі» (1975), «Сучаснае беларускае кіно» (1985), кнігах «Размовы каля экрана» (1973), Смаля «На экране — герой і народ» (1974), «Чалавек. Вайна. Подзвіг» (1979), «Праз прызму дзесяцігоддзяў» (1980); Красінскага «Беларускія акцёры ў кіно» (1973), «Кінадакумент і вобраз часу» (1980), «Кіно: ігравое плюс дакументальнае» (1987). Заснавальнікам бел. кіно Ю.Тарычу і У.Корш-Сабліну прысвечаны манаграфіі «Юрый Тарыч» Красінскага (1971) і «Кінастужка даўжынёю ў жыццё» Бондаравай (1980). Творчасць В.Турава разглядаецца ў манаграфіі Л.Паўлючыка «Ад споведзі да эпаса» (1985). Здабыткі і праблемы кінамастацтва і кінакрытыкі даследаваны ў працах Бондаравай «У кадры і за кадрам» (1973), «Час, экран, крытыка» (1975), «Экран у розных вымярэннях» (1983), «Кінематограф і літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў на экране» (1993). Узаемадзеянню кінамастацтва з грамадствам і яго ўплыву на гледача прысвечаны манаграфіі Красінскага «Фільмы, героі, час» (1975), С.Міхайлавай «Актыўны экран» (1979). Спецыфіка тэлеэкрана разглядаецца ў кнігах Нячай «Экран і мы» (1971), «Фільм у нас дома» (1974), «Вялікі свет малога экрана» (1976), «Тэлебачанне як мастацкая сістэма» (1981), замежныя фільмы на айч. экранах — у яе працах «Аб густах спрачаюцца» (1986), «Экран выкрывае» (1987). Значным укладам у К. стала даследаванне Ратнікава «Жанравая прырода фільма» (1990). Актуальныя праблемы творчага працэсу асвятляюцца ў час. «На экранах», «Мастацтва», у артыкулах Фральцовай, А.Бабковай, Л.Саянковай, В.Мядзведзевай, Н.Агафонавай, І.Аўдзеева і інш. У 1996 выдадзены даведнік-каталог «Усе беларускія фільмы», складзены Аўдзеевым і Л.Зайцавай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЦКЕ́ВІЧ (Антон Іванавіч) (29.1.1884, г. Шаўляй, Літва — 1946?),
бел.паліт. і грамадскі дзеяч, гісторык, публіцыст, літ. крытык. 3 шляхецкага роду герба «Навіна». Брат І.І.Луцкевіча. Скончыў Мінскую гімназію (1902). Вучыўся на фіз.-матэм. ф-це Пецярбургскага, юрыд. ф-це Дэрпцкага (цяпер Тартускі) ун-таў. У 1903 адзін з заснавальнікаў Бел.рэв. грамады (БРГ, гл.Беларуская сацыялістычная грамада, БСГ) і аўтараў яе праграмы. У 1904 за распаўсюджванне рэв. л-ры арыштаваны ў Мінску, выпушчаны з умовай не пакідаць горад. На II з’ездзе БСГ (1905, Мінск) выбраны членам яе ЦК. Удзельнік рэв. 1905—07. У лют. 1906 перайшоў на нелегальнае становішча, пераехаў у Вільню. Удзельнічаў у наладжванні выпуску газет «Наша доля» і «Наша ніва», уваходзіў у склад іх рэдакцый. Супрацоўнічаў з выдавецтвам «Наша ніва», з 1913 з Бел. выдавецкім т-вам. З 1911 саўладальнік Віленскай бібліятэкі-чытальні «Веды» Б.Даніловіча, з 1914 яе ўладальнік. Пасля акупацыі ў 1915 Вільні і ч. Беларусі герм. войскамі ўзначальваў Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Адзін з выдаўцоў і аўтараў газ.«Гоман». У 1915 з братам, Цёткаю (А.Пашкевіч) і інш. марксістамі заснаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную работніцкую групу (БСДРГ), узначаліў Беларускі народны камітэт (БНК). Адзін з ініцыятараў канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага. У 1916 БНК ухваліў яго канцэпцыю Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мораў. Пасля Лют. рэв. 1917 выказаўся за ўключэнне ў склад будучай літ.-бел. дзяржавы ўсіх бел. зямель, за наданне дзярж. статуса ўсім мясц. мовам, школьнае навучанне на роднай мове. На Беларускай канферэнцыі 1918 выбраны старшынёй Віленскай беларускай рады (ВБР). 18.3.1918 кааптаваны ад ВБР у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, ініцыятар абвяшчэння незалежнасці БНР. Пасля расколу БСГ адзін са стваральнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП). У вер. 1918 прызначаны Радай БНР Старшынёй Нар. сакратарыята і нар. сакратаром замежных спраў (з кастр. 1918 Старшыня Рады Народных Міністраў і міністр замежных спраў БНР). У вер. — пач.кастр. 1918 узначальваў бел. надзвычайную дэлегацыю на Украіну, якая сустракалася з гетманам П.П.Скарападскім. 3.12.1918 Рада і ўрад БНР на чале з Л. пераехалі ў Вільню, 27 снеж. — у Гродна. 14.12.1918, 2 і 3.1.1919 Л. накіраваў ноты пратэсту польск. ўраду супраць далучэння да Польшчы Беластоцкага, Бельскага і Аўгустоўскага паветаў. У канцы сак. 1919 перад пагрозай польск. акупацыі Гродзеншчыны і Віленшчыны Л. і інш. члены ўрада БНР выехалі ў Берлін. Дамагаючыся, каб прадстаўнікі БНР прынялі ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі, Л. склаў мемарандум, які быў уручаны старшыні канферэнцыі. Па запрашэнні міністра-прэзідэнта Польшчы І.Падарэўскага выехаў з Парыжа ў Варшаву, дзе ў пач. верасня 1919 быў інтэрніраваны. 1.12.1919 вярнуўся ў Мінск. Пасля расколу Рады БНР 13.12.1919 Л. прызначаны Старшынёй Рады Міністраў Найвышэйшай Рады БНР. Не знайшоўшы паразумення з Польшчай, 28.2.1920 падаў у адстаўку і выехаў у Вільню. У ліп.—жн. 1920 Л. зняволены ў бальшавіцкай турме. 3 пач. 1921 старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. У ліп. 1921 заснаваў Бел. школьную раду, якая пазней злілася з Таварыствам беларускай школы (ТБШ). Яго намаганнямі пры Беларускім навуковым таварыстве (БНТ) у 1921 адкрыты Беларускі музей імя І.Луцкевіча. Пасля ўтварэння ў 1925 Беларускай сялянска-работніцкай грамады працаваў у яе рэдакцыйным к-це. У кастр. 1927 арыштаваны польск. ўладамі, абвінавачаны ў супрацоўніцтве з герм. і сав. разведкамі, у пач. 1928 апраўданы судом. Адзін са стваральнікаў Цэнтральнага саюза культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюза), які адмаўляў рэв. метады змагання з рэжымам Ю.Пілсудскага і выступаў за парламенцкія метады барацьбы. Крытыкаваў нац. і агр. палітыку СССР, якую сав. кіраўніцтва пачало ў 1929, у арт. «Цень Азефа» (1930) адмоўна характарызаваў І.В.Сталіна і яго акружэнне. У 1930 польск. ўлады забаранілі дзейнасць Бел. выдавецкага т-ва, якім кіраваў Л., у 1931 яго звольнілі з працы ў Віленскай беларускай гімназіі. Асоба Л. стала аб’ектам паліт. спекуляцый і нападаў. У 1933—39 бел. радыкальныя газеты перасталі друкаваць яго творы. Л. выступаў пераважна ў газ. «Przegląd Wileński» («Віленскі агляд»), час. «Калоссе», «Гадавіку» Бел. навуковага т-ва. Ён адышоў ад паліт. дзейнасці, працаваў у БНТ і Бел. музеі, выступаў з лекцыямі. Пасля вызвалення Зах. Беларусі Чырв. Арміяй 30.9.1939 арыштаваны і прыгавораны да 6 гадоў зняволення. Паводле афіц. версіі, памёр у Сяміпалацінскай вобл. (Казахстан) у 1946. Рэабілітаваны ў 1989.
Друкаваўся з 1906 (газ. «Наша доля»). Стаў вядучым бел. публіцыстам (асн.літ. псеўданімы Іван Мялешка, Антон Навіна і інш.). У працах пач. 20 ст. крытыкаваў агр. і нац. палітыку царызму, выступаў за сац. і нац. вызваленне бел. народа. Склаў курсы лекцый па фанетыцы і этымалогіі. У 1917 выдаў працу «Як правільна пісаць па-беларуску», у 1918 з Я.Станкевічам — «Беларускі правапіс». Аўтар брашур «Польская акупацыя на Беларусі» (1920), «За дваццаць пяць гадоў (1903—1928)» (1928, прысвечана гісторыі БРГ і БСГ, перавыдадзена ў 1991). Даследаваў Статут ВКЛ 1529, гісторыю нарадавольскага руху, вывучаў мову скарынаўскіх выданняў. Аўтар зб-каў літ.-крытычных прац «Нашы песняры» (1918), «Адбітае жыццё» (1929). Апублікаваў шэраг прац па гісторыі бел. культуры, мастацтва і л-ры; у т. л. «Пуцяводныя ідэі беларускай літаратуры», «Жыдоўскае пытанне ў беларускай літаратуры» (абедзве 1921), «Эвалюцыя беларускай адраджэнскай ідэалогіі і адбіццё яе ў літаратуры» (1926). Прысвяціў артыкулы жыццю і творчасці М.Багдановіча, А.Бурбіса, М.Гарэцкага, Ядвігіна Ш., Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, К.Сваяка і інш. На бел. мову пераклаў працу М.В.Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» (1919), «Элементарную алгебру» А.Кісялёва, падручнік В.Остэрлёфа і Я.Шустэра «Сусветная гісторыя. Ч. 2. Сярэднявечная гісторыя» (абодва 1921), адзін з перакладчыкаў Новага запавету і Псалтыра (Хельсінкі, 1931) і інш. У Мінску створаны Фонд сац. ініцыятыў і даследаванняў імя братоў Луцкевічаў (1993).
Тв.:
Белорусы. СПб., 1909;
Янка Купала як прарок Адраджэння: Публічная лекцыя, чытаная ў Вільні, Рызе і Дзвінску. Вільня, 1932;
Дзённік // Полымя. 1991. № 4—5.
Літ.:
Бяляцкі А.У. іпастасі літаратурнага крытыка // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994;
Конан У. Антон Луцкевіч: філасофія і эстэтыка нац. Адраджэння // Голас Радзімы. 1994. 10 сак. — 7 крас.;
Біч М. Ідэолаг і практык нацыянальнага Адраджэння // Крыніца. 1999. № 4/5;
Казбярук У. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці, або Свае і чужыя пра Антона Луцкевіча // Там жа;
Сідарэвіч А. З жыцця Антона Луцкевіча // ЛіМ. 1991. 18,25 студз., 1 лют.;
Яго ж. Антон Луцкевич: Главы из книги // Нёман. 1990. № 7;
Яго ж. Луцкевічы і Луцэвіч // Крыніца. 1999. № 4/5;
Яго ж. Самавызначэнне беларускай сацыял-дэмакратыі;
Антон Луцкевіч. Мн., 1999;
Янушкевіч Я. Луцкевічы // Шляхам гадоў. Мн., 1994. Вып. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́КА (Monaco),
Княства Манака (Principauté de Monaco), дзяржава ў Паўд. Еўропе, на беразе Міжземнага м., на сушы абкружана тэр. Францыі. Пл. 1,95 км². Нас. 32 тыс.чал. (1998). Афіц. мова — французская. Сталіца — г.Манака. Падзяляецца на 4 адм.гар. акругі. Нац. свята — Нацыянальны дзень (19 ліст. — дзень нараджэння правячага князя Рэнье III).
Дзяржаўны лад. М. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1911, абноўленая ў 1962. Кіраўнік дзяржавы — наследны князь. Заканад. ўлада належыць Нац. савету, у які ўваходзяць кіраўнік дзяржавы і 18 членаў, выбраных на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Урадавы савет з удзелам прадстаўніка Францыі, які прапануецца на пасаду франц. урадам і зацвярджаецца князем. Існуе таксама дарадчы орган — Каронны савет.
Прырода. Княства займае частку Блакітнага берага на ўзбярэжжы Міжземнага м. і паўд. схілы Прыморскіх Альпаў. Рэльеф перадгорны і горны. Выш. да 145 м. Клімат міжземнаморскі, з сухім летам і мяккай зімой. Сярэдняя т-растудз. 8 °C, ліп. 23 °C. Ападкаў за год каля 800 мм. Амаль уся тэрыторыя занята гар. забудовай. На стромкіх схілах гор вечназялёныя зараснікі каменнага дубу, калючага дроку, карлікавай пальмы, хмызнякі маквісу з ладаннікам, дзікай фісташкай, размарынам. На схілах прыбярэжных скал — Экзатычны сад з сусв. вядомай калекцыяй субтрапічных раслін: пальмаў, магнолій, алеандраў і кактусаў.
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — манегаскі (16%), французы (47%), італьянцы (16%); жывуць таксама грэкі, немцы, англічане, амерыканцы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі — 95%. Сярэднегадавы прырост 0,4%. Сярэдняя шчыльнасць найб. ў свеце — 16 410 чал. на 1 км². Усё насельніцтва засяроджана ў 4 гарадах: Манака, Монтэ-Карла, Ла-Кандамін і Фанв’ей. Каля 75% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў абслуговых галінах, каля 25% — у прам-сці. У М. працуе каля 10 тыс.чал. з суседніх раёнаў Францыі і Італіі.
Гісторыя. У 10—9 ст. да н.э. на тэр. М. (назва, верагодна, ад праіндаеўрап. кораня mon — высокае месца, скала) існавала фінікійская калонія (гандл. прыстань, крэпасць), з 8—6 ст. да н.э. — грэчаская (пабудаваны храм Геракла). З 2 ст. да н.э.тэр. М. належала Стараж. Рыму, пазней — арабам, з 11 ст.н.э. — генуэзцам, якія ў 1215 пабудавалі тут крэпасць. У 1346 утворана асобнае княства пад пратэктаратам Генуі. У 1419 у М. замацавалася правячая дынастыя знатнага генуэзскага роду Грымальдзі. З 1524 княства М. пад уладай Іспаніі пры фармальным захаванні аўтаноміі. У 1641 у выніку нар. паўстання перайшло пад пратэктарат Францыі. У 1731 М. па жан. лініі перайшло да Дж.Ф.Л.Гаён-Маціньёна, які прыняў прозвішча Грымальдзі і ўступіў на прастол пад імем Анарэ III [1731—93]. У 1793 княства анексіравана Францыяй. Адноўлена паводле Парыжскага мірнага дагавора 1814. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 перададзена пад пратэктарат Сардзінскага каралеўства. Рэвалюцыя 1848 знішчыла ў М. княжацкую ўладу, ад княства аддзяліліся і фактычна далучаны да Францыі гарады Ментона і Ракбрун. У 1849 сардзінскія войскі аднавілі манархію, але сардзінскі пратэктарат спынены. У 1860 пасля пераходу Ніцы ва ўладанне Францыі кн Карл III [1856—89] пагадзіўся на франц. пратэктарат над М., у 1861 за 4 млн. франкаў фармальна ўступіў Францыі свае правы на Ментону і Ракбрун. Паводле манака-франц. дагавора 2.2.1861 Францыя прызнала незалежнасць М. У 1865 устаноўлены мытны саюз паміж М. і Францыяй. У 1861—1910 у г. Монтэ-Карла пабудаваны комплекс казіно, які пасля буд-ва чыгункі паміж М. і Францыяй (1868) стаў адной з гал. крыніц папаўнення бюджэту княства. У 1899 у г. Манака заснаваны Акіянаграфічны музей — цяпер міжнар. цэнтр акіянаграфічных даследаванняў.
У 1911 пры кн. Альберце I [1889—1922] уведзена ў дзеянне канстытуцыя, паводле якой М. абвешчана канстытуцыйнай манархіяй і ўтвораны выбарны парламент — Нац. савет. У выніку дагавора 1918 Францыя атрымала права трымаць на тэр. М. войскі і зацвярджаць заключаныя М. міжнар. пагадненні. У 2-ю сусв. вайну М. акупіравалі ням. фашысты (1942—44). З 1949 правіць кн. Рэнье III. У 1962 прынята новая канстытуцыя, якая пашырыла правы Нац. савета, перадала выканаўчую ўладу Урадаваму савету, стварыла Каронны савет. Апошнія выбары ў Нац. савет адбыліся ў студз. 1998. Асн.паліт.арг-цыя — Нац.дэмакр. саюз (з 1963 дамінуе ў Нац. савеце), асн. прафсаюзная арг-цыя — Аб’яднанне прафсаюзаў М. М. — чл.ААН (з 1993), Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Інтэрпола і інш.міжнар. арг-цый.
Гаспадарка. М. — эканамічна развітая краіна з высокім узроўнем даходаў. Штогадовы даход на 1 чал. 25 тыс.дол. (1996). Аснова эканомікі — гандл.-фін. дзейнасць, турызм і курортная справа, ігральныя дамы, некаторыя галіны прам-сці. Ільготны падатковы рэжым дазваляе буйным міжнар. банкам шырока выкарыстоўваць М. для фін. аперацый (дзейнічае каля 800 міжнар. кампаній і 50 банкаў). Замежныя прамысл., гандл. і фін. прадпрыемствы, у якіх доля капіталу М. перавышае 25%, цалкам вызваляюцца ад падаткаў. Падаткі ў М. намнога меншыя, чым у інш. краінах. Развіты страхавая справа, афшорныя паслугі, гандаль нерухомасцю. М. — сусветна вядомы курорт з басейнамі, купальнямі, водалячэбніцай. Асн.дзярж. даходы прыпадаюць на падаткі з банкаў, атэляў і інш. (55%), ад турызму 25% (М. штогод наведвае каля 700 тыс. замежных турыстаў). Турыстаў прываблівае ў М. сонечнае надвор’е, марскія купанні, арх. і гіст. помнікі, казіно, ігральныя дамы, Акіянаграфічны музей і марскі акварыум з унікальнымі экспанатамі, буйныя міжнар. тэнісныя турніры, аўтамаб. ралі Монтэ-Карла, міжнар. спаборніцтвы па стэндавай стральбе і гольфе, муз. і цыркавыя фестывалі і інш. З-за нізкіх падаткаў у М. жывуць многія багатыя людзі, у т. л. сусветна вядомыя артысты і спартсмены, што з’яўляецца дадатковым фактарам прыцягнення турыстаў. Склалася сучасная індустр. база з экалагічна чыстых прадпрыемстваў лёгкай і перапрацоўчай прам-сці. Найб. развіты эл.-тэхн. і радыёэлектронная (электронныя вузлы і прылады, электрычныя рэле і пераключальнікі, электрабыт. прылады), дакладнае машынабудаванне, хім., фармацэўтычная, швейная, харч., паліграф., суднарамонтная, буд. матэрыялаў прам-сць; выпуск паштовых марак, малая металургія, вытв-сць пластмас, фаянсу, маёлікі, ювелірных вырабаў, сувеніраў. Электраэнергію М. атрымлівае з Францыі. Працуе магутная радыёстанцыя «Монтэ-Карла». Ёсць невял. вінаграднікі і аліўкавыя гаі. Рыбалоўства. Транспарт пераважна аўтамабільны. У М. 1,7 км чыгункі і 50 км асфальтаваных дарог і вуліц. Праз М. праходзяць чыгунка і шаша Ніца (Францыя) — Генуя (Італія). У М. ёсць пляцоўкі для верталётаў, якія перавозяць пасажыраў у міжнар. аэрапорт у г. Ніца (Францыя). Марскі порт прымае невял. гандл. судны і яхты. М. ўтварае адзіную мытную прастору з Францыяй. У экспарце пераважаюць прамысл. вырабы, у імпарце — харч. і спажывецкія тавары. Грашовая адзінка — франц. франк. Манегаскія франкі выпускаюцца для продажу нумізматам.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДАК,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. За 162 км ад Гродна, 22 км ад чыг. ст. Наваельня на лініі Ліда—Баранавічы. 30,4 тыс.ж. (2000).
Паводле археал.даследаванняў, паселішча на тэр. сучаснага Н. ўзнікла ў канцы 10 ст. Першае верагоднае ўпамінанне ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1044. Летапісныя варыянты назвы горада — Новогород, Новогородок, Новый Городок і інш. Былі развіты рамёствы, існаваў гандаль з Зах. Еўропай, Прыбалтыкай, Б. Усходам. У 13—14 ст. цэнтр удзельнага Навагрудскага княства. У 1252 кн.Міндоўг каранаваўся ў Н. як кароль літоўскі, на падставе чаго шэраг гісторыкаў лічыць з гэтага часу Н. сталіцай ВКЛ. Сын Міндоўга Войшалк аб’яднаў вакол Н. Пінскую зямлю, Нальшчаны і Дзяволтву, што склала аснову ВКЛ. У 13 ст. на Н. неаднаразова нападалі татары і іх саюзнікі — дружыны галіцка-валынскіх князёў, у 14 ст. — крыжакі. З 1392 Н. — адзін з цэнтраў велікакняжацкага дамена, з 15 ст. цэнтр Навагрудскага павета. У 1428 вял.кн.Вітаўт запісаў Н. у пажыццёвае ўладанне сваёй жонцы Ульяне. У канцы 15 ст. ў Н. 3—4 тыс.ж. З 1316 Н. — цэнтр Літоўска-Навагрудскай мітраполіі, якая ахоплівала правасл. царкву ВКЛ (гл. ў арт.Кіеўская мітраполія). Пасля Брэсцкай уніі 1596 мітрапаліцкай кафедрай валодалі уніяты. У 16 ст. Н. быў адным з цэнтраў Рэфармацыі ў Беларусі. У 1507 утворана Навагрудскае ваяводства. У 1511 горад атрымаў магдэбургскае права (пацверджана ў 1562, 1595, 1776). Прывілеем 1595 зацверджаны гарадскі герб. У 1581—1775 у Н. адбываліся пасяджэнні Гал.літ. трыбунала. У 17—18 ст. дзейнічаў Навагрудскі езуіцкі калегіум. У 16—18 ст. горад моцна пацярпеў ад войн, пажараў і эпідэмій, у выніку чаго заняпаў. З 1795 у Рас. імперыі, з 1801 цэнтр павета Гродзенскай, з 1842 — Мінскай губ. Жыхары ўдзельнічалі ў паўстаннях 1830—31 і 1863—64. У 1897 у Н. 7887 ж. У 1-ю сусв. вайну з вер. 1915 да канца 1918 акупіраваны герм. войскамі. У снеж. 1918 вызвалены Чырв. Арміяй. З 18.4.1919 да 19.7.1920 і з 1.10.1920 акупіраваны польскім войскам. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета і ваяводства, 6376 ж. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Навагрудскага раёна Баранавіцкай вобл. У Вял.Айч. вайну 4.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Н. і раёне 45 065 чал. 8.7.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. З 1954 у Гродзенскай вобл., з 1963 горад абл. падпарадкавання. У 1972—20,6 тыс. ж.
У 12 ст. горад складаўся з дзядзінца (т.зв. Замкавая гара) і пасада — вакольнага горада (Малы замак). Кампазіцыйным цэнтрам былі дзядзінец і гандл. плошча з крамамі каля Замкавай гары, да якой сыходзіліся вуліцы-дарогі (гандл. шляхі). У 12—13 ст. на тэрыторыі вакольнага горада вылучаўся квартал з 2-камернымі жылымі дамамі багатых гараджан (пл. аднаго дома каля 76 м²), большасць з іх мела чарапічныя дахі, зашклёныя вокны, атынкаваныя сцены. Рэшткі такога будынка, т.зв.Навагрудскі «дом баярына», выяўлены пры археал. раскопках у пач. 1960-х г. Дамы чэлядзі былі пл. каля 30 м². Усе жылыя пабудовы наземныя і заглыбленыя, з печамі розных тыпаў. У 12 ст. пабудавана мураваная царква (гл.Навагрудская Барысаглебская царква), у 13—16 ст. — мураваны замак (гл. ў арт.Навагрудскія замкі), на тэр. дзядзінца якога ў 14—16 ст. пабудавана Навагрудская замкавая царква. У канцы 14 — пач. 15 ст. татары пабудавалі мячэць (не захавалася). У 14—17 ст. выраблялася навагрудская кафля. На гандл. плошчы былі пабудаваны: у 17 ст.Навагрудская ратуша, у 18 ст.Навагрудскі касцёл і кляштар францысканцаў, Навагрудскі Міхайлаўскі касцёл і кляштар дамініканцаў, Навагрудскі фарны касцёл, у пач. 19 ст.Навагрудскія гандлёвыя рады. У 17—19 ст. існаваў і Навагрудскі кляштар дамініканак. У 1751 і 1871 Н. моцна пацярпеў ад пажараў. У 1809 і 1872 складзены праекты планіроўкі горада (ажыццёўлены часткова). Планіровачная структура — няправільная радыяльная са складанай канфігурацыяй вуліц з-за асаблівасцей рэльефу. Да гандл. плошчы сыходзіліся 8 вуліц, у т. л. Бернардзінская (цяпер Гродзенская), Базыльянская (Паштовая), Троіцкая (Мінская), Слонімская (Міцкевіча), Валеўская (Леміна), Замкавая і інш. У пач. 20 ст. існавалі 2 правасл. царквы, сінагога, 6 яўр. малітоўных дамоў, мячэць, рэшткі ўмацаванняў на высокай гары і гара, вядомая як магіла Міндоўга, з помнікам тым, што загінулі ў бітве пад Хоцінам. У 1930-я г. ўзведзены цагляны будынак ваяводскага ўпраўлення. У цэнтр. частцы сучаснага Н. захавалася гіст. радыяльна-кальцавая планіроўка. Горад развіваецца паводле генпланаў 1964, 1972 і іх карэкціровак 1978 і 1985, праекта. дэталёвай планіроўкі цэнтра 1976. Прадугледжана захаванне планіровачнай структуры гіст. цэнтра, стварэнне зон ахоўных і рэгулявання забудовы, раскрыццё агульнагар. цэнтра на прыроднае асяроддзе. Арх.-планіровачны цэнтр — пл. Леніна (б. Гандлёвая плошча з мемар. скверам, музеем-сядзібай А.Міцкевіча) з помнікамі культавай і грамадз. архітэктуры. Адм. цэнтр склаўся па вул. Міцкевіча. Капітальная забудова сканцэнтравана ў цэнтр. частцы горада, у раёне вуліц Міцкевіча, Савецкай і Леніна, мікрараёне Раднікі. Новае буд-ва вядзецца ў мікрараёнах Паўд. Захад, Паўд. Захад 2, па вуліцах Гродзенскай і Мінскай. На ўскраінах пераважае індывід. забудова сядзібнага тыпу. Прамысл. зона ў паўд.-зах. і паўн.-ўсх. частках горада. Зоны адпачынку ў Навагрудскім парку, скверах, прылеглых лясных масівах, на берагах воз. Літоўка. Праект рэгенерацыі гіст. забудовы Н. 1988 уключае тэрыторыю гіст. ядра, дзе асн. з’яўляецца зона гал. плошчы — пл. Леніна і Замкавай гары. Паводле генплана Н. 1995 арх.-планіровачнае, аб’ёмна-прасторавае вырашэнне скіравана на гарманічнае ўзаемадзеянне забудовы гіст. з новай, на стварэнне ўмоў для фарміравання горада як цэнтра турызму.
Навагрудскі завод газавай апаратуры, абястлушчанага малака і агароднінасушыльны з-ды, маслакамбінат, млынкамбінат, хлебазавод, ф-кі швейная і валюшна-лямцавая, вытв. ўчастак Лідскага піўзавода, 5 буд. арг-цый і інш.Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж, Навагрудскі саўгас-тэхнікум, прафесійна-тэхн. вучылішча, Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей, Міцкевіча Адама дом-музей. Могілкі сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, брацкая магіла чырвонаармейцаў, якія загінулі ў вер. 1939. Помнікі Я.Коласу, А.Міцкевічу, Невядомаму салдату, землякам, якія загінулі ў Афганістане, памятныя знакі каля гары Міндоўга і на Замкавай гары; курган Бессмяротнасці ў гонар А.Міцкевіча. Помнікі архітэктуры: гандл. рады (1812), жылыя дамы (19 — пач. 20 ст.) і інш. Помнік садова-паркавага мастацтва — парк (1930). На зах. ускраіне горада курганны могільнік 12—13 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ТНІЦТВА,
грамадска-палітычная плынь, прадстаўнікі якой прапаведавалі прыярытэт асветы, навукі і розуму ў жыцці асобы, грамадства і дзяржавы. Пашырана ў эпоху бурж. рэвалюцый і адлюстроўвала прагрэс. ступень развіцця сусв. грамадскай думкі. У аснове сац. філасофіі Асветніцтва ляжалі ідэаліст. ўяўленні пра вызначальную ролю свядомасці ў развіцці грамадства, вучэнне аб чалавеку і дэізм Дж.Лока, рацыяналізм і механіст, фізіка Р.Дэкарта, механіка і дэізм І.Ньютана, антысхаластычныя вучэнні ў Францыі пач. 18 ст. Догмам пра боскае паходжанне манархічнай улады ідэолагі Асветніцтва супрацьпаставілі рацыяналіст. тэорыі грамадства і дзяржавы, маралі і нават самой рэлігіі (дэізм, ідэя «натуральнай» рэлігіі і рэлігіі розуму). Зыходзячы з канцэпцый «натуральнага права», асветнікі абгрунтоўвалі патрабаванні дэмакр. свабод, грамадзянскай роўнасці. Некаторыя з іх адстойвалі ідэі нар. суверэнітэту і дэмакр. рэспублікі, лічылі нармальным спаборніцтва прыватных інтарэсаў. У кожнай краіне Асветніцтва мела пэўныя асаблівасці, адпаведныя ўзроўню развіцця грамадства і сац.-эканам. адносін. Найраней яно выявілася ў Галандыі, дзе ў 16 ст. перамагла 1-я ў свеце бурж. рэвалюцыя. Філосафы У.Акоста, Г.Гроцый, Б.Спіноза патрабавалі вызваліць навуку ад кантролю царквы. У Англіі пасля перамогі бурж. рэвалюцыі Асветніцтва набыло больш вальнадумны характар (Дж.А.Колінз, Д.Гартлі, Дж.Прыстлі). Дж.Лок, які быў добра вядомы і на Беларусі, даказваў неабходнасць прыватнай уласнасці, выступаў за свабоду асобы, ахову правоў чалавека. Ф.Бэкан і Т.Гобс выступалі за развіццё ведаў; Д.Дэфо вобразам Рабінзона Круза пацвердзіў, што разумная воля чалавека здольная перамагчы любыя цяжкасці. У Францыі Асветніцтва найб. пашырэнне набыло ў перыяд паміж 1715 (год смерці Людовіка XIV) і 1789 (штурм Бастыліі), які называюць «векам Асветніцтва» ці «стагоддзем філасофіі»: П.Бейль выступаў супраць феад.-царк. ідэалогіі; Вальтэр, які стаў сімвалам Асветніцтва («эпоха Вальтэра»), патрабаваў адмены саслоўных прывілеяў, хоць спадзяваўся на адукаванага манарха; Ж.Ж.Русо абгрунтаваў права нар. мас на паўстанне; П.Гольбах, Ж.Ламетры, Д.Дзідро, К.Гельвецый проціпаставілі рэлігіі атэізм, ідэалізму — матэрыялізм. У Германіі Асветніцтва стала пашырацца з 2-й пал. 18 ст. ва ўмовах эканам. і паліт. адсталасці краіны; Г.Э.Лесінг, Ф.Шылер, І.В.Гётэ выступалі за нац. адзінства Германіі, сцвярджалі, што з дапамогай мастацтва можна перавыхаваць чалавека. У ЗША Асветніцтва стала ідэалогіяй барацьбы з англ. абсалютызмам (Б.Франклін, Т.Джэферсан). У слав. краінах яно найб. яскрава выявілася ў Польшчы (Г.Калонтай, С.Сташыц) і было накіравана супраць феад.-арыстакратычнай і каталіцкай рэакцыі, усеўладдзя магнатаў. У Чэхіі Асветніцтва развівалася ва ўмовах нац.-вызв. барацьбы супраць аўстр. абсалютызму. У Сербіі і Балгарыі ідэалогія Асветніцтва садзейнічала аб’яднанню суайчыннікаў у барацьбе супраць тур. панавання. У Расіі Асветніцтва, замацаванае М.Ламаносавым, А.Радзішчавым, Дз.Фанвізіным і М.Навіковым, мела антыпрыгонніцкі кірунак; у 19 ст. М.Чарнышэўскі і М.Дабралюбаў дапоўнілі яго ідэямі рэв. дэмакратызму і утапічнага камунізму. На Украіне Асветніцтва звязана з дзейнасцю Р.Скаварады, у Літве — К.Данелайціса. Пад уплывам ідэй еўрап. Адраджэння і Асветніцтва фарміраваўся светапогляд і ў краінах Усходу. У Кітаі ў 17—18 ст. з’явілася плеяда вучоных, філосафаў і пісьменнікаў, якія прапагандавалі адукацыю, заснаваную на рэальных ведах, а не схаласт. «экзаменацыйных сачыненнях» і каментарыях да канфуцыянскіх класікаў, развівалі тэорыю грамадскай роўнасці і натуральных правоў чалавека, выступалі супраць палітыкі «зачыненых дзвярэй». У Японіі перадавыя мысліцелі 18 ст. проціпастаўлялі канфуцыянскай схаластыцы набытыя вопытам веды, развівалі матэрыялістычныя ідэі. У Індыі пасля нац. паўстання 1857—59 узніклі асветніцка-рэфарматарскія т-вы і групы, якія перакладалі на інд. мовы еўрап. л-ру, патрабавалі свабоды слова і друку, вялі барацьбу за адкрыццё навуч. устаноў зах. тыпу. У Турцыі, Іране, Сірыі, Егіпце, Іраку асветнікаў аб’ядноўвала вера ў сілу адукацыі і асветы як сродкаў пераўтварэння грамадства, вызвалення народаў і дасягнення нац. адзінства.
Ідэалогія Асветніцтва знаходзіла сваё адлюстраванне ў розных кірунках л-ры і выяўл. мастацтва: асветніцкіх класіцызме і рэалізме, у сентыменталізме, у пафасе сцвярджэння станоўчага героя. Яскравыя ўзоры асветніцкай л-ры далі Вальтэр, Русо, Дзідро, П.Бамаршэ (Францыя); Лесінг, маладыя Гётэ і Шылер (Германія); С.Рычардсан, Дж.Свіфт, Г.Філдынг, Т.Дж.Смолет, Р.Б.Шэрыдан (Англія); А.М.Радзішчаў, А.С.Пушкін, А.І.Герцэн, М.Я.Салтыкоў-Шчадрын, І.С.Тургенеў (Расія) і інш. Выразнае адценне Асветніцтва набыла творчасць арх. К.Н.Леду, жывапісцаў Ж.Л.Давіда і Ж.Б.Гроз (Францыя), У.Хогарта (Англія), Д.Н.Хадавецкага (Германія) і інш. Ідэі Асветніцтва істотна паўплывалі і на музыку Францыі, Германіі, Аўстрыі. Грамадска-паліт., этычная і эстэт. ідэі Асветніцтва сталі духоўнай асновай фарміравання венскай класічнай школы, І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена.
На Беларусі Асветніцтва з’явілася ў 1-й пал. 18 ст. (ранняе Асветніцтва), актыўна пашырылася ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Яго вытокі ў творчасці і дзейнасці бел. мысліцеляў канца 17 — пач. 18 ст. К.Лышчынскага, Сімяона Полацкага, І.Капіевіча. Пашырэнню Асветніцтва спрыялі выхаванцы Кіева-Магілянскай духоўнай акадэміі сярэдзіны 18 ст. (Л.Барановіч, Г.Каніскі, Ф.Пракаповіч і інш.). Асветніцтва знайшло адлюстраванне ў філасофіі, сацыялогіі, л-ры і выяўл. мастацтве; вызначалася паказам быт. і этнічных умоў жыцця класаў і сац. груп, духоўнай спадчыны мінулага, праблем аўтаномнасці Беларусі і адносін з Рэччу Паспалітай і Расіяй. Прадстаўнікі ранняга Асветніцтва на Беларусі Б.Дабшэвіч, К.Нарбут, М.Пачобут-Адляніцкі звязвалі навук. задачы з гуманістычнымі, свабоду думкі лічылі абавязковай умовай для развіцця навукі. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя даследаванні бел. фальклору, этнаграфіі і мовы. Пераход да асветніцкіх канцэпцый у гісторыі заўважаецца ў творах Капіевіча, Ф.Папроцкага. А.Нарушэвіч у гіст. працэсе гал. ролю адводзіў розуму, прадметам гіст.даследаванняў лічыў жыццё народа як паказчык яго палітыкі, эканомікі і культуры, значную ўвагу звяртаў на асвятленне нац. гісторыі. Т.Млоцкі ў сваёй працы «Сведчанне з вытокаў натуральнага права» (1779) выклаў асн. палажэнні тэорыі «натуральнага права», а ў трактоўцы гіст. працэсу набліжаўся да «грамадзянскага дагавору» Русо. І.Страйноўскі, зыходзячы з канцэпцыі «натуральнага права», абараняў прынцыпы роўнасці людзей, выказваў думкі пра натуральную абумоўленасць грамадскіх парадкаў. Спецыфічнай рысай Асветніцтва на Беларусі была яго арыентацыя на вырашэнне сял. праблемы. У працах Ю.Паўлікоўскага, Д.Пільхоўскага, І.Яленскага, Я.Ясінскага і інш. абгрунтоўвалася неабходнасць забеспячэння паліт. гарантый асобе селяніна, выказваліся ідэі скасавання прыгону, стварэння сістэмы навучання сялянскіх дзяцей, прапаноўваліся камуніст.-утапічныя праекты абшчыннай роўнасці ў карыстанні зямлёй і атрыманні прадукту вытворчасці. Утапічна-камуністычныя ідэі на тэалагічнай аснове выказваў біскуп П.Бжастоўскі, які правёў у сваіх маёнтках значныя рэформы (адмяніў прыгон, адкрыў школы, шпіталі, увёў сял. самакіраванне і інш.). Непасрэднае дачыненне да Асветніцтва мелі даследчыкі прыроды — ураджэнцы Беларусі В.Карчэўскі, А.Маркевіч, М.Ачапоўскі, П.Славінскі, С.Юндзіл. Так, Маркевіч стварыў антрапал. канцэпцыю, у якой узнікненне і развіццё чалавека лічыў вынікам паступовага развіцця прыроды. Прадаўжальнікамі традыцый Асветніцтва на Беларусі былі філаматы і філарэты. Для пашырэння ідэй Асветніцтва на Беларусі шмат зрабіла Адукацыйная камісія, ідэйнымі натхняльнікамі якой былі Сташыц, Г.Калонтай, Я.Снядэцкі, выкладчыкі Віленскага ун-та Ж.Жылібер, Г.Форстэр, Пачобут-Адляніцкі, А.Снядэцкі, І.Страйноўскі і інш., значны ўдзел у яе стварэнні і дзейнасці прыняў І.Храптовіч. Прапагандыстамі Асветніцтва выступалі выкладчыкі нар. вучылішчаў І.Сакольскі, А.Зміеў, С.Цвяткоўскі і інш., якія лічылі неабходным зрабіць навучанне здабыткам усіх дзяцей, нават з бедных сем’яў.
Прагрэсіўныя тэндэнцыі Асветніцтва знайшлі адлюстраванне ў л-ры і выяўл. мастацтве Беларусі. У эпісталярных, лірычных, драм. (інтэрмедыі) творах, у творах Ф.Карпінскага, маладога А.Міцкевіча выявіліся антыпрыгонніцкія і антыклерыкальныя настроі. У «Одзе» Сакольскага, прысвечанай адкрыццю нар. вучылішча ў Полацку, выказана асветніцкая канцэпцыя «без ведаў мы — дзеці цемры». Сац.-сатыр. плынь узмацнілася ў розных формах творчасці, асабліва ў паэзіі. Гратэскавы рэалізм спалучыўся з дыдактыкай і сентыменталізмам. Пануючы ў мастацтве 18 ст. класіцызм пад уплывам Асветніцтва пачаў трансфармавацца ў сентыменталізм (І.Быкоўскі, Ф.Карпінскі і інш.), узніклі элементы рамантызму і рэалізму. У рэчышчы класіцызму заставаліся паэтыка і рыторыка (Ф.Галянскі, І.Фалькоўскі), але ад яго канонаў адступілі і наблізіліся да рамантызму Я.Снядэцкі, А.Доўгірд, Е.Славацкі, Л.Бароўскі. Адначасова з перайманнем еўрап.маст. стыляў (барока, класіцызм, сентыменталізм, ракако і інш.) у выяўл. мастацтве пашыраліся мясц. стылі і школы (Магілёўская, Віцебская і інш.).
Літ.:
Баскин М.П. Философия немецкого просвещения. М., 1954;
Осипова Е.В. Философия польского просвещения. М., 1961;
Дорошевич Э.К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Яго ж. Гуманизм просветителей // Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии. Мн., 1977;
Волгин В.П. Развитие общественной мысли во Франции в XVIII веке. 2 изд. М., 1977;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.
першая ў гісторыі Беларусі вышэйшая шматгаліновая н.-д. ўстанова. Існаваў у 1922—28, ператвораны ў Акадэмію навук Беларусі. Засн. 30.1.1922 у Мінску на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР. У распрацоўцы першага статута ІБК ўдзельнічалі У.І.Пічэта, Я.Ф.Карскі, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), Я.Л.Дыла. Старшыні ІБК: С.М.Некрашэвіч (1922—24), У.М.Ігнатоўскі (1924—26, з 1927 прэзідэнт). Першыя супрацоўнікі: У.В.Чаржынскі (сакратар ІБК, гл.Дзяржынскі У., М.В.Азбукін, М.Я.Байкоў, Л.Більдзюкевіч, М.А.Грамыка, М.М.Гуткоўскі, К.М.Міцкевіч (Я.Колас), І.Д.Луцэвіч (Я.Купала), Ч.І.Родзевіч і інш. Напачатку меў 2 секцыі: гуманітарную (з слоўнікавай, тэрміналагічнай і літ.-даследчай камісіямі) і прыроды (з геолага-глебазнаўчай камісіяй). З-за недахопу матэрыяльных сродкаў вёў даследаванні выключна ў галіне гуманітарных навук: распрацоўка практычных праблем бел. мовазнаўства, вывучэнне бел. л-ры, мастацтва, гісторыі, этнаграфіі, фальклору. У 1923—24 створаны агранамічная, прыродазнаўчая і мед. секцыі. У канцы 1923 на правах пастаяннай камісіі створана Цэнтральнае бюро краязнаўства. У сак. 1924 арганізаваны секцыі этнаграфіі і геаграфіі, мастацтва, права, педагогікі, медыка-ветэрынарная, сац.-эканамічная. У ліп. 1924 ЦВК і СНКБССР зацвердзілі «Палажэнне аб Інстытуце беларускай культуры», паводле якога ІБК прызнаваўся вышэйшай дзярж.навук. установай Беларусі. У 1925 у склад ІБК увайшла камісія па вывучэнні прыродных прадукц. сіл Беларусі (створана ў 1923 Дзяржпланам БССР), арганізаваны яўр. і польскі аддзелы. У 1926 ІБК вылучаны са складу Наркамасветы БССР і ператвораны ў самаст.навук. ўстанову пры СНКБССР. На 1.7.1926 у ін-це працавала 77 правадз. членаў, 69 чл.-супрацоўнікаў і 60 чл.-карэспандэнтаў. У яго дзейнасці ўдзельнічалі каля 200 супрацоўнікаў ВНУ. У чэрв. 1927 зацверджаны новы статут ІБК. Структура ін-та была набліжана да акадэмічнай. Уключала 2 аддзелы: гуманітарных навук (кіраўнік Некрашэвіч), прыроды і гаспадаркі (кіраўнік А.А.Смоліч). Створана аспірантура. У ліст. 1927 СНКБССР зацвердзіў склад прэзідыума ІБК: Ігнатоўскі (прэзідэнт), М.І.Бялуга (віцэ-прэзідэнт), В.Ю.Ластоўскі (сакратар), Некрашэвіч, С.Л.Гельтман (заг. польск. сектара), В.М.Аршанскі (заг.яўр. сектара) і 14 правадз. членаў ІБК: Ігнатоўскі (кафедра гісторыі Беларусі), Ластоўскі (кафедра этнаграфіі), Пічэта (кафедра гісторыі права і гаспадаркі Беларусі), А.М.Ясінскі (кафедра ўсеагульнай гісторыі), С.Ю.Матулайціс (кафедра гісторыі Літвы), Некрашэвіч (кафедра жывой бел. мовы), Я.Ю.Лёсік (кафедра бел.навук. мовы), І.І.Замоцін (кафедра бел. л-ры), Я.Купала, Я.Колас, Ц.Гартны (Жылуновіч, кафедра маст. л-ры), М.Ф.Бліадуха (кафедра геалогіі), Смоліч (кафедра геаграфіі), Я.М.Афанасьеў (кафедра глебазнаўства). Працавалі кафедры: гісторыі бел. мовы (з камісіяй па складанні гіст. слоўніка бел. мовы), жывой бел. мовы (з камісіямі па складанні слоўніка жывой бел. мовы), дыялекталагічная (па вывучэнні бел. дыялектаў, у складзе кафедры Ін-тнавук. мовы), гісторыі бел. л-ры (з камісіяй па выданні твораў бел. пісьменнікаў), агульнай гісторыі, гісторыі Беларусі (з камісіямі па вывучэнні грамадскага руху на Беларусі, гісторыі гарадоў і краін Беларусі, гісторыі асветы на Беларусі), гісторыі бел. права (з археаграфічнай камісіяй), гісторыі нар. гаспадаркі Беларусі, археалогіі Беларусі, этнаграфіі Беларусі (з фальклорнай камісіяй), гісторыі Літвы, глебазнаўства, батанікі (з бат. камісіяй і Бат. садам каля Віцебска), заалогіі (з заал. музеем), геаграфіі (з камісіямі геаграфіі і картаграфіі, па складанні геагр. слоўніка Беларусі), хіміі (з Цэнтр.хім. лабараторыяй), антрапалогіі (з лабараторыяй вышэйшай нерв. дзейнасці і антрапалагічным кабінетам), біялогіі (з лабараторыяй эксперым. біялогіі), Ін-тбел. мастацтва (з камісіямі па вывучэнні гісторыі бел. мастацтва, бел. тэатра, бел. песні і музыкі, музеем бел. мастацтва), геал.ін-т (з секцыяй рэгіянальнай геалогіі). Дзейнічалі камісіі: бібліяграфічная, вайскова-тэрміналагічная, па вывучэнні Зах. Беларусі, па вывучэнні культуры латышоў, па вывучэнні прам-сці, па вывучэнні хатніх рамёстваў, па вывучэнні кааперацыі. У сістэму ІБК уваходзілі таксама навук.т-ва па вывучэнні Беларусі (пры Бел.с.-г. акадэміі), б-ка, друкарня.
Інстытут разгарнуў значную работу ў галіне геалогіі, глебазнаўства, геабатанікі, геаграфіі, геафізікі, хіміі, вывучэння прыродных рэсурсаў Беларусі. Прыродазнаўчая секцыя даследавала прыроду рэспублікі. Яе экспедыцыі адкрылі паклады фасфарытаў, керамічнай і вогнетрывалай гліны, бурага вугалю, кварцавага пяску, наблізіліся да адкрыцця нафты. У 1924 секцыя правяла 1-ю Усебел. глебазнаўчую канферэнцыю, на якой быў вызначаны план наступных даследаванняў глеб Беларусі. Даследаваліся геаграфія і генезіс глеб, іх урадлівасць. Да 1931 былі абследаваны глебы ўсёй рэспублікі і складзена яе зводная глебавая карта. Даследавалася флора і фауна. У 1923—28 ІБК арганізаваў шматлікія геабатанічныя экспедыцыі (удзельнічалі В.П.Аўрамчык, Н.А.Збітнеўскі, В.А.Міхайлоўская, В.С.Палянская і інш.). У выніку з’явіліся работы з апісаннем расліннасці па раёнах рэспублікі. Пад рэд. Н.П.Кузняцова была складзена геабатанічная карта, Палянская апублікавала спіс 150 найб. важных відаў раслін і карту іх распаўсюджання ў Беларусі. А.У.Фядзюшын (кіраваў секцыяй заалогіі) даследаваў фауну рэспублікі. Матэрыялы флоры, фауны і геалогіі Беларусі былі прадстаўлены ў музеі прыроды (меў заалагічны, батанічны і глебавы аддзелы). З 1927 кафедра геаграфіі вывучала эканам. раянаванне рэспублікі і рыхтавала поўнае геагр. апісанне Беларусі. Метэаралаг. бюро (у складзе прыродазнаўчай секцыі) мела сетку метэастанцый і вяло вывучэнне клімату Беларусі. У 1927 пад кіраўніцтвам А.І.Кайгародава была завершана работа над «Кліматычным атласам Беларусі», які падрыхтавала кафедра метэаралогіі Бел.с.-г. акадэміі. Мед. секцыя вывучала спецыфічныя хваробы Беларусі, санітарны стан вёскі і лекавыя крыніцы рэспублікі. С.-г. секцыя вывучала с.-г. гаспадарку і распрацоўвала шляхі яе рацыяналізацыі і ўдасканалення. Цэнтральнае бюро краязнаўства пры прэзідыуме ІБК кіравала шырока разгорнутай краязнаўчай работай. Да канца 1929 у Беларусі было 8 акруговых, 100 раённых, 96 мясцовых, 97 школьных і краязнаўчых таварыстваў ВНУ з 10,5 тыс. членаў. Краязнаўцы сабралі велізарны матэрыял, выдалі каля 20 папулярных прац. З 1925 выходзіў час.«Наш край», які адыграў важную ролю ў вывучэнні роднага краю.
ІБК правёў Першую Усебеларускую краязнаўчую канферэнцыю, Першы з’езд даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі, Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926). Падтрымліваў сувязі з АНСССР, АН УССР, замежнымі даследчымі навук. ўстановамі. 13.10.1928 пастановай ЦВК і СНКБССР рэарганізаваны ў АН Беларусі.
ІБК выдаў працы: «Беларуска-расійскі слоўнік» Байкова і Некрашэвіча (1925), «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925» (1926), «Сацыялістычны рух на Беларусі ў пракламацыях 1905 г.» (1927), «Беларуская этнаграфія ў доследах і матэрыялах» (кн. 1—5, 1926—28), «Працы і матэрыялы да гісторыі і археалогіі Беларусі» (кн. 1—3, 1926—27), «Беларускі архіў» (т. 1—2, 1927—28), «Матэрыялы да вывучэння флоры і фауны Беларусі» (т. 1—2, 1927—28), «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры» М.М.Піятуховіча (ч. 1, 1928), «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва» М.М.Шчакаціхіна (т. 1, 1928), «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» П.А.Бузука (ч. 1, вып. 1, 1928), «Дынаміка і геаграфічнае распаўсюджванне паляўнічай фауны БССР» А.У.Фядзюшына (1929), «Матэрыялы да геаграфіі і статыстыкі Беларусі» (т. 1—2, 1928—29), «Творы» М.Багдановіча (т. 1—2, 1927—28), «Матчын дар: Думы і песні, 1907—1914» А.Гаруна (1929) і інш. Выдаваў «Запіскі аддзела гуманітарных навук», «Запіскі аддзела прыроды і народнай гаспадаркі»; выйшлі 24 выпускі «Беларускай навуковай тэрміналогіі» (1922—30), «Працы Першай Усебеларускай глебазнаўчай канферэнцыі, 16—17 крас. 1924 г.» (1926), «Працы першага з’езду даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі, 17—18 студз. 1926 г.» (кн. 1, 1926), «Працы Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі» (1927).
Літ.:
Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993;
Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1979;
Палуян В.А. Інстытут беларускай культуры і станаўленне беларускай савецкай навукі // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук, 1972. № 6;
Гарэцкі Г.І. Каля вытокаў беларускай савецкай навукі// Тамсама. 1979. № 1;
Міхнюк У.М. Інстытут беларускай культуры// Тамсама;
Токараў М.У. Ад Інстыгуга беларускай культуры да Акадэміі навук рэспублікі (Да 60-годдзя Інбелкульта) // Тамсама. 1982. № 1;
Петрыкаў П.Ц. Інстытуту беларускай культуры — 70 гадоў // Тамсама. 1992. № 5—6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЛАСАЗНА́ЎСТВА,
адна з галін бел.літ. навукі, якая займаецца вывучэннем жыцця і творчасці Я.Коласа. У сваім развіцці К. прайшло некалькі этапаў, кожны з якіх вызначаецца пэўнымі асаблівасцямі, што выяўляюць ступень разумення і асэнсавання ролі і месца пісьменніка ў нац. л-ры. Першы крытычны водгук на літ. дэбют Я.Коласа — верш «Наш родны край» (газ. «Наша доля», 1.9.1906) быў змешчаны ў мінскай газ. «Голос провинции» (5.9.1906), аўтар якога Д.Бохан адзначаў, што твор «вызначаецца выдатным гучаннем і прыгажосцю». Арыгінальнасць таленту маладога пісьменніка падкрэсліваў Н.Чарноцкі («Минский курьер», 1908). Глыбінёй і трапнасцю вызначаліся ацэнкі-выказванні пра яго творчасць рус., укр. і бел. вучоных, грамадскіх і культ. дзеячаў: А.Пагодзіна, С.Русава, І.Свянціцкага, М.Янчука. Крытычныя заўвагі адносна пэўнай тэматычнай аднастайнасці зб-ка паэзіі Я.Коласа «Песні-жальбы» выказаны ў арт. М.Багдановіча «Глыбы і слаі. Агляд беларускай краснай пісьменнасці, 1910 г.» (1911). Гэта часткова тлумачылася тым, што зборнік быў падрыхтаваны без удзелу аўтара, які ў той час знаходзіўся ў турме, а многія вершы вострай паліт. накіраванасці не трапілі ў зборнік па цэнзурных меркаваннях. Пазней у арт. «За тры гады. Агляд беларускай краснай пісьменнасці, 1911—1913 гг.» (1913) Багдановіч даў больш разгорнутую характарыстыку паэзіі Я.Коласа, падкрэсліваў яе маст. вартасць, актуальнасць тэматыкі, сувязь з лёсам народа. Метадалагічнае значэнне для К. мелі выказванні М.Горкага пра Я.Купалу, Я.Коласа ў лістах да М.Кацюбінскага і А.Чарамнова ў 1910. Сістэматычнае вывучэнне творчасці Я.Коласа пачалося ў 1920-я г. У сувязі са святкаваннем 20-годдзя яго літ. дзейнасці і прысваеннем яму звання нар. паэта Беларусі (1926) з’явілася багата крытычных і літ.-знаўчых артыкулаў. Артыкул І.Замоціна «Пуціны беларускай літаратуры: (Якуб Колас «Новая зямля»)» («Полымя», 1924) і сёння адзін з лепшых сярод даследаванняў творчасці паэта. У ім паэма «Новая зямля» ацэньвалася як твор рэалістычны, глыбока народны, які прадвызначыў магістральны кірунак усяго бел. мастацтва. Грунтоўнасцю вызначаюцца назіранні даследчыка і над жанравай формай паэмы як эпічнага твора. Вядучым прадстаўніком рэаліст. кірунку, класікам бел. л-ры, адным з заснавальнікаў нац.маст. прозы назваў Я.Коласа М.Гарэцкі («Гісторыя беларускае літаратуры», 1920). У гэты час мелі месца і беспадстаўныя выпады супраць Я.Коласа, творы якога проціпастаўляліся творчасці маладых паэтаў. Найб. нігілістычныя адносіны да яго выявіліся ў арт. Н.Чарнушэвіча «Алесь Гурло як паэт і грамадзянін» («Маладняк», 1925). У канцы 1920—30-х г. нігілістычныя ацэнкі паглыбіліся. Вульгарна-сацыялагічныя крытыкі (Л.Бэндэ, А.Кучар і інш.) выказвалі ў адрас паэта нямала грубых паліт. абвінавачванняў. Вульгарызатарская крытыка беспадстаўнымі нападкамі дэзарыентавала пісьменніка, навязвала яму тэмы, далёкія ад яго творчых схільнасцей. Новую старонку ў К., асабліва ў ацэнцы паэм «Новая зямля» і «Сымон-музыка», зганьбаваных вульгарызатарамі, адкрываў рэдакцыйны арт. «Народны паэт БССР» (газ. «Літаратура і мастацтва», 5.2.1939), у якім творчасць пісьменніка разглядалася аб’ектыўна, падкрэслівалася эпічная прырода твораў, паўната і ўсебаковасць адлюстравання рэчаіснасці. Перагляд вульгарызатарскіх схем і пазіцый пачаўся ў 2-й пал. 1940-х г. (артыкулы У.Агіевіча, Ю.Пшыркова, В.Барысенкі, П.Глебкі, К.Крапівы, М.Лынькова, Н.Перкіна, Я.Усікава, В.Таўлая і інш.). Бел. К., асновы якога былі закладзены ў працах Багдановіча, Гарэцкага, Замоціна, складалася менавіта ў пасляваенны час. У 1950-я г. з’явіліся новыя кнігі, скіраваныя на абвяржэнне вульгарна-дагматычных ацэнак і выкрыццё беспадстаўных паліт. абвінавачванняў пісьменніка: «Якуб Колас. Жыццё і творчасць» (1951) і «Трылогія Якуба Коласа «На ростанях» (1956) Пшыркова, «Вобраз станоўчага героя ў творчасці Якуба Коласа» М.Барсток (1951), «Якуб Колас. Крытыка-біяграфічны нарыс» Я.Мазалькова (1952), «Творчасць Якуба Коласа» Л.Фіглоўскай (1959). Высокім грамадзянскім і сац. пафасам вызначаліся лепшыя працы таго часу, хоць у многіх з іх адсутнічаў эстэт. аналіз, спрошчана разглядаліся мова і стыль твораў. У 1961—64 выдадзена першае навукова-каменціраванае выданне спадчыны пісьменніка — Збор твораў у 12 тамах, што прыкметна актывізавала К. У 1960-я г. выйшлі даследаванні А.Адамовіча «Беларускі раман: Станаўленне жанра» (1961), дзе шматгранна раскрыта ідэйна-маст. і эстэт. значнасць паэмы «Новая зямля» і трылогіі «На ростанях»; А.Лойкі «Новая зямля» Якуба Коласа» (1961); М.Лужаніна «Колас расказвае пра сябе» (1964); М.Мушынскага «Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі» (1965); І.Навуменкі «Якуб Колас. Духоўны воблік героя» (1968) і інш. Даследаванню творчасці Я.Коласа адведзена значнае месца ў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1965—66), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), у абагульняльных працах і манаграфіях Пшыркова, Перкіна, В.Івашына, С.Александровіча, В.Каваленкі, М.Грынчыка, Ф.Куляшова, Лойкі, М.Лазарука, Э.Гурэвіч, А.Семяновіча, В.Бечыка, К.Хромчанкі, М.Яроша, У.Казберука, Мазалькова, С.Пятровіча, В.Жураўлёва, В.Аграшкевіча, Я.Клімуця і інш., якія вызначалі месца Я.Коласа ў бел. прозе, паэзіі, драматургіі, у л-ры для дзяцей і юнацтва і інш. З’явіліся працы, прысвечаныя эстэт. поглядам Я.Коласа (А.Майхровіч), яго этнагр. спадчыне (Э.Сабаленка), мове (А.Каўрус), перакладчыцкай (В.Рагойша) і пед. (У.Радзіёнаў) дзейнасці. Асобныя праблемы творчасці Я.Коласа асветлены ў літ.-крытычных артыкулах і ўспамінах С.Андраюка, П.Ахрыменкі, В.Барысенкі. П.Броўкі, Я.Брыля, В.Бурносава, Б.Бур’яна, П.Глебкі, Я.Казекі, В.Казловай, У.Калесніка, У.Карпава, К.Крапівы, А.Куляшова, М.Ларчанкі, П.Панчанкі, М.Стральцова, І.Шамякіна, Р.Шкрабы і інш. У 1972—78 выдадзены Збор твораў Я.Коласа ў 14 тамах, дзе апрача маст. твораў, што адсутнічалі ў 12-томным выданні, змешчана значна больш лістоў, літ.-крытычных артыкулаў, удакладнены тэкст і датаванне многіх твораў, больш поўна пададзены варыянты і розначытанні, пашыраны каментарыі. Вопыт падрыхтоўкі і выдання маст. спадчыны Я.Коласа стаў прадметам тэарэт. абагульнення ў зб. «Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры» (1980). Далейшаму развіццю К. садзейнічалі даследаванні, што з’явіліся ў сувязі са 100-годдзем з дня нараджэння паэта. У кн. Пшыркова «Летапісец свайго народа» (1982) гал. ўвага скіравана на этапныя творы, канкрэтны разгляд у ёй спалучаецца з пастаноўкай гісторыка-тэарэт. праблем. Эвалюцыя светапогляду Я.Коласа даследавалася ў кн. Майхровіча «Янка Купала і Якуб Колас: Пытанні светапогляду» і зб. «З жыццяпісу Якуба Коласа» (абодва 1982), што значна ўзбагаціла ранейшыя ўяўленні пра пісьменніка. Пытанням творчых сувязяў Я.Коласа з рус. паэтамі прысвечана праца Я.Клімуця «Жыццёвасць традыцый» (1985). Разнастайныя формы плённага творчага ўзаемадзеяння Я.Коласа з рус. л-рай разглядаюцца ў «Нарысах па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязяў» (кн. 1—4, 1993—95). У 1990-я г. з’явіліся даследаванні пра станаўленне таленту Коласа-эпіка (кн. І.Чыгрына «Рэальнае і магчымае»), пра яго ролю ва ўзбагачэнні жанрава-стылявых магчымасцей бел. прозы (манаграфія Жураўлёва «Я.Колас і паэтыка беларускага рамана», абедзве 1991). Дзейнасць Я.Коласа ў гады эвакуацыі і яго літ.-творчае акружэнне асвятляюцца ў кн. М.Жыгоцкага «У цяжкі час вайны суровай» (1995) і «Побач з Коласам» (1996). Актывізуецца вывучэнне ролі Я.Коласа ў развіцці бел.літ. мовы («Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа», 1990; «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа», 1993). Маленству, юнацтву, творчай дзейнасці Я.Коласа прысвечаны дакумент.-маст. аповесці С.Александровіча «Ад роднае зямлі» (1962), «На шырокі прастор» (1972), «Крыжавыя дарогі» (1982), «Сейбіт песні і мудрасці» (1985). Дзейнасць па ўшанаванні памяці пісьменніка, прапагандзе яго творчай спадчыны, падрыхтоўцы бібліягр. дапаможнікаў, зборнікаў успамінаў, фотадакументальных альбомаў вядзе Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей. Супрацоўнікі музея — ініцыятары і арганізатары правядзення (з 1985) шматгадовых навуковых чытанняў, прысвечаных пісьменніку, паводле матэрыялаў якіх выдаецца зб. «Каласавіны» (з 1986), які сведчыць пра спробу вучоных перагледзець многія ацэнкі асобных твораў Я.Коласа («Новая зямля», «Сымон-музыка», «Адшчапенец»), у больш шырокім плане асвятляе яго ролю ў нац.-культурным адраджэнні, развіцці нац. л-ры, мастацтва, навукі, адукацыі, літ. крытыкі, публіцыстыкі, узнімае новыя аспекты вывучэння спадчыны і грамадска-паліт. дзейнасці. Намаганнямі навукоўцаў, архівістаў у шырокі ўжытак уведзены новыя гіст.літ., біягр. матэрыялы. У Ін-це л-ры імя Я.Купалы Нац.АН Беларусі распачата падрыхтоўка першага поўнага збору твораў Я.Коласа ў 18-ці тамах. Найбольш поўная бібліяграфія ў біябібліягрф. слоўніку «Беларускія пісьменнікі» (т. 3, 1994).
Літ.:
Мушынскі М. Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1982;
Яго ж. Якуб Колас у літаратурнай крытыцы // Полымя. 1972. № 11;
Яго ж. Беларускае коласазнаўства // Там жа. 1982. № 11;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ СПА́СА-ЕФРАСІ́ННЕЎСКІ МАНАСТЫ́Р, Полацкі Спаскі манастыр,
помнік архітэктуры 12 — пач. 20 ст. ў г. Полацк Віцебскай вобл. Знаходзіцца на ўскраіне горада, на правым беразе р. Палата. Засн. ў пач. 12 ст. князёўнай Ефрасінняй Полацкай як абарончы фарпост Полацка (з Пн), за 2 км ад горада, у в. Сяльцо, на месцы, дзе знаходзілася драўляная царква Спаса. У 1579 кароль Рэчы Паспалітай Стафан Баторый заняў Полацк і заснаваў у манастыры сваю рэзідэнцыю, потым перадаў яе езуітам. У 1656 паводле загаду рас. цара Аляксея Міхайлавіча манастыр пераасвячоны і вернуты праваслаўным. З 1667 зноў належаў езуітам, пасля 1820 перайшоў да піяраў. З 1832 вернуты праваслаўным, з 1841 жаночы манастыр. У 1844 пры манастыры адкрыта 3-класнае жан. вучылішча, сіроцкі прытулак, багадзельня. Найб. росквіту манастыр дасягнуў у канцы 19 ст. пры ігуменні Яўгенні (Гаваровіч). У 1910 сюды з Кіева перавезены мошчы св. Ефрасінні Полацкай. У пач. 20 ст. ў манастыры былі мураваныя храмы, якія ўтваралі невял. плошчу пры ўваходзе, а таксама каля 20 драўляных і мураваных жылых і гасп. пабудоў, сад, агарод. У1928 манастыр закрыты. У Вял.Айч. вайну на тэр. манастырскага комплексу быў лагер сав. ваеннапалонных, многія пабудовы разбураны. З 1943 манастыр пачаў дзейнічаць. У 1960 зноў закрыты (насельніцы пераведзены ў Жыровіцкі Успенскі манастыр). З 1989 манастыр аднавіў сваю дзейнасць. У ансамбль уваходзяць: цэрквы Спаса-Праабражэнская і Свята-Ефрасіннеўская трапезная (цёплая), Крыжаўзвіжанскі сабор, жылы дом, брама-званіца з жылым манастырскім корпусам, падмуркі храма-пахавальні. У 1998—2000 узведзены манастырскі жылы корпус, гасп. пабудовы, майстэрні. Спаса-Праабражэнская царква — помнік архітэктуры Полацкай школы дойлідства. Размешчана ў цэнтры манастырскага комплексу. Пабудавана паміж 1152—61 дойлідам Іаанам на заказ Ефрасінні Полацкай як саборны храм. З пераходам манастыра да езуітаў царква была ператворана ў касцёл. У 1833 часткова перабудавана (арх. А.Порта). Мураваны 3-нефавы 6-стаўповы крыжова-купальны храм (8 χ 12). Цэнтр. неф з У завершаны паўкруглай масіўнай апсідай, больш вузкія бакавыя нефы — паўкруглымі нішамі ў тоўшчы сцяны. Паўд. і паўн. фасады расчлянёны пілястрамі з паўкалонамі, якія рытмічна падзяляюць паверхню на 3 вузкія і 2 шырокія прасценкі (чаргуюцца), прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі на 2 узроўнях (ніжнія ў 1,5 раза большыя за верхнія, з т.зв. броўкамі з 4 радоў плінфы). Напачатку царква мела пазакамарнае пакрыццё асн. аб’ёму і больш нізкага нартэкса. Барабан купала ўзвышаўся над скляпеннямі асн. аб’ёму і апіраўся на квадратны ў плане пастамент, на гранях якога былі какошнікі. Закамары і какошнікі мелі кілепадобнае завяршэнне, што стварала ярусную кампазіцыю верху. У 19 ст. пазакамарнае пакрыццё заменена 3-схільным дахам. Уваход на хоры — у паўн. частцы зах. сцяны. Па баках хораў 2 маленькія келлі, адна з іх, паводле падання, прызначалася для Ефрасінні Полацкай. Інтэр’ер аздоблены фрэскамі 12 ст. — унікальнымі творамі стараж.-рус.манум. мастацтва. Даследаванні паверхні сцен, скляпенняў і слупоў даюць падставу меркаваць, што ўвесь храм багата ўпрыгожаны фрэскамі, якія закрыты напластаваннямі тынку і алейнай размалёўкай 5 832—35 і 1840. Расчыстка сценапісу праводзілася ў 1937, 1938, 1940, 1950, 1972. Адкрыта 8 фрагментаў фрэсак 12 ст. Тры з іх знаходзяцца ў алтарнай частцы: на лапатках паўд. і паўн. сцен выявы невядомых святых ва ўвесь рост з кнігамі ў руках, на паўд. сцяне побач з бакавым праёмам выява святога, што моліцца на фоне высокай вежы. 5 фрагментаў у цэнтр. частцы: на паўд. сцяне 2 з выявамі святых манашак; на паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. слупах франтальныя выявы святых ва ўвесь рост са скруткамі ў руках; на паўн.-зах. слупе, які падтрымлівае хоры, выява невядомай маладой святой. У апошнія гады пазнейшыя алейныя размалёўкі пачалі ападаць. Адкрылася шмат новых фрагментаў і сюжэтных кампазіцый у цэнтр. (10 выяў) і бакавых апсідах, цэнтр. частцы, у келлі Ефрасінні Полацкай. Фрэскі вылучаюцца выразнасцю індывід. характарыстык, натхнёнасцю, эмацыянальнасцю, суровай экспрэсіяй. Выявы святых пададзены ў класічных прапорцыях: з прадаўгаватымі тварамі, вял. міндалепадобнымі вачыма, цёмнымі вачніцамі, сціснутымі, але прыгожымі і жывымі вуснамі. Стараж. фрэскамі таксама была размалявана вонкавая паўд. сцяна (не захавалася). У 1161 Лазар Богша для царквы зрабіў Крыж Ефрасінні Полацкай. Крыжаўзвіжанскі сабор размешчаны з левага (паўн.) боку ад Спаса-Праабражэнскай царквы. Узведзены ў 1893—97 з цэглы (паводле праекта У.Ф.Коршыкава) у руска-візант. стылі. З пач. 1990-х г. вядзецца расчыстка і кансервацыя размалёвак (мастак-рэстаўратар І.В.Ракіцкі). Уяўляе сабой крыжова-купальны 3-нефавы храм, 4-слуповы, 5-купальны, з 3 прытворамі і паўцыркульнай апсідай. Цэнтр. шлемападобны купал на высокім светлавым 12-гранным барабане. Па вуглах ад яго 8-гранныя вежы, завершаныя шлемападобнымі купаламі. У дэкар. аздабленні фасадаў выкарыстаны закамары, арачныя ўваходныя парталы, паўкалонкі, круглыя медальёны. У 1990 праведзена рэстаўрацыя сабора.
Свята-Ефрасіннеўская трапезная (цёплая) царква размешчана з правага (паўд.) боку ад Спаса-Праабражэнскай царквы. У 1847 1-павярховы жылы дом быў прыстасаваны пад царкву, у 1849 перабудаваны. Уяўляе сабой прамавугольны ў плане аб’ём з 5-граннай апсідай (з У), 4-гранным прыдзелам (з Пд) і прытворам (з 3). Накрыта 2-схільным дахам, у цэнтры якога невял. купал з галоўкай на драўляным 8-гранным барабане. Уваход у выглядзе арачнага партала з шырокай лесвіцай, сцены дэкарыраваны рустам, аконныя праёмы паўцыркульныя з ліштвамі. У 1989 царква адрэстаўрыравана. Жылы корпус размешчаны на ПдУ ад Спаса-Праабражэнскай царквы (каля храма-пахавальні). Пабудаваны ў пач 18 ст. з цэглы як жылы, пазней — летняя рэзідэнцыя генерала езуіцкага ордэна. 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак з уваходам з усх. боку. Сцены прарэзаны невял. аконнымі праёмамі з ліштвамі, вуглы дэкарыраваны руставанымі лапаткамі і ўмацаваны (з боку яра) 2 масіўнымі контрфорсамі. Брама-званіца і манастырскі корпус размешчаны пры ўваходзе на тэр. манастыра з боку вул. Фрунзе. Брама-званіца, узведзеная ў 1882 з цэглы, уяўляла сабой 1-арачны пралёт, перакрыты цыліндрычным скляпеннем і завершаны вежай-званіцай (не захавалася; у 1992 адноўлена). Да яго з 2 бакоў далучаліся 1-павярховыя флігелі. Да левага флігеля ў 1902 прыбудаваны 3-павярховы (1-ы паверх цокальны) мураваны жылы манастырскі корпус. Фундаменты храма-пахавальні размешчаны за 100 м на ПнУ ад Спаса-Ефрасіннеўскай царквы. Існаваў у 1-й пал. 12—1-й пал. 17 ст. Уваходзіў у ансамбль манастыра. Быў пабудаваны ў традыцыях Полацкай школы дойлідства. Паводле археал.даследаванняў 1947, 1961—62, 1964, 1976 храм быў 3-нефавы, 4-стаўповы, крыжова-купальны (шыр. 14,85 м, даўж. без апсіды 17,2 м), 3-апсідны (бакавыя апсіды размешчаны ў тоўшчы ўсх. сцяны). З паўд., зах. і паўн. бакоў абнесены галерэяй (шыр. 4,1 м), якая пераходзіла ў невял. капліцы з самаст. апсідамі. Сцены складзены з плінфы ў тэхніцы муроўкі са «схаваным радам». Фасады аформлены лапаткамі ступеньчатага профілю. Унутры храм быў багата аздоблены. Знойдзена шмат кавалкаў тынкоўкі з фрэскавай размалёўкай: з арнаментам, выявамі святых і анёлаў. Узорыстая мазаічная падлога была выкладзена з керамічных паліваных плітак рознай формы; малюнкі выкладаліся са смальты ў форме квадратаў, трохвугольнікаў і палосак. Выяўлены таксама рэшткі мужчынскіх пахаванняў ў цагляных камерах. Храм быў пахавальняй полацкіх епіскапаў. Захаваліся падмуркі і часткова ніжнія ч. сцен. Комплекс манастыра ўваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік. З 1997 у манастыры знаходзіцца адноўлены Крыж Ефрасінні Полацкай (маст. М.Кузьміч). У 2000 у гонар 2000-годдзя Раства Хрыстова і 100-годдзя смерці ігуменні Яўгенні (Гаваровіч) у саборы ўстаноўлена памятная дошка (аўтары: А.Інькова, Г.Лаўрэцкі, А.Царык).
Літ.:
Монастырь у церкви Спаса: Полоцкий Спасо-Ефросиниевский монастырь с древности до наших дней: Фотоальбом. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДАНЕ́ЗІЯ (Indonesia),
Рэспубліка Інданезія (Republik Indonesia), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі. Займае а-вы Малайскага архіпелага (Вял. і Малыя Зондскія, Малукскія а-вы) і зах. частку в-ва Новая Гвінея (Ірыян-Джая). Працягласць з Пн на Пд каля 2 тыс.км, з З на У больш за 5 тыс.км. Межы ў асноўным марскія (з Індыяй, Тайландам, Малайзіяй, Сінгапурам, В’етнамам, Філіпінамі, Аўстраліяй). Сухапутныя межы на в-ве Калімантан з Малайзіяй і на в-ве Новая Гвінея з Папуа—Новай Гвінеяй. Падзяляецца на 24 правінцыі, 2 асобныя адм. адзінкі, якія маюць статус правінцыі, і метрапалітэнскую акругу (сталічную). Пл. 1904,5 тыс.км². Падкантрольная марская акваторыя (унутр. моры і эканам. зона) — 7,9 млн.км². Нас. 206,6 млн.чал. (1996, 4-е месца ў свеце). Сталіца — г.Джакарта. Дзярж. мова — інданезійская. Карыстаюцца таксама англ., галандскай, яванскай мовамі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (17 жніўня).
Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1945. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў Нар. кансультатыўным кангрэсам. Вышэйшы орган улады — двухпалатны парламент, у які ўваходзяць Савет нар. прадстаўнікоў і Нар. кансультатыўны кангрэс. У складзе парламента 1000 дэпутатаў: з 500 дэпутатаў — членаў Савета нар. прадстаўнікоў 400 выбіраюцца насельніцтвам, 100 назначаюцца прэзідэнтам; другая палавіна дэпутатаў дэлегуецца ад мясц. саветаў нар. прадстаўнікоў і функцыянальных груповак, якія прадстаўляюць ваенных, нац. буржуазію, рэліг. суполкі і інш. слаі насельніцтва. Бягучае заканадаўства ажыццяўляе Савет нар. прадстаўнікоў. Губернатары правінцый назначаюцца прэзідэнтам. Суд. сістэма складаецца з Вярх. суда, які з’яўляецца вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй (яго члены назначаюцца прэзідэнтам), дзярж. і абл. судоў (іх члены назначаюцца ўрадам). Існуюць таксама рэліг. суды, якія дзейнічаюць па законах ісламу.
Прырода. У складзе І. каля 17 тыс. астравоў, з іх найбуйнейшыя Ява, Суматра, Сулавесі (Цэлебес), б.ч. Калімантана (Барнео), зах.ч. Новай Гвінеі. Астравы падзелены морамі (Яванскае, Сулавесі, Малукскае, Банда). Берагавая лінія парэзана слаба. берагі цяжкадаступныя. Больш за 72 тэр. займаюць сярэдне- і нізкагор’і (найб.выш. да 5029 м — г. Джая на в-ве Новая Гвінея). Вулканічныя і складкавыя горы цягнуцца праз а-вы Суматра, Ява, Малыя Зондскія; каля 400 вулканаў, у т. л. больш за 100 дзеючых (найб. Керынчы — 3800 м, Рымджані — 3726 м). Частыя землетрасенні. Горы займаюць таксама цэнтр.ч. в-ва Калімантан, а-вы Малукскія і Сулавесі. Нізіны размешчаны на ПнУ в-ва Суматра, на Пд в-ва Калімантан і на З в-ва Новая Гвінея. Карысныя выкапні: нафта (запасы каля 1 млрд.т, 1995), прыродны газ (больш за 2 трлн. м³), вугаль (36 млрд.т), жал. руды, медзь, волава, баксіты, нікель, марганец, золата, серабро, кобальт, хром, уран, торый, алмазы, сера, фасфаты. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны (а-вы Ява, Малыя Зондскія). Сярэдняя т-ра на працягу года 25—27 °C. У гарах (вышэй за 1500 м) бываюць замаразкі. Ападкаў у зонах экватарыяльнага клімату 2000—4000 мм (на З Суматры больш за 6000 мм), субэкватарыяльнага — менш за 2000 мм (на ПдЗ Сулавесі да 540 мм), дзе з мая да кастр. засушлівы перыяд. Кліматычныя ўмовы дазваляюць займацца земляробствам увесь год і атрымліваць да 3 ураджаяў. Гал. рэкі — Капуас і Барыта (Калімантан), Кампар (Суматра). Шмат невял. азёр у асноўным тэктанічнага і вулканічнага паходжання. Шматлікія гарачыя крыніцы. Глебы пераважна чырваназёмныя, латэрытныя, горныя латэрытныя, трапічныя балотныя, на ПдУ месцамі чырвона-бурыя саванныя. Пад вільготнымі трапічнымі лясамі каля 65% тэрыторыі, больш за 2 тыс. відаў дрэў, у т. л. каля 300 відаў пальмаў, больш за 24 тыс. відаў кветкавых раслін. Растуць каштоўныя пароды дрэў: жалезнае, камфарнае, чорнае (эбенавае), сандалавае і інш. На Пд — участкі саваннаў, у гарах вышынная пояснасць. З жывёл характэрны малпы, насарогі, дзікія быкі, з птушак — фазаны, яванскія паўліны, райскія птушкі. Шмат змей, насякомых. У прыбярэжных морах каля 800 відаў водарасцей, больш за 1500 — рыб. Нац. паркі: Гунунг-Лёсер, Камода-Падар-Рынка, Уджунг-Кулон і інш., некалькі марскіх паркаў, запаведнікі.
Насельніцтва. Больш за 150 этнічных груп, блізкіх па мове, культуры і побыце. Асн. насельніцтва — яванцы (45%), сунданцы (14%), мадурцы (7,5%), малайцы (7,5%); жывуць таксама кітайцы (каля 4 млн.чал.), арабы, індыйцы. Насельніцтва размаўляе больш як на 300 мовах, якія маюць больш за 1000 дыялектаў. Большасць вернікаў — мусульмане-суніты (87%), хрысціяне (пратэстанты і католікі) — 9,7%, ёсць індуісты, будысты і канфуцыянцы. Частка насельніцтва захоўвае традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 108 чал. на 1 км², 2/3 насельніцтва сканцэнтравана на а-вах Ява і Мадура (7% тэр.). У гарадах жыве 31% насельніцтва (1996). Найб. гарады (тыс.ж., 1990): Джакарта — 8228, Сурабая — 2474, Бандунг — 2057, Медан — 1780, Семаранг — 1249, Палембанг — 1140, Уджунгпанданг — 944, Маланг — 695, Паданг — 631, Суракарта — 504.
Гісторыя. Продкі інданезійцаў прыбылі на Малайскі архіпелаг каля 3—1-га тыс. да н.э., верагодна, з Пд Кітая. Ужо ў даіндускі перыяд (да н.э.) насельніцтва І. мела ўласную цывілізацыю. На некат. астравах (пераважна на в-ве Ява) развілася высокая культура. Кантакты з Індыяй існавалі яшчэ ў дагіст. час; у першыя стагоддзі н.э.вял. пасяленні індускіх каланістаў у І. пашырылі інд. цывілізацыю, культуру і рэлігію; літургічнай мовай быў санскрыт. Паступова ўзнікалі манархіі на ўзор інд. княстваў. Самай магутнай дзяржавай на астравах І. ў той час была Шрывіджая (Суматра) са сталіцай у Палембангу — гандл. цэнтр, які злучаў Усход з Захадам. Большасць насельніцтва складалі малайцы. У 8 ст. на Яве вылучаліся шываісцкая дзяржава Матарам і будыйская — Шайлендра. У 9—10 ст. дынастыя Шайлендраў, выцесненая з Явы, панавала ў Шрывіджаі. У 1117—1222 на Яве існавала моцная марская дзяржава Кедыры, у 13—16 ст. — магутная імперыя Маджапахіт, якая дасягнула росквіту ў 14 ст. і падпарадкавала амаль усю тэр. сучаснай І. У 12—13 ст. у вял. партах І. з’явіліся калоніі мусульм. купцоў з Аравійскага п-ва і Індыі, чаму паспрыяў ажыўлены гандаль на марскім шляху паміж Б. Усходам і Кітаем. Мусульм. пасяленцы значна паўплывалі на насельніцтва і ўладароў невял. партовых княстваў, якія пачалі масава пераходзіць у іслам. У 15 ст. дасягнуў росквіту Малакскі султанат, уладары якога таксама прынялі іслам. Адсюль новая рэлігія, а з ёю араб. культура і мова пашырыліся на ўсю І. Павелічэнне магутнасці мусульм. княстваў (султанатаў) прывяло да заняпаду імперыі Маджапахіт. Паліт. раздробленасць краіны аблегчыла пранікненне сюды ў 16 ст.еўрап. каланізатараў. У 1511 партугальцы захапілі Малакскі султанат, у 1521 у І. з’явіліся іспанцы, у 1596 — галандцы. У 1602 створана галандская Ост-Індская кампанія з цэнтрам у Батавіі (сучасная Джакарта). Яна падпарадкавала большасць дзяржаў на Яве, кантралявала гандаль ва ўсёй І., якая фактычна ператварылася ў галандскую калонію. Эканам. і паліт. цяжкасці, войны з султанамі Явы і шматлікія паўстанні сталі прычынай фін. крызісу і ліквідацыі ў 1798 кампаніі. Яе ўладанні перайшлі да Нідэрландаў. У перыяд напалеонаўскіх войнаў І. трапіла пад панаванне Францыі, у 1811 яе захапілі англічане. Паводле пагадненняў 1814 і 1824 Вялікабрытанія вярнула І. Нідэрландам. Чужаземнае панаванне неаднойчы выклікала паўстанні (у 1825—30 пад кіраўніцтвам Дыпанегора, у 1837 т. зв. паўстанне Падэры). Нац.-вызв. рух актывізаваўся ў 1-ю сусв. вайну і пасля яе. У 1920 левае крыло с.-д. аб’яднання (дзейнічала з 1914) аформілася ў камуніст. партыю І. У 1925 на Яве адбыліся масавыя забастоўкі пад кіраўніцтвам камуністаў; у канцы 1926 яны перараслі ў нар. паўстанне, падтрыманае рэліг. лідэрамі; у 1927 ахапіла і Суматру. Папулярнай была Нац. партыя на чале з А.Сукарна (засн. ў 1927, забаронена нідэрл. ўладамі ў 1930). У час 2-й сусв. вайны І. акупіравана Японіяй (1942—45), якая падтрымлівала мясц. нацыяналізм антыеўрап. скіраванасці. 17.8.1945 Сукарна абвясціў незалежную Інданез. рэспубліку і выбраны яе прэзідэнтам. У вер. 1945 у І. высадзіліся брыт., а потым галандскія войскі, супраць іх пачаў барацьбу інданез. ўрад. Брыт. войскі выведзены з І. ў сярэдзіне 1946, Нідэрланды паводле Лінгаджацкага пагаднення 1947 прызналі рэспубліку дэ-факта ў межах Явы, Мадуры і Суматры. З прычыны сабатажу галандцамі ўмоў пагаднення летам 1947 інданезійцы аднавілі ўзбр. барацьбу. Нідэрландцы вымушаны былі пагадзіцца на правядзенне ў 1949 у Гаазе канферэнцыі «Круглага стала». На ёй было абвешчана стварэнне Рэспублікі Злучаных Штатаў Інданезіі (РЗШІ), аб’яднаных з Нідэрландамі персанальнай уніяй. У жн. 1950 РЗШІ абвешчана унітарнай Рэспублікай І. (ліквідавана унія з Нідэрландамі). Незалежная І. стала адным з ініцыятараў правядзення Бандунгскай канферэнцыі 1955. У 1957 Сукарна аб’явіў аб замене «заходняй» парламенцкай дэмакратыі на т. зв. «накіроўную дэмакратыю» з рысамі аўтарытарызму; была ўзмоцнена ўлада прэзідэнта, пашыраны функцыі адміністрацыі і войска. Адначасова Сукарна, нягледзячы на пагаршэнне эканам. сітуацыі, падтрымліваў рэформы, скіраваныя на ўвядзенне ў краіне сацыяліст. гаспадаркі (гэтаму спрыяў афіц. культ асобы Сукарна). У 1963 І. пачала барацьбу супраць стварэння Федэрацыі Малайзіі. Паліт. і эканам. сітуацыя ў краіне стала крытычнай. У 1965 ген.Сухарта ў працэсе ліквідацыі спробы дзярж. перавароту левых афіцэраў («Рух 30 верасня») захапіў уладу. Разгром змоўшчыкаў перарос у масавыя рэпрэсіі супраць кампартыі і яе прыхільнікаў. Быў сфарміраваны рэжым «новага парадку». Прэзідэнт Сухарга (з 1966 часовы, у 1968—98 афіцыйны) жорстка абмежаваў унутр. апазіцыю і паставіў гал. задачай эканам. рост з дапамогай зах. дзяржаў шляхам пераходу да рыначнай гаспадаркі. У 1975 І. аб’явіла сваёй 27-й правінцыяй Усх. Тымор, б.партуг. калонію. У 1970-я г.ўнутр. сітуацыя ў краіне стабілізавалася. У пач. 1980-х г. пачаліся выступленні ісламскіх фундаменталістаў і іх сутыкненні з уладамі, узнік сепаратысцкі рух ва Усх. Тыморы. У знешняй палітыцы І. пашырае адносіны з усімі вядучымі дзяржавамі свету, з’яўляецца адным з лідэраў руху недалучэння. Нягледзячы на пэўныя эканам. дасягненні, 32-гадовае аўтарытарнае кіраванне Сухарга (у 1998 ён выбраны прэзідэнтам на 7-ы тэрмін) выклікала ў маі 1998 нар. паўстанне, якое завяршылася адстаўкай Сухарта. Яго паўнамоцтвы перайшлі да віцэ-прэзідэнта Б.Ю.Хабібі.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Партыя адзінства і развіцця, Дэмакр. партыя І., ГОЛКАР (т. зв. «функцыян. групы», якія аб’ядноўваюць прафес., маладзёжныя, жаночыя, рэліг. і інш. арг-цыі, што не далучыліся да паліт. партый), Усеінданез. саюз працоўных, Усеінданез. саюз рабочых.
Гаспадарка. І. — аграрна-індустр. дзяржава з буйнейшай у Азіі сыравіннай плантацыйнай гаспадаркай і значнай горназдабыўной прам-сцю. Доля прамысловасці ў валавым унутр. прадукце 39%, сельскай гаспадаркі 19%. Вядучая галіна прам-сці — здабыча нафты (каля 90 млн.т, 1995). Нафтапромыслы на а-вах Суматра, Калімантан, Бунью; падводныя радовішчы каля берагоў Суматры, Явы, Калімантана, Новай Гвінеі. Па здабычы прыроднага газу І. выйшла на 3-е месца ў свеце (больш за 90 млрд.м³). З галін гарнаруднай прам-сці маюць значэнне здабыча волава (на а-вах Банка, Белітунг, Сінкеп), нікелю (Сулавесі), медзі (Новая Гвінея), баксітаў (Бінтан). Здабыча (тыс.т, 1995): волава — 30 (2-е месца ў свеце), нікелю — каля 70 (4-е месца ў свеце), медзі — 310, баксітаў — 1320. Вугаль здабываюць на а-вах Суматра і Калімантан (3/4 ідзе на экспарт). Здабываюцца таксама марганцавая руда, золата, серабро, алмазы, уран, сера, фасфаты, азбест, асфальт, кухонная соль. Вытв-сць электраэнергіі 44 млрд.кВт∙гадз (1994), пераважна на ЦЭС (буйнейшая на в-ве Ява, у т. л. Танджунгпрыяк магутнасцю 1,18 млн.кВт). Асн. з’яўляюцца харч. (цукр., алейныя, рысаачышчальныя, кансервавыя, чайныя, кававыя і інш. прадпрыемствы) і лёгкая (вытв-сць баваўняных тканін, трыкатажу, апрацоўка капоку, сізалю і інш.) прам-сць. Ёсць металургічныя (сталеплавільны, феранікелевы, алюмініевы), металаапр., машынабуд. (рамонтна-мех., суднабуд., аўтазборачныя, радыё- і электрапрылад) прадпрыемствы. Гал. цэнтры: Джакарта, Сурабая, Маланг, Медан, Бандунг і інш. Нафта- і газаперапрацоўка на прадпрыемствах у Сунгайгеронгу, Пладжу, Думаі, Панкаланбрандане, Сунгайпакнінгу (Суматра), Балікпапане (Калімантан), Ванакроме (Ява). Вытв-сць (млн.т, 1993): бензіну 5,4, газы 7,1, дызельнага паліва 11,4. Хім.прам-сць прадстаўлена вытв-сцю мінер. угнаенняў (2280 тыс.т, у т. л. фосфарных 437 тыс.т, 1995), штучных валокнаў Í439 тыс.т), каўстычнай соды і інш. Ёсць прадпрыемствы па першаснай апрацоўцы каўчуку, вытв-сці шын, гумавага абутку. Развіта фармацэўтычная, дрэваапр., буд. матэрыялаў (цэментная) прам-сць. Саматужная вытв-сць батыку (спец. афарбаванай тканіны), плеценых вырабаў, чаканка серабра, разьба па косці і дрэве, кераміка. У сельскай гаспадарцы занята 55% працаздольнага насельніцтва. Сучасная сельская гаспадарка — спалучэнне буйных дзярж., памешчыцкіх плантацый з дробнымі паўнатуральнымі гаспадаркамі. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 16 млн.га, з іх 30% арашаюцца. Асн. прадуктовая збожжавая культура — рыс, збор якога забяспечвае патрэбы насельніцтва. Вырошчваюць таксама кукурузу, сою, маніёк, батат, агародніну, садавіну. Збор (млн.т, 1994): збожжа — 52,8, у т. л. рысу — 45,8 (3-е месца ў свеце), кукурузы — 7, соі — 1,72. Гал. экспартныя культуры: каўчуканосы, какосавая і алейная пальмы, чай, кава, какава, цукр. трыснёг, тытунь, хіннае дрэва, агава (сізаль), сейба (капок), перац, мускатны арэх, гваздзіка, карыца і інш. І. займае 2-е месца ў свеце па зборы (тыс.т, 1994): каўчуку — 1258, копры — 1200, пальмавага алею — 2000; з’яўляецца адным з буйнейшых вытворцаў кавы (400 тыс.т), какавы (260 тыс.т), чаю (174 тыс.т), арахісу (1080 тыс.т), тытуню (85 тыс.т). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Пагалоўе (млн. галоў, 1994): коз — 12,3, буйн. раг. жывёлы — 11,6, авечак — 6,4, коней — 0,7, птушкі — 659. Буйвалы выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла. Развіты рыбалоўства і рыбагадоўля. Вядзецца марскі промысел (лоўля трэпангаў, амараў, крэветак, чарапах, жамчужніц). Нарыхтоўка каштоўных парод дрэў. Транспарт пераважна марскі. Флот І. налічвае больш за 500 буйных суднаў (дэдвейт больш за 1 тыс.т). Гал. парты — Танджунгпрыяк (абслугоўвае Джакарту і апрацоўвае каля 50% імпартных грузаў), Сурабая (Ява), Белаван і Палембанг (Суматра), Банджармасін (Калімантан), Уджунгпанданг (Сулавесі). Даўж. чыгункі 6,9 тыс.км (1994). Даўж. аўтадарог больш за 200 тыс.км. Аўтапарк больш за 1,6 млн. машын. Чыгуначныя і аўтамаб. дарогі пераважна на в-ве Ява. Унутр. і міжнар. авіярэйсы ажыццяўляе нац. авіякампанія, 122 аэрапорты. Сетка нафтаправодаў. Экспарт 37,5 млрд.дол. ЗША (1995): нафта і прыродны газ (каля 70% знешнегандл. аб’ёму па кошце), волава, нікель, медзь, каўчук, пальмавы алей, копра, драўніна, тытунь, кава, какава, чай, вострыя прыправы і інш. Імпарт 39 млрд.дол. ЗША (1995): металапракат, абсталяванне, машыны, спажывецкія тавары. Асн.гандл. партнёры — Японія, ЗША, Германія, Рэспубліка Карэя, Сінгапур і інш. Беларусь імпартуе тавары з І. на 5306 тыс.дол. ЗША (1996). У дзярж. бюджэце І. важная роля належыць замежнаму турызму (3—3,5 млн.чал., каля 4 млрд.дол. ЗША; 1993). Грашовая адзінка — інданезійская рупія.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС і дзярж. паліцыі. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Тэр. краіны падзелена на 10 ваен. акруг. Функцыі адм. і аператыўнага кіраўніцтва ўскладзены адпаведна на міністра абароны і начальнікаў штабоў (камандуючых) відаў узбр. сіл. У 1996 рэгулярная армія налічвала 274,5 тыс.чал., дзярж. паліцыя 174 тыс., рэзерв 400 тыс.чал.Сухап. войскі налічваюць 214 тыс.чал., на ўзбраенні 356 танкаў, каля 1 тыс. бронетранспарцёраў і баявых разведвальных машын, 840 гармат, 875 мінамётаў. У ВПС 20 тыс.чал., каля 200 самалётаў, 36 верталётаў. У ВМС 40,5 тыс.чал., каля 150 баявых караблёў і катэраў, 100 танкаў, 40 самалётаў і верталётаў, 10 ваен.-марскіх баз. Дзярж. паліцыя падзяляецца на мабільную, марскую, паветр. і рэгулявання руху. Закон 1982 прадугледжвае выкананне арміяй «двайной функцыі» — абароны краіны, а таксама «вядучай сац.-паліт. сілы грамадства» і важнейшага інструмента ў канцэпцыі «рэгіянальнай трываласці» Асацыяцыі дзяржаў Паўн.-Усх. Азіі (АСЕАН).
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 60, жанчын 64 гады. Смяротнасць 8 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 1660 чал., урачамі — 1 на 6861 чал. Узровень нараджальнасці 24 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 63 на 1 тыс. нованароджаных (1996).
Асвета, навуковыя ўстановы. У І. з 1978 уведзена абавязковая бясплатная пач. і сярэдняя агульная адукацыя. Побач з дзярж. школамі існуюць платныя прыватныя, а таксама розныя рэліг.навуч. ўстановы. Сістэма адукацыі І. ўключае дзіцячыя сады, пач., сярэднюю, прафес.-тэхн. і вышэйшую школы. Пач. 6-гадовая школа абавязковая для дзяцей ва ўзросце 7—14 гадоў. У першых 2 класах навучанне вядзецца на мясц., з 3-га класа — на агульнадзярж інданез. мове. Тэрмін навучання ў сярэдняй школе 6 гадоў: 3 гады малодшая (няпоўная) і 3 — старэйшая (поўная). У сярэдняй школе, акрамя прадметаў, што пачынаюць вывучаць у пач. школе, выкладаюцца мараль, курсы сац. і прыродазнаўчых навук., інданез., англ. і 2-я замежная мовы, рамёствы і інш. У 11-м, 12-м класах старэйшай школы вучні размяркоўваюцца па 3 аддзяленнях: культура, сацыяльныя, прыродазнаўча-матэм. навукі. Прафес. падрыхтоўку даюць 3-гадовыя прафес.-тэхн. вучылішчы на базе пач. школы і 3-гадовыя сярэднія тэхн.навуч. ўстановы на базе малодшай сярэдняй школы. Першыя ВНУ (каледжы) створаны галандцамі ў пач. 20 ст. Пазней узніклі ін-ты і ун-ты. У І. 26 дзярж. і каля 10 прыватных ун-таў, 6 політэхн. ін-таў і інш.ВНУ (1990-я г.). Буйнейшыя з іх: Ун-т Гаджа Мада (з 1949; больш за 20 тыс. студэнтаў) у г. Джак’якарта, ун-т І. (з 1950) у Джакарце, ун-т Паджаджаран (з 1957) і тэхнал.ін-т (з 1920) у г. Бандунг, ун-т (з 1954) і тэхнал.ін-т (з 1960) у г. Сурабая і інш. Буйнейшыя б-кі: Цэнтр. па прыродазнаўчых навуках (з 1842) у Богары, б-ка Музея інданез. культуры ў Джакарце. Музей засн. ў 1778, мае этнагр., археал. і інш. калекцыі. У Богары пры адным з буйнейшых у свеце бат. садзе (з 1817) створаны заалагічны музей (з 1894). Навукова-даследчую работу ў розных галінах ведаў праводзяць Інданез.ін-тнавук.даследаванняў (з 1967), у яго складзе ін-ты металургіі, хіміі, геалогіі, Нац.ін-т фізікі, Нац. электратэхн. ін-т, Нац. цэнтр навук. дакументацыі, Нац.біял.ін-т і інш.; Нац. агенцтва атамнай энергіі (з 1958), а таксама галіновыя НДІ адпаведных мін-ваў і ведамстваў, на ф-тах ун-таў, у н.-д. цэнтрах, у т. л. ў Цэнтры сац. і культ.даследаванняў, Навук. цэнтры Атма Джая (з 1972). Навук. дзейнасць каардынуе Навук. Савет І. (з 1956; з 1967 у складзе Інданез. ін-та навук.даследаванняў).
Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя тыражы маюць штодзённыя газеты, якія выходзяць на в-ве Ява, у т. л. «Kompas» («Компас», з 1965) і вячэрняя газ. «Pos Kota» («Гарадская пошта», з 1970). Інфарм. агенцтва Антара (з 1937) абслугоўвае дзярж. радыё і тэлебачанне, перыяд. друк; выдае ўнутр.інфарм. бюлетэні і 7 бюлетэняў для замежжа на англ. мове. Радыё з 1945, тэлебачанне з 1962; кантралююцца ўрадам. З 1989 працуе першая прыватная тэлевізійная станцыя.
Літаратура. Першы пісьмовы помнік л-ры І. — перапрацоўка ў 9 ст.інд. эпічнай паэмы (какавін) «Рамаяна». У 14—15 ст. узніклі творы на аснове яванскай міфалаг. спадчыны. У сярэднія вякі л-рагіст., міфалагічнага і дыдактычнага характару з’явілася ў сунданцаў, мадурцаў, балійцаў, бугаў і макасараў. У 15 ст. зарадзілася л-ра на малайскай мове, якая пазней развілася ў сучасную інданез. мову. У 1920-я г. адбыўся свядомы адыход ад традыц.літ. канонаў, маладыя пісьменнікі пачалі арыентавацца на л-ры Зах. Еўропы. У гісторыі ўласна інданез. л-ры вылучаюць 5 перыядаў. У 1-м (1920—33) былі пашыраны літ. жанры, арыентаваныя на зах.-еўрап. мадэлі: раман («Сіці Нурбая» М.Руслі, «Недастатковае выхаванне» А.Муіса і інш.), псіхал. драма, паэзія (зб-кі «Радзіма» М.Яміна, «Пажаўцелая думка» Р.Эфендзі). Многія аўтары пісалі на нідэрл. мове, якая засталася ў І. ад калан. часоў. 2-і перыяд (1933—42) звязаны з дзейнасцю час. «Pudjanga Baru» («Новы пісьменнік»), у якім друкаваліся паэт А.Хамзах (зб-кі «Песня адзіноты», «Плады настальгіі»), паэт і празаік А.Пане, аўтары гіст.-патрыят. раманаў С.Т.Алішахбана («Вуаль пад ветрам»), Пане («Ланцугі»). Проза вылучалася антыісламскай накіраванасцю. 3-і перыяд (1942—50) звязаны з падзеямі яп. і галандскай акупацыі і барацьбы за незалежнасць. У л-ру прыйшло «пакаленне 45-га года», гал. постаццю якога быў паэт Х.Анвар (зб-кі «Завостраны камень», «Крыкі ў пыле»). Развіваліся навела, алегарычная вершаваная драма, сюжэты яе запазычваліся з сучаснасці (У.Т.Сантані, У.Ісмаіл, Эль Хаюм). 4-ы перыяд (1950—65) адзначаны дыскусіямі пра будучыню культуры незалежнай І., вылучыліся 2 канцэпцыі развіцця: «мастацтва для мастацтва», «універсальны гуманізм» (зах.-еўрап. і амер. арыентацыя) і «мастацтва для народа» (прасав. арыентацыя). У гэты час амаль знікла драматургія, вельмі пашыранай стала навела (М.Любіс, С.Сітумаранг, П.А.Тур). Пасля 1957, з пачаткам «кіраванай дэмакратыі» і «антыімперыял. палітыкі», многія літаратары вымушаны былі пакінуць краіну. У 5-ы перыяд (пасля 1966) на літ. арэну выйшла «пакаленне 66-га года», аб’яднанае вакол некалькіх літ. часопісаў [самы значны з іх «Horison» («Гарызонт»)]. Адрадзіўся раман (Нх.Дзіні, К.Х.Рамадхан). Унутрыпаліт. барацьба ў краіне прывяла да ўтварэння літ. арг-цый пры паліт. партыях, сярод якіх найб. уплывовая — «Лекра» («Таварыства нар. культуры»). Пасля падзей 1965 многія члены «Лекры» і інш. левых культ. арг-цый былі рэпрэсіраваны. Творчасць пісьменнікаў гэтага перыяду вызначалася адыходам у свет унутр. пачуццяў, жанравымі і фармальнымі эксперыментамі. Сац. кантрасты адлюстраваны ў драматургіі і паэзіі В.С.Рэндры. У 1970—80-я г.вял. пашырэнне атрымаў «масавы раман». Асобнае месца ў л-ры гэтага часу займаюць «камерныя» раманы Дзіні, псіхалагічныя — П.Віджаі, экзістэнцыялісцкія І.Сіматупанга, а таксама першы інданез. раман-тэтралогія Тура пра станаўленне інданез. інтэлігенцыі.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Маст. культура на а-вах Малайскага архіпелага бярэ пачатак ад эпох мезаліту і неаліту (пячорны жывапіс з выявай дзіка на Пд в-ва Сулавесі, каля 2000 да н.э.; кераміка з наразным арнаментам). Каля 2 ст. да н.э. з’явіліся бронзавыя вырабы — схематычныя выявы людзей, сякеры і пасудзіны са спіральным арнаментам, катлы-барабаны з геам. узорам і стылізаванымі выявамі твару чалавека, птушак. Да эпохі позняга неаліту — пач.жал. веку (канец 2 — сярэдзіна 1-га тыс. да н.э.) адносяцца мегалітычныя пабудовы — менгіры, ступеньчатыя курганы, дальмены, скляпы (комплексы Пасемах на Пд в-ва Суматра, Лебак-Сібедуг на З в-ва Ява, горы Янг на У в-ва Ява), каменныя саркафагі і статычныя фігуры продкаў. У першыя стагоддзі н.э. пад уплывам індуізму, будызму і мясц. традыцый на в-ве Ява склалася класічнае мастацтва, у т. л. ў каменнай архітэктуры. У 7 — пач. 8 ст. на плато Дыенг (Цэнтр. Ява) узніклі з абчасаных камянёў невял. індуісцкія храмы-«чанды» простай кубічнай формы, са ступеньчатым цокалем і пірамідальным завяршэннем, а таксама будыйскі храм Каласан (778 — сярэдзіна 9 ст.). Арх. комплекс «чанды» Севу (пач. 9 ст.) — вял. складаны ансамбль буд. свяцілішчаў з гал. храмам у цэнтры і 240 храмікамі-капліцамі, што ўтвараюць 4 канцэнтрычныя квадраты. Самае грандыёзнае і складанае па кампазіцыі свяцілішча на Яве — Барабудур (канец 8 — пач. 9 ст.). Індуісцкі храмавы комплекс Лара Джонгранг у Прамбанане (канец 9 — пач. 10 ст.) аб’ядноўвае на высокім насыпе 8 храмаў, узятых у квадрат са шматлікіх капліц. Індуісцкі храмавы комплекс Панатаран (14—1-я пал. 15 ст.) мае свабодны, асіметрычны план, у яго рэльефах дамінуе арнаментальны графічны стыль (плоскасная ажурная разьба). Храмы на в-ве Балі багата аздоблены шыкоўнай арнаментальнай разьбой. У скульптуры пераважаюць фантаст., мудрагелістыя фігуры (слонападобнае бажаство Ганеша, дэманы, ільвападобныя пачвары «кала»), З 16 ст. традыцыі індуісцкай культуры ў І. пачалі губляцца (захаваліся яны пераважна на в-ве Балі, дзе не было ісламу; храмавыя комплексы 18—19 ст.). На шматлікіх астравах у многіх народаў І. развіваецца нар.дэкар.-прыкладное мастацтва.
Цэнтры маст. рамёстваў цэнтр. Явы вядомы вырабамі з золата і серабра з вяззю вытанчанага арнаменту, непаўторныя па форме і арнаментацыі кінжалы-«крысы». Ад 14—16 ст. дайшлі ўзоры стараж. мастацтва бронз. ліцця на Яве (статуэткі божастваў, пасудзіны для духмяных рэчываў, свяцільні). Ява — радзіма інданез.батыку, выдатнага па прыгажосці традыц. ўзору і колеру.
Ява і Балі — цэнтры апрацоўкі буйвалавай скуры, з якой вырабляюць лялькі для ценявога т-ра, рытуальныя маскі. На ўсіх астравах плятуць цыноўкі, посуд з бамбуку і лісця какосавай пальмы. Традыцыі ткацтва падтрымліваюць на а-вах Сулавесі, Суматра, Малукскіх. Разнастайныя тыпы нар. жылля — хаціны і лёгкія каркасныя дамы на палях з дрэва, бамбуку, вял. абшчынныя дамы. З часу галандскага панавання ў І. гарады будавалі на еўрап. ўзор (будынак гар. праўлення ў Джакарце, 1710), але ў мячэцях і палацах мясц. знаці пераважалі матывы мусульм. архітэктуры краін Азіі. У 20 ст. ў Джакарце, Бандунгу, Сурабаі пачалі ставіць вял. будынкі, у т. л. з жалезабетону, з галерэямі, лоджыямі, сонцаахоўнымі рашоткамі. У 1950-я г. пабудаваны новыя гарады (Сумберджая на Суматры, горад-спадарожнік Джакарты — Кебаяран), новыя раёны ў Джакарце, Бандунгу. З дапамогай замежных спецыялістаў будуюць грамадскія будынкі, прамысл., навучальныя, спарт. і інш. комплексы: спарт. комплекс (1959—62, арх. Р.Семеджыеў, інж. Л.Мурамцаў) і помнік Незалежнасці (1964, скульпт. М.Манізер, паводле праекта І.Рожына) у Джакарце. У сярэдзіне 19 ст. ў І. з’явіўся рэаліст. жывапіс з патрыят. тэматыкай (Ш.Б.Радэн Салех), на мяжы 19—20 ст. — рамант.нац. пейзаж (С.С.Абдулах). Барацьба за незалежнасць спрыяла развіццю нац.рэаліст. мастацтва (Аб’яднанне мастакоў І. «Персагі», засн. ў 1937—38; С.Суджаёнка, А.Джая, К.Афандзі і інш.), якое стала вядучым, суіснуючы з традыцыяй рамант. экзотыкі (Б.Абдулах) і мадэрнісцкімі плынямі. Развіваліся рэаліст. скульптура (Г.Хендра) і графіка (У.Эфендзі). Своеасаблівы жыццярадасны ўзорысты жывапіс Балі (А.А.Г.Сабрат, І.Б.Мадэ). У 1950 створана інданез.АМ, якая арыентуе на вывучэнне нац. традыцый. З сярэдзіны 1960-х г. у выяўл. мастацтве дамінуюць мадэрнісцкія кірункі.
Музыка І. вызначаецца своеасаблівасцю развіцця мясц. форм муз., муз,танц. і тэатр. мастацтва. У розныя часы на іх паўплывалі элементы культур. араб. свету, Кітая, Індыі, Еўропы, у апошнія дзесяцігоддзі — ЗША. Разнастайнасць лакальных форм музыкі І. абумоўлена геагр. фактарамі і ўвасоблена ў спецыфіцы муз. традыцый асобных астравоў. Найб. значныя і ўплывовыя — муз. культуры а-воў Ява, Балі, Суматра. У 11—13 ст. тут сфарміраваліся, а пазней шырока развіліся класічныя формы і стылі вак. і інстр. музыкі, звязаныя пераважна з традыцыямі прыдворна-цырыманіяльнага і забаўляльнага музіцыравання, а таксама муз.-тэатр. жанры (ценявы т-р ваянг куліт), танец і танц. драма. Яны заснаваны, як правіла, на сюжэтах эпасу «Рамаяна» (танц. драмы-містэрыі баронг на в-ве Балі, ваянг вонг на в-ве Ява). Найб. распаўсюджаны ў музыцы І. тып інстр. ансамбля гамелан, дзе пераважаюць ударныя інструменты: бронзавыя (гонгі, металафоны) і драўляныя (барабаны, ксілафоны); радзей яны ўключаюць струнныя (рэбаб), духавыя (флейта сулінг) інструменты і жаночы голас. Ладагукарадная аснова гамелана — 5-ступенны (слендра) і 7-ступенны (пелаг) гукарады. Кампазіцыя (гендзінг) разгортваецца па прынцыпе чаргавання і распрацоўкі асобных ладамеладычных узораў (ганган). Кампазітарская школа сучаснага тыпу пачала складвацца ў 20 ст. Сярод кампазітараў І.: К.Сінсу, К.Сіманджутак, І.Марзукі, Р.Супратман; выканаўцы: Д.Кусуманінграт, П.С.Данувіджая. У І. працуюць: Ін-т інданезійскай культуры (з 1978), сімф. аркестр Джакарты (з 1968), хор пад кіраўніцтвам Суманунгкаліта, Цэнтр мастацтваў імя Ісмаіла Марзукі, нац. ансамблі «Гембіра» і «Ангклунг», Акадэмія музыкі, школы нац. музыкі пры Ун-це прыгожых мастацтваў Нац. ун-та ў Джакарце, інданез. класічнай музыкі ў Суракарце, Дзярж. музычная ў Джак’якарце, Джакарцкі пед.ін-т мастацтва, кансерваторыі традыц. музыкі і танца ў Дэнпасары (в-аў Балі) і прыватныя ў Джакарце, Сурабаі, Суракарце і інш.
Тэатр. Вытокі інданез. тэатра ў стараж. узорах тэатралізаваных дзеяў нар. свят і культавых цырыманіялаў. Драматургічная аснова традыц. паказаў — сюжэты са стараж.-інд. эпасаў «Рамаяна» і «Махабхарата», інданез. сказанні і хронікі. Спектаклі звычайна суправаджае аркестр гамелан. Найб. характэрныя традыц.тэатр. формы: ваянг-тапенг (выканаўцы выступаюць у масках і карыстаюцца сродкамі пантамімы і танца); ваянг-куліт (т-р ценяў), ваянг-келіцік (т-р плоскіх драўляных марыянетак); ваянг-бебер (т-р карцінак у суправаджэнні апавядальніка); тапенг-бабакан (фарсавы т-р); ваянг-аранг (злучае ў сабе рознахарактарныя кананізаваныя тэатр. сродкі) і інш. На рубяжы 19—20 ст. фарміраваўся сучасны т-р — кетапрак і лудрук, якія спалучаюць традыц. сродкі выразнасці з еўрапейскімі. У 1950-я г. ўзніклі трупы найб. блізкія да сучаснага еўрап.т-ра; былі вядомыя трупы «Мархаен», «Трыснаканген». У рэпертуары творы нац. драматургаў (У.Т.Сантані, А.Ханіфаха, А.Махамада, С.Пане і інш.), а таксама п’есы Г.Ібсена, А.Чэхава, М.Гогаля і інш. У 1950-я г. пачалі працаваць Нац.тэатр. акадэмія і «Лембага драма І.» (аддзяленне нац. драмы) у Джакарце.
Кіно. Першыя фільмы зняты ў сярэдзіне 1920-х г. галандскімі рэжысёрамі. З пач. 1930-х г. выпускаюцца кінастужкі на інданез. мове (большасць на галівудскі і кіт. ўзор). Найб. значныя: «Парэх» (1935) М.Франкена, «Ясны месяц» (1937) А.Балінка. У час яп. акупацыі кінематограф служыў мэтам яп. прапаганды, але былі створаны і фільмы са своеасаблівымі нац. рысамі: «Дождж» І.Пербатасары, «Мае мары» С.Паліндзі. Пасля заваёвы незалежнасці (1945) пачала фарміравацца нац. кінематаграфія. У 1950 у Джакарце створаны першая дзярж. кінафірма «ПФН», прыватная кінафірма «Перфіні». Сярод фільмаў: «Калека» (1952) К.Сукардзі, «Туранг» Б.Сіягіна, «Вяртанне на радзіму» Б.Эфендзі (абодва 1954), «За школьнай сцяной» В.Умбаха і інш. У 1960-я г. створана Нац.арг-цыя па кінавытворчасці, кожны імпартаваны фільм абкладаўся падаткам. У выніку з канца 1960-х г.інданез. фільмы (пераважна меладрамы, гіст. і прыгодніцкія) заваявалі кінарынак краін Паўд.-Усх. Азіі. Найб. вядомыя рэжысёры 1960—70-х г.: Умбах («Маленькія зоркі», 1963, «Мама», 1972, «Асоба», 1974), Т.Джунаідзі («Мама, любоў мая», 1968, «Канец мары», 1973), С.Джая («Шаўковы фіялетавы туман», 1980), С.Сувардзі Хасан («Няшчасце падчарыцы», 1973, «Прыёмны сын», 1974, «Няма часу для размоў», 1975) і інш.; акцёры: Ч.Дэві, Р.Мелаці, Ф.Афера, Ф.Арыяні, Сукарна М.Нур, М.Карміла, Б.Херманта і інш. У 1980-я г. выпускалася больш за 50 фільмаў у год.
Літ.:
Кузнецова С.С. Яванские хроники XVII—XVIII вв. как источник по истории Индонезии. М., 1984;
Шауб А.К. «Нагаракертагама» как источник по истории раннего Маджапахита (1293—1365). М., 1992;
Кашмадзе И.И. Индонезия: острова и люди. М., 1987;
Кямилев Э.Х. Завоевание Индонезией независимости. М., 1972;
Яго ж. Политическая борьба и проблемы централизации в Индонезии (1945—1975). М., 1978;
Другов А.Ю. Политическая власть и эволюция политической системы Индонезии (1965—1988). М., 1989;
Панченко Л.П. Армия и модернизация общества: Опыт Индонезии. М., 1994;
Бычков С.В. Изумрудное оперение Гаруды: [История культуры народов Индонезии]. М., 1987;
Сикорский В.В. Индонезийская литература: Краткий очерк. М., 1965;
Демин Л.М. Искусство Индонезии. М., 1965;
Муриан И.Ф. Искусство Индонезии с древнейших времен до конца XV в. М., 1981;
Traditional music in modem Java. Honolulu, 1980;
Мерварт А.М. Малайский театр // Восточный театр. Л., 1929.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.К.Мазоўка (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), С.В.Логіш (літаратура); Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.М.Гарахавік (музыка).
Герб і сцяг Інданезіі.Да арт.Інданезія: 1 — вёска на востраве Суматра; 2 — возера Тоба.Да арт.Інданезія. Статуя ахоўніка. «Чанды» Севу. Пач. 9 ст.Да арт.Інданезія. «Чанды» Пунтадэвы. Плато Дыенг. 8—9 ст.Да арт.Інданезія. «Чанды» комплексу Панатаран. 1369.Да арт.Інданезія. Дагобы верхніх ярусаў і Буда ў Барабудуры.Да арт.Інданезія. Манджушры ў Барабудуры. Рэльеф трэцяй галерэі.Да арт.Інданезія. Буда садзіць. Бронза. Раён Барабудура. Ява. 9—10 ст.Да арт.Інданезія. Равана. Лялька ценявога тэатра. Пергамент. 16—17 ст.Да арг.Інданезія. Танец «Серымпі». Востраў Ява.Да арт.Інданезія. Будынак гарадскога праўлення ў Джакарце. 1710.