КАРАІ́МСКАЯ МО́ВА,

адна з цюркскіх моў (кыпчакска-агузская група). Пашырана пераважна на Украіне (Крым і зах. вобласці), у Літве і Польшчы. Мае 3 дыялекты: крымскі, тракайскі, галіцка-луцкі. Крымскі дыялект у значнай ступені асіміляваны з крымска-тат. мовай. Склад галосных гукаў адрозніваецца па дыялектах; у тракайскім і крымскім дыялектах 8 галосных: «а», «ы», «о», «у», «э», «и», «ӧ», «ӱ» ; у галіцкім дыялекце 6 галосных («ӧ», «ӱ» замяняюць «э», «и», напр., кӧз//кэз — вока); шыпячыя «ш», «ч» замяняюцца на свісцячыя «с», «ц». У сінтаксісе моцны ўплыў слав. моў; у лексіцы шмат славянскіх, у т. л. ў тракайскім дыялекце — бел. запазычанняў. Першыя рукапісныя пераклады Бібліі (14 ст.). Адзіная літ. мова не сфарміравалася, паколькі большасць караімаў выкарыстоўвала стараж.-яўр. пісьмо, а пазней лац. і кірылічны алфавіты. Друкаваныя выданні з 19 ст.

Літ.:

Мусаев К.М. Краткий грамматический очерк караимского языка. М., 1977.

А.​Я.​Супрун.

т. 8, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМАТЫ́ЧНЫЯ КУРО́РТЫ,

курорты, на якіх асн. метадам прафілактыкі і лячэння з’яўляецца клімататэрапія. Паводле вызначальных рыс ландшафтаў і клімату як асн. лячэбна-прафілакт. фактару ўмоўна падзяляюцца на раўнінныя, прыморскія, нізка-, сярэдне- і высакагорныя, а ў іх межах — з умераным, кантынент., марскім, трапічным, субтрапічным і інш. кліматам. Умовы кліматалячэння і правядзення лячэбна-аздараўленчых працэдур прадугледжваюць абсталяванне К.к. спец. месцамі і збудаваннямі: кліматапавільёнамі, верандамі і галерэямі для дзённага ці кругласутачнага знаходжання на свежым паветры, аэрарыямі, салярыямі, пляжамі, месцамі для купанняў, маршрутамі для тэрэнкураў і інш. Курорты Беларусі маюць уласцівасці кліматычных. З замежных К.к. найб. вядомыя Паланга (Літва), Юрмала (Латвія), Ленінградская група курортаў, Анапа, Бярдзянск, Сочы, Самацвет і інш. (Расія), Ялта і іншыя курорты Крыма (Украіна), Бакурыяні, Тэберда і іншыя курорты Грузіі, Рыўера (Францыя), Спліт (Харватыя), Борнмут, Брайтан (Вялікабрытанія), Албена, Залатыя Пяскі (Балгарыя), Давос, Лезен (Швейцарыя), Закапанэ (Польшча), Есенік (Чэхія), Атлантык-Сіці, Палм-Біч, Тусон (ЗША) і інш.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 8, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВО́НЦЬЕЎ (Валерый Якаўлевіч) (н. 19.3.1949, с. Усць-Уса, Рэспубліка Комі),

расійскі эстр. спявак. Засл. арт. Украіны (1987). Нар. арт. Расіі (1996). Скончыў Ленінградскі ін-т культуры (1987), спевам вучыўся ва Усерасійскай творчай майстэрні эстр. мастацтва (1972—73). З 1973 саліст Сыктыўкарскай, Горкаўскай, Варашылаўградскай філармоній. З канца 1980-х г. кіраўнік «Студыі Валерыя Лявонцьева», у складзе якой вак.-інстр. група «Рэха» (з 1973) і балет «Небяспечныя сувязі». Творчасці характэрны вак. і акцёрскае майстэрства, тэмперамент, сцэн. абаяльнасць, маляўнічасць паказаў. У рэпертуары творы рас. і інш. кампазітараў. Першы выканаўца партый Джардана Бруна, Блазна і Сатаны ў рок-оперы «Джардана» Л.​Квінт. Здымаўся ў кіно («Дачка генерала», «Заходзь — пакахаю», «Экстрасэнс»). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне песень краін сац. садружнасці (г. Ялта, 1979), міжнар. фестывалю эстр. песні «Залаты Арфей» (Гран-пры, Балгарыя, 1980). Прыз «Залаты скрыпічны ключ» на фестывалі песні ў Монтэ-Карла (1990).

т. 9, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАІ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н,

група вірусных хвароб, якая характарызуецца мазаічнай (стракатай) афарбоўкай пашкоджаных органаў, пераважна лісця і пладоў. У залежнасці ад малюнка адрозніваюць кальцавую мазаіку, палосчатую, рабую і інш. Змяняецца форма ліставой пласцінкі, расліны адстаюць у росце. Моцнае пашкоджанне вірусам выклікае некроз (адміранне) лісця, парасткаў, расліны. Хваробы перадаюцца праз насенне, пры пасынкаванні, сутыкненні здаровых і хворых раслін з іх узаемным траўміраваннем і інш. Пераносчыкі — тлі, клапы, глебавыя нематоды. Вірусы захоўваюцца ў раслінных рэштках, насенні. Найб. шкодныя М.х.р. — мазаіка тытуню і памідораў, зялёная мазаіка агуркоў і звычайная агурочная мазаіка, рабая і маршчыністая мазаіка бульбы, мазаіка буракоў, гароху, капусты, фасолі і інш.

Літ.:

Власов Ю.И. Вирусные и микоплазменные болезни растений. М., 1992;

Блоцкая Ж.В. Вирусные болезни картофеля. Мн., 1993.

Ж.​В.​Блоцкая.

Мазаічныя хваробы раслін: 1 — маршчыністая мазаіка бульбы (а — пашкоджаны ліст, б — расліна, в — некроз жылак); 2 — жоўтая мазаіка фасолі; 3 — мазаіка азімай пшаніцы.

т. 9, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРКАПТА́НЫ [ад лац. nierc(urius) ртуць + captans які захоплівае],

тыолы, арганічныя злучэнні, у малекуле якіх сульфгідрыльная група (—S—H) непасрэдна злучана з вуглевадародным радыкалам. З’яўляюцца сярністымі аналагамі спіртоў агульная ф-ла R—SH, дзе R — аліфатычны або араматычны (Ar) радыкал. М. з Ar-радыкаламі наз. тыяфеноламі (гл. Тыяфенол).

Аліфатычныя М., за выключэннем метантыолу CH3SH (tкіп 6,02 °C), — вадкасці; ніжэйшыя вызначаюцца моцным і непрыемным пахам, які адчуваецца ў паветры пры вельмі нізкіх канцэнтрацыях (~2∙10​−9 мг/л). М. — слабыя к-ты: са шчолачамі і цяжкімі металамі ўтвараюць солі — меркаптыды, у прыватнасці, нерастваральныя меркаптыды ртуці (RS)2Hg (адсюль назва М.). Выкарыстоўваюць у сінтэзе пестыцыдаў, лек. сродкаў, стабілізатараў палімераў, для адарызацыі паліва, у т. л. бытавога газу (пераважна этантыол і прапантыол), як рэгулятары полімерызацыі ў вытв-сці каўчуку (аліфатычныя М. з 8—16 атамамі вугляроду). ГДК для ніжэйшых М. 0,8—1 мг/м³.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 10, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЙЛАЎ Клім, бел. разьбяр па дрэве 17 ст. Паходзіў з г. Шклоў Магілёўскай вобл. Майстар беларускай рэзі. З 1654 (?) працаваў у Маскоўскай дзяржаве. З 1666 [1667(?)] у Палаце разьбярных і сталярных спраў Маскоўскага Крамля, у 1681 узначаліў Палату. З Арсеніем (Старцам) і С.Зіноўевым удзельнічаў у стварэнні «іарданскай сені» (1668, цяпер у саборы Раства Багародзіцы ў Суздалі). У 1667—68 удзельнічаў у аздабленні палаца цара Аляксея Міхайлавіча ў с. Каломенскае, харомаў царэўнаў Соф’і Аляксееўны і Кацярыны Аляксееўны (шафа, ківот, крэслы, куфэркі і інш.), стварэнні іканастасаў 3 цэркваў у Ізмайлаве. У 1683—85 група разьбяроў на чале з М. зрабіла клірас і 5-ярусны іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага і іканастас царквы Данскога манастыроў у Маскве. Пры ўдзеле М. створана драўляная разная рака цудатворца Савы Вішэрскага (1670). Іл. гл. таксама ў арт. Беларуская рэзь.

К.Міхайлаў, Д.​Залатароў. Іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра. Масква. 1683—1685. Фрагмент.

т. 10, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ЧКІН (Ярамір Аляксандравіч) (5.5.1926, С.-Пецярбург — 17.6.1976),

бел. скульптар, архітэктар. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.​Рэпіна ў Ленінградзе (1952). Творчасці ўласціва арган. спалучэнне скульптуры і архітэктуры. У 1956—59 стварыў (у сааўт.) шэраг помнікаў воінам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну; выканаў медальёны «Вызваленне Мінска», «Абаронцы Брэсцкай крэпасці», «Манумент героям Айчыннай вайны», абеліск з рэльефнымі выявамі воінаў у гонар вызвалення г. Жлобін ад ням.-фаш. захопнікаў; скульптурную групу «Марыя і Антаніна Лузгіны — обальскія камсамолкі-падпольшчыцы» (1964); фрыз і барэльеф «Партызаны» ў кінатэатры «Партызан» у Мінску (1967), рэльеф на помніку воінам і партызанам на воз. Нарач (1967—68), помнік сав. воінам і партызанам (1975, г.п. Астравец Гродзенскай вобл.), скульптурная група «Плыўцы» (1976) у пансіянаце на воз. Нарач. Аўтар партрэтаў архітэктараў М.​Бакланава, С.​Баткоўскага (абодва 1973) і інш.

Ф.​І.​Валадзько.

Я.Печкін. Рэльеф на помніку воінам і партызанам на воз. Нарач. 1967—68.

т. 12, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Група (у матэматыцы) 1/97, 234; 3/313; 4/45; 6/58, 352, 375; 7/79; 8/388; 9/196

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Шклоўская ваенна-аператыўная група 2/460; 5/591; 6/496; 8/137, 227, 229, 230, 231, 232, 234; 11/330

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬВО́КСАВЫЯ (Volvocophyceae),

клас зялёных водарасцяў. Уключае 3 парадкі: поліблефарыдавыя (Polyblepharidales), хламідаманадавыя (Chlamydomonadales) і вальвоксавыя (Volvocales). Агульная колькасць сямействаў, родаў і відаў не вызначана. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца ўсюды. Растуць у стаячых прэсных вадаёмах (планктонныя формы), таксама ў глебе. Найб. вядомыя роды: вальвокс (Volvox), гематакокус (Hematococus), гоніум (Gonium), дуналіела (Dunaliella), пандарына (Pandorina), хламідаманада (Chlamydomonas), эўдарына (Eudorina).

Найб. прымітыўная група зялёных водарасцяў. Аднаклетачныя, цэнабіяльныя ці каланіяльныя арганізмы, маюць манадную структуру цела і жгуцікі (1—2, радзей 4—8). У вегетатыўным стане рухомыя на працягу ўсяго жыцця. Бясполае размнажэнне адбываецца падоўжным дзяленнем клетак або зааспорамі, палавы працэс — галагамія, ізагамія, гетэрагамія і аагамія. Пры масавым развіцці выклікаюць зялёнае і чырв. «цвіценне» вады, што вядзе да зніжэння ў ёй кіслароду і замору рыб. Біял. ачышчальнікі і індыкатары забруджаных і сцёкавых водаў, удзельнічаюць ва ўтварэнні сапрапелю. Вальвоксавыя — важнае звяно ў ланцугу спажывання гідрабіёнтаў. З некат. відаў атрымліваюць карацін.

Да арт. Вальвоксавыя: 1 — вальвокс шарападобны; 2 — гематакокус дажджавы; 3 — дуналіела салявая.

т. 3, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)