АТРЭ́К, Селяха, Суляха,

рака ў Іране і Туркменіі. Даўж. 669 км, пл. горнай часткі басейна 27,3 тыс. км². Пачынаецца з Туркмена-Харасанскіх гор, цячэ ў межах Ірана па вузкай даліне, у нізоўях — па нізіне. Упадае ў Каспійскае м., утвараючы забалочаную дэльту. Гал. Прыток — Сумбар (справа). Вада даходзіць да Каспійскага м. толькі ў паводку, у астатні час разбіраецца на арашэнне. Сярэдні расход вады 9,2 м³/с (каля г.п. Кізіл-Атрэк у Туркменіі).

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎДЗЕ́Й (Леанід Вікенцьевіч) (7.4.1929, г. Вілейка Мінскай вобл — 5.7.1977),

бел. хірург. Д-р мед. н. (1968), праф. (1970). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953). З 1959 працаваў у ім і адначасова з 1968 гал. хірург Мін-ва аховы здароўя Беларусі. Навук. працы па хірург. метадах лячэння хвароб гепатабіліярнай сістэмы і падстраўнікавай залозы, партальнай гіпертэнзіі і гастраэнтэралогіі, па экстракарпаральных метадах дэтаксікацыі ў хірургіі.

Тв.:

Клиника и хирургическое лечение холецистита. Мн., 1963.

т. 2, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́С НА ЧУЖЫ́НЕ»,

бел. грамадска-палітычны часопіс. Выдаваўся ў 1947—50 у Лондане на бел. мове кірыліцай і лацінкай на рататары. Выдавец — Бел. выд-ва ў Лондане, з 3-га нумара — Бел. нац. нар.-хрысц. рух. Гал. рэдактары А.​Надсон, Я.​Амор. Змяшчаў матэрыялы пра грамадска-паліт. жыццё бел. эміграцыі ў Англіі. Выйшлі 42 нумары. Спыніў існаванне з выхадам у Лондане друкаванага час. «На шляху».

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЎ ((Below) Георг Антон Гуга фон) (19.1.1858, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 20.10.1927),

нямецкі гісторык-медыявіст. Праф. у Мюнстэры (з 1891), Марбургу (з 1897), Цюбінгене (з 1901), Фрайбургу (1905—24). Даследаваў гісторыю дзярж. ладу і гаспадаркі ням. гарадоў у сярэднявеччы. Крытыкаваў вотчынную тэорыю, прызнаваў вядучую ролю палітыкі і права ў гісторыі. Гал. працы: «Тэрыторыя і дзяржава» (1900), «Нямецкая дзяржава ў сярэднія вякі» (1914), «Праблемы эканамічнай гісторыі» (1920).

т. 3, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЯ,

рака ў Расійскай Федэрацыі, пераважна ў Башкортастане, левы прыток Камы. Даўж. 1430 км, пл. бас. 142 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Паўд. Урала, ніжэй ад упадзення р. Уфа цячэ па раўніне, мае шырокую пойму, утварае шмат лукавін, разбіваецца на рукавы. Гал. прытокі: Нугуш, Уфа (справа), Дзёма (злева). Сярэднегадавы расход вады каля г. Бірск 846 м³/с. Суднаходства ад г. Уфа. На Белай гарады Беларэцк, Салават, Ішымбай, Стэрлітамак, Уфа, Бірск.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРЭ́СКУ ((Alexandrescu) Сікэ Васіле) (15.9.1896 — 1973),

румынскі рэжысёр. Нар. арт. Румыніі (1959). У тэатры з 1913. З 1947 гал. рэжысёр Нац. т-ра ў Бухарэсце, з 1967 дырэктар Драм. т-ра ў Брашове. Садзейнічаў уключэнню ў рэпертуар нац. драматургіі, развіццю рэаліст. традыцый: «Безыменная зорка» М.​Себасцьяна, «Рэвізор» М.​Гогаля, «Самадуры» К.​Гальдоні. Дзярж. прэміі Румыніі 1954 («Згубленае пісьмо» І.​Л.​Караджале) і 1957 («Асабістая справа» А.​П.​Штэйна).

т. 1, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІВІ́Н (ад лац. oliva аліва),

група мінералаў падкласа астраўных сілікатаў. Гал. прадстаўнікі — фарстэрыт Mg2SiO4, фаяліт Fe2SiO4, тэфраіт Mn2SiO4 утвараюць ізаморфныя рады. Крышталі кароткаслупкаватыя, рамбічнай сінганіі. Агрэгаты зярністыя. Колер ад жаўтавата-зялёнага да зеленавата-чорнага. Бляск шкляны. Цв. 6—7. Крохкі. Шчыльн. 3,2—4,4 г/см³. Пародаўтваральны мінерал магматычнага паходжання. Пашыраны ў асн. і ультра-асн. вывергнутых пародах. Фарстэрыт — сыравіна для вогнетрывалых матэрыялаў. Празрысты залаціста-зялёны алівін — каштоўны камень хрызаліт (перыдот).

Алівін.

т. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БВЕР (ням. Abwehr),

орган ваен. разведкі і контрразведкі Германіі ў 1919—44. У 1935—44 абвер узначальваў адм. Ф.​В.​Канарыс. У 1944 у складзе Гал. ўпраўлення імперскай бяспекі, падпарадкаванага Г.​Гімлеру. У Вял. Айч. вайну на акупіраванай тэр. Беларусі дзейнічалі 4 развед., 3 дыверсійна-тэрарыст. і 9 контрразвед. груп абверу, спец. аператыўная група «Мінск», а таксама асобныя падраздзяленні развед. і контрразвед. органаў А. «Зондэрштаб-Р», «Інгвар», «Цэпелін».

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДУРАХМА́НАВА (Дзільбар Гулямаўна) (н. 1.5.1936, Масква),

узбекскі дырыжор. Нар. артыстка СССР (1977). Скончыла Ташкенцкую кансерваторыю (1960). Дырыжор, з 1976 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Узб. т-ра оперы і балета. Пад яе кіраўніцтвам паст. оперныя («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага, «Атэла» Дж.​Вердзі, «Вогненны анёл» С.​Пракоф’ева, «Пётр Першы» А.​Пятрова) і балетныя («Лебядзінае возера» Чайкоўскага, «Жызэль» А.​Адана, «Спартак» А.​Хачатурана, «Ганна Карэніна» Р.​Шчадрына) спектаклі. Дзярж. прэмія Узбекістана 1973.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБХО́Д,

1) манеўр войск з мэтай глыбокага пранікнення ў размяшчэнне праціўніка і нанясення яму ўдараў з флангаў і тылу або акружэння яго. Ажыццяўляецца ва ўзаемадзеянні з войскамі, што дзейнічаюць з фронту, пры наяўнасці адкрытых флангаў або прамежкаў у баявых парадках праціўніка. У ВМФ робіцца для нанясення ўдару па гал. аб’екце праціўніка без агнявога сутыкнення з сіламі яго прыкрыцця.

2) Участак лесу (адзін або некалькі кварталаў), які даглядаецца, абслугоўваецца адным лесніком.

т. 1, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)