ГА́ЎСГОФЕР ((Haushofer) Карл Эрнст) (27.8.1869, г. Мюнхен, Германія — 13.3.1946),
нямецкі географ, заснавальнік школы геапалітыкі ў Германіі. Праф. геаграфіі Мюнхенскага ун-та (1921—39). Настаўнік Р.Геса У 1887—1919 быў у Паўд. і Усх. Азіі, у т. л. ў Тыбеце, у 1908—10 — у Японіі. У 1924—44 выдаваў «Zeitschrift für Geopolitik» («Часопіс па геапалітыцы»). Аўтар ідэй жыццёвай прасторы, перавагі паўн. народаў і адмоўнага ўздзеяння яўрэяў на ход сусв. гісторыі; лічыў, што арыйская раса вядзе сваё паходжанне з Цэнтр. Азіі і таму яе тэрыторыю неабходна заваяваць. Ідэі Гаўсгофера былі выкарыстаны нацыстамі для абгрунтавання сваіх заваёўніцкіх і інш. планаў. Гал. працы: «Японія і японцы» (1923), «Геапалітыка Ціхага акіяна» (1924), «Граніцы і іх геаграфічнае і палітычнае значэнне» (1927). Скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
сярэдневяковая дзяржава на тэр. Ірака і Зах. Ірана ў 935—1055. Назва ад кіруючай дынастыі (родапачынальнік Абу Ш. Буях ці Бувейх). Браты Алі, Ахмед і Хасан Буіды (Бувейхіды) на чале атрадаў наёмнікаў падпарадкавалі сваёй уладзе Зах. Іран, пасля заваявання Багдада (945) пазбавілі Абасідаў свецкай улады, прысвоілі сабе тытул «эмір эміраў». Цэнтрамі Буідаў дзяржавы. былі гарады Багдад, Рэй (каля Тэгерана) і Шыраз. Найб. значны прадстаўнік дынастыі Адуд ад-Даула [949—983] аб’яднаў усе заваяваныя Буідамі тэрыторыі (Арабскі Ірак з гарадамі Багдад і Басра, вобласці Хузістан і Фарс, вакол г. Керман, раёны гарадоў Хамадан, Ісфахан і Рэй). У 1029 дзяржава страціла ўсх. землі (тэр. вакол Рэя і Ісфахана), якія захапіў султан Махмуд Газневі (гл. ў арт.Газневіды). У 1055 Буідаў дзяржаву заваявалі сельджукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛКАЎ (Фёдар Рыгоравіч) (20.2.1729, г. Кастрама, Расія — 15.4.1763),
рускі акцёр і тэатр. дзеяч. У 1741—48 вучыўся ў Маскве. Арганізаваў у Яраслаўлі аматарскую трупу, з 1750 — публічны т-р. У 1752 Волкаў і некалькі акцёраў былі выкліканы імператрыцай Елізаветай Пятроўнай у С.-Пецярбург; выступаў на прыватнай і прыдворнай сцэнах. Пазней залічаны ў трупу першага пастаяннага рус. публічнага т-ра (арганізаваны ў 1756 у Пецярбургу), з 1761 — дырэктар гэтага т-ра. У творчасці адышоў ад эстэт. канонаў класіцызму, ад пашыранай у той час урачыстай дэкламацыі. Праславіўся як выканаўца гал. роляў у трагедыях А.Сумарокава: Аскольд («Семіра»), Амерыканец («Прыстанішча дабрачыннасці»), Марс («Новыя лаўры»), з вял. майстэрствам іграў і ў камедыях. Імя Волкава прысвоена Яраслаўскаму драм. т-ру (1911).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ДЛЕНД (ад англ. woodland лясная мясцовасць),
назва апошняга з трох археалагічна выяўленых перыядаў гісторыі насельніцтва ўсх. раёнаў Паўн. Амерыкі (1-е тыс. да н.э. — 16 ст.н.э.). Вызначаюць 3 стадыі яго развіцця: на ранняй (1-е тыс. да н.э.) асн. заняткамі насельніцтва былі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва (на перыферыі зоны яны існавалі і на больш позніх стадыях); на сярэдняй (1-е тыс. да н.э. — сярэдзіна 1-га тыс.н.э.) развівалася земляробства, узнікалі аселыя паселішчы, пачалася апрацоўка серабра, медзі, метэарытнага жалеза; на позняй (5—16 ст.) ствараліся протагарадскія цэнтры з землянымі насыпамі вакол гарадзішчаў, характэрны вял. земляныя піраміды з храмавымі будынкамі на вяршыні, высокі ўзровень маст. апрацоўкі металаў і керамікі. У першае стагоддзе еўрап. каланізацыі Паўн. Амерыкі гэтыя культ. цэнтры перасталі існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЗЛАВО́Е ПІСЬМО́, кіпу,
сістэма перадачы інфармацыі пры дапамозе вузлоў на шнурах рознай даўжыні і колеру, якія былі прымацаваны да інш. шнура ці палкі. Існавала ў шэрагу народаў Паўд. Амерыкі. Узнікла ў вобласці Цэнтр. Андаў і дасягнула росквіту ў эпоху інкаў (15—16 ст.). На думку некаторых вучоных, кіпу змяшчаюць складаныя гіст. і паэтычныя тэксты. Але большасць даследчыкаў лічыць, што яны не мелі іншага прызначэння, акрамя запісу самых простых даных уліковага характару. Падобны прынцып перадачы інфармацыі выкарыстоўваўся і пры стварэнні «пісьма» вампум (шнуры з нанізанымі ракавінкамі розных колераў), што было пашырана ў індзейцаў Паўн. Амерыкі. Вузлавое пісьмо існуе ў Паўд. Амерыцы і на яп. а-вах Рукю і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЫ́НСКІ (Андрэй Януаравіч) (10.12.1883, г. Адэса, Украіна — 22.11.1954),
савецкі дзярж. дзеяч, дыпламат, юрыст. Акад.АНСССР (1939). Скончыў Кіеўскі ун-т (1913). З 1915 на юрыд. і адм. рабоце. З 1931 у органах пракуратуры РСФСР. У 1935—39 ген. пракурор СССР. У 1937—41 дырэктар Ін-та права АНСССР, у 1939—44 нам. старшыні СНКСССР, у 1940—49 нам. міністра. У 1949—53 міністр замежных спраў СССР. У 1953—54 пастаянны прадстаўнік СССР у ААН. Дзярж. абвінаваўца на многіх фальсіфікаваных працэсах 1930-х г. у СССР. Дэп. Вярх. СаветаСССР з 1937. Тэарэт. палажэнні, выкладзеныя ў яго работах (прызнанне абвінавачанага як гал. доказ віны), былі накіраваны на абгрунтаванне грубых парушэнняў законнасці, масавых рэпрэсій.
Літ.:
Инквизитор: Сталинский прокурор Вышинский. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКІ ГУРТО́К,
філасофскі гурток, у якім былі выпрацаваны прынцыпы лагічнага пазітывізму. Існаваў у 1922 — канцы 1930-х г. пры Венскім ун-це (кіраўнік М.Шлік). У гурток уваходзілі Р.Карнап, Ф.Вайсман, Г.Фейгль, О.Нойрат, Г.Ган, В.Крафт, К.Гёдэль і інш., з ім супрацоўнічалі Г.Райхенбах, Ф.Франк, Э.Нагель і інш. У 1929 распрацавана праграма «Навуковае светаразуменне. Венскі гурток», у 1930—39 выдаваў час. «Erkenntnis» («Пазнанне») і інш. перыёдыку. Праводзіў філас. кангрэсы, наладжваў сувязь з інш. групамі, у т. л. з Львоўска-Варшаўскай школай і інш. На пач. 2-й сусв. вайны спыніў сваю дзейнасць. Пераемнікамі Венскага гуртка сталі школы лагічнага эмпірызму ў ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРТАЛЁТНЫ СПОРТ,
від авіяцыйнага спорту, уключае спаборніцтвы на дакладнае пілатаванне верталётам на малой вышыні ў абмежаваны час, слалам, верталётаваджэнне. У СССР пачаў развівацца з 1958, тады ж уключаны ў Адзіную спарт. класіфікацыю. На Беларусі развіваецца з пач. 1960-х г. З 1974 каманда Беларусі па верталётным спорце ўдзельнічала ў чэмпіянатах СССР (бел. верталётчыкі былі чэмпіёнамі і прызёрамі гэтых спаборніцтваў), з 1994 — у чэмпіянатах свету. Бел. майстры верталётнага спорту А.Грышчанка і А.Дзятлаў — чэмпіёны свету, І.Гарэлышава і Т.Стэльмах — бронзавыя прызёры (усе ў 1994). Падрыхтоўка спартсменаў да 1991 ажыццяўлялася праз структуры ДТСААФ БССР, з 1991 — Беларускага абароннага спартыўна-тэхнічнага таварыства. Асн. цэнтры падрыхтоўкі — Віцебскі, Магілёўскі, Мінскі аэраклубы. У 1978 у Віцебску праходзіў чэмпіянат свету па верталётным спорце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
В’ЕТНА́МСКАЯ МО́ВА,
адна з аўстраазіяцкіх моў. Афіц. мова В’етнама, пашырана таксама ў Камбоджы, Лаосе, Тайландзе, Новай Каледоніі. Падзяляецца на 3 асн. дыялекты — паўн., цэнтр. і паўд., якія адрозніваюцца лексікай і фанетыкай. Літ. мова сфарміравалася на аснове паўн. і цэнтр. дыялектаў. Фанетыка в’етнамскай мовы не дапускае, каб у адной марфеме стаялі поруч 2 зычныя, 2 галосныя могуць спалучацца. Усе марфемы (асн. і службовыя) аднаскладовыя. Устойлівы парадак слоў абумоўліваецца тым, што ў в’етнамскай мове фактычна няма марфалогіі. У лексіцы шмат запазычанняў з кіт. мовы. Да 1910 у В’етнаме былі пашыраны 2 віды пісьменства — кіт. іерагліфіка і пісьменства «цьыном», якое ўзнікла на яе аснове (стараж. помнік датуецца 1343). З 1910 уведзена пісьмо «куок-нгы», створанае ў 17 ст.партуг. місіянерамі на аснове лац. алфавіта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́КШЫЦКІ БОЙ 1943.
Адбыўся ў лют. 1943 паміж партыз. брыгадай «Жалязняк» і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў у г. Докшыцы.
Перад пачаткам аперацыі партызаны перакрылі засадамі ўсе дарогі на Докшыцы. 1-ы атрад наступаў з ПдЗ, 2-і — з ПдУ, 3-і — з ПнУ, 4-ы прыкрываў наступаўшых. 6 падрыўных груп павінны былі дыверсіямі на чыгунцы адцягнуць шматлікія фаш. гарнізоны. якія размяшчаліся ўздоўж чыг. лініі Маладзечна—Полацк. Наступленне пачалося ў ноч на 3 лютага. Партыз. батарэі нанеслі ўдар па цэнтры горада, дзе размяшчаліся ўстановы акупантаў, і раніцай пакінулі Докшыцы, захапіўшы вял. колькасць маёмасці са складаў праціўніка. 19 і 20 лютага партызаны зноў нанеслі раптоўны ўдар па Докшыцкім гарнізоне. Ворагу прычынены вял. страты ў жывой сіле і тэхніцы.