КАМІ́НСКІ (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 18.4.1950, в. Цна Мінскага р-на),
бел. спартсмен (веласпорт). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1980). Засл. майстар спорту СССР (1976). Канд.пед.н. (1992). Алімп. чэмпіён (1976, г. Манрэаль, Канада) у каманднай шашэйнай гонцы на 100 км; чэмпіён свету (1977, г.
Сан-Крыстобаль, Венесуэла); сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (1974, г. Манрэаль, Канада; 1975, г. Метэ, Бельгія; 1978, г. Кёльн, ФРГ), чэмпіён СССР (1976—78, 1980) у каманднай шашэйнай гонцы на 100 км. З 1980 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту. З 1996 гал. трэнер нац. каманды Беларусі па веласпорце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМРАКО́Ў (Барыс Пятровіч) (н. 30.10.1948, г. Івана-Франкоўск, Украіна),
бел. матэматык. Д-рфіз.-матэм.н. (1991), праф. (1994). Скончыў БДУ (1971). З 1971 у Бел.н.-д. геолагаразведачным ін-це. У 1977—88 у БПІ. З 1991 у БДУ. З 1997 у НДІ матэматыкі і механікі (г. Казань). Навук. працы па геаметрыі аднародных прастораў, тэорыі груп і алгебраў Лі. Пабудаваў найб. кампактыфікацыю сіметрычных прастораў. Апісаў некат. інварыянтныя структуры на аднародных прасторах. Рашыў праблему С.Лі. Медаль імя М.І.Лабачэўскага 1997.
Тв.:
Структуры на многообразиях и однородные пространства. Мн., 1978;
Примитивные действия и проблема Софуса Ли. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАРЭ́ЕЧНІК (Phalaris),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і (акрамя Аляскі і Канады). На Беларусі як заносныя, інтрадукаваныя і здзічэлыя трапляюцца К. канарскі (Ph. canariensis) і малы (Ph. minor) каля дарог, жылля і інш.
Адна-, радзей шматгадовыя травяністыя расліны са шматлікімі прамастойнымі ці каленчата-ўзыходнымі сцёбламі (саломінамі) выш. да 120 см. Лісце лінейнае або лінейна-ланцэтнае з гладкімі ці шурпатымі пазухамі. Кветкі (па 3) у яйцападобных каласках, сабраных у густое мяцёлчатае суквецце. Плод — зярняўка. Кармавая (канарэечнае семя), харч., тэхн., алейная, лек. і дэкар. расліна; некат. віды — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРАШО́Ў (Арцямон Сямёнавіч) (21.4.1894, хутар Карпаў Цымлянскага р-на Растоўскай вобл., Расія — 23.6.1963),
фагатыст, педагог. Засл. арт. Кіргізіі (1943). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1917). У 1917—44 артыст і саліст аркестраў оперных т-раў Масквы (у 1917—23 Вял.т-ра), Рыгі (у 1923—36 адначасова выкладаў у Латв. кансерваторыі), Фрунзе. У 1944—48 саліст аркестра Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1944 выкладаў у Бел. кансерваторыі. З яго працай на Беларусі пачалося станаўленне выканальніцтва на фагоце. Сярод вучняў К.: У.Апацкі, С.Ажыгін, А.Новікаў. Аўтар метадычных прац па праблемах выканальніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫ́ЦЫЯ НАСЕ́ННЯ,
паказчык якасці насення. Залежыць ад чысціні, усходжасці, энергіі прарастання, вільготнасці, абс. масы, ступені адходаў, пашкоджанасці хваробамі, шкоднікамі і інш. Паводле гэтых паказчыкаў насенне збожжавых, зернебабовых і алейных культур падзяляюць на I, II і III класы, напр. усходжасць і чысціня насення мяккай азімай пшаніцы 1 кл. — 95 і 99%, II кл. адпаведна 92 і 98,5%. Якасць насення вызначаюць дзярж. насенныя інспекцыі. Не дапускаецца да сяўбы насенне пры выяўленні ў ім зерня каранціннага і ядавітага пустазелля, галаў пшанічнай нематоды, жывых шкоднікаў, іх лічынак і інш. Насенне, якое не адпавядае нормам якасці хоць бы па аднаму паказчыку, наз. некандыцыйным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЭ́ (Юлія Міхайлаўна) (н. 21.8.1931, Масква),
бел. крытык, літ.-знавец. Дачка М.Ю.Канэ. Скончыла БДУ (1954). Працавала ў рэдакцыях газет Літвы (1954—55), у газ. «Піянер Беларусі» (1959). Даследаванні па сучасным літ. працэсе (артыкулы пра творчасць А.Адамовіча, В.Быкава, Р.Барадуліна, А.Васілевіч, Н.Гілевіча, А.Жука, А.Кулакоўскага, І.Навуменкі, І.Пташнікава, Б.Сачанкі, М.Танка, І.Чыгрынава і інш.). Аўтар кніг «Дзень сённяшні» (1962), «Янка Брыль» (1964), «Плынь» (1983), «Як паветра і хлеб: Жыццёвы і творчы шлях Янкі Брыля» (1988). На бел. мову пераклала асобныя творы арм. празаікаў. З 1991 жыве ў Ізраілі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІ́ЦА (Андрэй Пятровіч) (н. 9.7.1931, г. Кембрыдж, Вялікабрытанія),
расійскі географ і геамарфолаг. Чл.-кар. Расійскай АН (1970). Сын П.Л.Капіцы Скончыў Маскоўскі ун-т (1953), дзе і працаваў. З 1970 старшыня прэзідыума Далёкаўсходняга навук. цэнтра АНСССР, дырэктар Ціхаакіянскага ін-та геаграфіі гэтага цэнтра. Удзельнік 4 антарктычных экспедыцый і трансантарктычных пераходаў: ст. Мірны — ст. Піянерская (1956), ст. Мірны — Паўд. полюс (1959—60), ст. Усход — Полюс адноснай недаступнасці — ст. Маладзёжная (1963—64). Узначальваў геафіз. экспедыцыю АНСССР ва Усх. Афрыку (1967—69). Навук. працы па дынаміцы і марфалогіі ледавіковага покрыва Усх. Антарктыды. Дзярж. прэмія СССР 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЦЭ́ВІЧ (Вячаслаў Міхайлавіч) (н. 15.9.1947, г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне парашковай металургіі. Д-ртэхн.н. (1990). Скончыў БДУ (1969). З 1969 у Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі, з 1974 у НДІ парашковай металургіі БПІ, з 1995 у Бел. аграрным тэхн. ун-це. Навук. працы па тэхналогіі стварэння сітаватых матэрыялаў для фільтраў вадкасцей і газаў метадамі парашковай металургіі.
Тв.:
Пористые порошковые материалы и изделия из них. Мн., 1987 (разам з П.А.Віцязем, В.К.Шэлегам);
Формирование структуры и свойств пористых порошковых материалов. М., 1993 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́КСКАЕ НАГО́Р’Е, Каракскі хрыбет,
на ПнУ Сібіры, у Камчацкай і Магаданскай абласцях Расіі. Цягнецца на 880 км ад Анадырскага зал. Берынгава м. да Парапольскага долу на Камчатцы. Складаецца з сярэдневышынных хрыбтоў (Пенжынскі, Рарыткін), град і кражаў (сярэдняя выш. 1000—1800 м, найб. 2562 м — г. Ледзяная). Сучаснае зледзяненне (агульная пл. 259,7 км). Складзена пераважна з пясчанікаў і гліністых сланцаў, пранізаных па лініях разломаў эфузіўнымі пародамі. Радовішчы каменнага вугалю, ртуці і сурмы. Клімат прыакіянічны, халодны. На схілах (да выш. 200—400 м) — зараснікі хмызняковай вольхі і кедравага сланіку, вышэй — травяніста-лішайнікавыя і халодныя камяністыя горныя пустыні і тундра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЕ́ЎСТВА,
дзяржава з манархічнай формай кіравання на чале з каралём, якому належыць вышэйшая ўлада, што перадаецца звычайна ў спадчыну. У эпоху феадалізму існавалі саслоўная і абсалютная манархіі. У ВКЛ каралеўскай каронай каранаваўся толькі Міндоўг. Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай (1569) тытул «вялікі князь літоўскі» стаў таксама тытулам польск. караля, якога шляхта выбірала па сейме пажыццёва. Тытул польск. караля (цара) адноўлены ў 1815 для рас. імператара пры ўтварэнні паводле пастановы Венскага кангрэса 1814—15 аўтаномнага Каралеўства Польскага. Сучасныя К. (Вялікабрытанія, Нідэрланды, Бельгія, Іспанія, Данія, Швецыя, Нарвегія) — парламентарныя, з абмежаванай (часта значна абмежаванай) уладай караля.