ЛУКО́МСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—16 ст. Размяшчаўся каля правага берага р. Лукомка (зараз в. Лукомль Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.). Паводле «Спіса рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх», у 14 ст. Лукомль лічыўся горадам з магутным і добра ўмацаваным замкам. У 1386 аб’яднаныя войскі прускіх і лівонскіх рыцараў аблажылі замак. Гарнізон мужна і доўга абараняўся, шмат крыжакоў загінула пад сценамі Лукомля, аднак у ходзе працяглай аблогі і штурму замак быў узяты. У час Лівонскай вайны 1558—83 у 1563 горад і замак захапіла і знішчыла войска Івана IV Грознага. Замак больш не аднаўляўся. Рэшткі вял. валоў аглядваў у 1573 гісторык М.Стрыйкоўскі, які адзначыў, што на гэтым месцы быў некалі вял. замак. З 17 ст. дакументы згадваюць толькі вёску Лукомль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧО́СА,
рака ў Лёзненскім і Віцебскім р-нах Віцебскай вобл., левы прыток р.Зах. Дзвіна. Даўж. 90 км. Пл. вадазбору 3510 м². Выцякае з воз. Зелянское каля в. Бабінавічы Лёзненскага р-на, цячэ па Лучоскай нізіне і ў межах Віцебскага ўзв.Асн. прытокі: Чарніца, Сухадроўка (справа), Ардышэўка, Серакаратнянка, Абалянка, Чарнічанка (злева). Даліна трапецападобная, у вярхоўі невыразная, шыр. 400—600 м. Пойма перарывістая, чаргуецца на берагах, больш развіта на левабярэжжы, шыр. яе 300—500 м. Рэчышча шыр. 20—30 м, у нізоўі да 60 м. Найвыш. ўзровень разводдзя ў ніжнім цячэнні ў пач. красавіка. Замярзае ў канцы 1-й дэкады снеж., крыгалом у канцы сакавіка. Веснавы крыгаход 3 сутак. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 21,4 м³/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БАНСКІ БОЙ 1941 Адбыўся паміж партызанамі Любанскага р-на Мінскай вобл. і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў у г.п. Любань 7 ліст. ў Вял.Айч. вайну. План аперацыі распрацаваны Мінскім падп. абкомам КП(б)Б. Ліквідацыя гарнізона была даручана 5 партыз. групам, якія ўзначальвалі А.І.Далідовіч, А.І.Мілевіч, А.І.Патрын, М.М.Розаў і Г.М.Сталяроў. Тры групы павінны былі штурмаваць аб’екты ў пасёлку, задача дзвюх — спыніць дадатковыя сілы праціўніка, што маглі прыйсці на дапамогу гарнізону з г. Слуцка і г.п. Урэчча. Напярэдадні была нейтралізавана любанская паліцыя. 7 ліст. штурмавыя групы раптоўна ўварваліся ў Любань і атакавалі ворага. У выніку двухгадзіннага бою партызаны поўнасцю разграмілі гарнізон, захапілі шмат зброі, боепрыпасаў, прадуктаў і адзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБО́ВІЧ (Мікалай Мікалаевіч) (28.3. 1855, г. Тульчын Вінніцкай вобл., Украіна — 1935),
расійскі гісторык-славіст. Чл.-кар.АНСССР (1924), д-р гісторыі (1890), праф. (1890). Скончыў Кіеўскі ун-т (1877). З 1880 працаваў у Варшаўскім ун-це. У 1915 разам з ун-там эвакуіраваўся ў Растоў-на-Доне, выкладаў у Растоўскім (Паўн.-Каўказскім) ун-це. Гал. праблемы даследаванняў — гісторыя Рэфармацыі і Контррэфармацыі ў Рэчы Паспалітай, у т. л. Беларусі. Гіст. працы Л. засн. на метадалагічных прынцыпах пазітывізму («Гісторыя рэфармацыі ў Польшчы. Кальвіністы і антытрынітарыі», 1883; «Да гісторыі езуітаў у літоўска-рускіх землях у XVI ст.», 1888; «Пачатак каталіцкай рэакцыі і заняпад рэфармацыі ў Польшчы», 1890, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ДЫ,
вёска ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Чэрвень—в. Якшыцы. Цэнтр сельсавета. За 24 км на ПдУ ад г. Чэрвень, 86 км ад Мінска, 10 км ад чыг. ст. Градзянка. 444 ж., 166 двароў (1999).
З канца 18 ст. ў Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1897 было 377 ж., 65 гаспадарак, царква, крама, кузня. У 1917 існавалі Старыя і Новыя Л. З 1924 Старыя Л. — цэнтр сельсавета. У Вял.Айч. вайну ў студз. 1943 партызаны разграмілі фаш. гарнізон у Старых Л., за што гітлераўцы расстралялі 45 жыхароў вёскі. У 1966 Старыя і Новыя Л. аб’ядналіся ў адну вёску Л.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання. Магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЛЬКО́ (Хрысціна Аляксееўна) (н. 30.3.1956, в. Хадзюкі Лідскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1979). З 1979 працавала ў Літ. музеі Я.Купалы, у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», з 1984 у час. «Беларусь». З 1996 гал. рэдактар штоквартальніка «Наша вера». Дэбютавала вершамі ў 1971. У апавяданнях і аповесцях (зб-кі «Дарога пад гару», 1985, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986; «Світанак над бярозамі», 1989) — жыццё сучаснікаў, маральна-этычныя праблемы, роздум над складанымі пытаннямі часу, каларытная мова. Апрацоўвае бел.нар. казкі («Залатое пяро», 1990; «Хітрэй свету не будзеш», 1991). На бел. мову пераклала нарыс І.Сыракомлі «Мінск» (1992), кнігі А.Зубербера «Ці ведаю, у што веру», папы рымскага Яна Паўла II «Пераступіць парог надзеі» (абедзве 1997), «Дар і Таямніца» (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЎДА́НСКІ (Уладзімір Аляксандравіч) (7.2.1911, в. Гудавічы Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 18.9.1973),
бел. пісьменнік і перакладчык. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1938). З 1930 працаваў у выд-вах. У 1949—63 і з 1969 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦККПБ, у 1963—69 дырэктар выд-ва «Народная асвета». Друкаваўся з 1938. Аўтар кн. апавяданняў «Адкрыццё сезону» (1960), «На беразе ракі» (1962), «На прывале» (1966), «Ноч над Нёманам» (1969), «Пад старым дубам» (1971), «Яшка прыляцеў» (1973). На бел. мову пераклаў раман Э.Сінклера «No pasaran!: (Яны не пройдуць)», аповесць А.Талстога «Хлеб», раманы «Пастка» Э.Заля, «Коннік без галавы» М.Рыда, зб-кі апавяданняў Л.Талстога, І.Тургенева, М.Салтыкова-Шчадрына, аповесць С.Мсціслаўскага «Грак, птушка вясенняя» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЎКО́ВІЧ (Міхаіл Васілевіч) (н. 9.3.1950, в. Язна Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. акварэліст; прадстаўнік Віцебскай шкалы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1976). Выкладае ў Віцебскім ун-це. Творы вылучаюцца глыбінёй і складанай драматургіяй вобразаў з падкрэслена нац. каларытам, трапяткім стаўленнем да перадачы натурных уражанняў у спалучэнні з аўтарскай манерай распрацоўкі жывапіснай прасторы. Аўтар тэматычных карцін «Дыялог» (1981), «Аўтарытэт» і «Загад» (абедзве 1987), «Думкі» (1989), «Размовы» і «Разважанне аб вечным» (абедзве 1990), «Свята ў горадзе» (1991), «Ефрасіння Полацкая» (1993), «Гуканне дзядоў», «Жаночы лёс», «Спакуса» (усе 1995), трыпціх «Катарсіс» (1996), серыі «Чалавек і прырода» (1989), «Успамін аб леце» (1995). Малюе пейзажы: серыі «Рыжскія краявіды» (1978), «Беларускае Прыдзвінне» (1984); партрэты, нацюрморты.
М.Л.Цыбульскі.
М.Ляўковіч. Незабудкі. З серыі «Успамін аб леце». 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ХАЎ (Уладзімір Афанасьевіч) (н. 20.7.1941, г. Антрацыт Луганскай вобл., Украіна),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1979, 1983), лётчык-касманаўт СССР (1979), палкоўнік. Скончыў Харкаўскае вышэйшае ваен.авіяц. вучылішча лётчыкаў (1964), Ваенна-паветр. акадэмію імя Ю.Гагарына (1975). З 1967 у атрадзе касманаўтаў. 25.2—19.8.1979 з В.В.Руміным здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-32» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-6» (як камандзір; вярнуўся на Зямлю на КК «Саюз-34»); 27.6—23.11.1983 з А.П.Аляксандравым — палёт на КК «Саюз Т-9» і АС «Салют-7» (як камандзір); 29.8—7.9.1988 з В.У.Паляковым і А.Мамандам — палёт на КК «Саюз ТМ-6» і АС «Мір» (вярнуўся на Зямлю на КК «Саюз ТМ-5»). Правёў у космасе 333,33 сут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЕ́ЎЧЫК (Захар Кузьміч) (18.2.1895, в. Галоўчын Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл. — 6.1.1975),
бел. вучоны ў галіне гігіены і санітарыі. Чл.-кар.АМНСССР (1953), д-рмед.н. (1945), праф. (1934). Засл. дз. нав. Беларусі (1949). Скончыў Маскоўскі ун-т (1923). У 1925—31 у Нар. камісарыяце аховы здароўя Беларусі. З 1924 у БДУ, Мінскім мед. ін-це (у 1943—53 дырэктар, у 1954—71 заг. кафедры). Гал. рэдактар час. «Здравоохранение Белоруссии» (1955—68). Навук. працы па пытаннях гігіены, планіроўкі і добраўпарадкавання нас. пунктаў, жыллёва-камунальнай гігіене, сан. ахове атм. паветра, вады, глебы.
Тв.:
Практыкум па эксперыментальнай (агульнай) гігіене. Мн., 1931;
Актуальные вопросы гигиены села (разам з Дз.П.Бяляцкім) // Вестн. АМНСССР. 1964. № 7.