СІ́ГБАН, Зігбан (Siegbahn) Кай Мане (н. 20.4.1918, г. Лунд, Швецыя), шведскі фізік. Чл.Швед.АН. Ганаровы чл.Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Сын К.М.Г.Сігбана. Скончыў Упсальскі ун-т (1942). У 1942—51 у Нобелеўскім ін-це фізікі (Стакгольм); у 1951—54 праф. Каралеўскага тэхнал. ін-та (Стакгольм). З 1954 праф. Упсальскага ун-та. Навук. працы па спектраскапіі, атамнай і малекулярнай фізіцы, фіз. хіміі. Распрацаваў метад электроннай спектраскапіі дляхім. аналізу (1951). Сканструяваў рэнтгенаэлектронны спектрометр і ажыццявіў монахраматызацыю рэнтгенаўскага выпрамянення ў рэнтгенаўскай фотаэлектроннай спектраскапіі. Нобелеўская прэмія 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛА́ЕВА (Ніна Фёдараўна) (н. 26.12.1938, Мінск),
бел. вучоны ў галіне паталаг. анатоміі. Д-рмед.н. (1990), праф. (1993). Скончыла Мінскі мед.ін-т (1961). З 1966 у Гродзенскім мед. ун-це. Навук. працы па патамарфалогіі энцэфалітаў, энцэфалапатый плода і нованароджаных, патамарфалогіі органаў зроку, клініка-анат. аналізе ўрачэбных памылак.
Тв.:
Врожденные пороки и аномалии развития глаз // Тератология человека: Руководство для врачей. 2 изд. М., 1991;
Патоморфология органа зрения в перинатальном периоде. Мн., 1993 (разам з Ю.Р.Бойка);
Клиникоанатомический анализ врачебных ошибок. Мн., 1994 (з ім жа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМАНЕ́НКА (Васіль Андрэевіч) (8.1.1935, с. Біеўцы Палтаўскай вобл., Украіна — 14.12.1963),
украінскі паэт. Скончыў Кіеўскі ун-т (1957). Друкаваўся з 1962. Аўтар зб-каў вершаў «Цішыня і гром» (1962), «Зямное прыцяжэнне» (апубл. 1964), «Вершы» (апубл. 1966), «Лебедзі мацярынства» (апубл. 1981), зб.апавяд. «Віно з руж» (апубл. 1965). Пісаў нарысы, публіцыст. артыкулы, вершы для дзяцей. Паэзія С. адметная лірызмам, гуманіст. пафасам. На бел. мову асобныя вершы С. пераклалі Д.Бічэль-Загнетава, С.Законнікаў, М.Мінчанка, В.Рагойша, М.Федзюковіч, У.Шахавец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЕРГІ́ЗМ, сінергія (ад грэч. synergeia супрацоўніцтва, садружнасць),
камбінаванае ўздзеянне 2 або некалькіх рэчываў на арганізм (сістэму), агульны эфект якога большы за сумарны эфект уздзеяння кожнага з кампанентаў паасобку.
Рэчывы, што праяўляюць С., наз. сінергістамі, напр., лек. рэчывы — адрэналін і атрапін, якія выклікаюць расшырэнне зрэнак, праяўляльныя рэчывы ў фатаграфіі — метол і гідрахінон. У некат. выпадках С. назіраецца пры дзеянні сумесі актыўнага рэчыва з практычна неактыўным, напр., неактыўная аскарбінавая кіслата ўзмацняе антыакісляльнае дзеянне многіх фармацэўтычных антыаксідантаў, у хіміі яе сумесь з аксідам жалеза Fe2O3 выкарыстоўваюць для стабілізацыі палімераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЬКО́ВА (Людміла Дзмітрыеўна) (н. 2.12.1958, Мінск),
бел. літаратуразнавец. Дачка Дз.Я.Бугаёва. Д-рфілал.н. (1997), праф. (2001). Скончыла БДУ (1981), з 1984 працуе ў ім (з 1999 заг. кафедры). Даследуе бел. л-ру ў кантэксце сусв., заканамернасці і асаблівасці развіцця бел. л-ры ў 20 ст.: «Беларуская проза XX ст.: дынаміка жанравых структур», «Цукровы пеўнік: Літаратурна-крытычныя артыкулы» (абедзве 1996) і інш. Адна са складальнікаў хрэстаматыі «Беларуская літаратура: Проза 20-х гг.» (1996), аўтар і сааўтар вучэбных дапаможнікаў для школы і ВНУ. Друкуецца пад псеўд. Корань.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА ПРА́ВА,
пабудова нацыянальнага права, якая заключаецца ў раздзяленні адзіных па прызначэнні ў грамадстве ўнутрана ўзгодненых норм на пэўныя часткі — галіны права, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на ін-ты права. Напр., галіна цывільнага права падзяляецца на ін-ты права ўласнасці, абавязацельнае права, аўтарскае права і сумежныя правы, спадчыннае права і інш. Дакладна распрацаваная С.п. — неабходная аснова для эфектыўнай работы па сістэматызацыі заканадаўства, павышэнні прававой культуры. С.п. розных краін могуць адрознівацца пэўнымі асаблівасцямі, абумоўленымі гіст. ўмовамі, нац. традыцыямі, узроўнем развіцця прававой культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАБІ́ЛЬНЫЯ СРО́ДКІ,
лекавыя сродкі, якія паскараюць апаражненне кішэчніка. Адрозніваюць С.с., якія ўздзейнічаюць пераважна на тонкі кішэчнік (рыцына), тоўсты кішэчнік (прэпараты кораня рэвеню, кары крушыны, лісця сены, міндальны і вазелінавы алей, сінт. рэчывы — фенолфталеін, ізафенін), на ўсёй працягласці кішэчніка (натрыю і магнію сульфат, карлаварская соль).
Некат. С.с. расл. і сінт. паходжання выклікаюць хім. раздражненне рэцэптараў слізістай кішэчніка, салявыя — мех. раздражненне ў выніку павелічэння аб’ёму і разбаўлення змесціва кішэчніка. Падзяляюць на паслабляльныя (вазелінавы алей), уласна слабільныя (фенолфталеін) і праносныя (салявыя). Ужываюць пры запорах, вострых атручэннях, для ачышчэння кішэчніка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХА́ІКА (ад грэч. archaïkos старадаўні, старажытны),
ранні этап у гіст. развіцці якой-небудзь з’явы. У мастацтвазнаўстве тэрмін выкарыстоўваецца гал. чынам для вызначэння ранняга перыяду развіцця архітэктуры і выяўл. мастацтва Старажытнай Грэцыі (7—6 ст. да н.э.), калі выпрацоўваліся найважнейшыя арх.-маст. прыёмы, традыцыйныя длягрэч.класікі.
Архітэктура развівалася на аснове стоечна-бэлечнай канструкцыйнай сістэмы, выяўл. мастацтва — вобразаў ант. міфалогіі. Найважнейшымі дасягненнямі мастацтва перыяду архаікі была выпрацоўка прапарцыянальных канонаў і дэкар. формаў арх.ордэра (у т. л. дарычнага і іанічнага), асн. тыпажу манум. скульптуры, чорна- і чырвонафігурнага стыляў вазапісу; з’явіліся і новыя тыпы манум. скульптуры — статуі юнакоў-атлетаў (курас) і дзяўчат (кора). У больш шырокім значэнні архаіка — мастацтва стараж.гіст. эпох, якое вызначаецца прымітывізмам формаў. У мастацтвазнаўстве тэрмін «архаіка» выкарыстоўваецца ў дачыненні да твораў, у якіх ёсць рэтраспектыўныя формы старажытнасці (пераважна антычнасці).
На Беларусі зварот да формаў архаікі найб. выявіўся ў познім класіцызме ў інтэр’еры палацаў (Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль) і пры трактоўцы малых арх. формаў у палацава-паркавым мастацтве (сфінксы на варотах Новага замка ў Гродне, фантан Нараўлянскага сядзібна-паркавага ансамбля і мемарыяльнай архітэктуры (капліца-пахавальня сядзібы ў в. Маліноўшчына Маладзечанскага р-на).
А.М.Кулагін.
Да арт.Архаіка. Фрагмент вазапісу. Майстар Эксекій. 6 ст. да н.э.Да арт.Архаіка. Капліца-пахавальня ў в. Маліноўшчына Маладзечанскага раёна Мінскай вобл. 2-я пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ ПЛАН ДЗЕКАБРЫ́СТАЎ 1823,
першая ў гісторыі дзекабрысцкага руху спроба ўзняць узбр. паўстанне з мэтай зрабіць дзярж. пераварот. Распрацаваны ў маі 1823 кіраўнікамі Васількаўскай управы Паўд.т-ва падпалк. Чарнігаўскага пях. палка С.І.Мураўёвым-Апосталам, прапаршчыкам Палтаўскага пях. палка М.П.Бястужавым-Руміным, палк. Аляксопальскага пях. палка І.С.Павала-Швяйкоўскім і капітанам 18-га егерскага палка В.С.Норавым. Паўстанне меркавалася пачаць у Бабруйску, дзе была раскватаравана 9-я пях. дывізія (Чарнігаўскі і Палтаўскі палкі) 3-га пях. корпуса 1-й арміі, скарыстаўшы прыезд у горад для агляду войскаў імператара Аляксандра I (прымусіць яго падпісаць адрачэнне і прыняць канстытуцыю). Выступленне ў Бабруйску павінна было стаць сігналам для паўстанняў у Маскве, Пецярбургу, 2-й арміі. Арганізатары спрабавалі заручыцца згодай і падтрымкай Паўд. і Паўн. т-ваў дзекабрыстаў, але атрымалі адмову. У вер. 1823 Бястужаў-Румін вёў перагаворы ў Вільні аб узгадненні дзеянняў з прадстаўніком Літ. правінцыяльнага савета польскага Патрыятычнага т-ва К.Радзівілам і віленскай рэв. моладдзю (у т. л., магчыма, з А.Міцкевічам), але дамоўленасці не былі рэалізаваны з-за праведзеных у Вільні арыштаў. Без падтрымкі інш.рэв. арг-цый выступленне ў Бабруйску не мела сэнсу. Няўдача з ажыццяўленнем гэтага плана прымусіла ўсвядоміць неабходнасць сувязі паўстання на перыферыі з цэнтрам, аб’яднання сіл Паўн. і Паўд. т-ваў, выпрацоўкі агульнага плана дзеянняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАЦЬБА́ ЗА ІСНАВА́ННЕ,
сукупнасць складаных узаемаадносін жывых арганізмаў паміж сабой і з навакольным асяроддзем, у выніку якіх выжываюць і пакідаюць патомства найб. прыстасаваныя асобіны. Асн. палажэнні тэорыі барацьбы за існаванне распрацаваў англ. вучоны Ч.Дарвін (1859), які адзначыў вял. ролю гэтай з’явы ў эвалюцыі. Паводле Дарвіна, барацьба за існаванне — вынік, з аднаго боку, імкнення арганізмаў да бязмежнага размнажэння, з другога — абмежаванасці прыродных рэсурсаў, неабходных для існавання асобін дадзенага віду. Тэрмін «барацьба за існаванне» Дарвін прапаноўваў разумець у шырокім і метафарычным сэнсе: словам «барацьба» ён абазначаў канкурэнцыю, а словам «існаванне» — не толькі захаванне жыцця дадзенай асобіны, але і яе поспех ва ўзнаўленні патомства. Сав. вучоны І.І.Шмальгаўзен барацьбу за існаванне адносіў да гал. фактараў эвалюцыі. Асн. формы барацьбы за існаванне — гэта адносіны арганізмаў з фіз. ўмовамі жыцця, узаемаадносіны паміж асобінамі розных відаў (міжвідавыя), узаемаадносіны паміж істотамі аднаго віду (унутрывідавыя). Яны цесна пераплятаюцца паміж сабой. Важнейшай формай барацьбы за існаванне Дарвін лічыў унутрывідавую канкурэнцыю, паколькі асобіны аднаго віду маюць найб. блізкія жыццёвыя патрэбнасці. Вынікам барацьбы за існаванне на аснове спадчыннай зменлівасці арганізмаў з’яўляецца натуральны адбор, гал. фактар відаўтварэння. Сацыял-дарвінізм спрабаваў выкарыстаць канцэпцыю барацьбы за існаванне для тлумачэння і апраўдання супярэчнасцяў і канфліктаў у чалавечым грамадстве.
Літ.:
Современные проблемы эволюционной теории. Л., 1967;
Шмальгаузен И.И. Факторы эволюции. 2 изд. М., 1968;
Галл Я.М. Борьба за существование как фактор эволюции. Л., 1976.