ПУАЗЁЙЛЯ ЗАКО́Н,

закон выцякання вадкасці праз тонкую цыліндрычную трубку. Паводле П.з. аб’ём вадкасці Q, што працякае за адзінку часу праз папярочнае сячэнне трубкі дыяметрам d, вызначаецца формулай: Q = k p − p0 l d4 , дзе p і p0 — ціск на ўваходзе ў трубку і выхадзе з яе адпаведна, l — даўжыня трубкі, k = π 128η — велічыня, звязаная з каэфіцыентам дынамічнай вязкасці η. Устаноўлены эксперыментальна Ж.Л.М.Пуазёйлем у 1840, сувязь велічынь k і η вызначана Дж.Г.Стоксам у 1851. П.з. выконваецца для ламінарнага цячэння вадкасці, выкарыстоўваецца ў вісказіметрыі.

т. 13, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРЭ́ЗВЫ, перазовы,

у беларусаў звычай у канцы вяселля, паводле якога сваты, інш. вясельныя чыны або суседзі маладога ці маладой запрашалі маладых і найб. паважаных удзельнікаў вяселля да сябе ў госці. Наладжваліся з мэтай аказання матэрыяльнай дапамогі бацькам маладых у правядзенні вяселля. У час П. выконвалі песні, у якіх усхвалялі сватоў, іх хату, гаспадарку, а таксама жартоўныя песні. П. называлі таксама наведванне маладых родзічамі маладой ці наведванне маладымі і родзічамі маладога бацькоў маладой праз тыдзень пасля вяселля. Характэрны для паўд., цэнтр. і ўсх. раёнаў Беларусі.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 13, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАВО́К,

радовішча мелу ў Крычаўскім р-не Магілёўскай вобл., паміж вёскамі Глушнева і Зуі. Пластавы паклад звязаны з адкладамі туронскага яруса (верхні мел). Мел белы, шаравата-белы, слаба сцэментаваны, участкамі трэшчынаваты, у верхняй ч. забруджаны абломкава-гліністым матэрыялам, у ніжняй ч. пласта з праслоямі мергелю. Паверхня няроўная, закарставаная. Разведаныя запасы 13,6 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы (ускрытая) 4,7—13,5 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 0,5—10,6 м. Мел прыдатны на выраб вапны, вапнавання кіслых глеб, мінер. падкормкі для с.-г. жывёл.

А.​П.​Шчураў.

т. 13, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДАШКО́ВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСЧА́НА-ЖВІРО́ВАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ У Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., за 6 км на ПдЗ ад г.п. Радашковічы. Пластавы паклад звязаны з ледавіковымі адкладамі сожскага гарызонту. Складаецца з 4 участкаў. Жвірова-пясчаны матэрыял жаўтавата-шэры, месцамі слаба гліністы з лінзамі і праслоямі супескаў і пяскоў. Пясок у сумесі палевашпатава-кварцавы, розназярністы. Разведаныя запасы 21,8 млн. м³, перспектыўныя 4,2 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 7,7—38 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 0,2—8 м. Жвірова-пясчаны матэрыял прыдатны для дарожнага буд-ва, вытв-сці бетону.

А.​П.​Шчураў.

т. 13, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЁШНІК, райковы верш,

від народнага верша (гл. Народнае вершаскладанне). Назва паходзіць ад райка. Р. выкарыстоўваўся вандроўнымі артыстамі, мядзведнікамі, валачобнікамі і каляднікамі ў тэкстах для батлейкі. Рытм Р. заснаваны на паўтарэнні вершаваных радкоў як пэўных інтанацыйна-сэнсавых адзінстваў, звязаных паміж сабой сумежнай рыфмоўкай. Колькасць складоў у радках неаднолькавая, няма ўпарадкаванасці ў размяшчэнні націскаў. З нар. творчасці перайшоў у л-ру. У бел. паэзіі ўжываўся ў ананімных творах, да яго звярталіся Цётка (верш «Ласы»), М.​Чарот (паэма «Босыя на вогнішчы»). У сучаснай бел. паэзіі амаль не выкарыстоўваецца.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗБО́Й,

адно са злачынстваў супраць уласнасці. Уяўляе сабой напад з мэтай непасрэднага авалодання маёмасцю з выкарыстаннем насілля, небяспечнага для жыцця і здароўя пацярпелага, або з пагрозай яго ўжывання. Самая небяспечная з гвалтоўных форм крадзяжу. У крымінальным праве Рэспублікі Беларусь найб. небяспечнымі лічацца Р. з пранікненнем у жыллё, а таксама здзейснены паўторна або групай асоб, у т. л. арганізаванай групай, або з мэтай завалодання маёмасцю ў буйных ці асабліва буйных памерах, або з прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Як правіла, караецца пазбаўленнем волі на доўгія тэрміны з канфіскацыяй маёмасці.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 13, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМЕ́РНАСЦЬ у геаметрыі,

колькасць каардынат, неабходных для вызначэння адвольнага пункта геам. фігуры. Напр., месцазнаходжанне пункта на лініі вызначаецца адной каардынатай (Р. лініі роўная 1), на паверхні — дзвюма (Р. паверхні роўная 2), у 3-мернай прасторы — трыма. Р. канечнамернай вектарнай прасторы роўная ліку вектараў яе базісу. У тапалогіі паняцце геам. Р. абагульняецца на адвольныя прасторы (мноствы): пустое мноства мае Р., роўную -1; Р. прасторы X — найменшы цэлы дадатны лік п, такі, што кожны пункт з X мае адвольна малое наваколле з Р. межаў, меншай за п. Гл. таксама Мнагамерная прастора.

т. 13, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗРЭ́З архітэктурны,

франтальная праекцыя будынка ці арх. дэталі, умоўна рассечаных плоскасцю або сістэмай плоскасцей; абавязковая ч. арх. праектаў. Служыць для паказу на чарцяжы ўнутр. прасторы будынка і асобных яго памяшканняў, канструкцый будынка і арх. дэталей. Пры неабходнасці больш поўнага і нагляднага паказу структуры будынка і яго арх.-прасторавай арг-цыі Р. можа сумяшчацца з аксанаметрыяй. Вядома са старажытнасці. На Беларусі Р. выкарыстоўваюцца з 18 ст.

С.​А.​Сергачоў.

Аксанаметрычны разрэз храма святой Сафіі ў Стамбуле. 532—537.
Папярочны разрэз Іосіфаўскага сабора ў Магілёве. 18 ст.

т. 13, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕ́ТНЫ КО́МПЛЕКС,

сукупнасць функцыянальна звязаных тэхн. сродкаў і сістэм для пуску ракет і кіравання іх палётам. Уключае ракеты, пускавыя ўстаноўкі і наземнае абсталяванне: сродкі транспартавання ракет, часовага іх захоўвання ў розных ступенях гатоўнасці, перагрузкі, прыцэльвання і пуску, апаратуру знаходжання і суправаджэння цэлей, навядзення на іх ракет.

Бываюць: баявыя (стратэгічныя, аператыўна-тактычныя, тактычныя; зенітныя, процітанкавыя, процілодачныя і інш.; гл. Зенітны ракетны комплекс, Процітанкавы ракетны комплекс), даследчыя (касм., метэаралаг., геафіз. і інш.) і вучэбныя; наземныя (стацыянарныя, паўстацыянарныя, рухомыя), карабельныя (надводныя, падводныя) і авіяц. (самалётныя, верталётныя).

А.​І.​Котаў.

т. 13, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЛА,

старажытная ворыўная прылада, папярэдніца сахі і плуга. Пашырана ва ўсіх земляробчых народаў. Складалася з рабочай часткі — ральніка, на канец якога насаджваўся жал. наральнік, градыля (дышля) і ручак для кіравання. Паводле канструкцыі падзяляліся на Р. з полазам і без яго, прама- і крываградзільнае, якія ў сваю чаргу мелі шэраг варыянтаў. Ва Усх. Еўропе Р. паявілася ў 1-й пал. 1-га тыс. н.э. Самае стараж. на Беларусі Р. знойдзена каля в. Капланавічы Клецкага р-на Мінскай вобл., якое належала плямёнам зарубінецкай культуры.

Драўлянае рала 13 ст. з Брэста.

т. 13, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)