лінія на мясцовасці, якая падзяляе сумежныя басейны рэк, мораў, акіянаў і падземных вод. Ад водападзелу сцёк накіраваны ў процілеглыя бакі.
Найб. выразны водападзел у гарах, дзе звычайна супадае з грабянямі хрыбтоў. На раўнінах нярэдка пераходзіць у водападзельную прастору. Водападзел можа мяняцца. Адрозніваюць водападзелы: галоўны — паміж сумежнымі рачнымі сістэмамі (на тэр. Беларусі часткагал. водападзелу паміж рачнымі сістэмамі Балтыйскага і Чорнага мораў); бакавы — падзяляе басейны прытокаў ракі; галоўны (сусветны) Зямлі — паміж рэкамі Ціхаакіянска-Індыйскай і Атлантыка-Ледавітай пакатасцей вобласці вонкавага сцёку кантынентаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ КІТА́ЙСКАЯ СЦЯНА́,
крапасная сцяна ў Паўн. Кітаі ад г. Цзяюйгуань да ўзбярэжжа Ляадунскага заліва (г. Шаньхайгуань), помнік стараж. дойлідства. Пабудавана для абароны паўн.-зах. межаў Кітая ад нападу вандроўных плямён. Першыя ўчасткі змураваны ў 4 — пач. 3 ст. да н.э., суцэльная сцяна — у 3 ст.н.э.Даўж. 4—5 тыс.км, выш. 6,6 м (месцамі да 10 м). Уздоўж сцяны казематы і вежы для аховы, каля гал. горных праходаў — крэпасці. Захавалася значная частка. Уключана ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎСТО́РЫІ (ад лац. haustor чарпальны, паглынальны) у біялогіі, 1) прысоскі, з дапамогай якіх расліны-паразіты высмоктваюць пажыўныя рэчывы з раслін-гаспадароў.
2) Спец. часткі гіфаў паразітычнага фітапатагеннага грыба, што месцяцца ўнутры жывой клеткі расліны-гаспадара і праз якія пажыўныя рэчывы клетак арганізма-гаспадара трапляюць у цела грыба.
3) Шматклетачныя цяжы або асобныя клеткі, якія служаць для высмоктвання пажыўных рэчываў з нуцэлуса і покрыва семязавязі і перамяшчэння іх да зародка і эндасперму пакрытанасенных раслін.
4) Ніжняя частка ножкі імхоў, што ўкараняецца ў тканку гаметафіта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ЦЫРК.
Пабудаваны ў Гомелі ў 1972 (арх. М.Шульмейстэр, Ю.Маторын, А.Кудраўцаў, Ш.Хінчын). Кампазіцыя будынка вырашана ў выглядзе 2 чаш, павернутых адна да адной (амфітэатр і купал). Відовішчная частка складаецца з залы на 1856 месцаў з манежам, эстрадай і аркестравай пляцоўкай. Асн. аб’ём размешчаны на прамавугольным у плане стылабаце, дзе знаходзяцца касавы вестыбюль, гардэробы, парадныя лесвіцы, блок службовых, артыстычных і дапаможных памяшканняў. Амфітэатр абкружаны зашклёным фае з выхадам на тэрасу, зробленую на даху стылабата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́БЕН (ням. Graben літар. роў),
выцягнуты ўчастак зямной кары, абмежаваны разрыўнымі пашырэннямі ў выглядзе скідаў (часцей) або ўскідванняў і апушчаны адносна навакольнай паверхні. Бываюць простыя і ступеньчатыя. Утвараюцца пры расцяжэннях зямной кары ў працэсе апускання або ўзняцця яе блокаў. Марфалагічна буйныя грабены часта маюць выгляд апушчэнняў, запоўненых вадой (Байкальскі і Усходне-афрыканскі грабены). Выцягнутыя грабены на некалькі соцень кіламетраў належаць пераважна да рыфтаў. На Беларусі да стараж. (познадэвонскіх) грабенаў належыць Прыпяцкі — частка палеарыфтавай Прыпяцка-Данецкай сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ДНАЯ ПО́ЛАСЦЬ,
пярэдняя частка поласці цела млекакормячых жывёл і чалавека. Размешчана ў грудной клетцы і абмежавана ўнутрыгрудной фасцыяй. Ад брушнай поласці аддзелена дыяфрагмай. У грудной поласці — сэрца, лёгкія, трахея, стрававод, крывяносныя і лімфатычныя сасуды, нервы. Грудная поласць уключае 2 серозныя плеўральныя мяшкі і размешчанае паміж імі міжсценне, у ніжнім аддзеле якога — серозная поласць. Паміж парыетальным і вісцэральным лісткамі плеўры — поласць плеўры, якая мае важнае значэнне ў дыханні. У ёй пры пашкоджаннях ці запаленчых хваробах збіраецца паветра, кроў, серозная вадкасць, гной.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРЭСК»,
жалезны метэарыт класа гексаэдрытаў, знойдзены ў 1954 каля в. Пукава Грэскага р-на (цяпер в. Камсамольская Капыльскага р-на) Мінскай вобл. Маса 300 кг, даўжыня 92 см. У момант знаходкі быў пакрыты тоўстай карой акіслення, што сведчыць аб працяглым знаходжанні ў глебе. Асн.частка метэарыта (270 кг) знаходзіцца ў музеі Ін-та геал. навук Нац.АН Беларусі, узоры агульнай масай каля 30 кг — у музеях розных краін.
Літ.:
Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФУ́ЗАР,
1) частка канала (трубы), у якой запавольваецца рух і павышаецца ціск газу або вадкасці. Есць у аэрадынамічных трубах, паветрана-рэактыўных рухавіках, некаторых відах кампрэсараў, помпаў і інш. 2) Прыстасаванне да фотаапарата або фотапавелічальніка, прызначанае для «змякчэння» (паніжэння рэзкасці) выявы. Звычайна гэта плоскапаралельная шкляная пласцінка з прамавугольнай сеткай ці канцэнтрычнымі кругамі або вузкія палоскі шкла.
3) Папяровая мембрана канічнай формы для павелічэння акустычнай аддачы гучнагаварыцеля.
4) Апарат для вышчалочвання ў вытв-сці гліназёму.
5) Апарат для экстракцыі растваральных рэчываў (гл.Дыфузійны апарат).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РНЫЯ ПАТО́КІ,
сукупнасці зорак, якія рухаюцца з аднолькавымі прасторавымі скарасцямі. Адрозніваюць вял. і малыя З.п. Супадзенне скарасцей руху паказвае на агульнасць паходжання зорак з дадзенага патоку.
Да малых З.п. адносяць некат. рассеяныя зорныя скопішчы, напр., Гіяды, частка зорак сузор’я Вял. Мядзведзіцы. Зоркі аднаго і таго ж патоку не ўтвараюць значных згушчэнняў, займаюць на небе вял. вобласці і выяўляюцца па агульнасці іх скарасцей. Наяўнасць вял. З.п. — вынік вярчэння Галактыкі і выкліканых ім заканамернасцей руху зорак і адлюстраванне яе спіральнай структуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ў раслін,
частка сцябла і кораня раслін звонку ад камбію. Першасная К. складаецца ў асн. з парэнхімных і мех. тканак (фарміруецца з вонкавай ч. конуса нарастання); другасная К. (развіваецца пазней у выніку дзейнасці камбію) — з коркі і лубу. Функцыі К. разнастайныя з-за мноства тканак, з якіх яна складаецца: перамяшчэнне арган. рэчываў ад лісця да кораня, назапашванне пажыўных рэчываў, ахова раслін ад неспрыяльных умоў знешняга асяроддзя. К. некаторых раслін выкарыстоўваецца як сыравіна для хім. прам-сці, атрымання фарбаў, лек., дубільных сродкаў.