ТА́ЛЬКА,

вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Талька, на аўтадарозе, якая злучае вёску з г. Мар’іна Горка; чыг. ст. на лініі Асіповічы—Мінск. Цэнтр сельсавета. За 21 км на ПдУ ад г. Мар’іна Горка, 83 км ад Мінска. 443 ж., 213 двароў (2002). Аграфірма «Верасень», лясніцтва. цэх па перапрацоўцы драўніны, санаторый-прафілакторый «Талька». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. У Вял. Айч. вайну каля чыг. ст. Т. партызаны правялі Талькаўскую аперацыю 1942.

т. 15, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛЬТРАКАРО́ТКІЯ ХВА́ЛІ (УКХ),

дыяпазон радыёхваль з даўжынямі ўмоўна ад 10 м да 1 мм (гл. Радыёчастоты). Характэрная асаблівасць — адсутнасць рэгулярнага люстранага адбіцця ад іанасферы, за выключэннем загарызонтнага распаўсюджвання за кошт рассейвання на іанізаваных метэорных слядах (метэорная радыёсувязь) ці пры наяўнасці спарадычных слаёў трапасферы (гл. Трапасферная радыёсувязь), здольных адбіваць УКХ. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах сувязі, радыё- і тэлевізійнага вяшчання, радыёлакацыі, блізкіх радыёнавігацыі і радыёастранавігацыі, радыётэлекіраванні, пры вывучэнні атмасфер зорак, планет і туманнасцей (радыёастраномія), у медыцыне для вызначэння т-ры біял. аб’ектаў (радыётэрмаграфія), пры вывучэнні структуры і саставу рэчыва (радыёспектраметрыя) і інш.

т. 16, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫСЦЬ,

пасёлак у Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 19 км на ПдУ ад г. Маладзечна, 60 км ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Уша. 5093 ж., 1714 двароў (2003). З-ды: буд. канструкцый, буд. матэрыялаў, дахавай чарапіцы, дрэваапр., сухіх сумесей; акц. т-ва «Забудова», ПМК 213 і шэраг інш. буд. арг-цый, сумеснае прадпрыемства «Шклолюкс», швейнае прадпрыемства «Арніка», зверагаспадарка «Чысць», жыллёва-камунальная гаспадарка. Сярэдняя і муз. школы. Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 17, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДЫ́Н-НАШЧО́КІН Афанасій Лаўрэнцьевіч (каля 1605, Пскоў — 1680),

расійскі дзярж. і ваенны дзеяч, дыпламат. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 удзельнічаў у штурме Віцебска (1654), кіраваў штурмам Дрысы (1655). Ваявода Друі (1654), Кокнеса (1656—61). Заснаваў на Зах. Дзвіне суднаверф. У 1658 у Валіесары заключыў на 3 гады перамір’е са Швецыяй, паводле якога за Расіяй заставаліся заваяваныя ў Лівоніі землі. Прыхільнік саюзу з Рэччу Паспалітай для барацьбы супраць Швецыі. Падпісаў Андросаўскае перамір’е 1667. У 1671 пастрыгся ў манахі. У 1679 вёў перагаворы з Рэччу Паспалітай, каб прадоўжыць Андросаўскае перамір’е. Ініцыятар стварэння паштовай сувязі паміж Масквою, Рыгай і Вільняй.

Літ.:

«Око всей великой России»: Об истории рус. дипломатич. службы XVI—XVII веков. М., 1989. С. 108—146.

т. 1, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫСКА́Р Д’ЭСТЭ́Н (Giscard d’Estaing) Валеры (н. 2.2.1926, г. Кобленц, Германія),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Францыі. Скончыў Політэхнічны ін-т і Нац. ін-т адм. кадраў у Парыжы. У 1956—76 і 1984—89 чл. Нац. сходу. У 1962—66 і 1969—74 міністр эканомікі і фінансаў. У 1974—81 прэзідэнт Францыі. У знешняй палітыцы выступаў за інтэграцыю Францыі ў Еўрап. супольніцтва, падтрымліваў добрыя сувязі з ЗША і СССР; ва ўнутр. палітыцы імкнуўся знізіць узровень беспрацоўя і інфляцыі, кіраваў праграмай мірнага выкарыстання атамнай энергіі. Сузаснавальнік і ў 1966—73 старшыня партыі Нац. федэрацыя незалежных рэспубліканцаў, у 1977 заснаваў і з 1988 узначаліў Саюз за франц. дэмакратыю. З 1989 дэпутат Еўрапарламента. Аўтар успамінаў «Улада і жыццё» (т. 1—2, 1988—91).

т. 6, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ШКАЛДЗЬ,

вёска ў Петкавіцкім с/с Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. За 40 км ад Баранавіч, 241 км ад Брэста, 15 км ад чыг. ст. Хвоева. 364 ж., 159 двароў (1997).

У пісьмовых крыніцах упамінаецца ў 1-й пал. 15 ст., належала Неміровічам, Іллінічам, Радзівілам, Вітгенштэйнам. У 1472 пабудаваны Троіцкі касцёл. У 1579 мястэчка, 82 сядзібы, 2 корчмы. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка і сяло Гарадзейскай вол. Навагрудскага пав. Мінскай губ. У 1897 сяло, 628 ж., 120 двароў, царква, крама, карчма. 31921 у складзе Польшчы ў Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—54 цэнтр сельсавета, з 1940 у Гарадзішчанскім, з 1963 у Баранавіцкім р-нах.

Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Ішкалдскі Троіцкі касцёл (1472).

т. 7, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУХО́ПАЛЬ,

вёска ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Пружаны—Боркі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 31 км на ПнЗ ад г. Пружаны, 120 км ад Брэста, 45 км ад чыг. ст. Аранчыцы. 425 ж., 169 двароў (2002). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Крыжаўзвіжанская царква (1903).

Вядома з 1680 як дзярж. вёска ў Брэсцкім пав. ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі, з 1801 цэнтр воласці Пружанскага пав. З 1921 у складзе Польшчы, з 1925 цэнтр гміны Пружанскага пав. Палескага ваяв. З 1939 у складзе БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Шарашоўскага, з 1956 Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты загубілі ў С. і сельсавеце 305 чал.

М.​П.​Клімец.

т. 15, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́КСІНІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Сенненскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «Запаветы Ільіча». За 22 км на У ад г. Сянно, 46 км ад Віцебска, 28 км ад чыг. ст. Багушэўская. 448 ж., 183 двары (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.

У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1512. Належала да маёнтка Палонна ў Віцебскай зямлі. У розны час Алексінічамі валодалі Пацы, Астрожскія, Слуцкія, Хадкевічы, Сапегі, Друцкія-Любецкія, Стаброўскія і інш. У пач. 20 ст. вёска (сяло) у Пустынскай вол. Сенненскага пав.; 836 ж., 137 дамоў, правасл. царква. З 1924 цэнтр сельсавета.

т. 1, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНАЕ САМААЧЫШЧЭ́ННЕ,

здольнасць біяцэнозаў нейтралізаваць шкоднае ўздзеянне тэхнагенных, быт. і інш. антрапагенных рэчываў, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе. Адбываецца бесперапынна з удзелам жывых арганізмаў у цеснай сувязі з кругаваротам рэчываў у прыродзе. Засн. пераважна на паглынанні і раскладанні забруджвальнікаў мікраарганізмамі-рэдуцэнтамі і залежыць ад іх колькасці і фізіял. актыўнасці. Поўнае ачышчэнне навакольнага прыроднага асяроддзя ад арган. забруджвальнікаў настае пасля іх мінералізацыі, ад шэрагу неарган. рэчываў — у выніку хім. рэакцый. Здольнасць асяроддзя да біялагічнага самаачышчэння залежыць ад колькасці ультрафіялетавай радыяцыі, сумы актыўных т-р паветра і глебы, наяўнасці ў асяроддзі акісляльнікаў. У адносінах да стойкіх забруджвальнікаў біялагічнае самаачышчэнне блізкае да нуля. З’ява біялагічнага самаачышчэння шырока выкарыстоўваецца пры ачыстцы сцёкавых і пітных водаў.

т. 3, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЛЛЁВЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

сістэматызаваны заканадаўчы акт, які рэгулюе жыллёвыя і інш. звязаныя з імі грамадскія адносіны. Прыняты Вярх. Саветам БССР 10-га склікання 22.12.1983 і ўведзены ў дзеянне 1.4.1984. У кодэксе вылучаны агульныя палажэнні, асобны раздзел прысвечаны кіраванню жыллёвым фондам, падрабязна рэгламентаваны парадак забеспячэння грамадзян памяшканнямі ў дамах жыллёва-буд. кааператываў, карыстання жылымі памяшканнямі ў дамах дзярж. і грамадскага жыллёвага фонду, службовымі жылымі памяшканнямі, інтэрнатамі, у дамах індывід. жыллёвага фонду. Асобныя раздзелы кодэкса рэгламентуюць пытанні забеспячэння захаванасці жыллёвага фонду, яго эксплуатацыі і рамонту, адказнасці за парушэнне жыллёвага заканадаўства, вырашэння жыллёвых спрэчак. У сувязі з тым, што многія палажэнні кодэкса ўстарэлі і патрабуюць пэўных змен, распрацоўваецца новы жыллёвы кодэкс.

С.​У.​Скаруліс.

т. 6, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)