«МА́СА—СВЯЦІ́ЛЬНАСЦЬ» ДЫЯГРАМА ў астраноміі,

залежнасць паміж масамі зорак і іх свяцільнасцямі. Тэарэтычна прадказана А.Эдынгтанам у пач. 20 ст. На аснове законаў нябеснай механікі вызначаны масы некаторых зорак, якія ўваходзяць у склад падвойных зорак. Для іх выяўлена эмпірычная залежнасць паміж масай і баламетрычнай свяцільнасцю: Lbol=M​3,9, дзе L — свяцільнасць зоркі, М — яе маса. З формулы вынікае, што ў верхняй частцы галоўнай паслядоўнасці (гл. Герцшпрунга—Рэсела дыяграма) знаходзяцца самыя масіўныя зоркі з масамі, у дзесяткі разоў большымі за сонечную. Выкарыстанне «М.—с.» д. дае магчымасць па вядомай свяцільнасці вызначаць масы адзіночных зорак, для якіх гэта нельга зрабіць з непасрэдных назіранняў.

А.​А.​Шымбалёў.

«Маса—свяцільнасць» дыяграма для зорак галоўнай паслядоўнасці.

т. 10, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАШКО́ВЫЯ ФА́РБЫ,

парашкападобныя кампазіцыі, якія выкарыстоўваюць для атрымання пакрыццяў пераважна на тэрмаўстойлівых матэрыялах (металы, кераміка, шкло, бетон). Высокаэканамічныя ў выкарыстанні. Пакрыцці на аснове П.ф. вызначаюцца высокімі фіз.-мех. і ахоўнымі ўласцівасцямі.

Асн. кампаненты П.ф. — плёнкаўтваральныя рэчывы (эпаксідныя і поліэфірныя смолы, поліакрылаты, поліаміды, полівінілхларыд, поліэтылен і інш.) і пігменты (напр., аксіды тытану, хрому, жалеза). Маюць таксама напаўняльнікі, пластыфікатары, стабілізатары і інш. дабаўкі. Высокадысперсныя (памер часцінак 10—300 мкм). У прам-сці атрымліваюць змешваннем сухіх кампанентаў у млынках або турбазмешвальніках ці здрабненнем сумесі кампанентаў, гомагенізаванай у расплаве. Наносяць на падрыхтаваную паверхню вырабаў напыленнем. Таўшчыня пакрыццяў, што ўтвараюць П.ф., 50—400 мкм. Гл. таксама Лакафарбавыя пакрыцці.

Літ.:

Яковлев А.Д. Порошковые краски. Л., 1987.

т. 12, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРФЯ́НЕ старажытнаіранскія плямёны, якія ў 1-м тыс. да н.э. і ў першыя стагоддзі н.э. жылі на ПдУ ад Каспійскага м. (цяпер тэр. Паўд. Туркменістана і Харасана). Размаўлялі на адной з іран. моў, займаліся пераважна земляробствам (ірыгацыйныя збудаванні ў Парфіі вядомы з пач. 1-га тыс. да н.э.). Уваходзілі ў Мідыйскае царства, у час праўлення Кіра II — у Ахеменідаў дзяржаву. У 320-я г. да н.э. заваяваны Аляксандрам Македонскім, з 281 да н.э. ў складзе дзяржавы Селеўкідаў. Каля 250 да н.э. на землях П. узнікла самаст. Парфянскае царства. Пісьменства П. створана на аснове арамейскага алфавіта. Парфянскай мовай карысталіся ў 3—4 ст. н.э. пры Сасанідах, каля 6 ст. яе выцесніла перс. мова.

т. 12, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́БІНСАН (Robinson) Джаан Ваялет (31.10.1903, г. Камберлі, Вялікабрытанія — 5.8.1983),

англійскі вучоны-эканаміст; прадстаўніца кейнсіянства, адзін з лідэраў кембрыджскай школы. Скончыла Кембрыджскі ун-т, у 1965—71 праф. гэтага ун-та. Распрацавала тэорыю недасканалай канкурэнцыі, паводле якой у сувязі з дыферэнцыяцыяй прадукцыі кожны вытворца павінен валодаць часткай манапольнай улады («Эканамічная тэорыя недасканалай канкурэнцыі», 1933). Зрабіла значны ўклад у тэорыю эканам. росту («Накапленне капіталу», 1956), крытыкавала ролю манаполій як стагнацыйных фактараў эканам. росту, тэорыі неўмяшання дзяржавы ў эканоміку і размеркавання даходу на аснове аналізу гранічнай прадукцыйнасці. Сярод інш. навук. прац: «Эканамічная філасофія» (1962), «Нарысы тэорыі эканамічнага росту» (1963), «Эканамічныя ерасі» (1971) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Экономическая теория несовершенной конкуренции. М., 1986.

т. 13, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫЯФЕ́Н,

араматычнае гетэрацыклічнае злучэнне; пяцічленны гетэрацыкл з адным атамам серы.

Бясколерная вадкасць з пахам бензолу, tкіп 84,2 °C, шчыльн. 1064,9 кг/м³ (20 °C). Добра раствараецца ў арган. растваральніках, не раствараецца ў вадзе. Хім. ўласцівасцямі падобны да бензолу, у рэакцыях электрафільнага замяшчэння (галагенаванне, нітраванне і інш.) больш актыўны (у некат. выпадках на некалькі парадкаў). Т. і яго гамолагі ёсць у прадуктах каксавання каменнага вугалю (адкуль іх вылучаюць разам з бензолам) і сланцавай смале (гл. Гаручыя сланцы). Ядро тэтрагідратыяфену — структурны фрагмент біяціну, многія злучэнні раду Т. фізіялагічна актыўныя рэчывы. Выкарыстоўваюць вытворныя Т. пры раздзяленні хім. элементаў, як аптычныя адбельвальнікі (на аснове 2,5-тыяфендыкарбонавай к-ты), лек. прэпараты (напр., камбатрын — антыгельмінтны прэпарат), манамеры для атрымання электраправодных палімераў.

т. 16, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫ́ЗСКАЯ МО́ВА,

адна з германскіх моў (зах.-германская падгрупа); мова фрызаў. Пашырана ў правінцыі Фрысландыя (Нідэрланды) і ў некат. раёнах Германіі (Паўн.-Фрызскія а-вы, в-аў Гельгаланд і інш.). Функцыянуе пераважна ў вуснай форме. Мае дыялекты: зах. (Фрысландыя, дзе вылучаюць таксама т. зв. гар. фрызскі), усх. (Затэрланд) і паўн. (Шлезвіг). Ф.м. ўласцівы: у фанетыцы — багаты вакалізм, 26 дыфтонгаў, 6 трыфтонгаў, насавыя галосныя; у марфалогіі — наяўнасць у назоўніка 2 родаў (агульны і ніякі), скланенне фактычна згублена (абмежавана выкарыстоўваецца родны склон), адрозніваюцца моцныя і слабыя дзеясловы. Першыя пісьмовыя помнікі з 14 ст. Пісьменства на аснове лацінкі.

Літ.:

Берков В.П. Фризский язык // Введение в германскую филологию. М., 1980.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 16, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІХАМІ́РАЎ Сяргей Аляксандравіч (н. 28.7.1953, г.п. Правідзення Чукоцкай аўт. акругі Магаданскай вобл., Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (2001). Скончыў БДУ (1975). З 1975 у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па дынаміцы фотафіз. і фотахім. працэсаў у складаных арган. малекулах. Устанавіў механізмы фотааднаўлення і фотадысацыяцыі для шэрагу арган. злучэнняў. Распрацаваў метад генерацыі фемтасекундных імпульсаў на аснове выкарыстання імпульсных лазераў.

Тв.:

Быстропротекающие фотофизические и фотохимические релаксационные процессы в сложных органических молекулах (разам з Г.​Б.​Талстарожавым) // Журн. прикладной спектроскопии. 1998. Т. 65, № 5;

Пассивная синхронизация мод фемтосекундного титансапфирового лазера при импульсной синхронной накачке ограниченным цугом пикосекундных импульсов (у сааўт.) // Квантовая электроника. 1999. Т. 28, № 3.

т. 17, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНЯ́К Аркадзь Аляксандравіч (н. 12.7.1955, г. Крамянчуг, Украіна),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (2001). Скончыў БДУ (1977). З 1977 у Ін-це надзейнасці машын, з 1992 у Бел. эканам. ун-це, з 2000 у Міжнар. ін-це прац. і сац. адносін (праф.). Навук. працы па матэм. тэорыі надзейнасці. Пабудаваў тэорыю дамінавання манатонных графаў, распрацаваў універсальныя камбінаторныя метады ў матэм. тэорыі надзейнасці, на аснове якіх вырашаны некалькі адкрытых задач аб алгарытмічнай складанасці вылічэння і ацэнкі паліномаў надзейнасці гіперграфаў з зададзенымі структурнымі ўласцівасцямі.

Тв.:

К гипотезе Литтла о планарных графах // Весці АН БССР. Сер. фіз.-мат. навук. 1980. № 2;

Структурно-сложные системы с пороговой живучестью // Дискретная математика. 1999. Т. 11, вып. 4.

т. 17, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГІСТО́РЫЯ ПРА ВАРЛАА́МА І ІАСА́ФА»,

помнік перакладной бел. л-ры 17 ст. Арыгінал узнік у Індыі на аснове нар. паданняў пра Буду. Праз перс. і араб. пасрэдніцтва стаў вядомы грэкам, у 11 ст. — усх. славянам. У аповесці апісваецца жыццё інд. царэвіча Іасафа, які пад уплывам хрысц. прапаведніка Варлаама прыняў новую веру, далучыў да хрысціянства свайго бацьку і народ, а потым пакінуў свецкае жыццё і зрабіўся пустэльнікам. Твор прасякнуты царк.-аскетычнай тэндэнцыяй, ідэяй аб усепераможнай сіле хрысц. веравучэння. Бел. пераклад надрук. ў 1637 у Куцеінскай друкарні (у Оршы) і стаў непасрэднай крыніцай рус. перакладу, апубл. ў 1681 у Маскве. Прытчы з аповесці выкарыстоўваліся пісьменнікамі, праніклі ў фальклор. У 18 ст. на Беларусі ўзніклі фалькл. перапрацоўкі твора («Алісахвій-царэвіч» і інш.).

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 5, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́МПІР (Dampier) Уільям (8.6.1652, Іст-Кокер, Вялікабрытанія — сак. 1715),

англійскі мараплавец, пірат. Здзейсніў 3 кругасветныя плаванні. Некалькі гадоў правёў на в-ве Тарцю (на Пн ад Гаіці) у Вест-Індыі (гал. база піратаў у Атлантыцы), удзельнічаў у рабаванні ісп. гарадоў і паселішчаў на берагах Амерыкі. Плаваў да берагоў паўн.-зах. Аўстраліі, дзе адкрыў шмат невял. астравоў, у т. л. архіпелаг Дампір. Склаў апісанне і карты для паўд. раёнаў Ціхага ак. На аснове сваіх дзённікаў напісаў шэраг кніг, у якіх прывёў звесткі пра велічыні магн. нахілу ў розных пунктах Сусветнага ак., салёнасці марскіх вод, сувязі паміж пануючымі цячэннямі і вятрамі. Яго імем названы п-аў Дампіра Зямля у Аўстраліі, некалькі астравоў і праліваў у паўд.-зах. ч. Ціхага ак. і ў Малайскім архіпелагу.

т. 6, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)