ТКА́НКАВАЯ ВА́ДКАСЦЬ, пазаклетачная вадкасць,

вадкасць, якая запаўняе міжклетачныя прасторы ў тканках і органах жывёл і чалавека. Адцякае з органаў у лімфатычныя сасуды і ператвараецца ў лімфу. Утрымлівае прадукты абмену рэчываў і рэчывы, якія паступаюць з крыві. Складае 26,5% масы цела чалавека, каля 45% вады ў арганізме, разам з крывёй і лімфай утварае ўнутр. асяроддзе арганізма.

т. 15, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛЬЯ́НАЎ Аляксандр Ільіч (12.4.1866, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 20.5.1887),

дзеяч рэв. народніцтва ў Расіі. Старэйшы брат У.Л.Леніна. З 1883 студэнт Пецярб. ун-та. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў «Тэрарыст. фракцыі партыі «Народная воля» (1886). Арыштаваны і пасля суда павешаны разам з інш. ўдзельнікамі падрыхтоўкі няздзейсненага замаху на цара Аляксандра III (гл. «Першасакавікоўцы»).

т. 16, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РЧАНКА Іван Ягоравіч (2.6.1923, в. Людкоў Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 19.4.1997),

бел. гісторык. Чл.-кар. АН Беларусі (1980). Д-р гіст. н. (1969). Праф. (1970). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1950). Удзельнік Вял. Айч. вайны. У 1945—51 на парт. рабоце. З 1954 у Ін-це гісторыі АН Беларусі: навук. супрацоўнік, вучоны сакратар, у 1962—68 і 1976—81 нам. дырэктара, адначасова заг. сектара і аддзела. Асн. працы па гісторыі рабочага класа, калгаснага сялянства і культ. будаўніцтва. Адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» у 5 т. (т. 3, 5, 1973—75), «Гісторыі рабочага класа Беларускай ССР» (т. 1—4, 1984—87), «Нарысаў гісторыі Беларусі» ў 2 ч. (ч. 2, 1995).

Тв.:

Аграрные преобразования в Белоруссии в 1917—1918 гг. Мн., 1959;

Рабочий класс БССР в послевоенные годы (1945—1950). Мн., 1962;

Белоруссия—Литва: содружество множит силы. Мн., 1985 (разам з Г.​С.​Мельянковым);

Белорусская ССР курсом перестройки. Мн., 1989 (разам з У.​І.​Навіцкім).

І.Я.Марчанка.

т. 10, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НЕСК,

у старажытнабеларускай міфалогіі злы волат-чараўнік. Паводле падання, ён выйшаў з лесу да безыменнай ракі і застаўся тут жыць. М. запрудзіў раку вялізнымі валунамі, пабудаваў з іх вадзяны млын і прымусіў навакольных жыхароў малоць збожжа толькі на гэтым млыне. Тых, хто адмовіўся, М. забіў, а ўсім астатнім пачаў малоць збожжа разам з камянямі і людскімі душамі. Тых, хто не мог заплаціць грошы за памол, ён пакідаў у сябе работнікамі. Калі работнікі гублялі сілы ад цяжкай працы, М. позіркам ператвараў іх у камяні. Разам з сябрамі і дружынай М. бязлітасна рабаваў наваколле. Людзі паклікалі на дапамогу добрага чараўніка. Той позіркам ператварыў М. ў малога хлопчыка, які знік назаўсёды, разбурыў млын і запруду. На месцы, дзе жыў М., узнікла паселішча (пазней горад) і ад імя гэтага волата атрымала назву Менеск, якая ў далейшым трансфармавалася ў Менск (сучасны Мінск).

Літ.:

Міншчына: Назвы насел. пунктаў паводле легендаў і паданняў. Мн., 1998.

А.​М.​Ненадавец.

т. 10, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́НДЫЯ (Normandie),

гістарычная вобласць на ПнЗ Францыі, каля ўзбярэжжа праліва Ла-Манш. У старажытнасці населена кельтамі. Разам з Галіяй раманізавана і з 4 ст. хрысціянізавана. У 6 ст. заваявана франкамі. Пры Каралінгах аб’ект нападзенняў нарманскіх піратаў. У 911 правадыр нарманаў (адсюль назва) Ралон атрымаў Н. ад караля Карла III Праставатага ў якасці леннага ўдзела. Пасля нармандскага заваявання Англіі 1066 Н. — частка англа-нармандскай дзяржавы. У 12 ст. разам з англ. каронай перайшла пад уладу Плантагенетаў. У 1202—04 адваявана франц. каралём Філіпам II Аўгустам (замацавана пагадненнем 1259), але захавала асобныя прывілеі, самакіраванне гарадоў. У Стогадовую вайну 1337—1453 Н. — гал. арэна ваен. дзеянняў. У 1419 заваявана англічанамі. У 1450 вернута Францыі. У 1468 Людовік XI уключыў Н. ў каралеўскі дамен. У 1515 у г. Руан засн. парламент Н. У 16—17 ст. адна з найб. развітых гандл.-прамысл. правінцый Францыі (сукнаробства, выраб палатна, карункаў, шкла, жалеза і інш.). Пасля скасавання ў 1791 гіст.-адм. падзелу Францыі падзелена на дэпартаменты.

т. 11, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІСНЕ́ВІЧ Ізідар Герасімавіч (21.12.1914, Мінск — 25.10.1977),

бел. музыказнавец, муз. крытык. Брат С.Г.Нісневіч. Скончыў Бел. кансерваторыю (1938), выкладаў у ёй (1938—40). З 1946 нам. маст. кіраўніка Бел. філармоніі, выкладчык Бел. тэатр.-маст. ін-та, у 1963—77 лектар Саюза кампазітараў Беларусі. Асн. працы па пытаннях нац. кампазітарскай творчасці, выканальніцтва, суадносін бел. паэзіі і музыкі. Аўтар сцэнарыяў навук.-папулярных і хранікальна-дакумент. фільмаў, у т. л. «Партытура жыцця» (1968, пра Я.​Цікоцкага), «Мой сябар Ака Джураеў» (1969), «Песня нашай памяці» (1975, з Б.​Бур’янам).

Тв.:

Белорусская ССР. 2 изд. М., 1958 (разам з Г.​І.​Цітовічам);

Творчасць Купалы і музыка беларускіх кампазітараў // Янка Купала ў беларускім мастацтве. Мн., 1958;

Невычэрпная крыніца натхнення // У сэрцы народным: (Жыццё і творчасць Якуба Коласа). Мн., 1967;

Очерки по истории советской белорусской музыкальной культуры. 2 изд. Л., 1969 (разам з С.​Г.​Нісневіч);

Г.​Р.​Ширма: Очерк жизни и творчества. 2 изд. Л., 1971;

Музыкально-критические статьи. Л., 1984.

Г.​М.​Загародні.

т. 11, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДВА́Н Ян (?, Вільня — пасля 1591),

паэт-латыніст, адзін з заснавальнікаў жанру эпічна-гераічнай паэзіі ў ВКЛ. Паслядоўнік Вергілія сярод паэтаў Беларусі і Літвы ў 16 ст. Пач. адукацыю атрымаў у Вільні, вучыўся ў зах.-еўрап. ун-тах, дыплом атрымаў у Падуі. Падарожнічаў па Еўропе ў свіце Хадкевічаў, пазней служыў у ваяводы смаленскага Я.​Абрамовіча. Найб. значны твор — лацінамоўная паэма «Radivilas, sive de vita...», больш вядомая як «Радзівіліяда» (выд. ў 1588 разам з панегірычнымі творамі Абрамовіча, А.​Волана, Я.​Руцкага і інш. і вершамі самога Р.). Найлепшы ўзор польска-лац. спроб адаптацыі ант. паэзіі да мясц. умоў, прасякнута патрыятызмам, праслаўляе Радзіму і яе абаронцаў. У ёй і ў «Эпіталаме на вяселле Кр. Манівіда Дарагастайскага» (1590) пры апісанні прыроды і жывёльнага свету ВКЛ прасочваецца стылявое падабенства да паэзіі Міколы Гусоўскага. Шэраг панегірычных вершаў Р. надрукаваны разам з творам Гжэгаша з Жарнаўца «Абарона пасцілы евангельскай» (1591).

Літ.:

Кавалёў С.В. Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст. Мн., 1993.

А.​А.​Скеп ’ян.

т. 13, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́БІЯ (Rubbia) Карла (н. 31.3.1934, г. Гарыцыя, Італія),

італьянскі фізік. Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1975), Нац. АН ЗША (1987). Замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1984), Рас. АН (1988). Скончыў Пізанскі ун-т (1958). З 1961 у Еўрап. цэнтры ядз. даследаванняў у Жэневе (у 1989—93 ген. дырэктар), адначасова ў 1970—88 у Гарвардскім ун-це. Навук. працы па фізіцы высокіх энергій і элементарных часціц. Пад яго кіраўніцтвам эксперыментальна пацверджана існаванне нейтральных слабых токаў (1973), знойдзены пераносчыкі слабага ўзаемадзеяння — прамежкавыя вектарныя базоны (1983), адкрыты t-кварк (1984). Прапанаваў канцэпцыю бяспечнай вытв-сці ядз. энергіі з выкарыстаннем сучасных паскаральнікавых тэхналогій (1993). Нобелеўская прэмія 1984 (разам з С. ван дэр Мерам).

Тв.:

Рус. пер. — Обнаружение нейтральных слабых токов (разам з Д.​Клайнам, А.​Манам) // Успехи физ. наук. 1976. Т. 120, вып. 1;

Экспериментальное наблюдение промежуточных векторных бозонов W​+, W​− и Z° // Там жа. 1985. Т. 147, вып. 2.

М.​М.​Касцюковіч.

К.Рубія.

т. 13, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЙКО́ Іван Паўлавіч (н. 10.2.1948, в. Шэйкі Клецкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Акад. Нац. АН (2003) і Агр. АН Беларусі (1996, чл.-кар. 1992). Замежны чл. Рас. акадэміі с.-г. навук (2000). Д-р с.-г. н. (1987), праф. (1991). Засл. дз. нав. Беларусі (1998). Скончыў БСГА (1971). З 1975 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі (з 1996 дырэктар). Навук. працы па распрацоўцы і выкарыстанні біятэхнал. метадаў паскоранага развядзення высокакаштоўных генатыпаў і атрыманні высокапрадукц. гібрыдаў і кросаў; стварэнні селекцыйных статкаў высокапрадукц. с.-г. жывёл. Аўтар і кіраўнік прац па вывядзенні бел. мясной чорна-пярэстай пароды свіней; удзельнічаў у вывядзенні бел. чорна-пярэстай пароды буйн. раг. жывёлы.

Тв.:

Программа интенсификации свиноводства и рекомендации по ее реализации. М., 1989;

Биотехнология свиноводства. Мн., 1993 (разам з У.​С.​Смірновым, У.​В.​Горыным);

Свиноводство. Мн., 1998 (разам з У.​С.​Смірновым);

Система ведения молочного скотоводства Республики Беларусь. Мн., 2002 (у сааўт.).

І.П.Шайко.

т. 17, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА́ДЗЬЕЎ Віктар Захаравіч (н. 14.6.1942, г. Гродна),

эстонскі вучоны ў галіне тэарэт. кібернетыкі, стваральнік навук. школы па тэорыі аднародных структур. Д-р матэматыкі (1972). Акад. Рас. акадэміі прыродазнаўчых навук (1994), Міжнар. акадэміі наасферы (1994). Скончыў Тартускі ун-т (1966). З 1968 у н.-д. і праектных установах Таліна. З 1993 акад.-сакратар Балт. аддз. Міжнар. акадэміі наасферы. Навук. працы па матэматыцы, інфарматыцы, тэарэт. кібернетыцы і іх дастасаванні да інш. прыродазнаўчых і тэхн. навук. Распрацаваў матэм. тэорыю аднародных структур, вынікі якой пакладзены ў аснову новага раздзела тэарэт. кібернетыкі — тэорыі клетачных аўтаматаў. Аўтар манаграфій, падручнікаў і навуч. дапаможнікаў, выдадзеных у Эстоніі, Беларусі, Расіі, ЗША і інш. краінах.

Тв.:

К теории однородных структур. Таллин, 1972;

Основы информатики. М., 1998 (разам з Ю.​А.​Хунтам, М.​Л.​Шышаковым);

Однородные структуры: Теорет. и прикладные аспекты. Киев, 1990;

Решение математических, статистических и инженерно-физических задач. М., 2001 (разам з М.​А.​Багдзявічусам).

А.​І.​Болсун.

т. 18, кн. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)