КІМАНО́,

японскае нац. мужчынскае і жаночае адзенне; прама кроены халат, які захінаецца на правы бок і ўтрымліваецца поясам. Шырокія рукавы ўнізе мехападобна звісаюць. Узнік больш за тысячу гадоў назад. Дэталі ўпрыгожваюць вышыўкай, пазалотай, кветкавым арнаментам, які наносяць пэндзлем уручную. Жаночыя К. адрозніваюцца больш шырокім поясам (складзены ў бант на спіне) і доўгімі рукавамі, унутр. край якіх і падпахавая пройма застаюцца незашытыя. Бывае хатні, паўсядзённы, святочны і цырыманіяльны.

т. 8, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАКО́СМІЯ, мантбрэцыя (Crocosmia),

род кветкавых раслін сям. касачовых. 7 відаў. Пашыраны ў Паўд. Афрыцы. На Беларусі інтрадукаваны садовы гібрыд К. звычайная (C. crocosmiiflora) у Цэнтр. бат. садзе Нац. АН. Мае шмат сартоў (напр., Везувій, Ледзі Аксфорд).

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 60—100 см. Сцябло прамое, разгалінаванае. Лісце мечападобнае, у густых пучках. Кветкі аранжава-чырванаватыя, дыяметрам 3—5 см у верхавінкавым мяцёлчатым суквецці. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАНО́С (Максім) (? — ліст. 1648),

дзеяч укр. нац.-вызв. руху, адзін з паплечнікаў Б.Хмяльніцкага. Казацкі палкоўнік. У 1648 узначаліў сял. і казацкі рух на Брацлаўшчыне, Падоліі і Валыні, вызваліў ад польск. панавання ўсю Левабярэжную і ч. Правабярэжнай Украіны. Вызначыўся ў Корсуньскай бітве 1648, перамог польск. войскі ў бітвах каля Піляўцаў, Махноўкі і Канстанцінава, авалодаў львоўскай крэпасцю Высокі Замак. Памёр у час эпідэміі чумы пасля аблогі крэпасці Замосце.

т. 8, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ПЧАНКА (Генадзь Уладзіміравіч) (н. 16.6.1941, пас. Яленаўка Данецкай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Д-р тэхн. н. (1992). Скончыў Марыупальскі металург. ін-т (1963). З 1970 у Фіз.-тэхн. ін-це Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэрмічнай апрацоўцы металаў, гарачатрывалых і каразійнаўстойлівых матэрыялах, металазнаўстве каляровых і высакародных металаў і сплаваў.

Тв.:

Структура и свойства эвтектических композиционных материалов. Мн., 1986 (разам з Л.​М.​Несцяровічам).

т. 9, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ГА-АРХЕНЦІ́НА (Lago Aigentino),

Архенціна, возера ў Аргенціне, каля ўсх. падножжа Андаў, на выш. 187 м. Пл. 1400 км². Глыб. каля 300 м. Ледавіковага паходжання. Падпруджана марэнамі. На З да фіёрдападобных заліваў спускаюцца ледавікі. Упадае р. Леона (сцёк з воз. В’едма), выцякае р. Санта-Крус (упадае ў Атлантычны ак.). Зах. берагі возера ўваходзяць у нац. парк Лос-Гласьярэс, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 9, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НДШТАЙНЕР ((Landsteiner) Карл) (14.6.1868, Вена — 26.6.1943),

аўстрыйскі вучоны, адзін з заснавальнікаў імунагематалогіі. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Венскі ун-т (1891). З 1922 праф. паталогіі і бактэрыялогіі Ракфелераўскага ін-та ў Нью-Йорку. Навук. працы па імуналогіі і імунахіміі. Разам з Я.​Янскім адкрыў групы крыві чалавека (1900), з Э.​Поперам даказаў інфекц. прыроду поліяміэліту (1909), з А.​Вінерам выявіў рэзус-фактар (1940). Нобелеўская прэмія 1930.

т. 9, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНЦЮ́К (Людміла Аляксандраўна) (4.4.1931, г. Кыштым Чэлябінскай вобл., Расія — 6.8.1991),

бел. вучоны ў галіне гісталогіі. Д-р мед. н. (1982). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1955). З 1959 у Ін-це фізіялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па структурных асновах механізмаў нерв. рэгулявання функцый жаночай рэпрадуктыўнай сістэмы, метадах карэкцыі іх парушэнняў.

Тв.:

Функциональная морфология нервного аппарата яичников в онтогенезе. Мн., 1977;

Биологическая роль овариопексий. Мн., 1979.

т. 9, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ДЭРБЕРГ ((Lederberg) Джошуа) (н. 23.5.1925, г. Монтклэр, ЗША),

амерыканскі генетык і біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Калумбійскі (1944) і Іельскі (1947) ун-ты. У 1947—58 у Вісконсінскім ун-це, з 1959 праф. Станфардскага і адначасова з 1962 Каліфарнійскага (з 1978 рэктар) ун-таў. Навук. працы па генетыцы мікраарганізмаў. Адкрыў механізм генет. рэкамбінацыі ў бактэрый. Нобелеўская прэмія 1958 (разам з Дж.Бідлам і Э.Тэйтэмам).

Дж.Ледэрберг.

т. 9, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЕ́ТАПІС ПЕРЫЯДЫ́ЧНЫХ ВЫДА́ННЯЎ І ВЫДА́ННЯЎ, ЯКІЯ ПРАДАЎЖАЮЦЦА»,

дзяржаўны штогадовы бібліягр. паказальнік Беларусі. Выдаецца з 1925 у Мінску Нац. кніжнай палатай. Да 1995 уваходзіў у «Летапіс друку Беларусі». Складаецца з 2 частак: у 1-й рэгіструюцца часопісы, бюлетэні, навук. зборнікі; іх назвы размешчаны па алфавіце; 2-ю частку складаюць назвы газет, размешчаныя па тыпах выданняў, унутры — па алфавіце. Мае алфавітныя паказальнікі назваў і месцаў выдання.

А.​І.​Варанько.

т. 9, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙНАТ ((Minot) Джордж Рычардс) (2.12.1885, г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША — 25.2.1950),

амерыканскі гематолаг і патафізіёлаг. Чл. Нац. АН ЗША і Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Гарвардскі ун-т (1912), з 1928 праф. гэтага ун-та. Навук. працы па паталаг. фізіялогіі і клініцы анемічных станаў. Распрацаваў метад «пячоначнай тэрапіі» злаякаснага малакроўя, што прывяло да адкрыцця вітаміну B12. Нобелеўская прэмія 1934 (разам з У.Мёрфі і Дж.Уіплам).

Дж.Майнат.

т. 9, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)