ВЯРГІ́НЯ (Dahila),

род кветкавых раслін сям. астравых. 27 відаў. У дзікарослым стане пашыраны ў горных раёнах Мексікі, Гватэмалы, Калумбіі, у культуры — па ўсім зямным шары. На Беларусі культывуюць 2 віды: вяргіня культурная (Dahila cultorum) і вяргіня перыстая (Dahila pinnata), якія выкарыстоўваюць для рабатак, бардзюраў, групавых і адзіночных пасадак.

Шматгадовыя караняклубневыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым унутры пустым сцяблом выш. да 2 м. Лісце супраціўнае, непарнаперыстае, зрэдку суцэльнае, на чаранках. Кветкі двух тыпаў — язычковыя (рознай велічыні, формы і колеру, простыя і махрыстыя, размешчаны па краі) і трубчастыя (дробныя, жоўтыя або карычневыя, у цэнтры суквецця), сабраны ў прыгожыя паніклыя кошыкі 3—35 см у дыяметры. Плод — сямянка. Цвітуць з чэрвеня да замаразкаў. Размнажаюць чаранкамі, дзяленнем клубняў, насеннем. Вядомы шматлікія сарты вяргінь, атрыманыя пераважна гібрыдызацыяй (каля 8 тыс.). Клубні некаторых відаў ядомыя, багатыя крухмалам і інулінам. У калекцыі Цэнтр. бат. саду АН Беларусі больш за 600 сартоў розных селекцыйных груп — пампонавых, каўняровых, шарападобных, анемонападобных, кактусападобных, хрызантэмападобных і інш.; бел. селекцыянерамі выведзены сарты вяргінь: Браслаўскія азёры, Бусел, Вера Харужая, Дзед Талаш, Купальская ноч, Лявоніха, Янка Купала і інш.

Вяргіні.

т. 4, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬЦЫ́,

два роды рыб: Salvelinus і Noemacheilus. Гальцы Salvelinus — род прахадных і прэснаводных рыб сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. Каля 10 відаў. Пашыраны на ўзбярэжжы Еўразіі і Паўн. Амерыкі, у Ладажскім, Анежскім і альпійскіх азёрах, бас. воз. Байкал. Найб. вядомыя: галец арктычны (S. alpinus), паліі, кунджа (S. leucomaenis). 1 зах.-еўрап. від занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 88 см, маса да 15 кг. Ад ласосяў адрозніваюцца адсутнасцю зубоў на ручцы сашніка і цёмных плям на целе (за выключэннем амер. віду). Кормяцца рыбай і беспазваночнымі. Аб’екты промыслу.

Галец Noemacheilus — род рыб сям. ўюновых атр. карпападобных. Больш за 100 відаў. Пашыраны ў Сярэдняй і Паўн. Еўропе, Азіі, Афрыцы (1 від). Жывуць у невял. рэках, ручаях, у падземных водах, на выш. больш за 4000 м. На Беларусі трапляецца ва ўсіх рэках і ручаях галец звычайны (N. barbatulus). Нар. назвы аўдотка, аўдзюшка, сліж, сляпец, лежань і інш.

Даўж. да 25 см, маса да 100 г. Цела голае (адсюль назва) або ўкрытае дробнай луской. Афарбоўка бурая, карычнявата-шэрая з больш цёмнымі плямамі. Кормяцца беспазваночнымі, ікрой, водарасцямі.

т. 5, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАДЫЁЛУС, шпажнік (Gladiolus),

род кветкавых раслін сям. касачовых. Каля 300 відаў. Пашыраны ў Паўд. і Паўн. Афрыцы, Еўропе, Усх. Азіі. У Беларусі ўсюды зрэдку трапляецца гладыёлус чарапіцавы (G. imbricatus) і вельмі рэдка (у Белавежскай пушчы, наваколлях гарадоў Магілёў і Рагачоў) гладыёлус балотны (G. palustris). Растуць на вільготных лугах, лясных палянах, каля балот, у хмызняках. Гладыёлус чарапіцавы занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь, гладыёлус балотны лічыцца зніклым. У калекцыі Цэнтр. бат. саду Нац. АН Беларусі больш за 600 сартоў гладыёлуса гібрыднага (G. hybridus). У сусв. селекцыі — больш за 10 тыс. сартоў.

Шматгадовыя клубнецыбульныя прыгожаквітучыя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом выш. 20—220 см. Клубнецыбуліна круглаватая або пляскатая, з 2—3 плевачнымі ці валакністымі абалонкамі, якія штогод аднаўляюцца. Лісце лінейна-мечападобнае, зялёнае або блакітна-зялёнае. Кветкі лейкападобныя, разнастайнай афарбоўкі, у некат. відаў пахучыя, сабраныя па некалькі (ад 2—5 да 40) у адна- ці двухбаковае коласападобнае суквецце. Плод — 3-створкавая шматнасенная каробачка. Размнажаюцца вегетатыўна (клубнецыбулінамі і «дзеткамі») і насеннем. Выкарыстоўваюць на зразанне, нізкарослыя — для бардзюраў і груп.

Г.​У.​Вынаеу.

Гладыёлус: 1 — чарапіцавы; 2 — гібрыдны.

т. 5, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКА́ЗНІК,

участак прыроднай тэрыторыі, прызначаны для захавання і аднаўлення аднаго або некалькіх кампанентаў прыроды і падтрымання экалагічнага балансу; адзін з відаў асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў. На тэр. З. пастаянна або часова забаронены ці абмежаваны пэўныя віды гасп. дзейнасці, якія могуць пашкодзіць яго стану (узворванне зямель, асобныя віды лесакарыстання, палявання і рыбалоўства, касьба, выпас жывёлы, збор ягад, пладоў, кветак і інш.), у той жа час у З. могуць быць дазволены сан. высечка лесу, адлоў і адстрэл жывёл з навук. мэтамі, або для рэгулявання іх колькасці, лесапасадкі, рассяленне новых відаў жывёл, лесагасп. і інш. віды работ, турызм. Пл. З. ад некалькіх да сотняў тысяч гектараў, напр., Алма-ацінскі — 800 тыс. га (Казахстан), Верхнекандзенскі — 242 тыс. га і Кірзінскі — 120 тыс. га (Расія), Налібоцкі — 86 тыс. га (Беларусь).

На Беларусі (на 1.1.1998) створана 85 З. рэсп. значэння агульнай пл. 656 тыс. га і больш за 600 мясц. значэння. Асн. віды З.: ландшафтныя заказнікі, біялагічныя заказнікі, гідралагічныя заказнікі і палеанталагічныя. Першы З. — Белавежская пушча, створаны ў 1541 для аховы зуброў, з 1640 у ім забаронена высечка лесу.

т. 6, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЛЕ́Я (Lilium),

род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 90 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. Уведзены ў культуру да н.э. Больш за 2 тыс. сартоў. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. кучаравая. або царскія кучары, ці саранка (L. martagon, нар. назвы галубіныя званочкі, кульчыкі, рэхлікі), занесена ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў лісцевых, хвойных і хвойна-шыракалістых лясах. З інтрадукаваных відаў найб. вядомыя Л. беласнежная (L. candidum), шафранавая (L. croceum), даурская (L. pensylvanicum), леапардавая (L. pardalinum), царственная (L. regale) і інш.

Шматгадовыя травяністыя расліны. Цыбуліны з сакавітых незамкнёных лускавінак, яйцападобныя. Сцёблы прамыя, слаба галінастыя, апушаныя ці голыя. Лісце лінейнае, ланцэтнае, сядзячае, у кальчаках або чаргаванае. У некат. Л. у пазухах лісця ўтвараюцца паветраныя цыбулінкі-бульбачкі для вегетатыўнага размнажэння. Кветкі дыяметрам 13—15 см, правільныя, белыя, жоўтыя, чырв., аранжавыя, рознай формы (званочкавыя, зоркавыя, трубчастыя, лейка-, чалма- і чашападобныя), духмяныя або без паху, у гронках, зрэдку адзіночныя. Плод — каробачка. Дэкар., фарбавальныя, меданосныя, харч., лек. і эфіраносныя расліны.

Да арт. Лілея: 1 — агульны выгляд. Гібрыдныя сеянцы беларускай селекцыі: 2 — Голуб міру; 3 — Сонейка; 4 — Нарачанка; 5 — Цікавая.

т. 9, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЛЕЛІ́ЗМ (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач),

у біялогіі, паралельнае развіццё, парафілія, незалежнае развіццё падобных адзнак у эвалюцыі блізкароднасных груп арганізмаў. У выніку П. другасна набытае падабенства розных груп быццам бы накладваецца на іх падабенства, якое абумоўлена агульнасцю паходжання. Узнікае асобая катэгорыя падабенства органаў і розных відаўгамаялогія. П. пашыраны ў філагенезе розных груп арганізмаў. Напр., шляхам П., відаць, развіваліся прыстасаванні да воднага спосабу жыцця ў 3 лініях эвалюцыі ластаногіх (маржы, вушастыя і сапраўдныя цюлені); у розных груп кісцяпёрых рыб развіваліся прыкметы земнаводных; у некалькіх груп зверападобных паўзуноў (тэрапсід) — прыкметы млекакормячых. Прыкметы пакрытанасенных раслін незалежна і паралельна развіваліся ў розных лініях эвалюцыі іх продкаў — праангіяспермаў. Узнікненне П. звязана з захаваннем роднаснымі групамі арганізмаў пэўнай генет. супольнасці і падабенства працэсаў антагенезу і яго рэгуляцыі. У генафондах роднасных відаў заканамерна з’яўляюцца падобныя (гамалагічныя) мутацыі (закон гамалагічных радоў у спадчыннай зменлівасці, які ўстанавіў М.І.Вавілаў). П. тлумачыцца падобным напрамкам натуральнага адбору, які дзейнічае на групы продкаў, што разышліся першапачаткова (гл. Дывергенцыя). Часам П. вызначаюць як канвергенцыю блізкароднасных груп.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАСЦІНІСТАВУ́СЫЯ ЖУКІ́ (Scarabaeidae),

сямейства насякомых атр. цвердакрылых. 2 экалагічныя групы: гнаевікі і хрушчы. Каля 20 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, найб. разнастайныя ў тропіках. Да П. належаць бронзаўкі, гнаевікі, майскія хрушчы, хрушчы, хрушчыкі, васковікі, гнаевічкі, каранягрызы, шаўкоўкі і інш. Сярод П. шмат шкоднікаў сельскай і лясной гаспадаркі. Многія віды — апыляльнікі раслін, прыродныя санітары. На Беларусі каля 40 відаў.

Даўж. 0,2—15,5 см, на Беларусі — да 4,1 см. Цела шырокае, выпуклае. Вусікі 3—7-членікавыя, з пласціністай (адсюль назва), зрэдку конусападобнай булавой. Пярэднія ногі рыючыя, лапкі 5-членікавыя. У самцоў галава і пярэдняспінка часта з рагамі і бугаркамі. Канец брушка пераважна не пакрыты надкрыламі. Лічынкі мясістыя, белыя, С-падобна выгнутыя, з добра развітымі нагамі і вял. галавой; жывуць у глебе, гнілой драўніне, раслінных рэштках, мурашніках, норах грызуноў і інш.; кормяцца каранямі, рэшткамі раслін, гноем. Жукі кормяцца надземнымі ч., сокам, рэшткамі раслін, гноем, зрэдку трупамі, грыбамі, некат. не кормяцца. Многія віды нарыхтоўваюць корм для лічынак, закопваючы яго ў земляных норах.

А.​М.​Петрыкаў.

Пласцініставусыя жукі 1 — васковік паласаты; 2 — жук-насарог; 3 — калаед-карова; 4 — каранягрыз Камарова; 5 — алёнка; 6 — гнаевічок-калач.

т. 12, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

П’Я́ЎКІ (Hirudinea),

клас беспазваночных жывёл тыпу кольчатых чарвей. 2 падкл., 3 атр., 5 сям., каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у прэсных водах, некат. — у морах, на сушы (у вільготнай глебе). П. медыцынская (Hirudo medicinalis) выкарыстоўваецца пры гірудатэрапіі. П. могуць быць прамежкавымі, рэзервуарнымі і канчатковымі гаспадарамі розных паразітаў. На Беларусі больш за 10 відаў.

Даўж. ад 0,2 да 30 см. Цела плоскае, радзей цыліндрычнае, з 33 сегментаў. Афарбоўка чорная, карычневая, зеленаватая і інш. Вачэй 1—5 пар. 2 прысоскі. На пярэднім аддзеле кішэчніка сківіцы або хабаток. Драпежнікі (кормяцца дробнымі беспазваночнымі) і паразіты (кормяцца крывёю рыб, вадаплаўных птушак, млекакормячых). Слінныя залозы паразітычных П. выдзяляюць гірудзін, які перашкаджае згусанню крыві. Дыхаюць скурай. Гермафрадыты, развіццё без ператварэння. Корм для некат. рыб, хахулі.

Літ.:

Фауна СССР. Пиявки. Т. 1. Л., 1976;

Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;

Жизнь животных. Т. 1. 2 изд. М., 1987.

Ю.​Р.​Гігіняк.

П’яўкі: 1 — рыбіна; 2 — двухвокая; 3 — смаўжовая; 4 — ілжэконская (а — від знізу; б — від зверху); 5 — медыцынская (а — від зверху, б — від знізу).

т. 13, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НЧУР (ад англ. venture рызыкаваць, адважвацца),

заснаваны на рызыцы разлік, намер, накіраваны на выкарыстанне якіх-небудзь магчымасцей у пэўных карыслівых мэтах. Паняцце венчура выкарыстоўваецца ў эканоміцы. Венчурны бізнес — дробнае прадпрыемства доследнага тыпу, якому ўласціва большая, чым звычайна, ступень рызыкі; венчурны капітал — частка грашовых сродкаў, фондаў, якая ўкладваецца ў венчурнае прадпрыемства (фірму) — камерц. навук.-тэхн. арг-цыю, што спецыялізуецца на стварэнні, асваенні ў вытв-сці і ўкараненні новых відаў прадукцыі.

т. 4, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАФІ́ТЫ (ад антрапа... + ...фіт(ы)], расліны, якія не звязаны з прыродным развіццём мясц. флоры (у адрозненне ад апафітаў) і ўвайшлі ў яе ў выніку гасп. дзейнасці чалавека. Падзяляюцца на археафіты (віды, якія трапілі ў флору да канца 15 ст.) і кенафіты (ад пач. 16 ст. і да цяперашняга часу). Да археафітаў належыць большасць пустазелля, да кенафітаў — адвентыўныя расліны і інтрадукаваныя расліны. У флоры Беларусі антрапафітаў больш за 400 відаў.

т. 1, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)