БАРЫ́САЎСКІ ХРУСТАЛЁВЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1895 у г. Барысаў як шкляная гута. Вырабляў шкляны і хрусталёвы посуд, лямпавае шкло. У 1910 працавала 260 рабочых, лакамабіль і паравы кацёл. У час грамадз. вайны разбураны, адноўлены ў 1921 як шкляны з-д, з 1978 — Барысаўскі хрусталёвы завод. Асн. прадукцыя (1995): вырабы са шліфаванага свінцовага хрусталю, каляровага і бясколернага шкла (усяго каля 700 найменняў). Прадукцыя экспартуецца ў Рас. Федэрацыю, Украіну, Казахстан, Малдову, краіны Прыбалтыкі, ЗША, Вялікабрытанію, Германію, Фінляндыю і Швецыю.

т. 2, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ТА ((Botha) Луіс) (27.9.1862, г. Грэйтаўн, ПАР — 28.8.1919),

дзяржаўны дзеяч бурскай рэспублікі Трансвааль, потым Паўд. Афр. Саюза (ПАС). Генерал. У час англа-бурскай вайны 1899—1902 галоўнакамандуючы войскамі Трансвааля (з 1900). З 1907 прэм’ер-міністр Трансвааля, у 1910—19 — ПАС. Праводзіў палітыку нац. кампрамісу паміж брыт. і бурскім насельніцтвам. Садзейнічаў уступленню ПАС у 1-ю сусв. вайну на баку Антанты. Пры Боту было задушана паўстанне бурскіх нацыяналістаў пад кіраўніцтвам К.​Дэвета (1914), захоплена Паўд.-Зах. Афрыка (1914—15).

т. 3, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БПР (BPR),

першапачаткова ББПР (BBPR), творчы калектыў італьян. архітэктараў 20 ст. Назва ад першых літар прозвішчаў яго членаў: Дж.​Л.​Банфі (1910—45), Л.​Бельджаёза, Э.​Перэсуці, Э.​Н.​Роджэрс. Для творчасці БПР характэрна спалучэнне прынцыпаў рацыяналізму з індывід. выразнасцю пабудоў, імкненне да паэтычнасці агульнага выгляду з улікам нац. традыцый і гіст. асяроддзя (санаторый у Леньяна, 1937—38; помнік ахвярам вайны, 1948, і небаскроб Торэ Веласка, 1956—58, абодва ў Мілане).

Літ.:

Кацнельсон Р.А. Новейшая архитектура Италии. М., 1963.

т. 3, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ АКУЛЯ́РНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1892—1941 у Віцебску; першая ў Расіі ф-ка такога тыпу. Мела 10 імпартных машын-станкоў, паравую машыну (з 1910). У розны час выпускала акуляры, пенснэ, фіз., аптычныя і хірург. інструменты, павелічальнае шкло. Працавалі 125 рабочых, выпускалася прадукцыі на 115 тыс. руб. за год (1913).

У Вял. Айч. вайну ф-ка эвакуіравана ў г.п. Суксун Пермскай вобл. (Расія). Пасля вайны ў яе будынках размясціўся з-д быт. прылад (цяпер ВА «Электравымяральнік»).

т. 4, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРА ФЁДАРАЎНА (сапр. Аліса Вікторыя Алена Луіза Беатрыса; 25.5.1872 — 16.7.1918),

апошняя рас. імператрыца, жонка Мікалая II (з 1894). Дачка вял. герцага гесен-дармштацкага Людовіка IV. Была прыхільніцай неабмежаванага самадзяржаўя, узначальвала германафільскія групоўкі пры двары, бязмежна давярала авантурысту Р.Я.Распуціну, які выкарыстоўваў яе прыхільнасць пры вырашэнні важных паліт. пытанняў. У час 1-й сусв. вайны патранавала службу Чырв. Крыжа, была ў прыфрантавой зоне, на Зах. фронце, у т. л. ў Мінску і Магілёве. Расстраляна разам з царскай сям’ёй у Екацярынбургу.

т. 1, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕЛЬЯНЮ́К (Уладзімір Сцяпанавіч) (1917, г. Дно Пскоўскай вобл. — 26.5.1942),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1965). Напярэдадні вайны студэнт Камуніст. ін-та журналістыкі ў Мінску. З жн. 1941 у складзе Камароўскай падп. парт. групы г. Мінска. З пач. мая 1942 чл. Мінскага падп. гаркома КП(б)Б, заг. аддзела агітацыі і прапаганды, рэдактар падп. Выданняў, 1-га нумара падп. газ. «Звязда». Загінуў пры выкананні баявога задання.

У.С.Амельянюк.

т. 1, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДАМС ((Adams) Джон) (19.10.1735, Куінсі, штат Масачусетс, ЗША — 4.7.1826),

дзяржаўны дзеяч ЗША. У час Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 член 1-га і 2-га Кантынентальных кангрэсаў. Удзельнічаў у падпісанні Версальскага мірнага дагавора 1783. Першы пасланнік ЗША у Англіі (1785—88), пазней адзін з лідэраў партыі федэралістаў. У 1789—97 — віцэ-прэзідэнт, у 1797—1801 прэзідэнт ЗША. У час прэзідэнцтва Адамсам прыняты ў 1798 законы «Аб іншаземцах» і «Аб натуралізацыі» — супраць рэв. эміграцыі з Еўропы.

т. 1, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́БІКАЎ (Васіль Мікалаевіч) (17.1.1910, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. — 3.9.1992),

савецкі военачальнік. Ген.-лейт. авіяцыі (1954). Скончыў Ваен. акадэмію Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1929. Удзельнік нац.-рэв. вайны ў Іспаніі ў 1936—37: лётчык, камандзір звяна, атрада. Са снеж. 1937 камандзір авіяц. брыгады, ст. нам. інспектара ВПС Чырв. Арміі. З 1940 камандуючы ВПС арміі. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1942 камандуючы паветр. арміяй Далёкаўсх. фронту. Удзельнік разгрому японскай Квантунскай арміі ў 1945. Да 1961 у ВПС СССР.

т. 3, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ЛАШ (Аляксандр Іванавіч) (н. 6.3.1931, г.п. Градзіжск Палтаўскай вобл., Украіна),

украінскі кампазітар. Нар. арт. Украіны (1977). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1957). Сярод твораў: оперы «Гайдамакі» (1965), «Балада вайны» (1971), «Сцяганосцы» (1985); аперэты «Чыстая крыніца» (1975), «Легенда пра Кіеў» (1982), «Званы Расіі» (1983); вак.-сімф. і сімф. творы; 2 канцэрты для фп. з арк. (1982—83); хары; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар песень («Каліна ў жыце», «Два колеры», «Равеснікі»). Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1975.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЦКІ ЗА́МАК.

Існаваў 14—17 ст. ў сярэдневяковым г. Друцк (каля сучаснай в. Друцк Талачынскага р-на Віцебскай вобл.). Быў абнесены высокім валам і глыбокім ровам. Звесткі пра замак ёсць у дакументах за 1544, 1545 і 1549, у «Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі» (1578, 1581) А.​Гваньіні. Д.з. пастаянна пазначаўся на картах Еўропы за 1562, 1589, 1595 і 1613. Заняпаў, верагодна, у сярэдзіне 17 ст. У дакументах перыяду вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пра Д.з. не ўпамінаецца.

т. 6, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)