верхняе зімовае мужчынскае і жаночае адзенне з аўчын. Вядомы ў многіх народаў, асабліва ўсх. славян. У беларусаў шылі з нядубленых, пазней з вырабленых аўчын жоўта-карычневага, вохрыста-цаглянага, радзей белага колераў. Паводле крою былі прамыя, прыталеныя і з «вусам» (ушытым па баках ад таліі шырокім клінам; характэрныя для Палесся). Святочныя К. багата аздаблялі нашыўкамі паскаў белай або чорнай аўчыны воўнай наверх, паскамі і лапікамі сукна, тонкай скуры, плеценымі тасёмкамі, пярэстым шнурам, вышыўкай гладдзю. Сярод традыц. К. маст. афармленнем, дасканаласцю крою і шытва вылучаюцца мотальскія, калінкавіцкія, магілёўскія.
М.Ф.Раманюк.
Маладзіца ў мотальскім кажуху. Вёска Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 1970-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННЫЯ БА́БЫ,
старажытныя каменныя выявы чалавечых фігур, звязаныя з культам продкаў. Сустракаюцца пераважна ў стэпавай паласе Еўропы і Азіі, ад Прыкарпацця да Манголіі. Зроблены ў тэхніцы рэльефу, барэльефа, скульптуры, выш. 1—4 м. Вядомы К.б. бронзавага веку, скіфа-сармацкага часу ў Прычарнамор’і, у цюркамоўных народаў Азіі 4—9 ст. і насельніцтва ўсх. стэпаў ранняга сярэдневякоўя. На тэр. Беларусі вядома каля 10 К.б. 11—13 ст., якія былі завезены для ўпрыгожання паркаў у 18—19 ст. (верагодна, з Прыазоўя). Ва ўсіх фігур рукі складзены на жываце, у руках цыліндрычны кубачак.
Л.У.Дучыц, С.Я.Расадзін.
Каменныя бабы з Дзедзілава (1), Гомеля (2, 3), Крынак (4).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАПУ́СНІК»,
жартаўлівае гумарыстычнае парадыйнае тэатралізаванае прадстаўленне. Узнік у дарэв. Расіі. «К.» наладжвалі работнікі т-раў у час Вял. посту (назва ад традыц. поснага блюда — капусты ці пірага з капустай). У Пецярбургу найб. вядомы т. зв. «Варламаўскія К.» (вечары ў доме акцёра К.А.Варламава). У Маскве першыя «К.» ў выглядзе закрытых вечарын з пародыямі і жартамі арганізоўвала Т-ва мастацтва і л-ры. Пазней праводзіліся ў МХАТ (1902, 1903, 1908). У сав. час былі пашыраны як від маст. самадзейнасці. Форма вечароў «К.» захавалася да нашага часу ў вядучых бел. т-рах у дні свят, юбілеяў, а таксама як студэнцкія вечарыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КВАДРА́Т»,
бел.маст. аб’яднанне ў Віцебску ў 1987—94. Створана мастакамі розных відаў, жанраў і кірункаў мастацтва (А.Малей, М.Дундзін, А.Дасужаў, А.Слепаў, В.Чукін, В.Шылко, В.Шчасны, да 1990 — В.Міхайлоўскі, Т. і Ю. Рудэнкі) як альтэрнатыва афіц. плыні ў мастацтве (т. зв. сацрэалізму). За гал. канцэпцыю дзейнасці «К.» былі ўзяты ідэі К.Малевіча і аб’яднання «Сцвярджальнікі новага мастацтва», права на творчы эксперымент і самаст. погляд на праблемы мастацтва. Вял. увагу аддавалі адраджэнню духоўнасці, правядзенню маст. акцый і акцый-выставак («Эксперымент», прысвечаная 110-годдзю Малевіча, 1988, Віцебск, і інш.), у т. л. сумесных з мастакамі інш. краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРАСІ́РЫ (ням. Kürassier ад франц. cuirassier латнік),
воіны цяжкай кавалерыі армій еўрап. краін канца 16 — пач. 20 ст. (у Расіі ў 1731—1917), якія мелі ў якасці засцерагальнага ўзбраення кірасу (адсюль назва) і каску, былі ўзброены палашом, карабінам і пісталетам. Прызначаліся для нанясення ў баі вырашальнага ўдару, атакавалі звычайна ў самкнутым баявым парадку. У шэрагу выпадкаў складалі адборны кав. рэзерв.
Да арт.Кірасіры. 1. Радавы кірасірскага палка. 1732—42. 2. Обер-афіцэр Ваеннага ордэна кірасірскага палка. 1813—14. 3. Радавы Маларасійскага кірасірскага палка. 1844—45. 4. Радавы лейб-кірасірскага пскоўскага палка. 1856. 5. Обер-афіцэр лейб-гвардыі коннага палка. 1910.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РСУНЬСКАЯ БІ́ТВА 1648.
Адбылася 15—16 мая каля г. Корсунь (цяпер г. Корсунь-Шаўчэнкаўскі, Украіна) паміж укр. казакамі пад камандаваннем Б.Хмяльніцкага (15—17 тыс. казакоў і 4 тыс. крымскіх татар) і польск. войскамі пад камандаваннем гетманаў М.Патоцкага і М.Каліноўскага (20 тыс.чал.). Пасля паражэння польск. авангарда каля г. Жоўтыя Воды гал. сілы польск. войск занялі абарону пад Корсунем. 15 мая татары беспаспяхова атакавалі польск. абарончыя пазіцыі паміж Корсунем і Сцяблёвам. Хуткім і ўмелым манеўраваннем Хмяльніцкі прымусіў Патоцкага пакінуць пазіцыі і ісці праз лес, дзе яго чакаў у засадзе 6-тысячны атрад М.Крываноса. Польскія войскі былі акружаны і разгромлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ШЫЦ (Аляксандр Антонавіч) (12.9. 1875, с. Рамашкі Міронаўскага р-на Кіеўскай вобл. — 21.9.1944),
украінскі харавы дырыжор, муз. фалькларыст, педагог. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію. Вучыўся ў Муз.-драм. школе М.Лысенкі ў Кіеве. З 1913 выкладаў у Кіеўскай кансерваторыі. Кіраваў многімі хар. калектывамі. Адзін з заснавальнікаў (1917) Першага нац. хору (з 1919 Укр.рэсп. капэла). З 1919 за рубяжом. Запісаў і апрацаваў шмат рус., укр., і інш.нар. песень, у т. л.бел. «Лугам, лугам зеляненькім», «Там за садамі», «Ой, у садочку цвіла лілея» і інш., якія былі дасланы яму Р.Шырмам і ўваходзілі ў рэпертуар Дзярж.акад. харавой капэлы Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЗІС ЭКАНАМІ́ЧНЫ,
парушэнні ў працэсе развіцця эканомікі, што выяўляюцца ў спадзе вытв-сці, адноснай перавытворчасці, скарачэнні капітальных укладанняў, росце беспрацоўя, парушэннях у грашова-крэдытнай і валютна-фін. сферах, зніжэнні жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Першы К.э. адбыўся ў 1825 у Вялікабрытаніі, калі значнае развіццё атрымала машынная вытв-сць. К.э. 1857 лічыцца першым сусв. крызісам, бо ахапіў большасць краін Еўропы і Амерыкі. З прыблізна 10-гадовай перыядычнасцю К.э. паўтараліся ў 2-й палове 19 і 1-й трэці 20 ст.Найб. глыбокімі ў сусв. гісторыі былі К.э. 1900—03 (асабліва цяжка праходзіў у Расіі) і 1929—33. К.э. носяць часовы характар і перыядычна паўтараюцца ў сучаснай рыначнай эканоміцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКЕ́ВІЧ (Канстанцін Фадзеевіч) (1810, Вільня —1842),
бел. жывапісец і графік. Вучыўся ў Віленскім ун-це ў Я.Рустэма і Пецярбургскай АМ (1835—39). Вывучаў жыццё і побыт насельніцтва Віленшчыны і Гродзеншчыны. Стварыў шэраг жанравых кампазіцый: «Рускія салдаты ў вёсцы», «Прывал уланаў каля пераправы цераз раку» (абедзве 1830), «Карчма», «Яўрэйскія кантрабандысты ў ваколіцах Вільні» (да 1839). Аўтар графічных замалёвак «Гандляр шапкамі», «Букініст», «Карчма ў прадмесці», «Старызнік». У 1840 выдаў серыю літаграфій — сцэн з нар. жыцця («Вільня, год 1840»). Яго малюнкі былі змешчаны ў альбоме Я.Вільчынскага, выдадзенага ў Вільні.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАПА́ТЫ,
урочышча пад Мінскам, за 200 м на ПнЗ ад мікрараёна Зялёны Луг, на тэр. Бараўлянскага с/с Мінскага р-на; месца масавых расстрэлаў. У крас. — маі 1988 у лясным масіве К. былі знойдзены астанкі людзей. У чэрв. 1988 створана ўрадавая камісія, Пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа. У працэсе расследавання правяраліся 2 версіі. Паводле адной, тут да вайны супрацоўнікі НКУСБССР расстрэльвалі рэпрэсіраваных жыхароў рэспублікі, паводле другой, у К. ляжаць ахвяры фаш. генацыду. У ходзе расследавання знойдзены шкілетныя астанкі людзей, рэчы загінуўшых. Вядзенне крымінальнай справы працягваецца. На ўшанаванне памяці ахвяр у К. пастаўлены крыжы, камень, шчыты з надпісамі, мемар. пліта.