ФЯДЗЕ́ЦКІ (Fiadziecki) Канстанты (15.2.1815—3.6.1856),
польскі акцёр, антрэпрэнёр. Вучыўся ў Варшаўскай драм. школе Б.Кудліча. Працаваў у т-рах Варшавы, Кракава, Познані, Вільні. У 1848—50 у Мінску (трупа В.Драздоўскага). Першым выканаў на мінскай сцэне ролю Гараднічага («Рэвізор» М.Гогаля, 1849). У 1851 арганізаваў уласную трупу, з якой выступаў у Віцебску (1851—52), Магілёве і Гомелі (1852), Шклове (1852, 1853), а таксама ў Кіеве і Жытоміры. З 1853 як акцёр працаваў у трупах Камянца-Падольскага, Жытоміра.
Ю.А.Пашкін.
т. 16, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛЬНАЯ РА́ДА (ЦБШР),
бел. культурна-асветная арг-цыя ў 1919—20. Засн. ва ўмовах польскай акупацыі на базе Беларускай школьнай рады Меншчыны, а таксама рад Віленшчыны і Гродзеншчыны. Старшыня С.Рак-Міхайлоўскі, нам. В.Іваноўскі, А.Смоліч, чл. прэзідыума Л.Дзекуць-Малей, Я.Станкевіч (кіраўнік школьнага выд-ва), сакратар У.Чайка. Арганізоўвала бел. навуч. ўстановы і кіравала імі, стварала мясц. бел. школьныя рады, культ.-асв. гурткі і б-кі, выдавала падручнікі і навуч. дапаможнікі, распаўсюджвала бел. газеты і часопісы.
т. 17, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́МАН»
(«Homan»),
бел. грамадска.-паліт. і літ. газета нац.-дэмакр. адраджэнскага кірунку. Выдавалася з 15(28).2.1916 да канца 1918 у Вільні на бел. мове з дазволу акупац. герм. улад. Выходзіла 2 разы на тыдзень лацінкай і кірыліцай (з 1.9.1916). Рэдактары В.Ластоўскі і Я.Салавей (з сярэдзіны 1917). Выступала за нац.-культ. адзінства бел. народа, незалежную Бел. рэспубліку, якая магла б уваходзіць на канфедэратыўнай аснове ў адроджанае ВКЛ. Вітала звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі, асвятляла дзейнасць Дзярж. думы, друкавала інфармацыю з франтоў. Надрукавала шэраг артыкулаў, нарысаў, іншых матэрыялаў па гісторыі і культуры Беларусі. Упершыню апублікавала некат. творы Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, А.Гаруна, Ц.Гартнага, А.Гурло, а таксама даследаванні М.Нікіфароўскага, літ.-крытычныя нарысы А.Луцкевіча (пад. псеўд. А.Навіна).
У.М.Конан.
т. 5, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМАШКЕ́ВІЧ Раман Мацвеевіч (1904, в. Лебедзева Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 1937),
бел. жывапісец, графік, скульптар. Скончыў бел. гімназію і маст. студыю ў Вільні, Віцебскі маст. тэхнікум па класе скульптуры і жывапісны ф-т Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрняў у Маскве. Удзельнік 3-й Усебел. маст. выстаўкі (1930). У графічных і жывапісных работах адлюстроўваў побыт сялян, родную прыроду, а таксама сац.-рэв. тэматыку: «Даліна ракі Граматухі. Алтай», «Коннік на белым кані», «Белыя кветкі», «Галадоўка палітзняволеных у Лукішскай турме», «На этапе», «Паны забіраюць апошнюю карову», «Бойка з секвестратарамі», «Здзек паліцыі». Аўтар групавога партрэта М.Галадзеда, М.Гікалы і А.Александровіча, партрэтаў А.Грыневіча, В.Таўлая, Я.Купалы, Я.Коласа і інш. Выканаў скульпт. кампазіцыю «Юны змаганец».
Літ.:
Ліс А. Пякучай маланкі след. Мн., 1981.
А.С.Ліс.
т. 14, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ПУСКІ,
рознасць (дапушчальныя адхіленні) паміж найбольшымі і найменшымі гранічнымі значэннямі (памерамі) якога-небудзь параметра (геам., мех., фізіка-хім. і інш.).
У машынабудаванні прыпята сістэма Д. і пасадак, якая забяспечвае ўзаемазамяняльнасць дэталей і вузлоў, дазваляе ажыццяўляць злучэнні з рухомымі. нерухомымі і пераходнымі пасадкамі. Д. ўстанаўліваюцца на намінальныя памеры вала і адтуліны, а таксама дэталей іншых формаў (напр., абмежаваных 2 паралельнымі плоскасцямі). У сістэме адтуліны ніжняе гранічнае адхіленне памеру адтуліны роўна 0, а розныя пасадкі атрымліваюць зменай Д. вала; у сістэме вала верхняе гранічнае адхіленне памеру вала роўна 0, а розныя пасадкі атрымліваюць зменай Д. адтуліны. Д. рэгламентуюцца класамі дакладнасці. У будаўніцтве сістэма Д. вызначаецца будаўнічымі нормамі і правіламі.
т. 6, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́РАСЬ (ад грэч. hairesis, асобнае веравучэнне, школа, секта),
адыход ад афіц. царк. дактрыны па пытаннях дагматыкі, культу і арганізацыі. Ідэйнымі вытокамі Е. былі іудаізм і іудзейскае сектанцтва (эсены, эбіяніты, неаплатонікі), якія ўплывалі пазней на антытрынітарыяў, хіліястаў, арыян (гл. Хіліязм, Арыянства), а таксама язычніцтва і містыцызм у выглядзе гнастыцызму, маніхейства, ісіхазму і інш. На глебе незадаволенасці палітыкай Ватыкана ў 14—16 ст. узнік шэраг сял. рухаў, якія зліваліся з рэфармац. рухам (гл. Рэфармацыя).
На Беларусі ўсе Е. прыўнесены з-за мяжы: у 15 ст. гусізм; у 16 ст. рэліг.-рацыяналіст. вучэнне (Ф.Касой, Арцемій, М.Башкін), антытрынітарыі, атэісты (К.Бекеш, С.Лован), з 17 ст. сацыніяне.
А.А.Цітавец.
т. 6, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯ́ДКА Мікалай Сяргеевіч (н. 29.6.1952, г. Любань Мінскай вобл.). бел. дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1994). Скончыў Маскоўскі муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1975),
Літ. кансерваторыю (Вільнюс, 1985, клас Ю.Домаркаса). З 1979 дырыжор Нац. акад. т-ра оперы і балета Беларусі. Творчасці К. ўласцівы тонкае адчуванне муз. стыляў, рамантычная ўзнёсласць, эмацыянальнасць. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены балеты «Дон Кіхот» Л.Мінкуса (1979, 1989), «Па-дэ-катр» Ц.Пуні (1981), оперы «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага (1986), «Баль-маскарад» Дж.Вердзі (1988), «Медыум» Дж.К.Меноці (1989), «Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі (1992), «Воўк і сямёра казлянят» А.Уладзігерава (1984). Дырыжыраваў таксама шматлікімі інш. операмі.
Т.А.Дубкова.
т. 7, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЫ́ШКА»,
бел. нар. гульня. У гульні могуць удзельнічаць ад 5 да 15 чалавек, якія па дамоўленасці выбіраюць «маці» і «ката». «Кот» адыходзіць убок, а дзеці садзяцца і на калені кладуць рукі далонямі адна да адной. «Маці», заціснуўшы «М.» (манету, гузік, каменьчык) таксама паміж далонямі, абходзіць гуляючых і праводзіць сваімі рукамі паміж далонямі кожнага гульца, пакідаючы «М.» ў аднаго з іх, а потым кліча «ката», які павінен адгадаць, у каго «М.». Калі адгадае, той становіцца «катом», калі не, тады «кот» вяртаецца на сваё месца і пасля 3 спроб выбывае з гульні, а яго месца займае той, у каго апошняга была «М.».
Я.Р.Вількін.
т. 11, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАТГАРМО́Н, паратырын,
бялкова-пептыдны гармон парашчытападобных залоз чалавека і млекакормячых. Складаецца з 84 амінакіслотных астаткаў. Разам з кальцытанінам і вітамінам D рэгулюе абмен кальцыю і фосфару ў арганізме, паляпшае іх перанос праз біял. мембраны. Канцэнтрацыя П. ў крыві ад 0,1 да 0,5 мг/мл. Стымулюе ўтварэнне ў нырках кальцытрыёлу, які ўзмацняе ўсмоктванне кальцыю і фасфатаў у кішэчніку. Гамеастаз кальцыю і фосфару падтрымліваецца адэкватным паступленнем іх у арганізм, а таксама вітаміну D, нармальнай мінералізацыяй гал. назапашвальніка фасфатаў і кальцыю — шкілета. Лішак П. ў арганізме прыводзіць да разбурэння касцявой тканкі, недахоп — да зніжэння колькасці кальцыю ў крыві. Прэпараты П. выкарыстоўваюць у медыцыне.
А.А.Арцішэўскі.
т. 12, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВЕ́ДЧЫК,
асоба, якая займаецца разведвальнай дзейнасцю ў інтарэсах пэўнай дзяржавы (гл. Разведвальныя органы). У залежнасці ад формы развед. дзейнасці адрозніваюць: Р. галоснага складу (кадравыя супрацоўнікі разведкі, спец. падрыхтаваныя для аператыўнай работы, якія выкарыстоўваюць афіц. пасады ў развед. органах); Р. негалоснага складу (кадравыя супрацоўнікі разведкі, якія ажыццяўляюць развед. дзейнасць без раскрыцця сваёй прыналежнасці да органаў знешняй разведкі); Р. нелегалаў, у якасці якіх выкарыстоўваюцца спецыяльна падрыхтаваныя і накіраваныя за рубеж з развед. заданнем кадравыя супрацоўнікі разведкі або агенты (з мэтай маскіроўкі яны выдаюць сябе за інш. асоб); нелегаламі наз. таксама агентаў-іншаземцаў (пастаянныя жыхары пэўнай краіны, якія перайшлі на нелегальнае становішча).
В.А.Окунеў, А.А.Мініч.
т. 13, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)