НЬЮ́КАМЕН ((Newcomen) Томас) (28.2.1663, г. Дартмут, Вялікабрытанія — 7.8.1729),

англійскі вынаходнік, адзін са стваральнікаў цеплавога рухавіка. Каваль па прафесіі. Сумесна з лудзільшчыкам Дж.​Коўлі пабудаваў у 1705 паравую машыну для адпампоўвання вады ў шахтах, якая шырока выкарыстоўвалася ў 18 ст. Адным з першых рэалізаваў ідэю пераўтварэння цеплавой энергіі пары ў мех. работу.

Літ.:

Конфедератов И.Я. История теплоэнергетики: Начальный период (XVII—XVIII вв.). М.; Л., 1954.

т. 11, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РАНЫ, давераны,

асоба, якая афіцыйна ўпаўнаважана дзейнічаць ад чыйго-н. імя; у цывільным праве — адзін з дагаворных бакоў у дагаворы даручэння. У абавязкі П. ўваходзіць ажыццяўленне ад імя і за кошт другога боку (даверніка) пэўных юрыд. дзеянняў (напр., купля-продаж, кіраванне маёмасцю). П. можа быць дзеяздольны грамадзянін або юрыд. асоба. Дзеянні, што выконвае П., спараджаюць, змяняюць або спыняюць правы і абавязкі непасрэдна для даверніка.

т. 11, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІСА́ДНАЯ ТКА́НКА, слупкаватая тканка,

хларафіланосная тканка ліста, найб. прыстасаваная да выканання функцыі фотасінтэзу. Мае ​3/4—​4/5 усіх хларапластаў ліста. Доўгія восі падоўжаных клетак П.т. арыентаваны перпендыкулярна да паверхні ліста. Звычайна П.т. фарміруецца пад верхнім эпідэрмісам і мае адзін або некалькі слаёў клетак, часам утвараецца на верхняй і ніжняй паверхнях ліста, часам займае ўсю яго таўшчыню (трапляецца ў раслін сухіх і сонечных мясцін існавання).

т. 12, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ХЕЛЬБЕЛЬ ((Pachelbel) Іаган) (хрышчаны 1.9.1653, г. Нюрнберг, Германія — 3.3.1706),

нямецкі кампазітар, арганіст. Кіраўнік сярэднегерм. школы арганістаў, адзін з папярэднікаў І.​С.​Баха. Працаваў у Вене, Айзенаху, Эрфурце, Штутгарце, Гоце, Нюрнбергу. Асн. значэнне мелі яго творы для аргана і клавіра. Яму належаць таксама духоўныя кантаты і інш. творы.

Літ.:

Ливанова Т История западно-европейской музыки до 1789 г. М.; Л., 1940. С. 310—311, 319—320.

т. 12, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАВЫ́ПАС, празмерны выпас,

перагрузка кармавых угоддзяў выпасам жывёлы; адзін з фактараў негатыўнага ўздзеяння на раслінныя комплексы лугоў і пашы. Вядзе да дэградацыі і эрозіі глебы, зніжае прадукцыйнасць кармавых угоддзяў, разбурае біягеацэнозы. У выніку П. каштоўны травастой замяшчаецца пустазеллем, пагаршаюцца ўмовы ўзнаўлення папуляцый лугавой і балотнай дзічыны, са складу травяністых раслінных фармацый знікаюць каштоўныя харч., лек., дэкар., рэдкія і інш. расліны, значныя тэрыторыі выключаюцца з гасп. абароту.

т. 12, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

П’ЕР-СЕН-МАРТЭ́Н (Pierre-Saint-Martin),

карставы правал у сумежным раёне Францыі і Іспаніі, у Зах. Пірэнеях. Глыб. 1350 м (адзін з самых глыбокіх у свеце). Выпрацаваны ў вапняках. Складаецца з верт. натуральнай шахты (глыб. каля 350 м), некалькіх вял. залаў, размешчаных на розных узроўнях. Найб. значная — ніжняя зала (Верна). Агульная даўж. залаў, пераходаў і калодзежаў 32,6 км. Выяўлены ў 1950 франц. спелеолагам Ж.​Лепінё.

т. 12, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВЫ ВУ́ЗЕЛ,

спалучэнне прамысловых прадпрыемстваў, аб’яднаных паміж сабой цеснымі вытв. і вытв.-тэхнал. сувязямі, адзінай вытв. інфраструктурай, агульнасцю трансп., геагр. размяшчэння ў межах аднаго або некалькіх блізкіх адзін ад аднаго нас. пунктаў (гарадоў, гар. пасёлкаў і інш.). Таксама наз. група прадпрыемстваў галіны прам-сці, размешчаных на адной пляцоўцы, пабудаваных паводле адзінага плана і аб’яднаных агульнай інфраструктурай, часам узаемнымі вытв. сувязямі. Гл, таксама Канцэнтрацыя вытворчасці, Канцэрн.

т. 13, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫМАТАЛО́ГІЯ (ад прыматы + ...логія),

раздзел заалогіі, які вывучае прыматаў, іх анатомію, эмбрыялогію, фізіялогію, паходжанне, сістэматыку, распаўсюджванне і лад жыцця. Як навук. дысцыпліна аформілася ў 2-й пал. 1950-х г. (М.​Ф.​Нестурх, 1960). П. медыцынская — адзін з навук. кірункаў у эксперым. медыцыне, які вывучае паталогію чалавека ў доследах на малпах. Гл. таксама Антрапалогія.

Літ.:

Нестурх М.Ф. Приматология и антропогенез. М., 1960;

Фридман Э.П. Приматы. М., 1979.

т. 13, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАЛАМАРКІ́ЗМ (ад псіха... + ламаркізм),

адзін з кірункаў эвалюцыйнага вучэння, галіна неаламаркізму. Абапіраецца на асобныя палажэнні ламаркізму — прызнанне наследавання набытых прыкмет і адмаўленне формаўтваральнай ролі натуральнага адбору. Устанаўлівае крыніцу эвалюцыі ў свядомых актах волі арганізма (ням. вучоныя А.​Вагнер, А.​Паўлі і інш.). У адпаведнасці з П. жывёлы, іх органы і ч. органаў «усведамляюць», як рэагаваць на змены ўмоў асяроддзя. П. проціпастаўляецца дарвінізму.

А.​С.​Леапцюк.

т. 13, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЦЬ ПРЫ́НЦЫПАЎ МІ́РНАГА СУІСНАВА́ННЯ, панча шыла (на мове хіндзі — пяць прынцыпаў),

прынцыпы міжнародных адносін: узаемная павага тэр. цэласнасці і суверэнітэту, ненапад, неўмяшанне ва ўнутр. справы адзін аднаго, роўнасць і ўзаемныя выгады, мірнае суіснаванне. Упершыню сфармуляваны ў прэамбуле інд.-кіт. пагаднення 1954, паводле якога Індыя прызнала суверэнітэт Кітая над Тыбетам. У далейшым атрымалі развіццё ў рашэннях Бандунгскай канферэнцыі 1955. Зрабілі ўплыў на ідэалогію Недалучэння руху.

т. 13, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)