ПРОЦІЗЗЯ́ННЕ,
слабае свячэнне, якое назіраецца на начным небе ў месцы, дыяметральна процілеглым Сонцу. Абумоўлена рассеяннем сонечнага святла пылавымі часцінкамі міжпланетнага асяроддзя. Мае форму эліпса, вял. вось якога накіравана ўздоўж экліптыкі. Сярэднія вуглавыя памеры (6—8°) х (10—13°). Сярэдні кантраст над фонам начнога неба 10—12% (макс. — 20%). Форма, памеры і яркасць залежаць ад сонечнай актыўнасці. Найлепшыя ўмовы назірання вясной і восенню. Гл. таксама Задыякальнае святло.
т. 13, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМАТАЛО́ГІЯ (ад прыматы + ...логія),
раздзел заалогіі, які вывучае прыматаў, іх анатомію, эмбрыялогію, фізіялогію, паходжанне, сістэматыку, распаўсюджванне і лад жыцця. Як навук. дысцыпліна аформілася ў 2-й пал. 1950-х г. (М.Ф.Нестурх, 1960). П. медыцынская — адзін з навук. кірункаў у эксперым. медыцыне, які вывучае паталогію чалавека ў доследах на малпах. Гл. таксама Антрапалогія.
Літ.:
Нестурх М.Ф. Приматология и антропогенез. М., 1960;
Фридман Э.П. Приматы. М., 1979.
т. 13, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМА́ЦТВА,
шлюб, пры якім мужчыну прымалі ў дом і ў сям’ю жонкі і цесця, калі іх двор не меў свайго сына-наследніка. Пашыраная сац.-эканам. з’ява дарэв. побыту бел. сялянства. У прымы звычайна ішлі беззямельныя або тыя сыны, якім не ставала зямельнага надзелу. Прававое становішча зяця-прымака залежала ад галавы сям’і. Прымак мог стаць сапраўдным гаспадаром, калі яго брала да сябе ўдава, у якой не было сына.
т. 13, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭТЭ́НЗІЯ (ад позналац. praetensio дамаганне, патрабаванне),
1) дамаганне, заява на валоданне чым-н.
2) Заява крэдытора, пакупніка, заказчыка, кліента аб аплаце доўгу, кампенсацыі страт, устараненні выяўленых недахопаў, няспраўнасці ў набытым тавары або выкананай рабоце, заказе. Таксама патрабаванне крэдытора да даўжніка аб добраахвотным урэгуляванні спрэчкі, звязанай з парушэннем правоў крэдытора. Для пэўнай катэгорыі спрэчак у цывільным і гасп. праве прадугледжваецца дасудовы прэтэнзійны парадак іх урэгулявання.
т. 13, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛАМАРКІ́ЗМ (ад псіха... + ламаркізм),
адзін з кірункаў эвалюцыйнага вучэння, галіна неаламаркізму. Абапіраецца на асобныя палажэнні ламаркізму — прызнанне наследавання набытых прыкмет і адмаўленне формаўтваральнай ролі натуральнага адбору. Устанаўлівае крыніцу эвалюцыі ў свядомых актах волі арганізма (ням. вучоныя А.Вагнер, А.Паўлі і інш.). У адпаведнасці з П. жывёлы, іх органы і ч. органаў «усведамляюць», як рэагаваць на змены ўмоў асяроддзя. П. проціпастаўляецца дарвінізму.
А.С.Леапцюк.
т. 13, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАПАТЫ́Я (ад псіха... + грэч. pathos пакута, хвароба),
расстройства асобы, паталагічны стан псіхічнай дзейнасці чалавека. Анамаліі характару, якія вызначаюць псіхічнае аблічча індывідуума, выяўляюцца з дзяцінства, яскрава выражаны ў падлеткаў і захоўваюцца на працягу жыцця. Адрозніваюць П. ўзбудлівую, істэрычную, шызоідную і інш. формы. Праяўляецца дысгарманічнасцю эмацыянальна-валявых уласцівасцей асобы (празмерная раздражняльнасць, замкнёнасць, эгацэнтрызм і інш.), парушэннем прыстасавальнасці да навакольнага асяроддзя пры адносным захаванні інтэлекту.
У.А.Кульчыцкі.
т. 13, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАСТЭНІ́Я (ад псіха... + астэнія),
адно з псіхічных расстройстваў, якое займае прамежкавае становішча паміж псіхапатыяй і неўрозам. Для П. характэрна агульнае зніжэнне псіхічнага тонусу, адчуванне ўнутр. напружання, непаўнацэннасці і інш. Хворыя на П. часта астэнічнага целаскладу, з дыспластычнымі рысамі, нязграбныя; з дзіцячага ўзросту праяўляюць пужлівасць, страх перад цемрай і інш. Пасля таго, як мінаюцца складаныя ўнутр. хваляванні, псіхастэнікі здольны вырашаць свае праблемы, знаходзіць формы адаптацыі да рэальнага жыцця.
т. 13, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ЛЬВА,
рака ў Польшчы і Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., правы прыток р. Зах. Буг. Даўж. 54 км, у т. л. на Беларусі 42 км. Пл. вадазбору 535 км², у т. л. на Беларусі 457 км². Пачынаецца ў Польшчы, вусце за 2 км на Пд ад в. Ставы Камянецкага р-на. Цячэ па Прыбугскай раўніне, праз г. Высокае. 18 км рэчышча каналізавана. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм.
т. 13, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСКАВЫ́ РУХАВІ́К,
карбюратарны рухавік унутранага згарання для запуску гал. рухавікоў з запальваннем ад сціскання (дызеляў) на трактарах і машынах спец. прызначэння. Раскручвае вал дызеля праз рэдуктар да вуглавой скорасці, неабходнай для запальвання паліва ў рабочых цыліндрах, пасля чаго аўтаматычна адключаецца. Магутнасць да 15 кВт, частата вярчэння вала да 4000 аб/мін. На Беларусі П.р. (аднацыліндравыя, двухтактавыя, з аднаступеньчатым рэдуктарам і электрастартэрам) выпускае Гомельскі з-д пускавых рухавікоў.
т. 13, с. 128
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРКО́ЎСКІ МАНЕ́ТНЫ СКАРБ Знойдзены ў 1912 у в. Пяркі Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. Ухаваны ў 1653—54. Утрымліваў 1512 сярэбраных, білонных і медных манет, сярод якіх паўгрошы ВКЛ, грошы польскія, паўтаракі Рэчы Паспалітай. Ад інш. манетных скарбаў 17 ст. на тэр. Беларусі адрозніваецца вял. колькасцю торнераў Шатландыі (48 экз.). Трансільванскі драйпёлькер 1637 зберагаецца ў Эрмітажы, астатнія манеты перададзены для пераплаўкі ў Пецярбургскі манетны двор.
т. 13, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)