ЛУ́НДА, Мвата-Ямва,

дзяржаўнае ўтварэнне на тэр. сучасных Анголы, Замбіі і Дэмакр. Рэспублікі Конга ў канцы 16—2-й пал. 19 ст. Этн. ядро Л. — народнасць лунда (балунда). Складалася з шэрагу паўсамаст. абласцей, найб. важнай з якіх была Казембе. Значны ўплыў у дзяржаве меў савет знаці. З канца 17 ст. ўдзельнічала ў еўрап. гандлі рабамі. У канцы 18—19 ст. Л. заняпала і распалася на некалькі княстваў, якія ўвайшлі ў склад калан. уладанняў Бельгіі, Вялікабрытаніі і Партугаліі.

т. 9, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЮ́ІС ((Lewis) Гілберт Ньютан) (23.10. 1875, г. Уэймут, ЗША — 23.3.1946),

амерыканскі фізікахімік, заснавальнік навук. школы. Чл. Нац. АН ЗША (1913). Замежны ганаровы чл. АН СССР (1942). Скончыў Гарвардскі ун-т (1896). З 1912 праф. Каліфарнійскага ун-та ў Берклі. Навук. працы па хім. тэрмадынаміцы і тэорыі будовы рэчыва. Прапанаваў электронную тэорыю непалярнай хім. сувязі (1912—16), адну з сучасных тэорый кіслот і асноў (1923). Атрымаў цяжкую ваду (1933, разам з Р.​Макдональдам), вылучыў цяжкі ізатоп вадароду — дэйтэрый.

т. 9, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ БАН (247? — 195 да н.э.),

адзін з кіраўнікоў паўстання 209—206 да н.э. ў Кітаі, заснавальнік дынастыі Хань. Паходзіў з сялян. У 209 далучыўся да паўстання супраць дынастыі Цынь, якое ўзначаліў Чэнь Шэн, пасля яго гібелі (208) камандуючы паўстанцкай арміяй. У 207 заняў сталіцу імперыі г. Сяньян. У 206—202 змагаўся з другім кіраўніком паўстанцаў — Сян Юем. У 202 абвясціў сябе імператарам Гаацзу. Скасаваў жорсткія законы Цынь Шыхуандзі, паменшыў падаткі. Аднавіў практыку раздачы зямель сваім сваякам і паплечнікам.

т. 9, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГЕЛА́НАЎ ПРАЛІ́Ў.

Паміж мацерыком Паўд. Амерыка і архіпелагам Вогненная Зямля. Злучае Ціхі і Атлантычны акіяны. Даўж. 575 км, найменшая шыр. 2,2 км, глыб. да 1170 м, найменшая глыб. на фарватэры 19,8 м. Паўн.зах. частка вузкая, глыбокая са стромкімі, скалістымі берагамі, з якіх спускаюцца ў ваду ледавікі, паўн.-ўсх. — шырокая, мелкаводная з нізкімі берагамі лагуннага тыпу. Плаванне небяспечнае з-за моцных зах. вятроў, падводных скал і меляў. Гал. порт — Пунта-Арэнас (Чылі). Праліў адкрыты Ф.Магеланам у 1520.

т. 9, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.

Засн. ў 1923 у Магілёве як пед. тэхнікум. У 1956 да тэхнікума далучана Мінскае дашкольнае пед. вучылішча і ён атрымаў назву Магілёўскае дашкольнае пед. вучылішча. У 1974 вучылішчу прысвоена імя К.​Дз.​Ушынскага. З 1989 вышэйшае пед. вучылішча (каледж) імя Ушынскага. З 1992 сучасная назва. Спецыяльнасці (1998/99 навуч. г.): дашкольнае выхаванне, выкладанне ў пач. класах, выкладанне выяўл. мастацтва і чарчэння. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае, на дашкольным аддзяленні і завочнае.

т. 9, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАСТРЫКЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

магнітамяккія матэрыялы з дастаткова вял. эфектам магнітастрыкцыі. Да іх адносяць нікель і сплавы на яго аснове (напр., пермалой), жалезакобальтавыя (напр., пермендзюр) і жалеза-алюмініевыя (алфер) сплавы, а таксама злучэнні рэдказямельных элементаў, некаторыя ферыты і інш. Металічныя М.м. звычайна пракатваюць у стужкі таўшчынёй да 0,3 мм, з якіх штампуюць або навіваюць асяродкі, з ферытавых М.м. вырабляюць маналітныя асяродкі. Выкарыстоўваюцца як пераўтваральнікі эл.-магн. энергіі ў мех. і наадварот (напр., выпрамяняльнікі акустычных ваганняў, датчыкі ціску, радыёчастотныя фільтры).

т. 9, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДУЛЯ́ЦЫЯ у фізіцы,

змена ў часе па зададзеным законе параметраў, якія характарызуюць пэўны стацыянарны фіз. працэс. Выклікаецца знешнімі ўздзеяннямі, напр., М. гарманічнага вагання з мэтай унясення ў вагальны працэс пэўнай інфармацыі (гл. Мадуляцыя ваганняў). М. інтэнсіўнасці электроннага пучка ў кінескопе ў адпаведнасці з пададзеным на кіравальны электрод (мадулятар) відэасігналам дазваляе ўзнавіць на экране перададзены відарыс. М. электронных патокаў па скарасцях у клістроне прыводзіць да групавання электронаў у згусткі з наступным пераўтварэннем іх кінетычнай энергіі ў энергію ЗВЧ-ваганняў.

т. 9, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭ́РНА ((Maderna) Карла) (1556, Капалаго, каля г. Лугана, Швейцарыя — 30.1.1629),

італьянскі архітэктар; прадстаўнік стылю барока. Працаваў у Рыме (з 1588). Творы М. адметныя пышнасцю дэкору і прасторавай пабудовы інтэр’ераў: царква Санта-Сусана (1596—1603), палацца Матэа ды Джове (1606—16) і Барберыні (з 1625, завяршылі Л.​Берніні і Ф.​Бараміні). Кіраваў буд-вам сабора св. Пятра (з 1603), змяніў план Мікеланджэла — падоўжыў гал. неф і збудаваў гал. фасад.

К.Мадэрна. Фасад царквы Санта-Сусана ў Рыме. 1596—1603.

т. 9, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДО́ЎСКАЯ ВЕРХНЕПАЛЕАЛІТЫ́ЧНАЯ КУЛЬТУ́РА, сярэдне днястроўская культура,

археалагічная культура насельніцтва, што жыло ў бас. сярэдняга Днястра і р. Прут 30—10 тыс. г. назад. Назва ад шматслойных стаянак каля в. Маладова ў Чарнавіцкай вобл. Украіны. Насельніцтва займалася паляваннем на паўн. аленя, маманта, шарсцістага насарога і інш., збіральніцтвам. Жыло на стаянках у часовых буданападобных жытлах, вырабляла крамянёвыя вастрыі з краявой рэтушшу, скрабкі з двухбаковай апрацоўкаю, пласцінкі з прытупленым краем, касцяныя наканечнікі, дзяржанні, лашчылы, т.зв. «жэзлы начальнікаў».

А.​В.​Іоў.

т. 9, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́МАНТАВА ПЯЧО́РА (Mammoth Cave),

у заходніх перадгор’ях Апалачаў, у ЗША (штат Кентукі), каля г. Луісвіл; адна з буйнейшых карставых пячор свету. Складаная 5-ярусная сістэма поласцей у тоўшчы вапнякоў, якія залягаюць гарызантальна. Глыб. каля 300 м. Агульная даўж. поласцей 74 км, 225 праходаў, 47 высокіх купалаў, 23 глыбокія ямы (шахты). Падземныя рэкі звязаны з сістэмай р. Грын-Рывер. М.п. злучана з суседняй пячорай Флінт-Рыдж (іх агульная даўж. 500 км). Турызм. Нац. парк, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 10, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)