агульная назва шэрагу двухбаковых мірных дагавораў, якія разам з Раштацкім мірам 1714 завяршылі ў Еўропе вайну за іспанскую спадчыну. Падпісаны ў г. Утрэхт (Нідэрланды) у ходзе міжнар. кангрэса: 11 крас. — паміж Францыяй і яе праціўнікамі (Вялікабрытанія, Галандыя, Прусія, Савоя, Партугалія), 13 ліп. — паміж Іспаніяй і Вялікабрытаніяй, Іспаніяй і Савояй (пазней адпаведна 26.6.1714 і 6.2.1715 паміж Іспаніяй і Галандыяй, Іспаніяй і Партугаліяй). За Філіпам V Бурбонам прызнана права на Іспанію і яе заакіянскія ўладанні, пры ўмове адрачэння яго і яго нашчадкаў ад правоў на франц. карону. Іспанія страціла ўладу над Сіцыліяй, Манферата, ч. Міланскага герцагства (на карысць Савоі), ч. Верхняга Гелдэрна і інш. землямі (на карысць Прусіі). Францыя прызнала тытул «караля прускага» за курфюрстам Брандэнбурга. Найб. выгадныя ўмовы міру былі для Вялікабрытаніі, пад уладу якой ад Іспаніі перайшлі Гібралтар і порт Маон (в-аў Менорка), а ад Францыі — шэраг уладанняў у Паўн. Амерыцы (землі вакол Гудзонава заліва, в-аў Ньюфаўндленд і інш.). У.м. спрыяў зацвярджэнню гандл. і калан. панавання Вялікабрытаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЕ́ЙФІЦ Іосіф Яфімавіч (17.12.1905, Мінск — 25.5.1995),
расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар.арт.СССР (1964). Герой Сац. Працы (1975). Скончыў Ленінградскі тэхнікум экраннага мастацтва (1927). З 1928 на кінастудыі «Ленфільм». У 1930—50 здымаў фільмы з А.Р.Зархі: «Гарачыя дзянёчкі» (1935), «Дэпутат Балтыкі» (1937; гал. прыз Міжнар. выстаўкі ў Парыжы), «Член урада» (1940), «Яго імя Сухэ-Батар» (1942, сумесна з Манголіяй), «Разгром Японіі» (1945, дакумент.). Яго самаст. рэжысёрскія работы вызначаюцца мастацтвам выразнай дэталі, адухоўленасцю, увагай да акцёрскай індывідуальнасці, тонкай інтэрпрэтацыяй рус. класікі. Сярод фільмаў: «Вялікая сям’я» (1954), «Справа Румянцава» (1956), «Дарагі мой чалавек» (1958), «Дама з сабачкам» (1960; прыз Міжнар. кінафестывалю ў Кане, Францыя), «Салют, Марыя!» (1970), «Ася» (1978), «Упершыню замужам», «Адзіная» (абодва 1980; за апошні прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, Чэхія), «Шурачка» (1983), «Вандроўны аўтобус» (1990) і інш.Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́ДЖА (Hoxha) Энвер (16.10.1908, г. Гіракастра, Албанія — 11.4.1985),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Албаніі. У 1930—36 вучыўся ва ун-тах г. Манпелье (Францыя) і Брусель. З 1941 чл. кампартыі Албаніі (ΚΠΛ; з 1948 Албанская партыя працы, АПП), чл. яе ЦК, з 1943 ген. сакратар КПА. У 1942—45 чл. Прэзідыума, старшыня нац.-вызв. фронту Албаніі (са жн. 1945 — Дэмакр. фронт Албаніі, ДФА). У 1944—54 галоўнакамандуючы нац.-вызв. арміяй (з 1945 алб.Нар. армія), адначасова ў 1944—46 узначальваў Часовы дэмакр. ўрад, у 1944—53 міністр нац. абароны. У 1946—54 старшыня Савета міністраў і міністр замежных спраў (1946—53). У 1948—54 ген. сакратар, з ліп. 1954 1-ы сакратар ЦК АПП. Адмовіўся ўхваліць рашэнні XX і XXII з’ездаў КПСС па крытыцы культу асобы І.В.Сталіна. Ініцыятар разрыву адносін з СССР (1961) і знешнепаліт. пераарыентацыі краіны на Кітай. Аўтар успамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЬЕР (Thiers) Адольф (14.4.1797, г. Марсель, Францыя — 3.9.1877),
французскі дзярж. дзеяч, гісторык. Чл.Франц. акадэміі (з 1833). Па прафесіі адвакат. У час Ліпеньскай манархіі прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў. Быў арганізатарам жорсткага задушэння рэсп. паўстанняў 1834 у Ліёне, Парыжы і інш. Напярэдадні Лютаўскай рэвалюцыі 1848 перайшоў у апазіцыю да ўрада Гізо, падтрымліваў кандыдатуру Л.Банапарта (гл.Напалеон III) у прэзідэнты. Пасля банапартысцкага перавароту 1851 адышоў ад паліт. дзейнасці, з 1863 у памяркоўна-ліберальнай апазіцыі. Пасля рэвалюцыі 1870 у Францыі ў 1871 узначаліў выканаўчую ўладу Франц. рэспублікі; заключыў зневажальны для Францыі мірны дагавор з Прусіяй. У час Парыжскай камуны 1871 узначаліў версальцаў у барацьбе супраць камунараў. Са жн. 1871 прэзідэнт Трэцяй рэспублікі. З 1873 у адстаўцы. Ц. — адзін з заснавальнікаў новага кірунку ў гістарыяграфіі, які прызнаваў барацьбу класаў ключом да разумення ўсёй франц. гісторыі, але заканамернай лічыў толькі барацьбу паміж буржуазіяй і дваранствам. Аўтар «Гісторыі Французскай рэвалюцыі» (1823—27), «Гісторыі Консульства і Імперыі» (1845—69).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫЧЭ́РЫН Георгій Васілевіч (24.9.1872, в. Караул Інжавінскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 7.7.1936),
расійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Пляменнік Б.М.Чычэрына. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1896). З 1897 працаваў у Мін-ве замежных спраў. З 1904 удзельнічаў у с.-д. руху. У 1904—17 у эміграцыі (Германія, Францыя, Англія). У часы эміграцыі сакратар Цэнтр. бюро замежных груп рус. палітэмігрантаў. З 1905 чл.РСДРП, з 1906 прыхільнік меншавізму. У 1-ю сусв. вайну інтэрнацыяналіст. У студз. 1918 вярнуўся ў Расію. У 1918—30 нарком замежных спраў СССР (да 1922 РСФСР). У складзе сав. дэлегацыі падпісаў Брэсцкі мір 1918. Узначальваў сав. дэлегацыі на Генуэзскай канферэнцыі 1922, Лазанскай канферэнцыі 1922—23. Падпісаў Рапальскі дагавор 1922 з Германіяй і інш.Чл.ЦКВКП(б) у 1925—30. Аўтар прац па гісторыі рэв. руху, міжнар. адносін.
Тв.:
Статьи и речи по вопросам международной политики. М., 1961.
Літ.:
Зарницкий С.В., Сергеев А.Н. Чичерин. 2 изд. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАТАБРЫЯ́Н (Cháteaubriand) Франсуа Рэнэ дэ (4.9.1768, г. Сен-Мало, Францыя — 4.7.1848),
французскі пісьменнік, дзярж. дзеяч. Вучыўся ў калежах Доля і Рэна. З 1786 на ваен. службе, у 1792 выступіў на баку раялістаў, у 1793—1800 у эміграцыі (Вялікабрытанія). У перыяд Рэстаўрацыі займаў розныя дзярж. пасады. Літ. дзейнасць пачаў пасля 1830. Прадстаўнік рамантызму. У трактаце «Даследаванне аб рэвалюцыях» (1797) адмаўляў рэв. і дэмакр. ідэі; у «Геніі хрысціянства» (1802) выступіў апалагетам каталіцызму. Аўтар аповесцей «Атала, ці Каханне двух дзікуноў у пустыні» (1801), «Рэнэ, ці Вынікі страсцей» (1802), эпапей у прозе «Мучанікі» (1809), «Натчэзы» (1826) і інш.Філас. і літ.-эстэт. погляды абагульніў у аўтабіягр. «Замагільных запісках» (выд. 1848—50).
Тв.:
Рус.пер. — Рене: История последнего из Абенсераджей // Французская новелла XIX в. М.; Л., 1959. Т. 1;
Атала // Французская романтическая повесть. Л., 1982;
Гений христианства: [Фрагменты] // Эстетика раннего французского романтизма. М., 1982.
Літ.:
Моруа А. Литературные портреты: Пер. с фр.М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТОГАДО́ВАЯ ВАЙНА́ 1337—1453,
серыя войнаў паміж Англіяй і Францыяй. Традыцыйна падаецца як барацьба за карону Францыі паміж франц.Валуа і англ.Плантагенетамі, пазней Ланкастэрамі. Глыбіннай асновай канфлікту былі барацьба Англіі і Францыі вакол Гіені і Фландрыі, жаданне Англіі вярнуць Нармандыю, Мэн, Анжу і інш. страчаныя ўладанні Плантагенетаў. Першы этап вайны (1337—1360) быў паспяховы для англічан: у 1340 яны разбілі франц. флот каля Слёйса (Эклюза), у 1346 — франц. войскі каля Крэсі, у 1347 — узялі Кале; у 1356 сын караля Эдуарда III прынц Уэльскі Эдуард («Чорны прынц») перамог французаў у бітве каля Пуацье і ўзяў у палон франц. караля Іаана II Добрага. Ваен. дзеянні, шматлікія разбурэнні, павелічэнне падаткаў прывялі да Парыжскага паўстання 1357—58 і Жакерыі. Франц. ўрад быў вымушаны заключыць цяжкі мір у Брэціньі. На другім этапе С.в. (1369—96) новы кароль Францыі Карл V [1364—80] рэарганізаваў войска, узмацніў артылерыю і да канца свайго праўлення выцесніў англічан амаль з усёй тэр. Францыі. На трэцім этапе С.в. (1415—53), у час праўлення псіхічна хворага Карла VI [1380—1422], Францыя была аслаблена грамадз. вайной Бургундскага і Арлеанскага дамоў 1405—35 (т.зв. вайна бургіньёнаў і арманьякаў). Сітуацыю выкарыстаў англ. кароль Генрых V [1413—22], які высадзіўся ў Францыі і ў бітве пры Азенкуры 25.10.1415 разграміў франц. войска. У выніку шматлікіх перагавораў і міждынастычных шлюбаў у 1422 англічане і бургундцы прызналі каралём Англіі і Францыі немаўля Генрыха VI [1422—61 і 1470—71], рэгентам пры якім стаў англ. герцаг Бэдфард. Адначасова каралём Францыі абвясціў сябе і дафін Шарль, пад уладай якога заставаліся Цэнтр. і Паўд.Францыя. У 1428 англічане аблажылі г. Арлеан, з узяццем якога адкрываўся шлях англ. арміі на Пд Францыі. У гэты ж час пры франц. двары з’явілася Жанна д’Арк, якая ўзначаліла вызв. вайну франц. народа. У маі 1429 знята аблога з Арлеана, у ліп. Карл VII каранаваны франц. каронай. У выніку Араскага міру (21.9.1435) на бок франц. караля перайшоў герцаг Бургундскі. У 1436 вызвалены Парыж, да 1441 англічане страцілі Шампань, да 1450 — Нармандыю і Мэн, да 1453 — Гіень. На тэр. Францыі яны захавалі толькі Кале (да 1558). Мір паміж Людовікам XI і Эдуардам IV у Пікіньі 29.8.1475 паклаў канец дамаганням англічан на франц. карону. Аднак толькі пасля Ам’енскага мірнага дагавора 1802англ. каралі перасталі тытулаваць сябе і «каралямі Францыі».
Літ.:
Басовская Н.И. Столетняя война 1337—1453 гг.М., 1985;
Яе ж. Столетняя война: Леопард против лилии. М., 2002;
Перну Р., Клэн М.-В. Жанна д’Арк: Пер. с фр.М., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРА́НКА-ПРУ́СКАЯ ВАЙНА́ 1870—71,
вайна паміж Францыяй і Прусіяй, разам з якой выступілі дзяржавы Паўночнагерманскага саюза і Паўд. Германіі. Прусія імкнулася закончыць аб’яднанне Германіі пад сваёй гегемоніяй, захапіць ч.франц. тэрыторый, аслабіць Францыю і яе ўплыў у Еўропе. Напалеон III меў намер перашкодзіць ажыццяўленню планаў Прусіі і з дапамогай пераможнай вайны ўмацаваць рэжым Другой імперыі, які знаходзіўся ў глыбокім крызісе. Падставай да вайны стаў канфлікт з-за кандыдатуры прускага прынца Гогенцолерна (сваяка прус. караля Вільгельма I) на ісп. трон. 13.7.1870 О.Э.Л.Бісмарк справакаваў публікацыю зняважлівай для франц. ўрада т.зв. Эмскай дэпешы 1870, якая свядома скажала змест перагавораў франц. пасла з прус. каралём. 19.7.1870 Францыя аб’явіла вайну Прусіі. Дыпламатыя Бісмарка здолела забяспечыць выгадны для Прусіі нейтралітэт Аўстра-Венгрыі, Вялікабрытаніі, Італіі і Расіі. Францыя апынулася ў дыпламат. ізаляцыі, без саюзнікаў. Супраць франц. арміі (каля 500 тыс.чал., у т. л. дзеючая Рэйнская армія) Прусія пры падтрымцы інш.герм. дзяржаў мабілізавала больш за 1 млн.чал. У жн. пруская армія пад агульным кіраўніцтвам Г.К.Б.Мольтке Старэйшага атрымала шэраг перамог над франц. войскамі. Пасля паражэння 4—6.8.1870 у пагранічных бітвах 170-тысячная франц. армія маршала Базэна была блакіравана ў крэпасці Мец (27.10.1870 капітулявала). 1—2.9.1870 у бітве пры Седане герм. войскі разбілі 3-ю армію маршала Мак-Магона і ўзялі яе ў палон разам з Напалеонам III. Ваен. катастрофа Францыі стала штуршком да паўстання 4.9.1870 у Парыжы, у выніку якога ліквідавана імперыя і ўстаноўлена рэспубліка на чале з Часовым урадам. Пасля гэтага вайна для Прусіі з абарончай перарасла ў захопніцкую, а для Францыі набыла нац.-абарончы характар. Было акупіравана больш за 1/3 франц.тэр. з насельніцтвам больш за 10 млн.чал., акружаны Парыж. 18.1.1871 была абвешчана Германская імперыя. У Францыі разгарнуўся партыз. рух, у Парыжы створаны батальёны Нац. гвардыі, у правінцыі сфарміравана 600-тысячная армія добраахвотнікаў. Аднак урад сабатаваў гатоўнасць народа да актыўнай абароны і 28.1.1871 капітуляваў перад Прусіяй, падпісаўшы з ёю перамір’е. Пры актыўнай падтрымцы герм. войск была ліквідавана Парыжская камуна 1871. Ф.-п.в. скончылася падпісаннем Франкфурцкага міру 1871.
Літ.:
Шнеерсон Л.М. Франко-прусская война и Россия: Из истории рус.-прус. и рус.-фр. отношений в 1867—1871 гг.Мн., 1976;
Оболенская С.В. Франко-прусская война и общественное мнение Германии и России. М., 1977;
История войн. Ростов н/Д;
М., 1997. Т. 2. С. 468—476;
Ненахов Ю.Ю. Железом и кровью: Войны Германии XIX в. Мн.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬРА́С, Вальра (Walras) Мары Эспры Леон (16.12.1834, г. Эўрэ, Францыя — 5.1.1910), швейцарскі эканаміст, заснавальнік і буйнейшы прадстаўнік матэматычнай школы ў паліт. эканоміі. Праф. Лазанскага ун-та (1870—92). Родапачынальнік (з К.Менгерам і У.Джэвансам) гранічнай карыснасці тэорыі. Асн. твор — «Элементы чыстай палітычнай эканоміі» (ч. 1—2, 1883). Вальрас — стваральнік агульнай стат. мадэлі нар. гаспадаркі, вядомай пад назвай «сістэма агульнай эканамічнай раўнавагі», якая ахоплівала сферу вытв-сці, абмену, капіталу і грошай. У рэгуляванні працэсаў вытв-сці і спажывання адводзіў вял. ролю дзяржаве. У 1950—60-я г. мадэль Вальраса была пераўтворана сродкамі лінейнага праграмавання. Рацыянальны элемент яго мадэлі — пастаноўка экстрэмальнай задачы для нар. гаспадаркі (дасягненне макс. эфекту пры найменшых выдатках) і падыход да цэн як да састаўнога элемента пры адшуканні агульнага оптымуму. Ён лічыў, што «рэдкасць» таксама з’яўляецца элементам вартасці. Паслядоўнікі Вальраса — Г.Касель, А.Афтальён, І.Шумпетэр, В.Парэта.
Тв.:
Théorie mathématique de la richesse sociale. Lausanne, 1883;
Théorie de la monnaie. Paris, 1886;
Etude d’economie sociale, ou Théorie de la réparation de la richesse sociale. Lausanne;
Paris, 1896;
Etudes d’économie politique appliquée. Lausanne, 1896.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫЯ АБ’ЯДНА́ННІ,
блокі, зоны, саюзы краін, валюты якіх залежаць ад валюты дзяржаў, што стаяць на чале гэтых аб’яднанняў. Валютныя блокі пачалі ўзнікаць у час сусв.эканам. крызісу 1929—33. Асн. з іх: стэрлінгавы (створаны ў 1931 пасля адмены залатога стандарту ў Вялікабрытаніі, уключаў большасць краін Брытанскай імперыі і інш.), доларавы (узнік у 1933 пасля адмены залатога стандарту ў ЗША, уключаў Канаду і краіны Лац. Амерыкі), «залаты блок» (узнік у 1933, уключаў краіны, якія прытрымліваліся залатога стандарту: Францыя, Бельгія, Нідэрланды, Швейцарыя, Італія і Партугалія). Напярэдадні і ў час 2-й сусв. вайны Германія і Японія стварылі свае валютныя блокі, у якія былі ўключаны акупіраваныя імі краіны. Валютныя блокі былі важным сродкам выкарыстання замежных краін у якасці рынкаў збыту, крыніц сыравіны і сферы прыкладання капіталу. На месцы гэтых блокаў у 2-ю сусв. вайну і пасля яе ўзніклі валютныя зоны, сярод іх найб. буйныя стэрлінгавая, доларавая, зона франка. Створаны таксама валютныя саюзы: Заходне-Афрыканскі валютны саюз, валютны саюз Экватарыяльнай Афрыкі і Камеруна, Еўрапейскі валютны саюз.