форма агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі ва ўмовах сям’і. У старажытнасці і сярэдневякоўі (да станаўлення сістэм адукацыі) забяспечвала саслоўна-прафес. пераемнасць. Элементарным тыпам Д.а. можна лічыць перадачу ад бацькоў дзецям ведаў, прафес. вопыту, асноў светапогляду, у т. л.рэліг. выхаванне. У зах. краінах з сярэдзіны 1970-х г. Д.а. набыла новыя рысы ў межах пед. руху «flexíschooling» (гібкая адукацыя), паводле якога акрамя школы месцам адукацыі можа быць дом, музей, б-ка і інш.; бацькі разглядаюцца як актыўныя партнёры школы; не абавязковай лічыцца прысутнасць настаўніка ў навуч. працэсе; вучоба скіравана на выяўленне і развіццё здольнасцей вучня; магчымасці дома (выкарыстанне сучасных тэхн. сродкаў навучання) разглядаюцца як кампанент школьнай праграмы. «Flexischooling» спалучае Д.а. з навучаннем у школе. У Рас. імперыі ў 18—19 ст. Д.а. мела важнае значэнне для фарміравання сістэмы агульнай адукацыі. З узнікненнем ун-таў, гімназій і інш.навуч. устаноў была абавязковым этапам для таго, каб прадоўжыць навучанне або паступіць на вайсковую службу, паколькі давала неабходную падрыхтоўку (ад праграмы пач. школы да поўнага гімназічнага курса). Пасля 1917 Д.а. як сістэма спыніла існаванне. З 1960-х г. для кампенсацыі недахопаў дзярж. сістэмы сярэдняй адукацыі атрымалі распаўсюджанне спецыфічныя формы Д.а. (прыватныя ўрокі, сямейныя семінары, рэпетытарства). У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. развіццё некаторых формаў Д.а. разглядаецца як адзін з варыянтаў садзеяння індывідуалізацыі навучання, рацыянальным суадносінам дамашняй і школьнай падрыхтоўкі. Сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь прадугледжвае магчымасць самаст. атрымання грамадзянамі агульнай адукацыі з правам на дзярж. атэстацыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВО́Д-АЎТАМА́Т,
вытворчы комплекс, які аб’ядноўвае гібкія аўтаматызаваныя цэхі загатовачнай вытв-сці, апрацоўчыя і зборачныя цэхі, аўтаматызаваныя склады матэрыялаў, загатовак, камплектуючых вырабаў з дапамогай транспартна-накапляльнай сістэмы і аўтаматызаванай сістэмы кіравання (АСК) вытв-сцю; вышэйшая формагібкай аўтаматызаванай вытворчасці. Забяспечвае выпуск шырокай наменклатуры аднародных па канструкцыйных і тэхнал. параметрах вырабаў і безынерцыйны пераход на выпуск новай прадукцыі за кошт комплекснай аўтаматызацыі ўсіх асн. і дапаможных тэхнал. аперацый, праграмнай пераналадкі абсталявання, сістэм аўтаматызаванага праектавання (САПР) і кіравання вытв.-тэхнал. працэсамі.
Узаемадзеянне структурных элементаў З.-а. ажыццяўляецца сродкамі інтэграванай сістэмы кіравання на базе лакальнай вылічальнай сеткі, якая рэалізуе сумеснае выкананне функцый тэхн. і арганізац.-эканам. падрыхтоўкі вытв-сці, яе планаванне, аператыўнае кіраванне на базе інтэграцыі САПР, АСК міжцэхавага ўзроўню, АСКгібкімі вытворчымі модулямі, гібкімі аўтам. лініямі, участкамі, цэхамі, заводскімі складамі, робататэхнічнымі комплексамі і асобнымі адзінкамі спец.тэхнал. абсталявання. Інфарм. забеспячэнне структурных элементаў АСК З.-а. ўключае сродкі абмену канструктарска-тэхнал., планавай, справаздачнай і нарматыўна-даведачнай інфармацыяй, кіравальнымі праграмамі для станкоў з лікавым праграмным кіраваннем, данымі аб стане вытв-сці і абсталявання, камандамі і запытамі. Інтэграцыя структурных элементаў інтэграванай АСК З.-а. ажыццяўляецца сродкамі сістэмнага інтэрфейса на аснове адзінай інфарм. базы і уніфікаванага комплексу тэхн., праграмных сродкаў і пратаколаў абмену данымі. Шматузроўневы сістэмны інтэрфейс уключае сістэмныя інтэрфейсы заводскага, цэхавага ўзроўню, узроўню аўтаматызаваных участкаў і аўтам. ліній. У знешняе асяроддзе З.-а. ўваходзяць САПР, аўтаматыз. сістэмы навук. даследаванняў, што функцыянуюць у рамках навукова-вытворчых аб’яднанняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́ЦЫЯў біялогіі,
стан звязанасці асобных дыферэнцаваных ч. і функцый сістэмы, арганізма; мэтазгоднае аб’яднанне і каардынацыя дзеяння розных ч. цэласнай сістэмы, а таксама працэс, які вядзе да такога стану. У дачыненні да жывых арганізмаў прынцып І. сфармуляваў Г.Спенсер (1857). У жывых сістэмах І. можа адбывацца на розных узроўнях іх арганізацыі: малекулы, клеткі, арганізма, а таксама ў розных біял. сістэмах надарганізмавага ўзроўню — у папуляцыях, відах, біяцэнозах і інш. Механізмы І. розных узроўняў маюць сваю спецыфіку.
У біял. сістэмах з жорсткімі ўнутр. сувязямі звычайна ёсць спец. кампаненты, якія забяспечваюць І., напр., у дарослым арганізме вышэйшых жывёл — нерв., сасудзістая і эндакрынная сістэмы. Найб. вядомая форма І. працэсаў антагенезу — эмбрыянальная індукцыя І. папуляцый, відаў, што не маюць жорсткіх унутр. сувязей паміж складаючымі іх элементамі (асобінамі) абумоўлена палавым працэсам (у жывёл) і асаблівасцямі паводзін, якія спадчынна замацаваны і вызначаюць узаемаадносіны асобін. І. экасістэм ажыццяўляецца пры дапамозе патокаў арган. рэчыва, энергіі і інфармацыі. У цэлым ступень І. — вынік адаптыўнай эвалюцыі, яна адлюстроўвае ўзровень развіцця рэгуляцыйных механізмаў біял. сістэмы і можа разглядацца як адзін з крытэрыяў морфафізіял. прагрэсу. Механізмы І. ў дачыненні да біял. аб’ектаў даследуюцца тэорыяй сістэм і біякібернетыкай. І. ў фізіялогіі — функцыян. аб’яднанне асобных органаў, тканак, фізіял. механізмаў у складана каардынаваную прыстасавальную дзейнасць цэласнага арганізма для дасягнення карыснага для арганізма выніку. І. псіхічная — аб’яднанне розных псіхічных працэсаў у адно структурнае цэлае Вышэйшае праяўленне І. — мэтанакіраваны паводзінскі акт, які будуецца на аснове фізіял. і псіхічных фактараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́НАПІС,
старажытнае пісьмо, знакі якога складаліся з груп клінападобных рысачак. Рысачкі выціскаліся на паверхні кавалка мяккай гліны завостранымі палачкамі, якія ўваходзілі ў гліну пад вуглом і стваралі клінападобнае заглыбленне. Сырой гліне надавалася форма пліткі, конуса, цыліндра або прызмы, якія потым абпальваліся для захоўвання нанесеных знакаў. К. карысталіся народы Пярэдняй Азіі.
Узнік у 4-м тыс. да н.э. ў Шумеры, пазней быў прыстасаваны да вавілонскай, асірыйскай, хецкай, хурыцкай, эламскай, урарцкай і інш. моў. Паходжанне К. — ідэаграфічна-рэбуснае, з сярэдзіны 3-га тыс. да н.э. — славесна-складовае пісьмо. Клінападобныя знакі — вынік паступовай схематызацыі малюнкаў, з дапамогай якіх шумеры каля 3-га тыс. да н.э. пачалі графічна перадаваць назвы канкрэтных прадметаў і абстрактных паняццяў (гл.Ідэаграфічнае пісьмо). Першапачаткова клінапісная графіка налічвала каля 1000 абазначэнняў розных складоў і каля 20 тыс.ідэаграм і дэтэрмінантаў. Кліны размяшчаліся гарызантальна 𒀸, вертыкальна <SIGN>, пад рознымі вугламі <SIGN>, <SIGN>. Напрамак пісьма спачатку быў верт., слупкамі справа налева, пазней — радковы злева направа. К. праіснаваў каля 4 тыс. гадоў. Найб. познія яго помнікі разнастайныя па жанрах (рэліг. і навук. тэксты, дакументы, слоўнікі, эпас), адносяцца да 6—4 ст. да н.э. (Стараж. Персія). Стараж-перс. К., які меў толькі 41 складовы знак, расшыфраваў у 1802 ням. мовазнавец Г.Ф.Гротэфенд. Хецкія тэксты першы прачытаў чэш. філолаг Б.Грозны ў 1915.
Літ.:
Дьяконов И.М. Языки древней Передней Азии. М., 1967;
Фридрих И. История письма: Пер. с нем. М., 1979.
А.Я.Міхневіч.
Узор вавілона-асірыйскага клінапісу. Надпіс асірыйскага цара Тыглатпаласара I.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬМІНА́ЦЫЯ (ад лац. culmen вяршыня),
1) у літаратурным творы — найбольш напружаны момант у развіцці дзеяння, вырашальны, пераломны момант ва ўзаемаадносінах, сутыкненнях герояў або паміж героем і абставінамі. У К. раскрываецца вастрыня канфлікту, што рэалізуецца ў сюжэце твора. К. найлепш выяўляецца ў творах эпічных і драм. жанраў. Напр., у апавяданні Я.Коласа «Малады дубок» К. — сцэна прызнання Андрэя Плеха ляснічаму аб пакражы ў панскім лесе. У навеле К. звычайна перанесена бліжэй да фіналу, уяўляе сабой кантрастную сітуацыю ў адносінах да нечаканай развязкі; у рамане ці драме развязка пасля К. адбываецца паступова. У творах вял. формы кожная сюжэтная лінія мае сваю К.
2) У музыцы — момант найвышэйшага напружання ў муз. творы ці якой-н. адносна завершанай яго частцы. Прысутнічае ва ўсіх узроўнях формы музычнай (свае К. ўзнікаюць у фразе, сказе, перыядзе і інш.), і таму форма твора — сістэма кульмінацый. К. мелодыі ці ўсяго твора звычайна знаходзіцца паблізу ад пункта залатога сячэння (напр., гук ці група гукаў, якія ўтвараюць рэгістравую вяршыню ў 2-й пал. меладычнай пабудовы; працяглая кульмінацыйная зона ў санатнай форме на мяжы распрацоўкі і рэпрызы). Гал. (генеральная) К. ўтварае сэнсавы цэнтр твора перад прынцыповым завяршэннем формы. У арганізацыі К. могуць удзельнічаць усе муз.-выразныя сродкі: гукавышыннасць. гучнасная дынаміка, метрычныя акцэнты, ладавая няўстойлівасць, фактура, аркестроўка і інш. К. музычна-сцэн. твора фарміруецца ў адпаведнасці з агульнымі законамі драмы (гл.Драматургія музычная).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ШТВАў архітэктуры,
накладная, часам фігурная планка вакол аконнага ці дзвярнога праёма. У драўляным дойлідстве — адзін з элементаў аздаблення знадворнай часткі жылля і грамадскіх пабудоў. Найб. пашыраная форма Л. — прамавугольная з трохвугольным, лучковым або складанай канфігурацыі завяршэннем. Асн. сродкі аздобы: краявая і скразная разьба геам., расл. ці зааморфнага характару, прафіляваныя накладныя элементы, паліхромная афарбоўка.
На Беларусі Л. адметныя шматслойнай ажурнай разьбой расл. характару, шматпланавасцю кампазіцый завяршэнняў. Разьбяныя Л. вядомы з 11 ст. (фрагмент знойдзены пры раскопках Полацка). Па-мастацку дэкарыраваныя Л. рабілі пераважна ў гарадах і мястэчках. У 2-й пал. 19 ст. разнастайны дэкор Л. паявіўся і ў сял. жыллёвым буд-ве. Упрыгожаныя разьбой і пафарбаваныя Л. выкарыстоўваюць у сучасным нар. жыллёвым буд-ве. На Міншчыне, Гродзеншчыне, З Віцебшчыны пашыраны Л. з гладкімі прафіляванымі фігурна выпілаванымі з адной дошкі завяршэннямі, з дэкорам геам., зааморфнага ці расл. характару. У цэнтр. Палессі (Пінскі, Столінскі р-ны) завяршэнні аздабляюцца шматслойнымі прафіляванымі планкамі, точанымі элементамі. Разнастайнасцю і багаццем дэкору вызначаюцца Л. на У Гомельшчыны (гл.Веткаўская разьба). Іл.гл. таксама ў арт.Дэкор.
Літ.:
Беларуская народная архітэктурная разьба. Мн., 1958;
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973. С. 61—70;
Сахута Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;
Яго ж. Народное искусство и художественные промыслы Белоруссии. Мн., 1982;
Локотко А.И. Белорусское народное зодчество. Мн., 1991. С. 174—195.
Я.М.Сахута.
Ліштва жылога дома ў вёсцы Гусараўка Рагачоўскага раёна Гомельскай вобл. 1950-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР ІМЯ́ У.МАЯКО́ЎСКАГА Створаны ў 1922 як Маскоўскі т-р Рэвалюцыі. З 1943 наз. Маскоўскі т-р драмы, з 1954 сучасная назва. У 1922—24 т-р узначальваў У.Меерхольд (паст. «Даходнае месца» А.Астроўскага, «Возера Люль» А.Файко, абодва 1923). З сярэдзіны 1920-х г. спектаклі ставілі рэжысёры розных школ, сярод пастановак: «Рэха» У.Біль-Белацаркоўскага (1924), «Чалавек з партфелем» Файко (1928). У 1930—35 гал. рэжысёр А.Папоў, які паставіў «Мой сябар» М.Пагодзіна (1932), «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра (1935). У 1939 А.Лабанаў паставіў «Таню» А.Арбузава. У 1943—66 гал. рэжысёр М.Ахлопкаў, які паставіў спектаклі «Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева (1947), «Гамлет» У.Шэкспіра (1954), «Садоўнік і цень» Л.Лявонава (1957), «Медэя» Эўрыпіда (1961). З 1967 маст. кіраўнік А.Ганчароў, пастаноўкам якога ўласцівы яркая тэатр.форма, грамадз.-публіцыстычны пафас: «Дзеці Ванюшына» С.Найдзёнава (1969), «Трамвай «Жаданне» Т.Уільямса (1970), «Дзядзечкаў сон» паводле Ф.Дастаеўскага (1971), «Размовы з Сакратам» Э.Радзінскага (1975), «Бег» М.Булгакава (1978), «Заўтра была вайна» Б.Васільева (1985), «Захад» І.Бабеля (1988), «Гарбун» С.Мрожака (1992), «Ахвяра стагоддзя» паводле А.Астроўскага (1994) і інш. У розныя гады ў складзе трупы: М.Бабанава, Т.Васільева, Э.Вітарган, Ю.Глізер, Н.Гундарава, Т.Дароніна, А.Джыгарханян, Т.Карпава, І.Касталеўскі, А.Лазараў, Я.Лявонаў, С.Немаляева, Н.Русланава, У.Самойлаў, Я.Самойлаў, Б.Ценін, М.Штраўх і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РНАЕ СУІСНАВА́ННЕ,
тып узаемаадносін паміж дзяржавамі, які прадугледжвае ўзаемную адмову ад выкарыстання сілы і пагрозы сілай, недатыкальнасць дзярж. межаў, неўмяшанне ва ўнутр. справы, павагу да правоў і асн. свабод чалавека, раўнапраўе і правы народаў выбіраць шлях свайго развіцця, супрацоўніцтва паміж дзяржавамі на аснове ўзаемнай выгады, добрасумленнае выкананне абавязацельстваў па міжнар. праве. З’яўляецца формай суіснавання дзяржаў у пераходныя гіст. перыяды, калі ў некат. краінах адбываецца змена сац.-паліт. ладу грамадства. Паліт. сутнасць М.с. характарызуе паліт. кампраміс, у адпаведнасці з якім ажыццяўляюцца міждзярж. падыходы да міжнар. праблем (напр., агульная зацікаўленасць у развіцці эканам. і гандл. сувязей, паліт. кантактаў, абмежаванні гонкі ўзбраенняў, неабходнасць абароны ад агульнага ворага і г.д.) Гал. сэнс палітыкі М.с. — пошук і ўсталяванне балансу сумесных жыццёвых інтарэсаў дзяржаў. Бандунгская канферэнцыя 1955 абвясціла 5 прынцыпаў М.с. (хіндзі «панча шыла») як аснову Праграмы мірнага супрацоўніцтва дзяржаў Азіі і Афрыкі незалежна ад сац., эканам. і паліт. ладу. Аднак захоўваюцца асн.гіст. прычыны неабходнасці М.с. — імкненне народаў і дзяржаў да сцвярджэння свайго права на сац., цывілізацыйную і культ. своеасаблівасць. Існуе таксама пункт погляду, паводле якога М.с. разглядаецца як асаблівая форма класавай барацьбы пралетарыяту ў міжнар. адносінах, што вяліся шляхам мірнага спаборніцтва ў эканоміцы, палітыцы і інш. сферах грамадства, акрамя ідэалогіі, дзе кампрамісы і супрацоўніцтва паміж антаганістычнымі сістэмамі выключаліся. Міжнар.-прававы падмурак М.с. ў сучасных умовах складаюць Статут ААН, Дэкларацыя 1970 аб прынцыпах міжнар. права, Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе 1975 і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАКАНФУЦЫЯ́НСТВА,
кірунак у кітайскай філасофіі. Узнік у перыяд панавання дынастыі Сун (960—1279) на глебе аднаўлення традыц.канфуцыянства і яго тэарэт. абгрунтавання дуалістычнай касмагоніяй і філас. антрапалогіяй. Сфарміраваўся ў працэсе барацьбы з будыйскімі філас. школамі, значны ўплыў на яго зрабілі касмаганічныя тэорыі даасізму і погляды школы чань (японская дзэн). З 10 ст. ў канфуцыянстве, якое з канца эпохі Хань (206 да н.э. — 220 н.э.) абмяжоўвалася выключна тлумачэннем і каменціраваннем стараж. канфуцыянскіх тэкстаў, вырасла цікавасць да пытанняў анталогіі, натурфіласофіі і касмагоніі. Мысліцелі Чжоў Дуньі і Чжан Цзай пры разглядзе праблемы ўзнікнення сусвету схіляліся да матэрыяліст. іх вырашэння (вучэнне пра «ці» як першаматэрыю). Адначасова інш. мысліцелі (Чэн Хао і Чэн І) спрабавалі даць тэарэт. абгрунтаванне традыц. канфуцыянскай этыцы, заснаванае на прынцыпах дуалізму з выразнымі ідэаліст. тэндэнцыямі («лі» — розум, зразумелы як «агульны прынцып» рэчы, яе форма; «ці» — матэрыя, зразумелая як субстанцыя рэчы). Погляды папярэднікаў абагульніў і развіў Чжу Сі. Ён прызнаваў «лі» першасным, а «ці» другасным пачаткам, стварыў дуалістычную касмагонію панпсіхічнага толку (гл.Панпсіхізм) і заснаваў на ёй філас. антрапалогію, паводле якой спалучэнне «лі» і «ці» знаходзіць у чалавеку сваё поўнае ўвасабленне. Гэтую канцэпцыю ён зрабіў зыходным пунктам інтэрпрэтацыі канфуцыянскіх тэкстаў і стаў стваральнікам Н., якое было прынята як афіц. ідэалогія Кітайскай імперыі і захавала пануючае становішча ў філас. і грамадска-паліт. думцы Кітая да пач. 20 ст.
Літ.:
Древнекитайская философия: Собр. текстов. Т. 1—2. М., 1972—73;
Поршнева Е.Б. Религиозные движения позднесредневекового Китая: Пробл. идеологии. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЎГА́С, савецкая гаспадарка,
форма арганізацыі с.-г. вытв-сці, заснаваная на дзярж. уласнасці і сродках. У параўнанні з калгасам мае больш высокі ўзровень аграмаджвання — сродкі вытв-сці і прадукцыя, якую атрымліваюць С., належаць дзяржаве. Ствараецца паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб прадпрыемствах» (1990), Кодэкса аб зямлі і інш. заканадаўчых актаў. Дзейнічае на аснове статута прадпрыемства. На Беларусі, як і ў Расійскай Федэрацыі, С. з’явіліся з устанаўленнем сав. улады на базе канфіскаваных памешчыцкіх маёнткаў. У канцы 1927 было 247 С. з агульнай пл. 103,5 тыс.га; на іх долю прыпадала 1,3% вытв-сці с.-г. прадукцыі. У 1971 у БССР- былі 834 С., у т. л. 228 малочна-мясных, 292 мяса-малочныя, 161 малочна-агароднінны, 63 птушкагадоўчыя, інш. спецгаспадаркі. Найбольш С. было ў 1985—917. У іх працавала 11,9% усіх рабочых рэспублікі, яны займалі 3337 тыс.гас.-г. угоддзяў (35%), пастаўлялі каля 40% с.-г. прадукцыі. З пераходам у канцы 1980-х г. да рыначных адносін і шматукладнай эканомікі павялічылася роля вытворцаў недзярж. сектара і доля С. ў вытв-сці прадукцыі пачала зніжацца. За 1991—95 сярэднегадавое зніжэнне аб’ёму вытв-сці валавой прадукцыі ў С. склала 7,3%, узровень рэнтабельнасці скараціўся амаль у 5 разоў. З 1990-х г. С. пераведзены на поўны гасп. разлік, пашырана іх гасп. самастойнасць. На 1.1.2001 617 С., якія маюць 1861 тыс.гас.-г. угоддзяў. Мяркуецца, што да найб. стратных гаспадарак непазбежны радыкальныя меры — змена формаў уласнасці і гаспадарання і інш.