Рэспубліка Куба (República de Cuba), дзяржава ў Вест-Індыі. Размешчана на а-вах Куба (105 тыс.км²), Хувентуд (2,2 тыс.км²) і на суседніх дробных астраўках і рыфах. На ПдУ К., у раёне бухты Гуантанама — аднайменная ваен.-марская база ЗША. Пл. 110,9 тыс.км². Нас. 11 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Гавана. К. падзяляецца на 14 правінцый і спец. муніцыпію (в-аў Хувентуд). Нац. святы: Дзень вызвалення (1 студз.), Міжнар. дзень працоўных (1 Мая), Дзень нац. паўстання (26 ліп.), пачатак барацьбы за незалежнасць Кубы ад Іспаніі (10 кастр.).
Дзяржаўны лад. К. — сацыяліст. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1976 са зменамі і дапаўненнямі 1992. Вышэйшы орган дзярж. улады — аднапалатны парламент (Нац. асамблея нар. улады), які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў (у 1993—589 дэпутатаў). У перыяд паміж сесіямі функцыі ўлады ажыццяўляе Дзярж. савет (31 член выбіраецца на асамблеі з ліку яе дэпутатаў). Старшыня Дзяж. савета з’яўляецца кіраўніком дзяржавы і ўрада (Савета міністраў). Дзярж. савет і ўрад падсправаздачны Нац. асамблеі. У правінцыях і муніцыпіі мясц. ўладу ажыццяўляюць правінцыяльныя і муніцыпальная асамблеі.
Прырода. Большая ч. тэрыторыі занята раўнінамі. На ПдУ в-ва Куба горы Сьера-Маэстра (г. Туркіна, 1974 м). Невысокія горы ёсць у цэнтр. (да 1108 м) і зах. (да 692 м) ч. вострава. Пашыраны карст. К. багатая нікелевымі рудамі. Ёсць невял. запасы хромавых, медных, жал., марганцавых руд, нафты, золата і інш. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднемесячная т-ра на раўнінах у студз. каля 22 °C, у жн. каля 28 °C. Ападкаў за год 1400—1600 мм, найб. у гарах (да 2300 мм), найменш на ПдУ (900—800 мм). Дажджлівы сезон май—кастрычнік (80% гадавой сумы ападкаў). У жн.—кастр. бываюць ураганы. Рэкі кароткія, найб. — р. Каута (370 км). У раслінным і жывёльным свеце шмат эндэмікаў. Пад лесам 10% (пальмы, хвоі, эўкаліпты, чырвонае дрэва), ёсць участкі саваннаў, хмызнякі, на ўзбярэжжах мангравыя зараснікі. Для жывёльнага свету характэрна адсутнасць буйных жывёл. Запаведнікі: Эль-Каба, Купеяль і інш.; рэзерваты Сьенага-дэ-Сапата, Сьенагадэ-Ланьер.
Насельніцтва. 95% складаюць кубінцы — нацыя, якая склалася ад змяшання ісп. перасяленцаў з неграмі і ў невял. ступені з карэннымі жыхарамі — індзейцамі. Каля 66% — белыя, 12% — негры, 22% — мулаты і метысы. Жывуць таксама выхадцы з в-ва Гаіці, кітайцы, японцы і інш. Каля 90% вернікаў — католікі, ёсць пратэстанты і прыхільнікі розных афра-хрысц. сінкрэтычных культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 0,6%. Сярэдняя шчыльн. 99,2 чал. на 1 км². Найб.шчыльн. (да 300 чал. на 1 км²) у прав. Гавана, дзе жыве каля 25% насельніцтва К. У гарадах 76% насельніцтва. Найб. горад — Гавана, 2221 тыс.ж. (1994). Больш за 300 тыс.ж. у гарадах Сант’яга-дэ-Куба і Камагуэй. У прам-сці і гандлі занята 33% працоўных, у сельскай гаспадарцы — 20%, у абслуговых галінах і кіраванні — 30%.
Гісторыя. Да каланізацыі еўрапейцамі К. насялялі індзейцы сібанеі, таінас і інш. 28.10.1492 адкрыта Х.Калумбам. У 1510—11 заваявана іспанцамі, якія да сярэдзіны 16 ст. знішчылі мясц. індзейцаў. З пач. 18 ст. пачаўся хуткі рост г. Гавана, які ператварыўся ў адзін з буйнейшых гандл. партоў Карыбскага бас. З 2-й пал. 18 ст. асновай эканомікі К. сталавытв-сцьцукр. трыснягу, якая ў 1850 давала 1/3сусв. вытв-сці цукру і 89% кубінскага экспарту. Гэта спрыяла росту насельніцтва (150 тыс.чал. у 1763, 1,3 млн. ў 1860). Дробныя сял. гаспадаркі выцясняліся буйнымі плантацыямі, для працы на якіх толькі ў 1800—65 завезена больш за 400 тыс. неграў-рабоў (рабства скасавана ў 1886). 83% экспарту К. ішло ў ЗША, якія з 1860-х г. пачалі ўмешвацца ва ўнутр. справы К. Незадаволенасць ісп. панаваннем прывяла ў кастр. 1868 да паўстання кубінцаў, якое перарасло ў вайну за незалежнасць (1868—78). У крас. 1869 абвешчана 1-я Кубінская рэспубліка, але ў лют. 1878 б.ч. яе кіраўнікоў згадзілася на аднаўленне ўлады Іспаніі ў абмен на шырокую аўтаномію (т. зв. «Санхонскі пакт»). Аднак ісп. ўлады не стрымалі абяцання, 24.2.1895 кубінскія патрыёты на чале з Х.Марці ўзнялі новае паўстанне. Рэпрэсіі ісп.калан. улад супраць мірных жыхароў К. і выбух на амер. караблі «Мейн» каля Гаваны далі ўраду ЗША падставу абвясціць у крас. 1898 вайну Іспаніі (гл.Іспана-амерыканская вайна 1898) і акупіраваць К. У снеж. 1898 Іспанія прызнала незалежнасць К. Аднак амер. акупацыя яе працягвалася да 20.5.1902. Пад націскам ЗША у 1901 у канстытуцыю К. ўнесена т. зв. «папраўка Плата», якая дазваляла ім умешвацца ў яе ўнутр. і знешнія справы (адменена ў 1934). У 1903 ЗША навязалі кубінскаму прэзідэнту Т.Эстраду Пальму (1902—06) дагавор аб арэндзе бухты Гуантанама пад ваен. базу. Пры прэзідэнтах Х.М.Гомесе (1909—13), М.Менакалі (1913—21), А.Саясе (1921—25), Х.Мачада (1925—33), Ф.Батысце-і-Сальдывары (1940—44, 1952—58), Р.Грау Сан-Марціне (1944—48) і К.Прыо Сакарасе (1948—52) у органах дзярж. улады значныя памеры набыла карупцыя. Ключавыя пазіцыі ў эканоміцы К. займалі замежныя фірмы, пераважна з ЗША. Пасля звяржэння ў жн. 1933 дыктатуры Мачала праведзены шэраг дэмакр. рэформ, у 1940 прынята ліберальная канстытуцыя, але гэта не зменшыла сац. напружанасць у грамадстве, якая рэзка ўзмацнілася пасля ўсталявання ў сак. 1952 дыктатуры ген. Батысты.
У выніку Кубінскай рэвалюцыі 1959 да ўлады прыйшоў урад на чале з Ф.Кастра Русам, прэзідэнтам краіны стаў А.Дартыкос Тарада (1959—76). Быў распушчаны парламент, адменена дзейнасць канстытуцыі 1940, замест якой уведзены Асн. закон. 17.5.1959 прыняты закон аб агр. рэформе, летам і восенню 1960 без кампенсацыі нацыяналізавана маёмасць кампаній ЗША, у снеж. 1960 абвешчаны курс на пабудову сацыялізму. У адказ ЗША у студз. 1961 разарвалі дыпламат. адносіны з К., спынілі закупкі кубінскага цукру і ўвялі супраць яе эканам. санкцыі, садзейнічалі высадцы ўзбр. кубінскіх эмігрантаў у зал. Качынас (крас. 1961, разбіты ў раёне Плая-Хіран). У 1962 ЗША прымусілі Лігу амер. дзяржаў (ЛАД) пазбавіць К. членства ў гэтай арг-цыі і разарваць з ёй дыпламат. адносіны (не падпарадкавалася толькі Мексіка). У гэтых умовах К. пашырыла сувязі з СССР і інш.сацыяліст. краінамі (дагавор аб сав.-кубінскім эканам. супрацоўніцтве і пастаўках на К. сав. нафты падпісаны ў лют. 1960). Размяшчэнне сав. ракет на К. для яе абароны прывяло да Карыбскага крызісу 1962. У ліп. 1963 на базе аб’яднаных рэв. арг-цый створана Адзіная партыя сацыяліст. рэвалюцыі К. (з кастр. 1965 Камуністычная партыя Кубы, КПК). У 1960—70-я г. К. падтрымлівала шэраг рэв. рухаў у Лац. Амерыцы, яе войскі дапамагалі ўрадам Анголы (1976—90) і Эфіопіі (1977—78). На 1-м з’ездзе КПК (снеж. 1975) прынята канстытуцыя К. У кастр. 1976 адбыліся выбары ў 169 муніцыпальных асамблей, якія выбралі дэпутатаў Нац. асамблеі нар. улады (НАНУ), што выбрала Дзярж. савет (старшыня Кастра). З 1975 ЛАД спыніла эканам. санкцыі супраць К. З канца 1980-х г.СССР спыніў эканам. дапамогу К., што пагоршыла яе эканам. становішча. Пад націскам ЗША ў вер. 1991 СССР адклікаў з К. ўсіх ваен. і цывільных саветнікаў. У кастр. 1992 кангрэс ЗША прыняў т. зв. «закон Тарычэлі» па ўзмацненні рэжыму санкцый супраць К. У гэтых умовах 4-ы з’езд КПК у кастр. 1991 абвясціў шэраг рэформ. У ліп. 1992 прыняты папраўкі да канстытуцыі, паводле якіх 24.2.1993 адбыліся прамыя выбары ў НАНУ (Кастра зноў выбраны старшынёй Дзярж. савета). Пачалася і эканам. лібералізацыя: у ліп. 1993 скасавана забарона на валоданне валютай, у вер. 1993 дазволена прыватнапрадпрымальніцкая дзейнасць, актывізавана развіццё турызму. К. — член ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Палітычныя і грамадскія арганізацыі. Камуністычная партыя Кубы, Саюз маладых камуністаў Кубы, Прафс. цэнтр працоўных Кубы, К-ты абароны рэвалюцыі, Федэрацыя кубінскіх жанчын, Нац. асацыяцыя дробных земляробаў.
Гаспадарка. К. — аграрна-індустр. краіна. Валавы нац. прадукт на 1 чал. каля 1300 дол. за год. Прам-сць дае каля 43% нац. даходу, сельская і лясная гаспадаркі, рыбалоўства — каля 14%, гандаль — каля 30%, буд-ва — каля 8%. Аснова эканомікі — аграпрамысл. комплекс, які ўключае цукр.прам-сць і вырошчванне цукр. трыснягу. Дзярж. сектар ахоплівае ўсю прамысл.вытв-сць, буд-ва, гандаль, 98% транспарту, 80% зямельных угоддзяў. Слабая матэрыяльна-тэхн. база нар. гаспадаркі, нізкая яе эфектыўнасць, гандлёва-эканам. блакада ЗША, рэзкае скарачэнне гандлёва-эканам. сувязяў пасля распаду СССР прывялі да вельмі цяжкага эканам. становішча. У сельскай гаспадарцы назіраецца зніжэнне аб’ёмаў вытв-сці раслінаводчай і жывёлагадоўчай прадукцыі. 70% с.-r. прадукцыі даюць дзярж. гаспадаркі (нар. маёнткі). Плошча с.-г. угоддзяў каля 4,8 млн.га, у т. л. арашальных зямель 1 млн.га. Пад ворнымі землямі каля 3 млн.га, у т. л. пад цукр. трыснягом 1,5 млн.га, пад тытунём 70 тыс.га, пад цытрусавымі і інш. фруктамі 100 тыс.га, пад рысам 200 тыс.га, маніёкам, бататам і ямсам 100 тыс.га. Вырошчваюць таксама кукурузу, бульбу, бабовыя (пераважна фасолю), каву і какаву, алейныя культуры (у т. л. арахіс і алейная пальма), агародніну, бавоўнік, хенекен і кенаф. Штогод збіраюць каля 20—30 млн.тцукр. трыснягу, каля 0,5 млн.т рысу, каля 1 млн.т цытрусавых, каля 50 тыс.т тытуню. Жывёлагадоўля дае менш за 30% кошту с.-г. прадукцыі. У 1996 было 4,6 млн. галоў буйн. раг. жывёлы, 1,7 млн. свіней. Птушкагадоўля (каля 10 млн. курэй). Рыбалоўства (93,4 тыс.т, 1993) і промысел ракападобных. Вядучая галіна прамысловасці — перапрацоўка цукру. Працуе больш за 150 цукр. з-даў, 20 з іх выпускаюць рафінаваны цукар, астатнія — цукар-сырэц, які ідзе на экспарт. У 1980—90 выраблялася штогод 7—8 млн.т цукру-сырцу, потым вытв-сцьстала зніжацца, у 1995 атрымана 3,3 млн.т. На базе адходаў цукр. прам-сці створана вытв-сць кармоў, цэлюлозы, пластмас і паперы. Развіта горназдабыўная прам-сць, асабліва здабыча і абагачэнне нікелевых, медных, хромавых руд. Па здабычы нікелевай руды К. ў 1980—90 займала 3—4-е месца ў свеце (каля 36 тыс.т нікелю штогод), у 1995 здабыта (у пераліку на метал) 3,1 тыс.т, хромавай руды — 14 тыс.т, меднай — 2 тыс.т. Асн. раён здабычы — прав. Ар’ентэ. Здабываюць таксама каменную соль, буд. матэрыялы, цэм. сыравіну, нафту (каля 0,5 млн.т). Электраэнергетыка засн. на імпартнай нафце. У 1995 атрымана 10,1 млрд.кВт∙гадз (у 1990—14,7 млрд.кВт∙гадз.). Працуюць ЦЭС каля г. Гавана, Камагуэй, Сант’яга-дэ-Куба і інш., АЭС каля г. Сьенфуэгас. Харч.прам-сць прадстаўлена мукамольнай, мяса-малочнай, спіртагарэлачнай, піваварнай і вінаробчай галінамі, вытв-сцю алею, фруктовых і рыбных кансерваў, перапрацоўкай кавы і какавы. У Гаване 4 буйныя тытунёвыя ф-кі, 2 нафтаперапр. з-ды (Гавана і Сант’яга-дэ-Куба). Вытв-сць угнаенняў, штучных валокнаў, пластмас, гумава-тэхн. вырабаў і інш.; гал. цэнтры: Гавана, Пінар-дэль-Рыо, Матансас, Сьенфуэгас, Камагуэй. Лёгкая прам-сць прадстаўлена тэкст. і швейнай галінамі (Гавана, Альгін), вытв-сцю абутку (Гавана), канатаў і мяшкоў (Санта-Клара). Вытв-сць цэменту 1456 тыс.т. (1995, асн. з-ды каля Гаваны і Сант’яга-дэ-Кубы), панельнае домабудаванне, выпуск жалезабетонных вырабаў (Гавана). Прадпрыемствы машынабудавання выпускаюць с.-г. тэхніку (Альгін), дызельныя маторы (Сьенфуэгас), веласіпеды (Гавана, Кайбар’ен), гандл. і рыбалавецкія судны (Гавана, Кардэнас, Мансанільё). У Гаване металургічны камбінат. Асн. цэнтры каляровай металургіі ў Нікара, Моа. Есць прадпрыемствы дрэваапр., мэблевай, шкляной, цэлюлознапапяровай, фармацэўтычнай і інш. галін прам-сці. Больш за палавіну прамысл. прадпрыемстваў у Гаване. Развіваецца міжнар. турызм, які займае 1-е месца па валютных паступленнях (у 1995 К. наведала 750 тыс.чал., даход склаў 1 млрд.дол.). Развіты аўтамаб., чыг., марскі транспарт, Даўж. аўтадарог каля 35 тыс.км, у т. л. каля 15 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, чыгунак каля 5 тыс.км. Каля 0,5 млн. аўтамашын. Танаж гандл. флоту 1 млн. дэдвейт т (1991). Гал. парты: Гавана (60% грузаабароту), Сант’яга-дэ-Куба, Сьенфуэгас, Нуэвітас, Матансас. На К. 14 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л.міжнар. аэрапорт у Гаване. У 1995 экспарт склаў 1,6 млрд.дол., імпарт — 2,4 млрд. долараў. К. экспартуе цукар-сырэц, нікель, тытунь, каву, імпартуе нафту, разнастайныя харч. і прамысл. тавары. Гал.гандл. партнёры: Іспанія, Канада, Кітай, Расія, Мексіка. У 1996 Беларусь экспартавала на К. тавараў на 1,6 млн.дол., імпартавала на 27,2 млн. долараў. К. набывае на Беларусі с.-г. тэхніку і калійныя ўгнаенні, пастаўляе пераважна цукар-сырэц. Знешняя запазычанасць К. — 9,1 млрд.дол. (без даўгоў краінам Усх. Еўропы і б.СССР). Грашовая адзінка — кубінскае песа.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (сілы дзярж. бяспекі, пагран. войскі). Агульная колькасць 79 тыс.чал. (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — старшыня Дзярж. савета. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках 38 тыс.чал., на ўзбраенні каля 1,5 тыс. танкаў, 1,1 тыс. баявых машын пяхоты і бронетранспарцёраў, 1,6 тыс. пераносных зенітных ракетных комплексаў і пускавых установак зенітных кіроўных ракет, 1 тыс. мінамётаў, каля 700 гармат, якія буксіруюцца, 300 сістэм рэактыўнага залпавага агню і інш. У ВПС 10 тыс.чал., 130 баявых самалётаў і 45 баявых верталётаў. У ВМС 5 тыс.чал., у т. л. 550 чал. у марской пяхоце, 2 падводныя лодкі, 12 баявых караблёў, 30 дапаможных суднаў, 5 катэраў і інш. У ваенізаваных фарміраваннях 19 тыс.чал., у т. л. 15 тыс. у сілах дзярж. бяспекі і 4 тыс.чал. у пагран. войсках.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 72,8, жанчын 77,7 года. Смяротнасць — 7 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 134 чал., урачамі — 1 на 231 чал. Узровень нараджальнасці — 13 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,6%. Дзіцячая смяротнасць 9 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя дзіцячыя ўстановы (яслі і сады для дзяцей да 5 гадоў), 9-гадовую базавую (асноўную) і сярэднюю агульнаадук. школу, прафес.-тэхн., сярэднія спец. (для працуючай моладзі) і вышэйшыя навуч. ўстановы. Абавязковая базавая 9-гадовая школа для дзяцей ад 6 да 16 гадоў мае 2 ступені: 1-я — 6-гадовая пачатковая, 2-я — 3-гадовая няпоўная сярэдняя школа (7—9 кл.). Атрыманне базавай адукацыі дае права паступаць у сярэднія навуч. ўстановы. 3-я ступень агульнай адукацыі — 3-гадовая поўная сярэдняя агульнаадук. школа на базе асноўнай школы. Яе заканчэнне дае права паступаць у ВНУ. Асн. прынцып у рабоце агульнаадук. школы — працоўнае выхаванне і прафес. арыентацыя навучэнцаў. Прафес. падрыхтоўка вядзецца на базе асн. школы ў прафес.-тэхн. вучылішчах, політэхн.навуч. цэнтрах (рыхтуюць кваліфікаваных рабочых; тэрмін навучання 1—2 гады) і ў політэхн. ін-тах (тэхнікумах), рыхтуюць спецыялістаў з сярэдняй спец. адукацыяй; тэрмін навучання — 3—4 гады. У сістэме вышэйшай адукацыі 4 тыпы ВНУ: ун-ты, вышэйшыя політэхн. і спец. ін-ты, універсітэцкія цэнтры (маюць пераходны характар, на іх базе ствараюцца самастойныя ВНУ). Буйнейшыя ВНУ: Гаванскі ун-т (з 1728, рэарганізаваны ў 1960—62, 1976), ун-т Ар’ентэ (з 1947) у г. Сант’яга-дэ-Куба, Цэнтр.ун-т Лас-Вільяс (з 1953) у г. Санта-Клара, ун-тг. Камагуэй (з 1974), Вышэйшы політэхн.ін-т імя Хасэ А.Эчэверыі (з 1976) і інш. Буйнейшыя б-кі: Нац.б-ка «Хасэ Марці» (з 1901) у Гаване і б-ка Гаванскага ун-та (з 1728). Музеі: Нац. музей выяўл. мастацтва (з 1913), Музей Рэвалюцыі, Музей Х.Марці (з 1925), Антрапалагічны музей (з 1847), Музей Хемінгуэя і інш.Навук. даследаванні на К. праводзяць н.-д. цэнтры і ін-ты Акадэміі навук К. (з 1962), навук. т-вы, ун-ты. З 1902 працуе Нац. абсерваторыя.
Друк, радыё, тэлебачанне. Найб. значныя перыяд. выданні: штодзённыя газеты «Granma» («Гранма», з 1965), «Juventud Rebelde» («Паўстанцкая моладзь», з 1965). Выходзяць таксама правінцыяльныя газ. «Adelante» («Наперад», з 1959), «Vanguardia» («Авангард», з 1962) і інш.Інфарм. агенцтвы: Прэнса Лаціна (з 1959) і Нац. агенцтва інфармацыі. Радыёвяшчанне з 1914. Найбуйнейшыя радыёстанцыі: Радыё ліберасьён, Радыё прагрэса, Радыё Гавана-Куба, Радыё рэбельдэ і інш. Трансліруюцца перадачы для замежжа на англ., франц., араб. і інш. мовах. Тэлебачанне з 1950, працуюць 2 агульнанац. каналы. Радыё і тэлебачанне падпарадкаваны і кантралююцца Кубінскім ін-там радыёвяшчання.
Літаратура. Л-ра індзейцаў дакалумбавай эпохі не захавалася. У 1-й пал. 16 ст. на К. была пашырана місіянерская л-ра: падручнікі па евангелістыцы і этнагр. нарысы. У 16—18 ст. развівалася крэольская нар. паэзія, якая ўзнікла на аснове ісп.паэт. форм (апісальная паэма «Зярцала цярплівасці» С. дэ Бальбоа, 1608). З канца 18 ст. побач з духоўнай і свецкай паэзіяй развіваюцца жанры гіст. хронікі, літ.-філас. і паліт. публіцыстыкі. У пач. 19 ст. створана першае літ. аб’яднанне кубінскіх пісьменнікаў, удзельнікі якога (Ф.Варэла-і-Маралес, Х.А.Сака, Д. дэль Монтэ-і-Апонтэ і інш.) выступалі супраць схаластыкі і ўстарэлых літ. форм. Ідэі нац. самасвядомасці развіваліся ў асветніцкай публіцыстыцы Варэлы-і-Маралеса, вершах Х.М.Эрэдыі — пачынальніка кубінскага рамантызму. Прозе рамантыкаў 19 ст. Х.Гомес дэ Авельянеды, А.Суарэса-і-Рамера, С.Вільявердэ ўласціва бытаапісальнасць, т.зв.кастумбрызм. Прадвесцем мадэрнізму ў л-ры К. з’явілася творчасць Х.Марці (раман «Гібельнае каханне», паэт.зб-кі «Простыя вершы», «Верлібры», «Кветкі выгнання»). Пад уплывам антрапалагічных прац Ф.Ортыса аб афр. каранях кубінскай культуры ў канцы 1920-х г. развіваўся т.зв. «негрызм»: паэзія Н.Гільена, Э.Бальягаса, Х.С.Тальета і інш., проза Л.Кабрэры. На перакрыжаванні афра-кубінскай культуры і еўрап. авангарду знаходзілася творчасць А.Карпенцьера. У 1940—50-х г. асобнае месца займала творчасць Х.Лесамы Лімы, якая развівалася ў стылі літ. барока, а таксама А.Аўх’ера, што ўнёс у інтымную лірыку сац. матывы. ’Проза гэтага перыяду адзначана матывамі сац. крытыцызму (Ф.Піта Радрыгес, А.Х.Кардоса і інш.).
У 1959 створана грамадска-літ.арг-цыя Дом Амерык, у 1961 — Саюз пісьменнікаў і мастакоў К. Значнае месца пачала займаць героіка-рэв. тэматыка, якая стала асноўнай у творчасці празаікаў Х.Салера Пуіга, Л.Атэра Гансалеса, М.Кафіньё і інш., паэтаў М.Навара Луны, Э.Дыега, С.Віцьера і інш. У апошнія дзесяцігоддзі ў л-ру прыйшло новае пакаленне: Р.Фернандэс Рэтамар, Ф.Хаміс, Л.Марэ і інш., для якіх характэрны пошукі новых форм і маст. сродкаў, адэкватных рэчаіснасці. На бел. мове выдадзены асобныя творы Гільена, Дыега, Хаміса, Аўх’ера і інш. у перакладах Р.Барадуліна, А.Вярцінскага, Х.Жычкі і інш.
Архітэктура. У дакалумбійскі перыяд індзейцы будавалі каркасныя хаціны («боіо»), платформы на палях для захоўвання прадуктаў. З драўніны пальмы рабілі каркас, з кары і трыснягу — сцены, дах накрывалі пальмавым лісцем. Змацоўвалі пабудовы ліянамі. У працэсе ісп. каланізацыі (з канца 15 ст.) узніклі гарады (Гавана, Сант’яга-дэ-Куба, Трынідад і інш.) з магутнымі ўмацаваннямі, прамавугольнай сеткай вуліц, царквой, ратушай і асабнякамі знаці на цэнтр. плошчах. Для абароны ад піратаў будавалі крэпасці. Эканам. развіццё К. ў 18 ст. выклікала рост грамадз. архітэктуры ў стылі мудэхар. Пад уплывам ісп. і мекс. дойлідства барока склаліся тыпы кубінскага мураванага жылога дома (1—2-павярховага, з унутр. дваром-паціо, беленымі і фарбаванымі сценамі, аддзелкай з каляровай глазураванай пліткі, драўлянымі і метал. рашоткамі на вокнах і балконах) і царквы [1-нефавай, з 1—2 прамавугольнымі вежамі, столлю з кесонамі (артэсанада) ці скляпеннем]. Фасады аздаблялі калонамі, аркамі, каляровымі вітражамі. У канцы 18 — пач. 19 ст. створаны арх. ансамблі гал. плошчаў у Гаване і Трынідадзе. Нац. адметнасць кубінскага барока абумоўлена трапічным кліматам і выкарыстаннем мясц. порыстага каменю-ракушачніку з яго багатымі святлоценявымі эфектамі, мяккімі абрысамі. З пач. 20 ст. ў Гаване будавалі шматпавярховыя дамы ў духу эклектыкі і ў стылі мадэрн, у 1920—30-я г. — у стылі сучаснай еўрап. і амер. архітэктуры (арх. Э.Радрыгес Кастэльс). У 1940—50-я г.арх. А.Кінтана, А.Радрыгес Пічарда, А.Капабланка стваралі пабудовы з маналітнага жалезабетону ў духу функцыяналізму (гасцініцы, курортныя комплексы), адметныя навізной аб’ёмнай і планіровачнай кампазіцый, трапным выкарыстаннем колеру. У 1950-я г. на месцы трушчоб выраслі добраўпарадкаваныя раёны з жалезабетоннымі дамамі (жылы масіў Гавана-дэль-Эстэ ў Гаване, арх. Р.Каранса і інш.), гандл. і культ. цэнтрамі (Універсітэцкі гарадок, Школа мастацтва). У 1960—80-я г. ўзмацніліся індустрыялізацыя і тыпізацыя гар.буд-ва, шырока выкарыстоўваецца зборны і маналітны жалезабетон (арх. Х.Рэбельён, Р.М.Франка, Ф.Салінас, Р.Пора). Архітэктура вылучаецца манум. характарам, у ёй спалучэнне тыпавых секцый, характэрныя для К. галерэі, лоджыі, адкрытыя лесвіцы, балконы, казыркі, багацце колеравых вырашэнняў. У 1916 засн. Калегія архітэктараў Гаваны.
Выяўленчае мастацтва. Стараж. мастацтва індзейцаў прадстаўлена пячорнымі размалёўкамі, размаляванымі пасудзінамі, статуэткамі людзей і жывёл, каменнымі і драўлянымі ідаламі («семі»). Першыя помнікі выяўл. мастацтва К. — царк. драўляная скульптура і жывапіс, алтарная разьба 18 ст. У канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам ісп. мастацтва сфарміраваліся гравюра (Ф.Х.Баэс — рэліг. эстампы, ілюстрацыі) і жывапіс (рэліг. карціны Х.Н. дэ ла Эскалеры, рэаліст. партрэты В.Эскавара, класіцыстычныя гіст. карціны Х.Б.Вермая). У 1818 у Гаване засн.АМ Сан-Алехандра. У 1-й пал. 19 ст. пашырыўся кастумбрызм, у 2-й пал. пераважалі акад. і рамант. традыцыі ў пейзажы (Ф.Сіснерас, В.Санс Карта) і гіст. жывапісе (М.Мелера). Пач. 20 ст. — уздым нац.-патрыятычнай тэматыкі. Развіваліся гіст. і батальная карціна (А.Менакаль), рэаліст. жанравы жывапіс (Л.Раманьяч, Р.Лой) і скульптура (Х.Х.Сікрэ). У 1920—30-я г. на мастацтва К. ўплывалі мексіканскае мастацтва, традыцыі кастумбрызму, еўрап.маст. кірункаў (жывапісцы Э.Авела, А.Гаторна, К.Бермудэс, М.Карэньё, скульптар Д.Равенет і інш.). У 1940—50-я г. пашырыліся абстрактнае мастацтва і сюррэалізм (В.Лам і інш.). Пасля 1959 пераважае рэв. і паліт.-агітацыйная тэматыка, што паўплывала на інтэнсіўнае развіццё графікі, асабліва плаката (К.Гансалес, Р.Кінтана, Р.Партакарэра і інш.). Сярод жывапісцаў: С.Кабрэра Марэна, О.Янес, А.Бенітэс і інш. У 1961 засн. Саюз пісьменнікаў і мастакоў К.
Музыка. У нар. музыцы К. адрозніваюць крэольскую, афра-кубінскую і афр. музыку Шырока вядомы крэольскія песенныя жанры крыолья, гуахіра, песня і танец хабанера. Сярод песенна-танц. форм афра-амер. музыкі найб. пашыраны сон, гуачара, конга, румба; сярод муз. інструментаў сем’і барабанаў — бата, бембе, конга. Захавалася т.зв. чыстая афр. музыка — рытуальныя гімны-песнапенні, танцы, строга рэгламентаваная музыка «свяшчэнных» барабанаў. У 16—17 ст. пашырыліся ваен. аркестры, вулічныя тэатралізаваныя відовішчы з муз. суправаджэннем, свецкае музіцыраванне. У 2-й пал. 18 ст. росквіту дасягнула царк. музыка (Э.Салас-і-Кастра). У 1776 у Гаване адкрыты першы пастаянны т-р «Калісеа» (з 1803 «Прынсіпаль»), у 1814 — муз. школа, у 1816 — муз. акадэмія «Санта-Сесілія». Нац. кампазітарская школа склалася ў сярэдзіне 19 ст. (М.Саўмель Рабрэда, І.Сервантэс Каванаг, Н.Р.Эспадэра). У канцы 19-га — 1-й пал. 20-га ст. створаны нац. оперы «Юмуры» Э.Санчэса дэ Фуэнтэса (1898), «Нявольніца» Х.Мауры Эстэве (1921), балеты «Рэбамбарамба» (1928) і «Цуд у Анакільі» (1929) А.Ральдана. Заснаваны Т-ва класічнай музыкі (1866), Нац. кансерваторыя (1885), сімфанічны (1908) і філарманічны (1923) аркестры ў Гаване, Бетховенскае т-ва (1872) і Т-ва камернай музыкі (1888) у Сант’яга-дэ-Куба. Лепшыя ўзоры кубінскай музыкі 1-й пал. 20 ст. стварылі заснавальнікі афра-кубінскага кірунку Ральдан і А.Гарсія Катурла. Удзельнікі «Групы музычнага абнаўлення» (з 1943) Х.Ардэваль, А.Граматхес, Э.Марцін, А.Леон і інш. выступаюць за асваенне і ўвасабленне нац. фальклору. У 1960-я г. створаны дзярж.муз. ўстановы, у т. л. Генеральная дырэкцыя музыкі, Дэпартамент музыкі Нац. б-кі «Хасэ Марці», Дом Амерык, які аб’ядноўвае музыкантаў і інш. дзеячаў мастацтва. У 1960—70-я г. побач з кампазітарамі традыц. кірункаў вылучылася новае пакаленне аўтараў, што арыентуюцца на муз. авангард (алеаторыка, санорыка, канкрэтная і электронная музыка), у т. л. Х.Бланка, К.Фарыньяс, Л.Браўэр і інш. Сучасная прафес.муз. творчасць К. разнастайная паводле жанраў і форм (ад сімфоній і кантат да масавых песень) і ўяўляе сабой даволі складаную стылістычную карціну. Сярод выканаўцаў: скрыпачы Х.Уайт, К.Х.Д.Брындзіс дэ Салас, дырыжоры Э.Гансалес Манцічы, М.Дучэсне Кусан, Р.Санчэс Ферэр, піяніст С.Цьелес, гітарысты Л.Браўэр, Х.Артэга. Сярод харэографаў і артыстаў балета Алісія, Альберта і Фернанда Алонса, Х.Банегас, Х.Парэс, Л.Араўха. Працуюць: Нац.сімф. аркестр (з 1960), сімф. аркестр Нац.т-ра, Квартэт імя А.Ральдана, Нац. поліфанічны хор, хары мадрыгалістаў (у Гаване і Сант’яга-дэ-Куба), «Арфеон», Ансамбль нац. танца і Нац. балет (з 1959), Нац. фальклорны ансамбль (з 1962), балет Камагуэя (з 1967). Кансерваторыі ў Гаване, Сант’яга і інш., муз.ф-т Вышэйшага ін-та мастацтваў (з 1976), школы хар. спеваў і павышэння муз. майстэрства ў Гаване і інш. Праводзяцца нац. і міжнар. фестывалі музыкі.
Тэатр. Паяўленне т-ра К. звязана з ісп. т-рам і фальклорным мастацтвам неграў-рабоў (паказы на плошчах, у цэрквах, прыватных дамах, карнавальныя шэсці, рытуалы). У 1776 у Гаване пабудавана тэатр. памяшканне «Калісеа» (з 1803 «Прынсіпаль»), дзе ставіліся п’есы пераважна ісп. драматургаў. Пачатак нац. т-ру далі муз. паказы сайнетэ (п’есы з музыкай і спевамі) акцёра і драматурга Ф.Каваруўяса. Фарміраванне нац.т-ра актывізавалася ў 1-й пал. 20 ст.: створана «Т-ва садзеяння развіццю т-ра» (1910), пачалі выдавацца тэатр. часопісы, ствараліся новыя трупы, у т. л.т-р «Куэва» ў Гаване (1936—37), Нар.т-р (1943—45). У 1941 заснаваны Кубінская акадэмія драм. мастацтва і тэатр. школа пры Гаванскім ун-це. Пасля 1959 ствараюцца дзярж. трупы і т-ры, арганізуюцца т-ры ў правінцыі. Ставяцца п’есы Х.Марці, Ф.Гарсіі Лоркі, А.Чэхава, Ж.П.Сартра, Х.Брэне, Э.Кінтэра, Х.Трыяны, Р.Ферэра, А.Эстарына.
Кіно. З 1897 на К. здымаліся кінахроніка і дакумент. фільмы. Асновы рэгулярнай кінавытворчасці заклалі ў 1910—20-я г.рэж. Э.Д.Кеседа і Р.Пеан. Здымаліся фільмы на актуальныя праблемы, дэтэктывы, камедыйныя фільмы-буф, фарсы і інш. У 1937 створаны першы паўнаметражны гукавы фільм (рэж. Э.Капарас). З 1930-х г. набылі папулярнасць муз. фільмы з выкарыстаннем нар. музыкі (Х.Сальвадор і інш.). 1940—50-я г. — перыяд заняпаду кубінскага кіно, фільмы здымаліся пераважна з мексіканскімі кінавытворцамі. У 1959 створаны Кубінскі ін-т кінамастацтва і кінапрамысловасці. Найб. развіццё атрымала дакумент. кіно. У 1960-я г. пачалі выходзіць «Лацінаамерыканская хроніка інстытута кінамастацтва і кінапрамысловасці», серыя «Народная энцыклапедыя». На дакумент. кінематограф К. паўплывалі І.Івенс (Нідэрланды), Р.Кармэн, М.Калатозаў, С.Урусеўскі (СССР). Гал. тэма кубінскай кінематаграфіі — «Сто гадоў барацьбы» (паказ асобных яе этапаў) — стала вызначальнай для гісторыка-рэв.дакумент. («Гэта наша зямля», 1959; рэж. Т.Гуцьерэс Алеа) і маст. («Лусія», 1968; рэж. У.Солас) фільмаў.
Ствараліся біяграфічныя («Часы маладога Марці», 1960; рэж. Х.Масіп), сацыялагічныя («З кубінскімі жанчынамі», 1974; рэж. А.Картасар; «Кайіта — легенда і быль», 1981; рэж. Л.Ф.Бернаса) і інш. фільмы. Сярод рэжысёраў дакументалістаў: С.Альварэс, О.Вальдэс, П.Вега, Х.Дыяс, Ф.Перэс, М.Флейтас, Б.Эрнандэс. Фільмы на сучасную тэматыку здымалі Гуцьерэс Алеа («Смерць бюракрата», 1966), Картасар («Настаўнік», 1977), М.А.Гомес («Жанчына, мужчына, горад...», 1978), Вега («Партрэт Тэрэсы», 1979), П.Гусман («Ружа вятроў», 1983) і інш. Сярод акцёраў: І.Андрэус, М.Бальмаседа, А.Віньяс, С.Вуд, Д.Гранадас, С.Клакстан, А.Легра, Р.Міравальес, Э.Нуньес. Здымаюцца таксама анімацыйныя фільмы. З 1979 у Гаване штогод праходзіць Міжнар. кінафестываль лац.-амер. «новага кіно».
Літ.:
Очерки истории Кубы. М., 1978;
Гавриков Ю.П. Куба: страницы истории. М., 1979;
Ларин Е.А. Куба конца XVIII — первой трети XIX в. М., 1989;
Шустов К.С. Освободительная война на Кубе (1895—1898) и политика США. М., 1970;
Мамонтов С.П. Испаноязычная литература стран Латинской Америки XX в. М., 1972;
Филиповская Н. Архитектура революционной Кубы. М., 1965;
Пичугин П. Краткий очерк истории кубинской музыки // Музыкальная культура стран Латинской Америки. М., 1974;
Герб і сцяг Кубы.Да арт.Куба. Тыповы ландшафт на раўнінах вострава.Краявід на захадзе Кубы ў правінцыі Пінар-дэль-Рыо.Да арт.Куба. Бухта порта Сант’яга-дэ-Куба.Да арт.Куба. Крыж на ўшанаванне памяці ахвяр урагану 1930-х г. у г. Санта-Крус-дэль-Сур.Да арт.Куба. Будынак Дома-музея Э.Хемінгуэя ў Гаване.Да арт.Куба. Адна з цэнтральных плошчаў Гаваны.Да арт.Куба. Ганчар за работай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЛА́НДЫЯ (Ísland),
Рэспубліка Ісландыя (Lýðveldið Ísland), дзяржава на в-ве Ісландыя ў паўн.ч. Атлантычнага ак. На Пн абмываецца Грэнландскім м., на У — Нарвежскім м., на З Дацкі прал. аддзяляе І. ад Грэнландыі. Пл. 103 тыс.км². Нас. 272,55 тыс.чал. (1996). Дзярж. мова — ісландская. Сталіца — г.Рэйк’явік. І. падзяляецца на 8 абласцей, якія ўключаюць 23 акругі (сіслы). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнай рэспублікі (17 чэрвеня).
Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1944. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 4 гады. Вышэйшы орган дзярж. улады — парламент (альцінг) складаецца з 2 палат: верхняй і ніжняй (выбіраюцца на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду. Акругамі кіруюць чыноўнікі, прызначаныя цэнтр. уладай. Органы мясц. кіравання — выбарныя муніцыпалітэты гарадоў. Суд. сістэма складаецца з Вярх. суда, які з’яўляецца вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй, гар. і ніжэйшых судоў.
Прырода. Большая ч. вострава — плато выш. 400—800 м над узр. м, месцамі ўкрытае лёдам, са шматлікімі вулканамі (каля 200). Найб. вядомыя — Гекла, Лакі, Аск’я і Хванадальсхнукур (найвыш. пункт І., 2119 м). На З і Пд — паласа ўзбярэжных нізін Моцна парэзаная берагавая лінія са шматлікімі фіёрдамі. Характэрны гарачыя крыніцы, гейзеры. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: торф, лігніт, ісландскі шпат, сера. Мінер. крыніцы. Клімат субарктычны, марскі, абумоўлены ўплывам Гальфстрыма. Сярэдняя т-растудз. ад 0 °C на ўзбярэжжы да -10 °C у гарах, ліп. адпаведна 11 °C і 0 °C. Ападкаў за год ад 465 мм на Пн да 2000—4000 мм на Пд. Ледавікі і снежнікі (пераважна на Пд) займаюць больш за 13% тэр. краіны, буйнейшыя з іх Ватнаёкудль (пл. каля 8400 км², магутнасць да 1 км), Лаўнгёкудль (1020 км²), Хофсёкудль (1000 км²). Рэкі кароткія (з парогамі і вадаспадамі), маюць значныя запасы гідраэнергіі. Характэрны шматлікія невял. азёры, буйнейшыя з іх — Тынгвадлаватн, Міватн. Глебы пераважна горныя арктычныя, на ўзбярэжных нізінах і невысокіх плато — вулканічныя, тарфяніста-дзярновыя. Расліннасць небагатая — горная тундра, тарфяныя балоты, увільготненыя злакавыя лугі. Жывёльны свет: пясцы, лемінгі, шмат птушак, прыбярэжныя воды багатыя рыбай. Нац. паркі — Тынгведлір, Міватн-ог-Лахсаў, Скафтафедль, Ёкульсаўргльювур; шматлікія рэзерваты, помнікі прыроды.
Насельніцтва. 99% складаюць ісландцы. Нац. меншасці: датчане, амерыканцы, шведы, немцы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (лютэране) — 96%, ёсць католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 2,6 чал. на 1 км², найб. на ПдЗ вострава (каля 15 чал. на 1 км²). Гар. насельніцтва 92%. Найб. гарады (тыс.ж.): Рэйк’явік — 104,3 (1995), Коўпавагур — 16,7, Хабнарфіёрдур — 15,6, Акурэйры — 14,4 (1991). У прам-сці занята 24%, у сельскай гаспадарцы — 6% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя У старажытнасці І. была невядома. Каля 867 востраў адкрылі нарвежцы. У 9 ст. тут жылі нешматлікія пустэльнікі. Паміж 870 і 930 на ім пасялілася каля 20 тыс.чал. Гэта былі пераважна праціўнікі караля Харальда I Сінязубага, які аб’яднаў Нарвегію і актывізаваў барацьбу супраць родавай знаці. У І. прыбывалі і каланісты з нарв. пасяленняў у Ірландыі і Шатландыі. Тагачаснае грамадства падзялялася на свабодных (гл.Бонды) і несвабодных жыхароў, Родавыя вярхі мелі вырашальны голас на сходах (цінгах). Каля 930 у І. створаны агульнанар. сход (альцінг). Адным з асн. заняткаў насельніцтва было мараплаўства. У 980-я г. ісландцы адкрылі Грэнландыю, каля 1000 дасягнулі Паўн. Амерыкі; яны падтрымлівалі гандл. сувязі з народамі Еўропы, у т. л. з усх. славянамі. Каля 1000 альцінг ухваліў прыняцце ў І. хрысціянства, якое пранікала сюды пераважна з Нарвегіі. У 1056 і 1106 створаны першыя епіскапствы, падпарадкаваныя нарв.царк. іерархіі. Перыяд незалежнасці І. (10—12 ст.) быў і эпохай росквіту ісландскай культуры, асабліва л-ры. Родавае процістаянне і адсутнасць цэнтр выканаўчай улады прывялі ў 13 ст. да грамадз. вайны, што дапамагло нарв. каралям завалодаць востравам (1262—64). Панаванне нарвежцаў прыспешыла працэс феадалізацыі краіны. Улада на месцах перайшла ў рукі каралеўскіх чыноўнікаў, мясц. заканадаўства прыстасавана да нарвежскага. Маёмасць апальнай знаці была канфіскавана ва ўласнасць кароны і здавалася ў арэнду. У 1380 разам з Нарвегіяй І. апынулася ў уніі з Даніяй. З гэтага часу ўсе царк і свецкія пасады ў І. займалі датчане. У 1537—50 Крысціян III навязаў І. лютэранства, пераадолеўшы супраціўленне ч. грамадства і каталіцкага духавенства. Паступовае пагаршэнне клімату (з 13 ст.), пірацтва на Атлантычным ак., увядзенне Даніяй гандл. абмежаванняў (з 1602 дацкая манаполія на гандаль з І.), выбухі вулканаў і эпідэміі зрабілі немагчымым у 14—18 ст.эканам. і дэмаграфічнае развіццё вострава (заняпад сельскай гаспадаркі, запавольванне прыросту насельніцтва). У пач. 19 ст. І. канчаткова страціла фармальныя прыкметы аўтаноміі (у 1800 указам дацкага караля скасаваны альцінг, у 1808 ліквідавана мясц. самакіраванне). Пасля скасавання дацка-нарв. уніі (1814) І. засталася ў складзе ўладанняў Даніі. У 1-й пал. 19 ст. ў асяроддзі маладой і нешматлікай ісландскай інтэлігенцыі ўзнік рух за нац адраджэнне пад лозунгамі эканам. і паліт. незалежнасці, які ўзначаліў І.Сігурдсан. У выніку дацкі ўрад вымушаны быў пайсці на ўступкі: у 1843 адноўлены альцінг (з дарадчымі функцыямі), у 1854 скасавана дацкая гандл. манаполія, у 1871 І. атрымала абмежаваную аўтаномію (замацавана паводле канстытуцыі 1874), пашыраную ў 1903. У 1870—90 значная колькасць насельніцтва эмігрыравала ў ЗША і Канаду. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў І. сфарміраваўся каап. рух, пачалі стварацца першыя паліт. партыі.
1.12.1918 І. абвешчана суверэннай дзяржавай (з уласным урадам і паўнамоцным парламентам) у персанальнай уніі з Даніяй. 18.5.1920 альцінг прыняў канстытуцыю краіны. У час 2-й сусв. вайны, пасля захопу Даніі ням.-фаш. войскамі (май 1940), у І. высадзіліся брыт., у ліп. 1941 — амер. войскі. 17.6.1944 паводле рэферэндуму, праведзенага ў сувязі з заканчэннем 25-гадовага тэрміну уніі з Даніяй, І. абвешчана рэспублікай. Першым прэзідэнтам стаў С.Б’ёрнсан. З 1948 краіна карысталася амер. дапамогай у межах Маршала плана. У 1-й пал. 20 ст., дзякуючы развіццю рыбалоўства і рыбаперапрацоўкі, адбыўся хуткі ўздым узроўню жыцця насельніцтва. З мэтай забеспячэння сваіх эканам. інтарэсаў І. пашырыла сферу выключнага рыбалоўства (у 1975 — да 200 марскіх міль), што стала прычынай канфлікту з Вялікабрытаніяй, ФРГ і інш.еўрап. дзяржавамі (т. зв. «трасковыя войны»). Робяцца спробы развіцця інш. галін прам-сці, энергетыкі і сельскай гаспадаркі. У паліт. жыцці І. гал. ролю адыгрываюць Партыя незалежнасці (засн. ў 1929), Прагрэс. партыя, С.-д. партыя (абедзве засн. ў 1916), Нар. саюз (засн. ў 1968); дзейнічае Федэрацыя прафсаюзаў І. Ніводная з партый не мае вырашальнага ўплыву ў грамадстве, што выклікае неабходнасць стварэння кааліцыйных урадаў і прыводзіць да частай змены кабінетаў. Пасля 2-й сусв. вайны найб. трывалыя кааліцыі стваралі Партыя незалежнасці з Прагрэс. партыяй (1950—56, 1974—78, 1983—88, з 1995) і сацыял-дэмакратамі (1959—71, 1991—95). Прэм’ер-міністр Д.Одсан (з 1991). Прэзідэнт краіны О.Р.Грымсан (з 1996). І. — член ААН (з 1946), НАТО (з 1949), Паўн. савета (з 1952), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю (з 1970), Савета Еўропы, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.
Гаспадарка. Паводле аб’ёму валавога ўнутр. прадукту (ВУП) на душу насельніцтва І. займае адно з вядучых месцаў у групе развітых дзяржаў (18,8 тыс.дол. ЗША, 1995). Доля прамысловасці ў ВУП каля 30%, сельскай гаспадаркі — 12%. Каля 20% ВУП і 75% экспартных паступленняў забяспечваюць рыбалоўства і рыбаперапрацоўка, у якой занята 12% працаздольнага насельніцтва. Улоў рыбы ў 1995 склаў 1,62 млн.т. Ловяць пераважна мойву (1/2 улову), траску, селядцоў. Асн. раёны перапрацоўкі рыбы (засолачныя станцыі і халадзільнікі, з-ды рыбакансервавыя, па вытв-сці рыбнай мукі і тлушчу) — Рэйк’явік, Акурэйры, Сіглуфіёрдур, Вестманаэяр. Выпрацоўка электраэнергіі 4,9 млрд.кВтгадз (1995), пераважна на ГЭС (93,5%). Геатэрмальная электрастанцыя ў г. Крафла. Спажыванне электраэнергіі на душу насельніцтва ў І. адно з самых высокіх у свеце (18 тыс.кВтгадз за год). Гарачыя крыніцы выкарыстоўваюць на абагрэў жылля і цяпліц. Чорная і каляровая металургія развіваецца на таннай электраэнергіі, вядзецца металаапрацоўка, вытв-сцьбуд. матэрыялаў, мінер. угнаенняў. Вытв-сць (тыс.т, 1995): алюмінію — 88, ферасіліцыю — 72, дыятаміту — 29, цэменту — 185. Гал. цэнтры — Хабнарфіёрдур (алюмініевы з-д), Акранес (цэментны з-д), Гувунес (камбінат азотных угнаенняў). Ёсць верфі па рамонце і буд-ве рыбалоўных суднаў (Рэйк’явік, Акурэйры), малочныя з-ды і мясакамбінаты, тэкст., трыкат., гарбарна-абутковыя прадпрыемствы. Аснова сельскай гаспадаркі — мяса-воўнавая авечкагадоўля і малочная жывёлагадоўля. С.-г. ўгоддзі выкарыстоўваюцца пераважна пад сенажаці і пашы (22% тэр. краіны). Гадуюць авечак (451 тыс. галоў, 1996), буйн. раг. жывёлу, коней, поні. Апрацоўваецца каля 1% тэрыторыі. Вырошчваюць бульбу, турнэпс, кармавыя травы, у цяпліцах (больш за 100 га) — памідоры, агуркі і інш. Транспарт марскі і аўтамабільны. Асноўная ч. грузаперавозак прыпадае на марскі флот (танаж каля 170 тыс. брута-рэг. т). У рыбалоўным флоце больш за 1 тыс. суднаў агульным танажом каля 130 тыс. брута-рэг. т. Аўтатранспарт (119 тыс. аўтамабіляў) ажыццяўляе пераважна ўнутр. груза- і пасажыраперавозкі. Даўж. аўтадарог больш за 12,5 тыс.км. У краіне 24 аэрапорты і аэрадромы. Гал.трансп. цэнтр Рэйк’явік. У Кеблавіку міжнар. аэрапорт і амер.ваен. база. Экспарт (1,6 млрд.дол. ЗША, 1994): рыба і рыбапрадукты (75% кошту), алюміній (9,5%), дыятаміт, ферасіліцый, бараніна, воўна і інш. Імпарт (1,5 млрд.дол. ЗША, 1994): машыны і абсталяванне (19%), сродкі транспарту (11%), с.-г. прадукты (10%), нафта і газ (9%). Асн.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Нарвегія. Ірландыя, Германія, Японія, Данія, Швецыя Беларусь набывае ў І. пераважна рыбу (468 тыс.дол. ЗША, 1996). І. наведвае каля 160 тыс. замежных турыстаў за год. У 1994 даход ад турызму склаў 137 млн.дол. ЗША. Грашовая адзінка — ісландская крона.
Літаратура. Фальклор І. збярогся ў запісах 13 ст. (зб. міфалагічных і гераічных песень «Эда Старэйшая»), Былі пашыраны вершы скальдаў, сагі, створаныя невядомымі аўтарамі, у т. л. радавыя сагі, у якіх апавядалася пра жыццё першых ісландскіх пасяленцаў і іх нашчадкаў («Сага аб Эгіле», «Сага аб жыхарах пясчанага берага», «Сага аб людзях Лаксдаля», «Сага аб Грэціры», «Сага аб Ньяле»); сагі стараж. часоў («Сага аб Вёльсунгах», якая з’яўляецца пераказам «Эды Старэйшай», «Сага аб Храмундзе Грэйпсане», «Сага аб Хэрвёр» і інш.); у каралеўскіх сагах — жыццяпісы нарвежскіх каралёў («Хеймскрынгла» С.Стурлусана, аўтара празаічнай «Эды Малодшай» — трактата аб язычніцкай міфалогіі). У 12 ст. створана кароткая гісторыя І. «Кніга аб ісландцах» А.Торгільсана, пазней — «Кніга аб паселішчах». Пасля страты І. незалежнасці (13 ст.) яе л-ра доўгі час была ў заняпадзе і прадстаўлена пераважна перакладам Бібліі, зробленым пратэстантамі, і кнігай лютэранскага пастара Хадльгрымюр П’етурсана «Перадвелікодныя псалмы» (1666). Асн.літ. жанрам амаль да 19 ст. былі т. зв. рымы — вершаваныя пераказы розных сюжэтаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. вяліся спрэчкі вакол праблем рамантызму і рэалізму. Значнае месца ў л-ры гэтага часу належыць творчасці Г.Магнусана — песняра сял. жыцця (цыкл «Ферма ў гарах», т. 1—4, 1908—11). Рэаліст. тэндэнцыі выявіліся ў апавяданнях Г.Паўльсана, у іранічнай паэзіі С.Г.Стэфансана. Найб. вядомыя празаікі 20 ст. Г.Гунарсан, Т.Тоўрдарсан (майстар гумарыстычнага стылю), Х.К.Лакснес. Сярод сучасных раманістаў О.І.Сігурдсан («Гульня фарбаў зямлі», 1947, «Ліст пастара Бёдвара», 1965), С.Бергвейсан, Б.Б’ярман, Д.Відар. Укладам у паэзію І. 20 ст.стала творчасць неарамантыка Д.Стэфаўнсана, які браў натхненне ў фальклоры і баладах Т.Гудмундсана — песняра Рэйк’явіка. Новыя мадэрнісцкія тэндэнцыі выявіліся ў творчасці С.Стэйнара («Час і вада», 1948), паэтаў Сігурдсана, С.Х’яртарсана, Ханес П’етурсана, М.Іохумсана. Прызнанне атрымалі празаік Т.Вільх’яўльмсан, драматургі А.Богасан, Стэфаўнсан, С.Нордаль, публіцыст І.Аўрнасан.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. раннія помнікі мастацтва на тэр. І. адносяцца да 9—10 ст. (пераважна метал. вырабы, аздобленыя плеценым арнаментам) і маюць сляды ўплыву мастацтва вікінгаў. Стараж. ісландцы будавалі «доўгія дамы», часта паглыбленыя ў зямлю, з дзярновых і тарфяных блокаў, з дзярновымі дахамі і размешчанымі ў рад памяшканнямі. З прыняццем хрысціянства (каля 1000) мастацтва І. развівалася ў рэчышчы раманскага, пазней гатычнага стыляў з уплывамі ірл., нарв. мастацтва і нарманскага звярынага стылю. З 11—12 ст. вядома арнаментальная разьба па дрэве (рэльефы, распяцці, статуі). Плецены арнамент упрыгожвае і сярэбраныя пасудзіны 12—13 ст., гатычныя мініяцюры 14—15 ст., алтарныя вышываныя пакрывалы. У 2-й пал. 16—18 ст. мастацтва ў І. заняпала, актыўна развівалася толькі нар. творчасць (разьба, ткацтва). З сярэдзіны 18 ст. будаваліся гарады з каменнымі пабудовамі, пераважна па праектах дацкіх архітэктараў (саборы ў Хоўлары, Рэйк’явіку). У 19 ст. склаўся тып 2—3-павярховага ісландскага дома з прывазнога лесу, туфу, базальту, з абшыўкай гафрыраваным жалезам. Узнікла нац. школа жывапісу (партрэтыст С.Гудмундсан, пейзажысты Т.Торлаўхсан, А.Іоўнсан), у якой вобразы дзікай, некранутай прыроды І. сталі сімваламі нац. адраджэння. Рэаліст. жывапіс 20 ст. адлюстроўвае яркія вобразы радзімы (К’ярваль, І.Стэфаўнсан), казкі і паданні (Г.Торстэйнсан), быт. сцэны (К.Іоўнсдаўцір, Г.Шкевінг), гіст. і фалькл. матывы (А.Свейнсан, С.Оўлафсан, скульпт. Э.Іоўнсан). У архітэктуры І. з 1920-х г. выкарыстоўваюцца сучасныя формы і канструкцыі (маналітны жалезабетон, стальны каркас), метады кампазіцыі, планіроўкі (новая забудова Рэйк’явіка і Акурэйры); будуюцца 4—5-павярховыя секцыйныя дамы, грамадскія, адм. і прамысл. будынкі (арх. Гудмундсан, Г.Самуэльсан, С.Тордарсан). У сучасным мастацтве суіснуюць рэаліст. тэндэнцыі (С.Сігурдсан) і авангардныя плыні (С.Арынб’ярнар, Т.Скуласан). Характэрныя віды нар. творчасці — разьба, вышыўка, вязанне.
Літ.:
Васильев Я.А. Исландия вчера и сегодня. М., 1986;
Андрессон К.Е. Современная исландская литература, 1918—1948: Пер. с исл. М., 1957;
Стеблин-Каменский М.И. Древнескандинавская литература. М., 1979;
Искусство стран и народов мира. Т. 2. М., 1965;
Eldjárn K. Icelandic art. New York, 1961.
Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Г.М.Бутырчык (літаратура), В.Я.Буйвал, С.У.Пешын (архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Герб і сцяг Ісландыі.Да арт.Ісландыя. Вадаспад на поўдні краіны.Да арт.Ісландыя. Горад Акурэйры на паўночным узбярэжжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ВА (Warszawa),
горад, сталіца, буйнейшы эканам. і культ. цэнтр Польшчы. Адм. ц.Варшаўскага сталічнага ваяводства. Размешчана на Мазавецкай нізіне абапал р. Вісла. 1642,7 тыс.ж. (1993). Вузел 7 чыгунак і 8 аўтадарог. Порт на р. Вісла. Міжнар. аэрапорт Акенцэ. Буйны цэнтр машынабудавання (эл.-тэхн. і радыёэлектроннае; оптыка, дакладная механіка, аўта-, трактара- і станкабудаванне; каля 30% агульнай вытв-сці ў краіне), вытв-сці якасных сталей, будматэрыялаў, хім. (у т. л. фармацэўтычная і фотахім.), парфумернай, харч., буд. матэрыялаў, дрэваапр., швейнай, гарбарна-абутковай, паліграф. прам-сці. Буйныя ЦЭЦ. Кінастудыя. Метрапалітэн (з 1994). На пач. 1990-х г. пачаўся агульны спад вытв-сці на большасці прадпрыемстваў горада. Пасля 1992 значны прыток замежных інвестыцый.
Першыя паселішчы на тэр. сучаснай Варшавы адносяцца да 10 ст., зручнае іх месцазнаходжанне на перакрыжаванні важных гандл. шляхоў спрыяла хуткаму эканам. развіццю і ўтварэнню горада. Упершыню Варшава ўпамінаецца ў 1313. З 1413 сталіца Мазавецкага княства, у 1526, пасля спынення дынастыі мазавецкіх князёў, Варшава далучана да Кароны. У 16 ст. тут праходзілі пасяджэнні сейма, у 1573 адбыліся першыя каралеўскія выбары. З 1596 сталіца Польшчы. У часы польска-швед. 1655—60 і Паўн. 1702—09 войнаў неаднаразова разбурана швед. войскамі, але хутка адбудоўвалася. З 2-й пал. 18 ст. — паліт., эканам., культ. і асв. цэнтр краіны. На Чатырохгадовым сейме 1788—92 у Варшаве прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Насельніцтва горада актыўна падтрымала паўстанне 1794 пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Варшава ў складзе Прусіі, яе паліт. і гасп. развіццё прыпынілася. У 1807—13 сталіца Варшаўскага герцагства, пасля Венскага кангрэса 1814—15 — Каралеўства (Царства) Польскага ў складзе Рас. імперыі, у 1837—1915 цэнтр Варшаўскай губерні. Варшава — адзін з цэнтраў нац.-вызв. паўстанняў 1830—31 і 1863—64. Важнейшы цэнтр фарміравання польск. культуры. Тут жылі і працавалі вучоныя, пісьменнікі, кампазітары, цесна звязаныя з бел. культурай: Э.Ажэшка, М.Федароўскі, Я.Карловіч, У.Сыракомля, Ч.Пяткевіч, І.Лялевель, С.Манюшка, В.Каратынскі, Ю.Галомбак, А.Плуг і інш.; дзейнічаў Варшаўскі нарадавольскі гурток беларускіх студэнтаў. З пач. індустрыялізацыі горада ў 2-й пал. 19 ст. Варшава — буйнейшы ў Польшчы асяродак рабочага руху, адзін з асн. цэнтраў рэвалюцыі 1905—07. У гады 1-й сусв. вайны пад герм. акупацыяй, каля Варшавы рус. войскі разграмілі ням.-аўстр. армію (гл.Варшаўска-Івангародская аперацыя 1914). З 1918 сталіца незалежнай Польшчы. У 1920 пад Варшавай разбіты войскі Чырв. Арміі (гл.Варшаўская аперацыя 1920). У маі 1926 Ю.Пілсудскі ажыццявіў у Варшаве дзярж. пераварот. У вер. 1939 акупіравана ням. фашыстамі, стала цэнтрам нац.-вызв. барацьбы (гл.Варшаўскае паўстанне 1943, Варшаўскае паўстанне 1944). Вызвалена 17.1.1945 у ходзе Вісла-Одэрскай аперацыі 1945. Горад быў моцна разбураны. У 1-й пал. 1950-х г. у час найб. ўзмацнення ў краіне паліт. рэпрэсій у Варшаве адбыліся шматлікія паказальныя суд. працэсы. У 2-й пал. 1950-х г. з пачаткам паліт. «адлігі» — цэнтр грамадскага руху за дэмакр. рэформы, месца правядзення дэманстрацый пратэсту (1956, 1968, 1976). Прадстаўнікі сацыяліст. краін падпісалі ў Варшаве Варшаўскі дагавор 1955. На пач. 1980-х г., калі палітыка-гасп. крызіс ахапіў усю Польшчу, хваля забастовак прайшла і на буйнейшых прадпрыемствах Варшавы.
Гістарычнае ядро горада ўключае раёны Старая Варшава і Новая Варшава. У старой Варшаве крапасныя сцены (14—15 ст.) з барбаканам (1548, арх. Дж.Баціста); камяніцы 15—18 ст. з дэкар. скульптурай, размалёўкамі і сграфіта; фарны касцёл св. Яна (14 ст.). У Новай Варшаве фарны касцёл (15 ст.), кляштары і касцёлы 16—17 ст. На Пд ад раёна Старой Варшавы Каралеўскі замак (1598—1619) з параднымі інтэр’ерамі ў стылях барока і класіцызму. У 17—18 ст. уздоўж гал. вуліц пабудаваны палацы: Асалінскіх (1641, арх. В.Сенес), Красінскіх (1677—83), Паца (1690—97, арх. абодвух Тыльман Гамерскі), Блакітны (Замойскіх, 1726, арх. Я.Д.Яўх, М.Д.Пёпельман), Бланка (1762—64, арх. Ш.Б.Цуг), Тышкевічаў (1785—92, арх. С.Завадскі, Я.Х.Камзетцэр). У прадмесці Варшавы размешчана летняя каралеўская рэзідэнцыя Вілянаў (1677—96, арх. А.Лочы) з рэгулярным паркам. У 18 ст. пабудаваны касцёлы візітак (1727—34, арх. К.Бай; фасад і інтэр’ер 1754—62, Э.Шрогер), евангелісцкі (1777—81, арх. Цуг), св. Ганны (1786—88, арх. Х.П.Айгнер, С.К.Патоцкі); палацава-паркавы комплекс Лазенкі. З пач. 19 ст. фарміруецца новы цэнтр Варшавы з рэгулярнымі кварталамі, жылымі і грамадскімі будынкамі ў стылі класіцызму (ансамблі Тэатральнай і Банкаўскай плошчаў). У канцы 19 — пач. 20 ст. цэнтр, зах. і паўд. раёны забудоўваліся шматпавярховымі эклектычнымі пабудовамі, будынкамі ў стылях мадэрн, пазней — функцыяналізму («Тэатр польскі», 1912; Банк кааператыўных т-ваў, 1912—17; Гал. гандлёвая школа, 1926—35, і інш.). У 2-ю сусв. вайну знішчана або значна пашкоджана 90% арх. помнікаў Варшавы. Паводле праекта рэканструкцыі Варшавы (1946) пабудаваны гал. магістралі Усход—Захад і Поўнач—Поўдзень, рэканструявана вул. Маршалкоўская з ансамблем пл. Канстытуцыі (1950—52), Палацам культуры і навукі (1952—55, арх. Л.Руднеў) і сучасным гандл. цэнтрам (т.зв. Усходняя сцяна, 1962—70, арх. З.Карпінскі). Найб. значныя пабудовы гэтага часу: будынкі Нац. Польскага банка (1948), Сейма (1948—51, арх. абодвух Б.Пнеўскі), Гданьскі мост (1957—59, арх. Я.Ратынскі). У 1970-я — пач. 1990-х г. пабудаваны: Цэнтральны вакзал (1972—75, арх. А.Рамановіч), вышынны дом на Банкаўскай пл. (т.зв. серабрысты, 1991), будынак Польскіх авіяліній «Лёт» і атэль «Марыёт» (1978—89, арх. Т.Стафанскі і інш.), Гандлёвы дом «Пэвэкса» (1989—91, арх. Е.Скшыпчак), атэль «Меркуры» (1991—93, арх. Я.Роўб) і інш.
У Варшаве больш за 40 помнікаў, у т. л. калона Жыгімонта III на Замкавай пл. (1644), помнікі М.Каперніку (1828—30, Б.Торвальдсен), А.Міцкевічу (1898, Ц.Гадэбскі), Ф.Шапэну ў Лазенках (1907—26, В.Шыманоўскі), героям Варшавы (1964, М.Канечны), касцюшкаўцам (1985, А.Кастэн, Б.Хімінскі), Варшаўскаму паўстанню (1989, В.Куцма) і інш.
У Варшаве 18 ВНУ: ун-т (з 1818); політэхнічны ін-т (з 1915); акадэміі медыцынская, музычная імя Шапэна, прыгожых мастацтваў, каталіцкай тэалогіі, фіз. выхавання, хрысціянская тэалагічная; Вышэйшая тэатр. школа; Гал. гандлёвая школа; Вышэйшая школа кіравання і інш. Польская АН. Буйнейшыя б-кі: Нац.б-ка, Гал.б-ка Варшаўскага ун-та, Публічная б-ка Варшавы. Каля 40 музеяў, у т. л.Нац. музей, Этнаграфічны, Археалагічны, Войска польскага, Гістарычны, Літаратурны імя А.Міцкевіча, у Лазенках, Вілянаве. Мастацкія галерэі. Батанічны сад. 23 драм., 5 дзіцячых, 2 оперныя т-ры, т-р аперэты. Філармонія. Штогод праводзіцца Міжнар. фестываль сучаснай музыкі «Варшаўская восень». 1 раз у 5 гадоў Міжнар. конкурс піяністаў імя Шапэна.
Літ.:
Czajewski W. Warszawa ilustrowana. T. 1—4. Warszawa, 1895;
Drozdowski N.M., Zahorski A. Historia Warszawy. Warszawa, 1972;
Lewicka M. Atlas architektury Starego Miasta w Warszawie. Warszawa, 1992;
Да арт.Варшава. Калона Жыгімонта III. 1644.Да арт.Варшава. Каралеўскі замак. 1598—1619.
Да арт.Варшава. Барбакан. 1548.Да арт.Варшава. Фрагмент палаца ў Вілянаве. 1677—96.У гістарычным цэнтры Варшавы.Да арт.Варшава. Помнік героям Варшавы. 1964.Да арт.Варшава. Цэнтральны вакзал. 1972—75.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТО́РЫЯ ФІЛАСО́ФІІ,
навука пра станаўленне, развіццё і барацьбу філас. ідэй, канцэпцый і сістэм, светапогляд мысліцеляў, пісьменнікаў, мастакоў, грамадскіх і паліт. дзеячаў.
Элементы гісторыка-філас. ведаў узніклі ў Стараж. Грэцыі ў 4—3 ст. да н.э. — 2—3 ст.н.э. (творы Арыстоцеля, Дыягена Лаэрцкага, Секста Эмпірыка). У эпоху позняга элінізму яны развіваліся айцамі хрысц. царквы (Яўсевій Кесарыйскі, Аўгусцін Блажэнны). Араб. філосаф Шахрастані (12 ст.) упершыню паспрабаваў сістэматызаваць філасофію стараж. грэкаў, персаў, яўрэяў, арабаў у кн. «Рэлігійныя секты і філасофскія школы». Першым хрысц. гісторыка-філас. даследаваннем сярэдневяковай Еўропы была праца У.Бёрклі (1275—1357) «Кніга пра жыццё і смерць старажытных філосафаў і паэтаў». У эпоху Адраджэння гісторыю філасофіі даследавалі пераважна ў рамках гісторыі культуры. Самаст. навукай стала ў сярэдзіне 17 ст., калі выйшлі даследаванні «Гісторыя філасофіі» (1655—61) Т.Стэнлі, «Гісторыя філасофіі ў сямі кнігах» (1658) Г.Хорна, «Пра філасофію і філасофскія школы» (1658) Г.Фоса. Погляд на развіццё філасофіі як рух да спасціжэння хрысц. мудрасці падсумаваны ў кн. Я.Брукера «Крытычная гісторыя філасофіі ад стварэння сусвету да нашага часу» (1742—47). Пад уплывам ідэй Асветніцтва ўзнікла крытычная плынь у гісторыі філасофіі, якая ўключала гісторыю пазнання, логіку, псіхалогію, развіццё прыродазнаўства. Ідэю гістарызму ў філас. пазнанні развівалі Дж.Віка, Ш.Мантэск’ё, І.Гердэр, І.Кант, І.Фіхтэ, Ф.Шэлінг. Гісторыю еўрап. думкі і навукі з дыялектычных пазіцый падсумаваў Г.Гегель у кн. «Лекцыі па гісторыі філасофіі», «Энцыклапедыя філасофскіх навук» (1817). У 19 ст. пачаліся сістэматычныя даследаванні гісторыі філасофіі Рас. імперыі. У 1920-я г. ўзрасла цікавасць да ранейшай гісторыі філасофіі. Па гэтай праблеме апублікаваны кн. «Нарыс гісторыі рускай філасофіі» (2-е выд., 1920) Э.Радлава, «Шляхі развіцця філасофіі ў Расіі» (1922) М.Яршова, «Нарыс развіцця рускай філасофіі» (ч. 1, 1922) Г.Шпета. У эмігранцкім рас. асяроддзі з’явіліся арыгінальныя манаграфіі «Руская ідэя: Асноўныя праблемы рускай думкі XIX і пачатку XX ст.» (1946) М.Бярдзяева, «Гісторыя рускай філасофіі» (т. 1—2, 1948—50) В.Зянькоўскага, «Гісторыя рускай філасофіі» (1951) М.Лоскага, у Маскве выдадзена 5-томная «Гісторыя філасофіі ў СССР» (1985—88).
Гісторыя філас. думкі Беларусі даследавалася ў адзінстве з развіццём грамадска-паліт., эстэт. і сацыялагічнай думкі. У эпоху сярэдневякоўя (10—15 ст.) важнай крыніцай тэарэт. і практычнай мудрасці былі біблейскія кнігі філасофска-этычнага зместу, вусная нар. творчасць. Філас. раздзелы «Крыніцы ведаў» візант. пісьменніка Іаана Дамаскіна (каля 675—754), напісаныя паводле прац Арыстоцеля і яго хрысц. каментарыяў, былі перакладзены на стараслав. мову. Біблейская філасофія светастварэння пераказана ў «Аповесці мінулых гадоў» (12 ст.), якая выкарыстоўвалася на Беларусі як адна з крыніц мясц. летапісу. Пачынальнікам самабытнай сінкрэтычнай мудрасці (адзінства тэалогіі, філасофіі, аратарскага і паэт. мастацтва) у старадаўняй Беларусі быў Кірыла Тураўскі. У 10—15 ст. на Русі адукаваныя людзі знаёміліся з ант. і сярэдневяковай філасофіяй, л-рай, этыкай і эстэтыкай па энцыклапедычным зб. «Пчала» (13 ст.). Нар. пантэістычна-маст. светапогляд выявіўся ў паэме «Слова аб палку Ігаравым» (канец 12 ст.), у фабулу якой увайшлі фрагменты з гісторыі Полаччыны, мясц. песні, легенды. У 16—17 ст. склалася рэгіянальная самабытная гуманіст. ідэалогія, філасофія, этыка і эстэтыка (творчасць і асветніцкая дзейнасць Ф.Скарыны, М.Гусоўскага, С.Буднага, В.Цяпінскага, А.Волана, заканадаўчая дзейнасць Л.Сапегі, Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588, палемічныя творы А.Філіповіча, М.Сматрыцкага, братоў Л. і С.Зізаніяў і інш.). З пазіцый хрысц. філасофіі і этыкі сутнасць чалавека, грамадства і сусвету тлумачыў Сімяон Полацкі. Асаблівасць развіцця філас. думкі ў Беларусі і Літве канца 16 — 1-й пал. 18 ст. — засваенне ант., сярэдневяковай і новаеўрап. філасофіі, гуманіт. навукі, прыродазнаўства, маст. культуры праз Віленскі ун-т, мясц. калегіумы, базыльянскія і піярскія школы, якія існавалі ў большасці бел. гарадоў і мястэчак. Асветніцкую філасофію 18 — 1-й пал. 19 ст. прадстаўлялі А.Доўгірд, паслядоўнікі філасофска-эканам. тэорыі фізіякратаў І.Храптовіч, І.Страйноўскі, К.Багуслаўскі, тэарэтыкі рыторыкі і паэзіі Ф.Галянскі, Э.Славацкі, Л.Бароўскі і інш. Філасофія, этыка і эстэтыка бел.нац. Адраджэння — духоўнага і грамадска-паліт. руху да стварэння самабытнай бел. культуры і нац. дзяржаўнасці — сфарміраваліся ў творчасці К.Каліноўскага, В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, Цёткі (А.Пашкевіч), Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, М.Гарэцкага, дзеячаў Бел.сацыяліст. грамады і газ. «Наша ніва» А.Луцкевіча, В.Ластоўскага, публіцыстаў Л.Гмырака (М.Бабровіча), С.Ясяновіча (С.Палуяна), гісторыка М.В.Доўнар-Запольскага і інш. У 1920-я г. ў БССР былі апублікаваны арыгінальныя падручнікі С.Вальфсона «Дыялектычны матэрыялізм» (1922), Б.Быхоўскага «Нарыс філасофіі дыялектычнага матэрыялізму» (1930), інш. даследаванні па метадалогіі, сацыялогіі, псіхалогіі, у т. л. У.Іваноўскага, С.Кацэнбогена. У 2-й пал. 1950-х г. выйшлі манаграфіі М.Алексютовіча «Скарына, яго дзейнасць і светапогляд» (1958), І.Лушчыцкага «Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне XIX ст.» (1958), А.Смірнова «Кастусь Каліноўскі ў паўстанні 1863 г.» (1959) і інш. Сістэматычныя даследаванні па гісторыі філас. і эстэт. думкі Беларусі пачаліся ў 1950—60-я г., калі былі падрыхтаваны зб-кіарт. «З гісторыі барацьбы за распаўсюджванне марксізму на Беларусі (1883—1917 гг.)» (1958), хрэстаматыя «З гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі» (1962). Вяліся даследаванні філасофіі і культуры Беларусі эпохі Адраджэння (С.Падокшын, В.Пузікаў, Я.Парэцкі), пераходнага перыяду ад сярэдневякоўя да Новага часу (У.Дуброўскі, К.Пракошына), эпохі Асветніцтва (А.Бірала, Э.Дарашэвіч, У.Пратасевіч і інш.), ідэйна-філас. дыскусій у 1820—40-я г. (Н.Махнач), матэрыяліст. традыцый у гісторыі прыродазнаўства (М.Купчын), рэв.-дэмакр. думкі, сац.-філас. і этычных праблем у творчасці Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа (А.Майхровіч), гісторыі бел.эстэт. думкі і маст. культуры (У.Конан). Выдадзены калект. праца «Развіццё марксісцка-ленінскай філасофіі ў БССР (20—70-я гады)» (1984), зб. «Помнікі філасофскай думкі Беларусі XVII — першай паловы XVIII ст.» (1991). З пач. 1990-х г. даследчыкі засяродзіліся на вывучэнні гісторыі нац. культуры, дзеячаў сярэдневяковай і рэнесансавай культуры (Кірылы Тураўскага, Скарыны, Сімяона Полацкага і інш.), нац. самабытнасці бел.філас. думкі. Дасягненнем гісторыка-філас. думкі бел. замежжа было, поруч з даследаваннем літ.-маст., гіст. і навук. спадчыны Беларусі, уключэнне ў кантэкст нац. культуры ант. філасофіі. У 1960—80-я г. Я.Пятроўскі (ЗША) апублікаваў у сваім перакладзе на бел. мову з каментарыямі «Дыялогі» Платона (у 6 кн.), анталогію «Лепшыя думкі чалавека» (у 3 т.), «Разважанні» Марка Аўрэлія», «Старажытную грэцкую класіку», шматтомны «Класічны грэцка-беларускі слоўнік» і інш.
Літ.:
Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;
Богомолов А.С., Ойзерман Т.И. Основы теории историко-философского процесса. М., 1983;
Гулыга А.В. Немецкая классическая философия. М., 1986;
Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995;
Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр.Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БА-ВЕ́РДЭ (Cabo Verde),
Рэспубліка Каба-Вердэ (Repúblika de Cabo Verde), дзяржава на а-вах Зялёнага Мыса ў Атлантычным ак., за 500 км на З ад берагоў Зах. Афрыкі. Падзяляецца на 14 акруг. Пл. 4033 км²Нас. 394,8 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Прая на в-ве Сант’ягу. Афіц. мова — партугальская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (5 ліп.).
Дзяржаўны лад. К.-В. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. асамблея з ліку яе дэпутатаў на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея (аднапалатны парламент) з 79 дэпутатаў, што выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае Нац. асамблея з яе складу па прапанове прэзідэнта.
Прырода. А-вы Зялёнага Мыса складаюцца з 2 груп — Наветраных (Барлавенту) і Падветраных (Сатавенту) і ўключаюць 15 астравоў. Найб. з іх (пл. ў км²): Сант’ягу — 991, Санту-Антан — 779, Баавішта — 620, Фогу — 476, Сан-Нікалау — 388, Маю — 269, Сан-Вісенты — 227, Сал — 216. Астравы складзены з вулканічных парод. Берагі пераважна стромкія і скалістыя, зручных гаваней мала (найб. значная — бухта Міндэлу на в-ве Сан-Вісенты). Рэльеф гарысты, са шматлікімі вулканічнымі конусамі, кратэрамі і кальдэрамі. Найвыш. пункт — дзеючы вулкан Фогу на в-ве Фогу (2829 м). Карысныя выкапні: каменная соль, гіпс і вулканічныя буд. матэрыялы. Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра ад 22 °C (люты) да 27 °C (вер.—кастр.). Ападкаў 100—300 мм за год, пераважна са жн. да кастрычніка. Пастаянных рэк няма. Расліннасць у асноўным пустынная і паўпустынная. Пад горнымі лясамі каля 4 тыс.га. Вядуцца пасадкі лесу. Жывёльны свет бедны. Адсутнічаюць млекакормячыя, акрамя завезенай еўрапейцамі свойскай жывёлы, малпаў, пацукоў і інш. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва — кабавердцы — нашчадкі партуг. каланістаў і неграў-рабоў; пераважна мулаты. Есць выхадцы з Афрыкі (каля 30%) — прадстаўнікі народаў фульбе, балантэ і манджак. У гарадах невял. групы партугальцаў (каля 1%). Больш за 90% вернікаў — католікі, каля 2,5% — пратэстанты, ёсць прыхільнікі традыц.афр. культаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 100 чал. на 1 км², на а-вах Сант’ягу і Сан-Вісенты больш за 200 чал. на 1 км. У гарадах жыве 56% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1991): Прая — 82,8, Міндэлу — 51,3. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 80% насельніцтва. прам-сці і буд-ве — каля 10, абслуговых галінах — каля 10%.
Гісторыя. А-вы Зялёнага Мыса да з’яўлення тут еўрапейцаў былі бязлюдныя. Адкрыты, верагодна, у 1456 экспедыцыяй А.Кадамоста. У 1462 пачалося засяленне астравоў партугальцамі і прывезенымі імі пераважна з Сенегала неграмі-рабамі. У 1533 пасяленне Рыбейра-Грандзі атрымала статус горада. Тут размяшчалася рэзідэнцыя епіскапа, які прадстаўляў партуг. карону на астравах і афр. узбярэжжы ад Марока да Гвінеі. У 1564 астравы перайшлі пад кіраванне партуг. манархіі, на чале каралеўскай калан. адміністрацыі стаяў губернатар. У сярэдзіне 17 ст. (афіцыйна з 1770) адм. ц. калоніі стала Санта-Марыя (з 1858 наз. Прая). З 1650 тэр.партуг. Гвінеі адміністрацыйна падпарадкавана губернатару К.-В. У 1757 выключнае права на гандаль з К.-В. і Гвінейскім узбярэжжам перададзена на 20 гадоў «Кампаніі Пара і Мараньян» Жорсткая эксплуатацыя кампаніяй і засухі 1775—77 прывялі да масавай гібелі мясц. насельніцтва. Да 19 ст. астравы былі важным транзітным пунктам на шляху з Партугаліі ў Індыю і адным з гал. цэнтраў партуг. гандлю рабамі. У 1832—79 К.-В. аб’яднана з партуг. Гвінеяй у адзіную заморскую правінцыю. потым асобная калонія. У 1956 створана Афр. партыя незалежнасці Гвінеі і А-воў Каба-Вердэ (ПАІГК), якая ў 1963 узначаліла ўзбр. барацьбу супраць каланізатараў. У крас. 1974 Партугалія прызнала ПАІГК адзіным законным прадстаўніком насельніцтва К.-В. і ў ліст. падпісала з ёю пагадненне аб прадастаўленні К.-В. незалежнасці.
5.7.1975 абвешчана незалежная Рэспубліка К.-В. Прэзідэнтам краіны стаў А.М.Перэйра. Гал.паліт. сілай заставалася ПАІГК, якая ў 1981 разарвала адносіны з кіруючай партыяй у Гвінеі-Бісау (тая імкнулася да стварэння уніі абедзвюх дзяржаў), а пазней стварыла асобную Афр. партыю незалежнасці КВ., адзіную легальную партыю ў краіне. У 1980—90-я г. шматгадовая засуха прывяла да эканам. крызісу. У 1990 парламент ухваліў змены ў канстытуцыі, якія прадугледжвалі ўвядзенне ў краіне шматпартыйнай сістэмы. У 1991 адбыліся першыя свабодныя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, перамагла партыя Рух за дэмакратыю, прэзідэнтам выбраны падтрыманы ёю незалежны кандыдат А.Машкарэньяш Мантэйру. К.-В. — чл.ААН (з 1976), Арг-цыі афр. адзінства, Руху недалучэння. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў чэрв. 1992.
Гаспадарка. К.-В. — эканамічна адсталая, пераважна агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) 440 млн.дол. ЗША (1994); на 1 чал. ў год прыпадае 1040 дол. Доля ў ВУП: сельскай гаспадаркі — 18%, рыбалоўства — 7, прам-сці — 8, абслуговых галін — 67%. У дзярж. сектары ствараецца да 40% ВУП. Гал. галіна — сельская гаспадарка. З-за гарыстага рэльефу і неўрадлівых глеб вядзенне сельскай гаспадаркі магчыма на 12% тэрыторыі, земляробства — на 1,4% (каля 5600 га). С.-г. землі цярпяць ад недахопу вады. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі; ёсць кааператывы. На ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу, фасолю, батат, цукр. трыснёг, маніёк, бульбу, агародніну. Экспартныя культуры: бананы (штогод 5—10 тыс.т), кава, тытунь, арахіс, клешчавіна, гарчыца. Вырошчваюць таксама апельсіны, фінікі і какосавыя арэхі. Пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1990): буйн. раг. жывёлы — каля 13, свіней — каля 40, коз — каля 70, авечак — каля 3. Штогадовы ўлоў рыбы, амараў і крэветак каля 15—20 тыс.т. Прам-сць развіта слаба. На а-вах Сал, Баавішта і Маю здабыча каменнай солі (да 40 тыс.т у год), на в-ве Санту-Антан — пуцаланаў (цэм. сыравіна), гіпсу і кааліну. Вытв-сць электраэнергіі 40 млн.кВт∙гадз (1995) на дробных дызельных электрастанцыях. Будуюцца ўстаноўкі, якія выкарыстоўваюць энергію ветру і сонца. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: рамонт і буд-ва дробных суднаў (г. Міндэлу), вытв-сць адзення і абутку (ф-кі швейная ў Міндэлу, тэкст., швейная і абутковая ў Праі), мэблі (Прая). Харчасмакавая прам-сць уключае перапрацоўку рыбы і вытв-сць рыбных кансерваў, разнастайных харч. тавараў, у т. л. алею і мукі. Працуюць ліцейна-мех. майстэрні (Міндэлу), з-ды жалезабетонных і керамічных вырабаў, буд. матэрыялаў, прадпрыемствы па зборцы з імпартных дэталей эл.-быт. прылад і іх рамонце (Прая). Развіты саматужныя промыслы (ганчарны, пляценне кошыкаў, выраб сувеніраў). У г. Прая саматужна-маст. майстэрні. На астравах Сант’ягу і Сан-Вісенты невял. з-ды па апрасненні марской вады. У порце Міндэлу — бункераванне (забеспячэнне палівам і інш.) суднаў розных краін. Унутр. транспарт аўтамабільны. На астравах 3,2 тыс.км аўтадарог (у т. л. 0,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём), 10,5 тыс. легкавых аўтамабіляў, 5,5 тыс. грузавікоў і аўтобусаў. Сувязь паміж астравамі і з інш. краінамі ажыццяўляецца марскім транспартам і авіяцыяй. Гал. парты Прая і Міндэлу. На в-ве Сал міжнар. аэрапорт. Знешні гандаль мае адмоўны баланс. Штогадовы экспарт каля 5 млн.дол., імпарт каля 170 млн.дол. Краіна экспартуе соль, бананы, каву, тытунь, рыбныя кансервы, імпартуе прамысл. і харч. тавары. Гандаль пераважна з Партугаліяй (49% экспарту і 34% імпарту), Анголай, Нідэрландамі. Дадатковыя сродкі краіне прыносяць турызм, грашовыя пераводы эмігрантаў, дапамога міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — эскуда Каба-Вердэ.
Літ.:
Григорович А.А., Грибанов В.В. Кабо-Верде. М., 1988.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТАЛІ́ЗМ,
адна з гіст. стадый развіцця чалавецтва; паліт., сац. і эканам. сістэма, заснаваная на прыватнай уласнасці, таварнай вытворчасці і канкурэнцыі. У розных плынях грамадскай думкі вызначаецца як этап у развіцці індустрыяльнага грамадства, сістэма свабоднага прадпрымальніцтва, сучасная ступень К. — постіндустрыяльнае грамадства, інфармацыйнае грамадства, «змешаная эканоміка» і інш. Марксізм разглядае К. як грамадска-эканамічную фармацыю, якая змяняе феадалізм і папярэднічае сацыялізму — першай фазе камунізму; аснову такой фармацыі складаюць прыватная ўласнасць класа буржуазіі (капіталістаў) на асн. сродкі вытв-сці і эксплуатацыя ім наёмнай працы рабочых (пралетарыяту), якія пазбаўлены такіх сродкаў. Паводле гэтай канцэпцыі, К. у сваім развіцці ў Зах. Еўропе прайшоў стадыі: генезісу (узнікнення, 16—1-я палова 18 ст.), даманапалістычную (сярэдзіна 18—19 ст.), манапалістычную (склалася на мяжы 19—20 ст.). Элементы К. спарадычна праяўляліся ў гарадах Італіі (гандаль) і Нідэрландаў (мануфактура) ужо ў 14—15 ст. у перыяд т.зв.першапачатковага накаплення капіталу. Аднак як грамадска-эканам. ўклад К. узнік у эпоху разлажэння феадалізму ў пач. 16 ст., калі натуральная гаспадарка стала ператварацца ў простую таварную, а апошняя — у капіталістычную. Гэтаму садзейнічала развіццё таварна-грашовых адносін, якія спрыялі паглыбленню маёмаснай дыферэнцыяцыі, пашырэнню выкарыстання наёмнай працы ў прамысловасці і земляробстве. Для атрымання максімальнага прыбытку ва ўмовах рыначнай канкурэнцыі прадпрымальнікі павінны пастаянна развіваць прадукц. сілы, навуку і тэхніку, павялічваць капітал і ўдасканальваць вытв-сць. У выніку прамысл. перавароту і індустрыяльнай рэвалюцыі, якія адбыліся першапачаткова ў Вялікабрытаніі (апошняя трэць 18—1-я чвэрць 19 ст.), потым у ЗША, Францыі, Германіі і інш. краінах, была створана буйная машынная вытв-сць, усталявалася панаванне капіталіст. спосабу вытв-сці. Рост канцэнтрацыі і цэнтралізацыі вытв-сці і капіталу прыводзіць да ўзнікнення буйных капіталіст.манаполій, банкаўскіх карпарацый, падзелу рынкаў збыту, вывазу капіталу, пашырэнню урбанізацыі, абвастрэнню сац. супярэчнасцей (гл.Імперыялізм). У працэсе далейшага развіцця К. рыначная канкурэнцыя дапаўняецца механізмам дзярж. рэгулявання эканомікай, узнікненнем побач з буйнымі ўласнікамі і работнікамі наёмнай працы, сярэдняга класа ўласнікаў. Пасля 1-й сусв. вайны 1914—18 і Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі К. перастаў быць усеахопнай сістэмай гаспадаркі; сфера яго ўплыву значна звузілася пасля 2-й сусв. вайны 1939—45 і распаду каланіяльнай сістэмы (гл.Каланіялізм). Аднак К. выявіў здольнасць прыстасоўвацца да новых умоў, выкарыстоўваць магчымасці сучаснай НТР, забяспечваць больш высокі ў параўнанні з ранейшым жыццёвы ўзровень людзей, пераадольваць складаныя сац.-эканам. супярэчнасці. Паліт. і сац.-эканам. змены, якія адбыліся ва Усх. Еўропе і краінах былога СССР у 1990-я г., аб’ектыўна спрыялі паскарэнню працэсу рыначных рэформ і пераўтварэнняў на аснове выкарыстання вопыту развітых капіталіст. краін. Сучасныя формы арг-цыі капіталіст. гаспадаркі ўключаюць: кароткатэрміновае (антыцыклічнае, антыінфляцыйнае) і доўгатэрміновае (макраэканамічнае) рэгуляванне; галіновыя і рэгіянальныя праграмы (планы), прамое (заканад. і адм. акты) і ўскоснае (падаткі, расходы дзярж. бюджэту, амартызацыйная палітыка) рэгуляванне. З ростам інтэрнацыяналізацыігасп. жыцця, узмацненнем транснац. карпарацый пачынаюць развівацца рэгіянальная і сусв.інтэграцыя, міждзяржаўнае рэгуляванне эканомікі. Гэта выявілася ва ўзнікненні такіх спец. устаноў, як Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, Міжнародны валютны фонд, Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскі саюз і інш. Характэрнымі асаблівасцямі сусв. эканомікі ў канцы 20 ст. сталі глабалізацыя вытв-сці і яе рэгіяналізм, крызіс сусв. запазычанасці, небывалая міграцыя рабочай сілы, інвестыцый і капіталаў, нераўнамернасць эканам. развіцця, крымінагеннасць дзелавога жыцця і інш. негатыўныя з’явы.
У развіцці К. ў Беларусі вылучаюць 2 асн. перыяды: генезіс капіталіст. адносін (16 ст. — 1861) і ўсталяванне капіталіст. спосабу вытв-сці (1861—1917). Капіталіст. адносіны тут складваліся па тых жа законах, што і ў інш. краінах, хоць былі і пэўныя асаблівасці — запаволены генезіс К. ва ўмовах панавання феад. адносін у эканоміцы, існаванне прыгонніцкіх форм найму ў прам-сці. Генезіс К. мае 2 этапы: узнікненне і пашырэнне капіталіст. адносін (16 — сярэдзіна 18 ст.) і станаўленне капіталіст. ўкладу (сярэдзіна 18 ст. — 1861). На 1-м этапе пракапіталіст. тэндэнцыі ў сац.-эканам. развіцці феад. горада і вёскі праяўляліся ў росце рыначных сувязей, спецыялізацыі і кааперацыі рамяства, пашырэнні гандлю, грамадскага падзелу працы, маёмаснай дыферэнцыяцыі рамеснікаў і сялянства. На 2-м этапе назіралася фарміраванне капіталіст. ўкладу ў нетрах феадалізму, развіваліся першасныя формы капіталіст. вытв-сці, мануфактуры паступова выцясняліся фабрыкамі, заснаванымі на выкарыстанні машын. Да пач. 1860-х г. колькасць дробных прадпрыемстваў капіталіст. тыпу (разам з рамеснымі майстэрнямі з пераважна наёмнай працай) павялічылася да 7,8 тыс. (27,7% ад усіх прадпрыемстваў, у т. л. рамесных), колькасць рабочых — да 23,4 тыс. (38%), колькасць мануфактур узрасла да 140 (каля 4,7 тыс. рабочых); дзейнічала 76 фабрычных прадпрыемстваў (3075 рабочых). Першыя фабрычныя прадпрыемствы з вольнанаёмнай працай з’явіліся ў сярэдзіне 1840-х г. На капіталіст. сектар фабрычнай вытв-сці прыпадала 2/5 прадукцыі ўсіх фабрык. У выніку адмены прыгону ў Беларусі пачалося больш хуткае выцясненне дробнай вытв-сці і мануфактуры, што суправаджалася паскоранымі тэмпамі росту фабрычна-заводскай прам-сці, фарміравання прамысл. пралетарыяту і буржуазіі. Разам з тым характэрнай рысай прамысл. развіцця Беларусі было захаванне і пашырэнне дробнай вытв-сці і мануфактур, параўнальна невял. памеры фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў. З 1860 да 1900 агульная колькасць фабрык і заводаў тут павялічылася ў 15 разоў, колькасць рабочых на іх — у 10,8 раза, колькасць мануфактур — у 5,4 раза, рабочых на іх — у 6,1 раза, колькасць дробнакапіталіст. прадпрыемстваў — у 2,2 раза, рабочых на іх — у 2,7 раза, рамесных майстэрняў — у 2,9 раза, рамеснікаў — у 3,6 раза. Агульная колькасць прамысл. рабочых на Беларусі ў 1900 склала 236,8 тыс. У выніку ўдзельная вага бел. прам-сці дасягнула ў прадукцыі прам-сці Расіі 5%, а колькасць рабочых — амаль 10%. Узмацнялася роля банкаўскага капіталу ў арг-цыі і развіцці капіталіст. прам-сці. Пасля пераадолення крызісу і дэпрэсіі 1900—07 сярэднегадавы рост валавой прадукцыі фабрычна-заводскай прам-сці ў Беларусі дасягнуў 13,9%. За 1900—13 колькасць буйных (цэнзавых) прадпрыемстваў павялічылася на 61,2%, іх валавая прадукцыя — на 229,6%. Характэрныя рысы развіцця К. гэтага перыяду — інтэнсіўнае тэхн. і тэхналаг. пераабсталяванне прадпрыемстваў, канцэнтрацыя вытв-сці і цэнтралізацыя прамысл. капіталу, узнікненне манапалістычных аб’яднанняў, пашырэнне працэсу акцыяніравання прадпрыемстваў, стварэнне спрыяльных умоў для замежных інвестыцый і інш.
У сучасны перыяд у Рэспубліцы Беларусь дзяржава стварае роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, у т. л. прыватнай, і гарантуе ўсім грамадзянам роўныя магчымасці для прадпрымальніцкай і іншай эканам. дзейнасці.
Літ.:
Маркс К. Капітал. Т. 1—3. Мн., 1952—53;
Яго ж. Теории прибавочной стоимости // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 26, ч. 1—3;
Смит А. Исследование о природе и причинах богатства народов. М., 1962;
Ленін У.І. Развіццё капіталізму ў Расіі // Тв.Т. 3 (Полн. собр. соч.Т. 3);
Яго ж. Імперыялізм, як вышэйшая стадыя капіталізму // Там жа. Т. 22 (Там жа. Т. 27);
Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1—2. Мн., 1972;
История рабочего класса Белорусской ССР. Т. 1. Мн., 1984;
Экономическая история зарубежных стран. Мн., 1996;
Экономическая история капиталистических стран. М., 1986;
Капитализм на исходе столетия. М., 1987;
Экономика зарубежных стран: Капиталист. и развивающиеся страны. М., 1990;
Бродель Ф. Материальная цивилизация, экономика и капитализм, XV—XVIII вв.: Пер. с фр.Т. 1—3. М., 1986—92;
Друзик Я.С. Мировая экономика на финише века. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЯМО́ННЕ,
гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае тэр. Гродзенскай і сумежных ч. Брэсцкай і Мінскай абл. На Пд мяжуе з Заходнім Палессем (па вярхоўях р. Нараў і Ясельда да г. Бяроза і Івацэвічы), на У і ПнУ — адпаведна з цэнтральнай Беларуссю і Паазер’ем (на З ад г. Баранавічы па Налібоцкай пушчы, да г. Маладзечна, Мядзел, Паставы). Насельніцтва этнагенетычна склалася на слав. аснове з удзелам асіміляваных літвінаў (стараж. літвы і аўкштайтаў), ятвягаў, прусаў, татараў і інш. У сярэднія вякі рэгіён быў вядомы пад назвай Літва, побач з якой зрэдку ўжывалася і назва Чорная Русь, што, на думку некат. аўтараў (М.К.Любаўскі, П.Д.Бранцаў, У.І.Пічэта і інш.), уяўляла сабой першапачаткова слав. масіў на землях балцкіх плямён. У канцы 10—1-й пал. 11 ст. далучана да Кіеўскай Русі. У 12—1-й пал. 13 ст. знаходзілася ў сферы ўплыву Галіцка-Валынскага і Полацкага княстваў. У 13 ст. рэгіён апынуўся ў цэнтры важных паліт. падзей, якія зрабілі непасрэдны ўплыў на ўтварэнне ВКЛ. Яго першай сталіцай быў г. Новагародак (Навагрудак), дзе ў 1253 каранаваўся вял. князь Міндоўг. У гэты час этнічны склад насельніцтва рэгіёна папоўніўся за кошт шырокай хвалі перасяленцаў з Мазовіі, Прусіі, Жамойці, што сцякаліся сюды пад націскам тэўтонскай агрэсіі, а таксама мігрантаў з паўд.-рус. зямель, якія падвергліся спусташальнаму мангола-татарскаму нашэсцю. Край станавіўся адным з самых населеных і багатых абласцей.
У выніку этнічнага сімбіёзу на слав. аснове складваўся рэгіянальны тып культуры, у якой спалучаліся заходнярус. (бел.), польскія і балцкія рысы. Агульны лёс бел. і літ. народаў у складзе адзінай дзяржавы працяглы час абумоўліваў узаемны ўплыў і блізкія рысы ў развіцці этнасац., грамадска-прававых і эканам. адносін. Пасля Крэўскай 1385, Люблінскай 1569 і асабліва Брэсцкай 1596 уній узмацніліся экспансія каталіцтва і паланізацыя краю. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) П. адышло да Рас. імперыі. На тэр. П. былі ўтвораны Літоўская, пасля Гродзенская і Віленская губ. З 1920 П. ў складзе Польшчы, у 1939 уз’яднана з БССР.
У ландшафтах П. ўзгоркавыя ўзвышшы і перасечаныя раўніны чаргуюцца з шырокімі нізінамі, дрэніраванымі рэчышчамі Нёмана і яго прытокаў. Дзярнова-падзолістыя глебы на лёсападобных суглінках і водна-ледавіковых супесках пры захаванні пэўных агратэхн. правіл давалі высокія ўраджаі. У структуры пасеваў першае месца займала жыта (у сярэдзіне 19 ст. — 48,8% усёй плошчы), затым авёс (28,8), пшаніца (5,2), грэчка (4,6), ячмень (3,6), гарох (3), бульба (2,5); лён, проса, рэпа і каноплі складалі разам каля 3% пасеваў. У 2-й пал. 19 ст. пашырыліся пасевы кармавых траў, што паляпшала структуру глебы і стымулявала развіццё жывёлагадоўлі. Палі апрацоўваліся з дапамогай т.зв. літоўскай (палескай) сахі, якая была прыстасавана да мясц. умоў і мела больш лёгкую канструкцыю для аднаконнай (ці аднаваловай) запрэжкі. Шырокае развіццё мануфактурнай вытв-сці садзейнічала развіццю гандл. адносін. Прам-сць Гродзенскай губ. давала ў 1859 прадукцыі больш, чым усе астатнія бел. губерні, разам узятыя. Шырокі размах у П. атрымаў кірмашовы гандаль (толькі Зэльвенскі кірмаш у 1-й пал. 19 ст. па тавараабароце пераўзыходзіў усе кірмашы Мінскай і Віленскай губ.).
Да аграрнай рэформы 2-й пал. 16 ст. характэрным тыпам сельскіх пасяленняў была невял. вёска са свабоднай (бессістэмнай) забудовай. Перабудова пасяленняў паводле «Уставы на валокі» 1557 ахапіла 90% вёсак Гродзенскай эканоміі (больш, чым у якім-н. інш. рэгіёне Беларусі). У выніку правядзення валочнай памеры ўзнікла шмат новых вёсак вулічнага тыпу, якія размяшчаліся на адкрытай мясцовасці ўздоўж дарог і гандл. трактаў, паблізу рэк і азёр. Устаўныя вёскі (з жылым памяшканнем на адным баку вуліцы і з гасп. на другім) захоўваліся тут да пач. 20 ст. Вёскі дзярж. сялян (напярэдадні рэформы 1861 складалі трэцюю ч. насельніцтва) былі больш упарадкаваныя, у іх у 1860-я г. курныя хаты заменены «чыстымі». Прадстаўнікі свабоднага саслоўя (дробная шляхта, аднадворцы) пражывалі ў аколіцах, засценках, фальварках, назвы якіх часцей паходзілі ад прозвішчаў жыхароў. Кожны двор уяўляў аўтаномную ячэйку, слаба ўвязаную з агульнай структурай пасялення. Жылыя памяшканні звычайна будавалі ў глыбіні двара. Асабліва многа спадчынных маёнткаў дробнай шляхты было рассеяна на тэр. Ашмянскага пав. Значнае развіццё саматужнай прам-сці і гандлю павышала ў рэгіёне ролю мястэчак, якія звычайна вырасталі з сёл, што належалі буйным магнатам. Найб. тыповая для сял. сядзіб пагонная (аднарадная) сістэма забудовы. Гумны, пуні ставілі на некат. адлегласці ў канцы сядзібы ці насупраць па другі бок вуліцы. Там жа будавалі і свірны. Характэрныя для рэгіёна былі 2-павярховыя лямусы. Бытаванне тут лямусаў мае стараж. традыцыю і, паводле археал. матэрыялаў, яны вядомы з 11 ст. Тыповая планіровачная структура традыц. жылля хата + сенцы + камора. У пач. 20 ст. яна ўскладнілася вылучэннем функцыянальна самаст. кухні, спальні, святліцы. Дамы дробнай шляхты мелі падсені ці ганкі, у 2-й пал. 19 ст. іх будавалі і сяляне. Нар. архітэктура ў П. прагрэсіравала хутчэй, чым у інш. рэгіёнах, актыўна пераймаючы асобныя зах. канструкцыйныя формы і ўдала перапрацоўваючы іх у спалучэнні з традыцыйнымі. Побач з буд-вам жылля з круглых бярвён, што звязваліся ў просты вугал, у 19 ст. часцей сустракаліся пабудовы з брусковых бярвён, рубленых у гладкі (чысты, нямецкі) вугал. Высокія 2-схільныя і паўвальмавыя дахі мелі кроквенную канструкцыю, захавалася і традыц. апорная канструкцыя на стаяках і сохах. Дахі крылі саломай («пад шчотку», «пад страхоўку»), гонтай і чарапіцай. Характэрная прыкмета культ. ландшафтаў — прыдарожныя крыжы і капліцы.
Традыц. бел. адзенне ў мясц.этнагр. матэрыяле захавалася горш, чым у інш. рэгіёнах Беларусі. Стракаты этнасац. склад, параўнаўча развітая сістэма шляхоў зносін павялічвалі кантраст у адзенні і разам з тым садзейнічалі ўзаемнаму ўзбагачэнню. Тыповая верхняя вопратка — бурнос з адкладным каўняром свабоднага крою і прыталеная світа (сярмяга) з вузкім стаячым каўняром, сшытая з даматканага шэрага і цёмна-шэрага сукна. Дробная шляхта і дзярж. сяляне замест сярмягі насілі капот з шэрага і шэра-зялёнага сукна. Жанчыны насілі больш кароткую катанку. З інш. тыпаў верхняй вопраткі ў шырокім ужытку былі кажух, палатняны насоў, курта (спанцэрка), жаночы кафтан (каптанік), мужчынская безрукаўка (камізэлька). Звычайны комплекс жаночага адзення складаўся з ільняной кашулі, андарака (або спадніцы), фартуха, гарсэта. Кашулі з прамымі полікамі мелі адкладны каўнер і рукавы з абшлагамі. Стараж. тунікападобная кашуля раней, чым у інш. рэгіёнах, стала споднім адзеннем. Святочныя кашулі і льняныя фартухі ўпрыгожвалі вышыўкай, у якой дамінаваў геам. арнамент; найб. распаўсюджаная фігура — васьмівугольная зорка, у стылізаванай выяве блізкая да расл. форм (ваўкавыска-камянецкі строй). Гарсэты з цёмнага сукна шылі прыталеныя, часта з надрэзамі ў ніжняй частцы. Чапец (або каптур) нярэдка меў навушнікі і абшываўся па краі чырвонай стужкай. Як самастойны ўбор захаваўся да пач. 20 ст., звычайна яго надзявалі замужнія жанчыны на святы (мастоўскі строй, навагрудскі строй). Узорыстыя посцілкі, ручнікі, дываны, абрусы П. вызначаліся багаццем маст. сродкаў, высокім майстэрствам выканання. У вытв-сці керамічнага посуду і яго дэкар.-засцерагальнай апрацоўцы задымліванне часта спалучалася з глянцаваннем. Мясц. гаворкі П. ўваходзяць у паўд.-зах.дыялект. Адзначаныя рысы нар. культуры і гасп.-быт. ўкладу ў бел. П. прайшлі доўгі шлях развіцця, адлюстроўваюць складаную этнічную гісторыю насельніцтва краю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1700—21,
вайна кааліцыі еўрап. дзяржаў у складзе Расіі, Даніі, Саксоніі (т.зв. «Паўночны саюз») з удзелам Рэчы Паспалітай (з 1704), Прусіі і курфюрства Гановер (з 1715) супраць Швецыі за панаванне на Балт.м. На працягу 17 ст. Швецыя фактычна ўстанавіла свой кантроль над Балт. рэгіёнам і землямі, што прылягалі да Фінскага заліва (Інгрыя і ч. Карэліі). У выніку войнаў з Рэччу Паспалітай (гл.Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, Паўночная вайна 1655—60), Расіяй, Даніяй і германскімі краінамі яна авалодала Эстляндыяй, Ліфляндыяй (гл.Лівонія) і значнымі тэрыторыямі ў Паўн. Германіі (Брэмен, Вердэн, Памеранія, в-аў Руген). У 1699 рас. цар Пётр I заключыў саюз з Даніяй і курфюрстам Саксоніі Аўгустам II (з 1697 адначасова кароль польскі і вял. князь літоўскі) супраць Швецыі. У лют. 1700 саксонскія войскі ўвайшлі ў Ліфляндыю і аблажылі Рыгу. У сак. 1700 дацкія войскі ўведзены ў герцагства Гольштэйн (саюзнік Швецыі). У чэрв. 1700 шведскі кароль Карл XII (гл. ў арт.Карл, імя каралёў Швецыі) высадзіў дэсант каля Капенгагена і прымусіў Данію 18.8.1700 заключыць мір. 30.8.1700 Расія абвясціла вайну Швецыі. Рас. войскі (каля 35 тыс.чал.) пачалі аблогу Нарвы, але ў бітве 30.11.1700 пацярпелі паражэнне. Тады Карл XII выступіў супраць Аўгуста II і 20.7.1701 разбіў яго войскі каля Рыгі. У пач. 1702 шведы ўварваліся на тэр. Рэчы Паспалітай, у крас. занялі Вільню і Гродна, у маі — Варшаву. Спробы Аўгуста II спыніць прасоўванне шведаў у глыб Рэчы Паспалітай скончыліся паражэннем яго войск у бітвах каля Клішава (1702) і Пултуска (1703). Пётр I, скарыстаўшы перадышку, выкліканую знаходжаннем асн. сіл Карла XII у Рэчы Паспалітай, рэарганізаваў армію, і ў 1701—04 яго войскі атрымалі некалькі перамог над шведамі ў Прыбалтыцы і выйшлі да Балт.м. з мэтай замацавацца на яго ўзбярэжжы. З пачаткам вайны ў ВКЛ абвастрылася барацьба паміж групоўкай Сапегаў, якія хацелі стварыць незалежную ад Польшчы дзяржаву, і большасцю бел.-літ. шляхты, што групавалася вакол Р.А.Агінскага і Вішнявецкіх. У маі 1704 прыхільнікі Аўгуста II аб’ядналіся ў Сандамірскую канфедэрацыю, якая пад Нарвай заключыла саюз з Расіяй і абвясціла вайну Швецыі. У адказ Варшаўская канфедэрацыя (ліп. 1704), арганізаваная Карлам XII, выбрала каралём Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У выніку на тэр. Беларусі ўвайшлі саюзныя Аўгусту II рас. войскі і з восені 1704 пачалі канцэнтравацца каля Полацка. У ліп. 1705 яны рушылі на Вільню (частка войск пад камандаваннем Б.П.Шарамецева накіравана ў Курляндыю). У вер. 1705 гал.рас. сілы (каля 35 тыс.чал.) занялі Гродна, дзе да іх далучылася некалькі палкоў саксонскай конніцы. Аб’яднаную групоўку ўзначаліў Аўгуст II. У студз. 1706 Карл XII пераправіўся цераз Нёман і блакіраваў гарнізон у Гродне, конніца А.Д.Меншыкава паспела адысці да Мінска. Аўгуст II накіраваўся ў Саксонію за дапамогай, але ў лют. 1706 у бітве пры Фраўштаце асн. сілы саксонскай арміі былі разбіты. Рас. войскам удалося выйсці з Гродна і праз Брэст і Ковель дайсці да Кіева. У лют.—маі 1706 шведы, ідучы праз Беларусь, спалілі Карэлічы, Мір, разрабавалі Навагрудак, Слонім, Клецк, Слуцк, Пінск, Кобрын, пасля аблог занялі Ляхавічы і Нясвіж (гл.Нясвіжа абарона 1706). Каля Клецка 30.4.1706 шведскія войскі разбілі 5-тысячны рас. атрад С.П.Няплюева. Летам 1706 Карл XII нанёс удар па Саксоніі і прымусіў Аўгуста II у вер. 1706 заключыць Альтранштацкі мір. Аўгуст II адмовіўся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць Станіслава Ляшчынскага. У 1707 рас. войскі зноў сканцэнтраваліся на Беларусі, у крас. пасля аблогі занялі Быхаў (гл.Быхава абарона 1707). У пач. 1708 Карл XII заняў Гродна і рушыў на Ліду, Смаргонь. Гал. сілы рас. арміі (каля 57 тыс.чал.) пад камандаваннем Шарамецева адышлі да Чашнікаў і Бешанковіч. З сак. да пачатку чэрв. 1708 шведская армія стаяла ў раёне Радашковіч, 25 чэрв. пераправілася цераз Бярэзіну. Каля мяст. Галоўчын (на Магілёўшчыне) 14.7.1708 адбылася бітва, у якой рас. армія пацярпела паражэнне і адышла за Дняпро. Шведы занялі Магілёў, а праз месяц рушылі далей на У. Аднак у бітвах каля вёсак Добрае 10.9.1708 і Раеўка 20.9.1708 на Мсціслаўшчыне авангард Карла XII панёс значныя страты; узніклі цяжкасці з забеспячэннем арміі харчам і фуражом. Таму Карл XII вырашыў скарыстаць дапамогу, якую яму абяцаў укр. гетман І.Мазепа, і ў сярэдзіне вер. 1708 павярнуў на Украіну. На злучэнне з гал. сіламі Карла XII з Рыгі выйшаў 16-тысячны корпус А.Левенгаўпта. 9.10.1708 каля в.Лясная (на Магілёўшчыне) Левенгаўпт быў разбіты рас. войскамі, страціў абоз і прывёў да Карла XII толькі каля 7 тыс.чал. У канцы кастр. 1708 Мазепа з 2-тысячным атрадам перайшоў на бок шведаў, але Меншыкаву ўдалося захапіць запасы зброі, боепрыпасаў і харчу ў г. Батурын, якія гетман падрыхтаваў для саюзніка. 8 ліп. ў Палтаўскай бітве 1709 шведская армія была разгромлена (Карл XII і Мазепа ўцяклі ў Турцыю). Гэта перамога стала пераломнай у П.в. Быў адноўлены саюз Расіі з Даніяй і Саксоніяй. Станіслаў Ляшчынскі з’ехаў у Памеранію; у Варшаву вярнуўся Аўгуст II. Ваенныя дзеянні былі перанесены ў Прыбалтыку і Паўн. Германію. У 1710 рас. войскі занялі Ліфляндыю і Эстляндыю, авалодалі Рыгай, Пернавам (Пярну) і Рэвелем. Рас. флот атрымаў свабодны выхад з Фінскага заліва ў Балт.м. Дацка-саксонскія войскі ўвайшлі ў Памеранію і пачалі аблогу Штральзунда. Па прычыне шматлікіх супярэчнасцей з Расіяй, асабліва па пытанні кантролю над Ліфляндыяй, Рэч Паспалітая выйшла з вайны. У канцы 1710 Карлу XII удалося ўцягнуць у вайну з Расіяй Турцыю (гл.Пруцкі паход 1711). Руска-турэцкая вайна 1710—13 часова прыпыніла актыўныя дзеянні супраць Швецыі. У 1713 рас. войскі занялі Фінляндыю, разам з саюзнікамі авалодалі амаль усёй Памераніяй. У выніку перамогі над шведскім флотам каля мыса Гангут (1714) рас. флот пачаў кантраляваць Балт.м. У 1715 у вайну супраць Швецыі ўступілі Прусія і Гановер. У маі 1718 Швецыя пачала перагаворы аб міры з Расіяй (т.зв. Аландскі кангрэс), якія працягваліся да гібелі Карла XII у ліст. 1718. Яго сястра Ульрыка Элеанора, заняўшы трон, пад уплывам Англіі спыніла перагаворы і аднавіла ваен. дзеянні з Расіяй. У той жа час Швецыя заключыла мір з Гановерам (1719), Прусіяй і Даніяй (1720), прызнаўшы іх правы на частку сваіх уладанняў у Паўн. Германіі. У выніку пагаднення з Саксоніяй Швецыя ў 1719 адмовілася ад падтрымкі Станіслава Ляшчынскага і прызнала Аўгуста II каралём польскім і вял. князем літоўскім. У 1719—20 рас. дэсанты тройчы высаджваліся ў Швецыі, спусташалі прыбярэжныя гарады і вёскі, падыходзілі да Стакгольма; 7.8.1720 у Грэнгамскай бітве разбіты шведскі флот. 10.9.1721 падпісаны Ніштацкі мірны дагавор 1721, пазней адпаведныя дагаворы Швецыя падпісала з Саксоніяй (1729) і Рэччу Паспалітай (1733). У выніку П.в. Швецыя страціла статус вял. дзяржавы, аднак і для інш. краін Еўропы, асабліва для ВКЛ, наступствы вайны былі трагічныя: насельніцтва Беларусі скарацілася з 2,2 млн. да 1,5 млн.чал. (загінуў кожны трэці яе жыхар); найбольш пацярпелі Мсціслаўскае, Віцебскае і Полацкае ваяв.
Літ.:
Тарле Е.В. Северная война и шведское нашествие на Россию. М., 1958;
Шутой В.Е. Северная война (1700—1721 гг.). М., 1970;
Корх А.С. Петр I: Северная война 1700—1721: [Альбом]. [М.], 1990.
У.І.Пашкевіч.
Да арт.Паўночная вайна 1700—21. Баталія паблізу мыса Гангут. Гравюра А.Зубава. 1715.Да арт.Паўночная вайна 1700—21. Бітва пры Лясной 28 верасня 1708. Гравюра Лармесена з арыгінала П.-Д.Мартэна Малодшага. 1-я чвэрць 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМІ́БІЯ (Namibia),
Рэспубліка Намібія (Republic of Namibia), дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Анголай і Замбіяй, на У з Батсванай, на ПдУ і Пд з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР); на З абмываецца водамі Атлантычнага ак.Пл. 824,3 тыс.км². Нас. 1648,3 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — англійская, шырока ўжываюцца таксама афрыканс і нямецкая. Сталіца — г.Віндхук. Краіна падзяляецца на 13 адм. рэгіёнаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 сак.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — 2-палатны парламент, які складаецца з Нац. асамблеі (72 дэпутаты выбіраюцца ўсеагульным прамым галасаваннем на 5 гадоў) і Нац. савета (26 прадстаўнікоў рэгіёнаў, што выбіраюцца на 6 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду.
Прырода. Большая частка тэр. Н. — пласкагор’е выш. 1300—1500 м на З і 900—1100 м на У. Найб.выш. 2600 м (г. Брандберг). Пласкагор’е спадзіста паніжаецца на У да паўпустыні Калахары, на З уступам абрываецца ў бок прыбярэжнай раўніны — пустыні Наміб. Карысныя выкапні: алмазы, уранавыя, поліметалічныя, медныя, алавяныя, вальфрамавыя, рэдкаметал. руды, сера, прыродны газ і інш. Клімат трапічны, вельмі сухі. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (студз.) ад 18 °C на беразе акіяна да 27 °C ва ўнутр. раёнах, самага халоднага (ліп.) ад 12 °C на Пд да 16 °C на Пн. Ападкаў ад 10—50 мм за год на ўзбярэжжы, да 500—700 мм на ПнУ. Гал. рэкі на Пн — Акаванга, Кунене, на Пд — Аранжавая, астатнія — часовыя вадатокі. На Пн краіны перасыхаючае воз. Этоша. Пераважаюць пустынныя трапічныя глебы і чырванавата-бурыя глебы саваннаў. Расліннасць у пустыні Наміб сукулентная, на пласкагор’і злакава-хмызняковая і хмызняковая, у больш высокіх раёнах паўпустыні і апустыненыя саванны. У складзе жывёльнага свету горных раёнаў і на У эндэмічныя грызуны (даўганос, капскі сляпыш), асобныя віды зайцоў, трубказуб; шматлікія яшчаркі, змеі і інш. Воды акіяна каля берагоў Н. багатыя прамысл. рыбай (сардзінела, макрэль, анчоўс), марскімі ракамі (амары, лангусты), ёсць цюлені. Нац. паркі: Этоша, Наміб, Бераг Шкілетаў, Ноўклуфберге.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва належыць да групы зах. банту: авамба (810 тыс.чал.), каванга (146 тыс.чал.), герэра (114 тыс.чал.) і інш. Жывуць горныя дамара (114 тыс.чал.), гатэнтоты, бушмены (сан). Нас.еўрап. паходжання (100 тыс.чал.) складаецца з афрыканераў, немцаў, англічан. Каля 80% вернікаў хрысціяне (пераважна пратэстанты), астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 2 чал. на 1 км². У пустыні Наміб і паўпустыні Калахары вял. тэрыторыі не маюць пастаяннага насельніцтва. Гар. насельніцтва каля 37%. Найб. гарады: Віндхук (190 тыс.ж., 1995), Людэрыц, Уолфіш-Бей, Цумеб. У сельскай гаспадарцы занята 49%, у прам-сці і гандлі — 25% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Першыя стаянкі чалавека, выяўленыя на тэр. Н., адносяцца да 2-га тыс. да н.э.Стараж. насельніцтва Н. — плямёны кой-коін (продкі сучасных нама, 3 групы гатэнтотаў), сан (бушмены) і дамара. У 16 ст. сюды прыйшлі плямёны банту (авамба, герэра, каванга і інш.). У канцы 15 ст. ўзбярэжжа Н. адкрылі партуг. мараплаўцы. У 1878 Вялікабрытанія анексіравала раён бухты Уолфіш-Бей. У 1884 Германія ўсталявала пратэктарат над-раёнам Ангра-Пекена, потым над б.ч.тэр. Н., якая сталагерм. калоніяй «Германская Паўд.-Зах. Афрыка» (ПЗА). У адказ на прыгнёт герм. улад герэра на чале з С.Магарэра і нама на чале з Х.Вітбоем узнялі ў 1904—07 паўстанне, якое было жорстка задушана герм. войскамі. У 1915 Н. акупіравана Паўд.-Афр. Саюзам (ПАС; з 1961 — Паўд.-Афр. Рэспубліка, ПАР), які ў 1920 атрымаў ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ПЗА. У 1946 урад ПАР анексіраваў ПЗА, ператварыў яе ў сваю правінцыю і распаўсюдзіў на яе рэжым апартэіду. ААН не прызнала анексію і ў 1968 і 1978 прыняла рэзалюцыі аб праве народаў Н. на самавызначэнне. З 1966 узбр. барацьбу супраць акупацыі пачала Народная арганізацыя Паўднёва-Заходняй Афрыкі (СВАПО) на чале з С.Нуёмам. Улады ПАР падтрымліваў створаны з прадстаўнікоў памяркоўных арг-цый Дэмакр. альянс Турнхале. Пад націскам ААН і сусв. супольнасці ўлады ПАР правялі ў ліст. 1989 выбары ва Устаноўчы сход, на якіх перамагла СВАЛО. У студз. 1990 Нуёма выбраны прэзідэнтам Н. 21.3.1990 абвешчана незалежнасць краіны. Урад незалежнай Н. імкнецца праводзіць памяркоўную палітыку, накіраваную на развіццё прыватнага сектара і пазбяганне этн. і сац. канфліктаў. Н. — чл.ААН (з 1990). Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нар.арг-цыя за вызваленне Паўд.-Зах. Афрыкі, Дэмакр. альянс Турнхале.
Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва ў 1997 склаў 1,9 тыс.дол. ЗША. На долю здабыўной прам-сці прыпадае каля 25% ВУП. Здабыча і экспарт карысных выкапняў пад кантролем паўд.-афр., англа-амер. і ням. капіталу. Н. займае 6-е месца ў свеце па здабычы алмазаў (1,3 млн. каратаў, 1997), пераважна ювелірных; іх здабыча вядзецца ўздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. ад г. Людэрыц да вусця р. Аранжавая. Здабыча вокісу урану (у раёне Свакапмунда), медзі, свінцу, волава, цынку, ванадыю, серабра, кадмію, берылію, літыю, вальфраму, марганцу. На базе руд каляровых металаў у г. Цумеб працуюць з-ды медзеплавільны, па выплаўцы і рафінаванні свінцу, цынку, волава і інш. У 1994 атрымана (тыс.т) вокісу урану — 1,7, свінцу — 24, волава — 1, серабра — 0,09. Вытв-сць электраэнергіі штогод каля 1 млрд.кВт∙гадз. Буйныя ЦЭС у гарадах Віндхук, Цумеб, Уолфіш-Бей; Рваканская ГЭС на р. Кунене. Апрацоўчая прам-сць развіта слаба. Працуюць прадпрыемствы па зборцы машын і абсталявання, суднарамонце (Віндхук, Уолфіш-Бей), дрэваапр. прам-сці, у т. л. мэблевыя, па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (малочныя, мясакансервавыя, мукамольныя), па перапрацоўцы рыбы, амараў, цюленяў, малюскаў, гарбарныя, буд. матэрыялаў і інш. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае каля 8% ВУП, пераважае жывёлагадоўля. Характэрна наяўнасць буйных таварных фермерскіх гаспадарак, якія належаць еўрапейцам, і адсталых натуральных гаспадарак афрыканцаў. Асн. значэнне мае гадоўля каракульных авечак (адно з першых месцаў у свеце па пастаўках аўчын). Пагалоўе (млн. галоў, 1997): авечак — 2,43, буйн. раг. жывёлы — 2,06, коз (пераважна ангорскіх) — 1,82, птушкі — 2,4. Земляробства мае дапаможнае значэнне. Пад ворнымі землямі каля 1% тэрыторыі. Вырошчваюць проса, кукурузу, сорга, пшаніцу, агародніну, бахчавыя культуры. Улоў рыбы ў 1996—267 тыс.т. Даход краіны ад турызму каля 210 млн.дол. штогод. Даўж. гравійных дарог 37,3 тыс.км, асфальтавых 4,5 тыс.км, чыгунак 2,4 тыс.км. Марскія парты — Уолфіш-Бей і Людэрыц. 11 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля г. Віндхук. У 1996 экспарт склаў 1,45 млрд., імпарт — 1,55 млрд.дол. ЗША. Н. вывозіць мінер. сыравіну (30% алмазы), рыбапрадукты (18,5%), аўчыны (8,1%), мясапрадукты (7%) і інш. Імпартуе маш.-буд. і хім. прадукцыю, спажывецкія і харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: ПАР (27% экспарту і 85% імпарту), Вялікабрытанія, Германія, Японія. Грашовая адзінка — намібійскі долар.
Літ.:
Балезин АС., Притворов А.В., Слипченко С.А. История Намибии в новое и новейшее время. М., 1993.
В.І.Сініца (гісторыя), Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Намібіі.Да арт.Намібія. Ландшафт у пустыні Наміб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ЗА (ад лац. prosa),
1) мастацкая і немастацкая (навук., дзелавая, публіцыстычная, мемуарная, філас., рэліг.-прапаведніцкая) невершаваная творчасць.
2) Тып мастацтва слова, што суадносіцца з паэзіяй, ад якой адрозніваецца спосабам арг-цыі моўнага матэрыялу, спецыфікай рытму, ступенню перавагі рацыянальна-аналіт. адносін над эмацыянальна-псіхалагічнымі.
3) Эпас як род л-ры побач з лірыкай і драмай (сутнасць эпасу праяўляецца менавіта ў П., лірыкі — у паэзіі, драмы — у драматургіі). Тэрмінам «П.» абазначаецца таксама сукупнасць празаічных твораў якой-н. нац. л-ры (бел. П), пэўнага гіст. перыяду (П. пач. 19 ст., П. 1920-х г.і г.д.), асобнага пісьменніка (П. Л.Талстога, Я.Коласа, І.Шамякіна і інш.). У цэнтры ўвагі П. асоба ў яе сувязях з асяроддзем (прыродай, соцыумам); прадметам і суб’ектам П. з’яўляецца характар і разнастайнасць сувязей, якія фарміруюць асобу. П. цікавіць не проста эмацыянальна-мысліцельны стан (як паэзію), а стан, які ўзнік у сувязі з пэўнымі абставінамі і выводзіцца з іх. Калі паэзія спецыялізуецца на абсалютызацыі станаў душы, спыняе імгненне, то ў П. імгненні разгортваюцца ў падзеі і выстройваюцца ў канцэптуальны парадак. Фармальныя адрозненні П. і паэзіі не толькі ў графічным афармленні: гэта розныя віды славесна-маст. творчасці, хаця музычнасць, метафарычнасць, эмацыянальнасць і суб’ектывізм у значнай ступені ўласцівы і П. Як і паэзія, П. валодае рытмам, аднак рытм П. прынцыпова інш. прыроды і з’яўляецца найменш вывучанай праблемай. паэтыкі П. Стылявымі дамінантамі П. з’яўляюцца сюжэт, сітуацыя, прадметная і псіхал. дэталь, мова, у т. л. суб’ектная арг-цыя мовы. Функцыяй П. з’яўляецца маст. аналіз. Слова ў П. выступае сродкам адлюстравання і ўзнаўлення рэальных аб’ектаў, дзеянняў, перажыванняў герояў, мае канкрэтызаваны сэнс, пластычную дакладнасць і даволі выразную праяву амбівалентнасці.
Да 19 ст. П. называлі ўсе немаст. славесныя творы, а паэзіяй — усю маст. л-ру (да новага часу вершаваная форма адыгрывала пануючую ролю ў мастацтве ў цэлым, а П. развівалася на перыферыі маст. творчасці). Крыніцай П. з’яўляецца сярэдневяковы рыцарскі раман. Уласна П. ў сучасным разуменні пачала складвацца ў эпоху Адраджэння (італьян. навела, творы Ф.Рабле, М.Сервантэса). Станаўленне зах.-еўрап. П. прыпадае на эпоху Асветніцтва (раманы Д.Дэфо, А.Ф.Прэво, Г.Філдынга, С.Рычардсана, Ж.Ж.Русо), яе росквіт звязаны з узнікненнем маст. сістэмы рэалізму ў 19 ст. (Стэндаль, А.Бальзак, Г.Флабер, Ч.Дзікенс, У.Тэкерэй). У канцы 19 — пач. 20 ст. побач з рэаліст. П. (Дж.Голсуарсі, Г.Ман, Т.Ман і інш.) з’яўляецца мадэрнісцкая П. (Э.Заля, М.Пруст, О.Уайльд, Дж.Джойс і інш.). Зах.-еўрап. П. развіваецца ў 2 асн. кірунках: рэаліст. (Э.Хемінгуэй, Р.Ралан, Г.Бёль, У.Фолкнер, Г.Грын і інш.) і мадэрнісцкім (Ф.Кафка, А.Камю, Ж.П.Сартр і інш.), які паўплываў на фарміраванне постмадэрнісцкай П. (Джойс, У.Эка, Т.Стопард і інш.). Сусветна вядомая рус. класічная П. (А.Пушкін, М.Лермантаў, М.Гогаль, І.Ганчароў, Ф.Дастаеўскі, Л.Талстой, І.Тургенеў, А.Чэхаў). Рус. П. 20 ст. таксама развівалася ў рэчышчы рэалізму (М.Горкі, М.Зошчанка, А.Купрын, А.Салжаніцын, А.Талстой, М.Шолахаў, В.Шукшын, В.Бялоў, Ю.Бондараў, В.Праскурын і інш.) і мадэрнізму (Дз.Меражкоўскі, Б.Пільняк і інш.). Творам некат. аўтараў уласцівы рысы абедзвюх маст. сістэм (раманы М.Булгакава). У 2-й пал. 20 ст. фарміруецца рус. постмадэрнісцкая П. (У.Набокаў, А.Бітаў, Венядзікт Ерафееў, В.Пялевін, С.Сакалоў, У.Сарокін і інш.).
У бел. л-ры пераход да маст. П. пачаў складвацца ў выніку ўзмацнення эстэт. пачатку ў традыц.гіст.-дакумент. аповедзе (бел.-ўкр. хранограф «Вялікая хроніка»), Тая культ.-гіст. сітуацыя, што існавала на Беларусі, дазволіла ўзнікнуць уласна маст. П. толькі ў канцы 19 ст. (апавяданні Ф.Багушэвіча). Станаўленне бел. П. ў розных яе жанравых мадыфікацыях адносіцца да пач. 20 ст.; псіхал. апавяданне (М.Гарэцкі), быт. апавяданне (Цётка, Ядвігін Ш., К.Каганец, Я.Лёсік, і інш.), маст. алегорыя, прытча і мініяцюра (Я.Колас, М.Багдановіч, З.Бядуля), раман (Ядвігін Ш.). Бурнае развіццё малых жанраў П. адбылося ў 1920-я г. (А.Вольны, П.Галавач, М.Зарэцкі, В.Каваль, К.Крапіва, М.Лынькоў, Я.Маўр, Б.Мікуліч, К.Чорны і інш.). На гэты ж перыяд прыпадае станаўленне буйнога жанру — рамана (Я.Колас, Ц.Гартны, З.Бядуля, Гарэцкі, Зарэцкі, К.Чорны) і аповесці (Я.Колас, Гарэцкі, Л.Калюга, Мікуліч і інш). Вынікам паскоранага развіцця было паглыбленне псіхал. аналізу ў л-ры, засваенне ёю не толькі рэаліст. стылю, але і мадэрнісцкага (Багдановіч, З.Бядуля, В.Ластоўскі і інш.). Аднак у нац.бел. л-ры гэтага часу панавала паэзія. На творы бел. празаікаў паўплывалі падзеі Вял.Айч. вайны (зб-кі апавяданняў Лынькова, К.Чорнага), і тэма вайны на доўгі час стала галоўнай (творы Я.Брыля, І.Грамовіча, А.Кулакоўскага, У.Краўчанкі, М.Лупсякова, І.Мележа, Шамякіна і інш.), хоць у творах таго перыяду пераважаў спрошчаны паказ сац. і псіхал. канфліктаў, гераічная праблематыка адцясніла на другі план трагічную. Высокім маст. узроўнем вызначаюцца трылогія Я.Коласа «На ростанях» (1954), пенталогія Шамякіна «Трывожнае шчасце» (1957—65). У 1950—60-я г. выйшлі першыя кнігі П. А.Адамовіча, В.Адамчыка, В.Быкава, В.Карамазава, У.Караткевіча, І.Навуменкі, І.Пташнікава, Б.Сачанкі, М.Стральцова, І.Чыгрынава і інш. У 1960—70-я г. ў бел. П. прыйшлі С.Алексіевіч, В.Гігевіч, Г.Далідовіч, А.Жук, В.Казько, А.Кудравец і інш.Вял. грамадскі рэзананс выклікалі гіст. раманы Караткевіча, Мележа, аповесці Быкава. У 1980-я г. першыя кнігі П. выдалі А.Асташонак, А.Кажадуб, Х.Лялько, А.Наварыч, У.Рубанаў, К.Тарасаў, А.Федарэнка, У.Ягоўдзік і інш. Сярод сучасных празаікаў Т.Бондар, Брыль, Быкаў, Гігевіч, М.Гіль, Далідовіч, Жук, В.Іпатава, І.Капыловіч, А.Кудравец, Г.Марчук, Навуменка, Пташнікаў, Э.Скобелеў, М.Чаргінец, Чыгрынаў, Шамякін і інш. Існуюць прамежкавыя формы паміж П. і паэзіяй, якія, аднак, больш імкнуцца да апошняй: па змястоўных прыкметах вылучаюць верш ў П., ці версэт («Думкі ў дарозе» Я.Коласа, версэты А.Разанава), па фармальных — свабодны верш, ці верлібр («Мой хлеб надзённы» М.Танка) і рытмічную П. («Пэўна, любіце вы, пане...» Багдановіча). Гл. таксама Апавяданне, Аповесць, Раман, Літаратуразнаўства, Беларусь (раздзел Літаратура).
Літ.:
Шкловский В.Б. Художественная проза. М., 1961;
Дзюбайла П.К., Жураўлёў В.П., Луфераў М.П. Праблемы сучаснай беларускай прозы. Мн., 1967;
Каваленка В.А., Мушынскі М.І., Яскевіч А.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы. Мн., 1972;
Хромчанка К.Р. Беларуская мастацкая проза (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1979;
Грамадчанка Т.К. Перад праўдай высокай і вечнай: Бел. проза сёння. Мн., 1991;
Локун В.І. Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы, 1950—1960-я гг.Мн., 1995;
Бельскі А.І. Сучасная беларуская літаратура: Станаўленне і развіццё творчых індывідуальнасцяў (80—90-я гг.). Мн., 1997;
Макарэвіч А.М. Праблема жанравых мадыфікацый у беларускай прозе XIX — пачатку XX ст. Магілёў, 1999.