сямейства вераб’інападобных. 1 род, 2 віды. Пашыраны ў лясах Паўд.-Усх. Аўстраліі, завезены на в-аў Тасманія (1934).
Даўж. цела да 90, хваста да 70 см. Афарбоўка цёмна-бурая зверху, шэрая знізу, з рыжаватым горлам. У самцоў у хвасце 16 пёраў, 2 з іх своеасабліва сагнуты і нагадваюць ліру (адсюль назва). Крылы акругленыя. Ногі доўгія, моцныя. Палігамы. Гнёзды на зямлі ў бураломе, радзей на дрэвах. Нясуць 1 яйцо. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі, насеннем. Самцы спяваюць, здольныя імітаваць розныя гукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАЦЕ́ЛЫ, ліставідкі (Phylliidae),
сямейства насякомых атр. палачнікаў, або зданневых. Каля 20 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках Азіі.
Даўж. да 12,5 см. У самак цела шырокае, сплошчанае. Афарбоўка і жылкаванне надкрылаў імітуюць лісце раслін, ногі лістападобна расшыраныя. Крылы рэдукаваныя, 1 пара. Перамяшчаюцца марудна або нерухома вісяць на галінах або чаранках лісця. Самцы не падобныя да лісця, з укарочанымі надкрыламі, рухавыя, добра лятаюць. Здольныя да аўтатаміі. Расліннаедныя. Адкладваюць яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТРЫ́ЧНЫ РАЗЛО́М (ад грэч. listros лапата, коўш),
геалагічны разлом, які мае коўша- або лапатападобную крывалінейную паверхню зрушэння. Вылучыў Э.Зюс (1909) у разрэзах вугальнага басейна Бельгіі і Францыі. Для Л.р. характэрна больш стромкае падзенне ў верхняй ч. і пакатае ўнізе. Па глыбіні пранікнення падзяляюцца на прыпаверхневыя, унутрычахольныя, верхне- і ніжнекоравыя, корамантыйныя, надастэнасферна-мантыйныя і астэнасферныя. Характэрны для рыфтагенных структур. пашыраны таксама ў складкавых рухомых паясах і на платформах. На тэр. Беларусі Прыпяцкі прагін (палеарыфт) утвораны лістрычнымі корамантыйнымі і коравымі разломамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЧБАВАЯ ПРЫЛА́ДА,
вымяральная прылада, у якой вынікі вымярэнняў неперарыўнай велічыні (напружання, сілы току, эл. супраціўлення і інш.) аўтаматычна ператвараюцца ў дыскрэтныя сігналы і адлюстроўваюцца ў выглядзе лічбаў на лічбавым індыкатары або перадаюцца для апрацоўкі і захоўвання ў ЭВМ.
Адліковыя прыстасаванні Л.п. бываюць электронныя, светлавыя, на вадкіх крышталях і інш.Найб.пашыраны Л.п. з электронным адліковым прыстасаваннем на лічбавых індыкатарных лямпах (пераважна газаразрадных індыкатарах). Вызначаюцца высокім хуткадзеяннем, дакладнасцю, незалежнасцю (аб’ектыўнасцю) паказанняў ад становішча назіральніка. Выпускаюцца лічбавыя вальтметры, частатамеры, амперметры, масты вымяральныя, манометры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБІ́СТА (Levisticum),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. 3 віды. Пашыраны ў Еўропе і Зах. Азіі. На Беларусі вырошчваюць Л. аптэчную (L. officinale), трапляецца таксама здзічэлая.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 2 м з тоўстым карэнішчам. Сцябло голае, пустое, уверсе галінастае. Лісце двойчы- і тройчыперыстарассечанае, бліскучае. Кветкі дробныя, зеленавата-жоўтыя, у парасоніках. Плод — эліпсападобны віслаплоднік. Традыц. прыправа ўкр. і ням. кухні, са свежых каранёў гатуюць варэнне і цукаты. Эфірным алеем араматызуюць лек. і парфумерныя вырабы. Лек., харч. і эфіраалейныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАМІЛЯ́РЫЯ (Mammillaria),
род кветкавых раслін сям. кактусавых. Больш за 350 (паводле інш. звестак, каля 200) відаў. Пашыраны ў паўд.ч.Паўн., у Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Трапляюцца ў засушлівых абласцях сярод кустоў на вапнавых, гліністых і гранітных глебах. На Беларусі вырошчваюць у пакоях і аранжарэях.
Шматгадовыя расліны. Сцёблы шарападобныя або кароткацыліндрычныя (некат. падушкападобныя), укрытыя сасочкамі, на верхавінках якіх пучкі валаскоў і калючак. Кветкі дробныя, у пазухах сасочкаў, у выглядзе вяночка на верхавінцы сцябла. Плод ягадападобны. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАЛІТЭ́ (франц. moralité),
жанр павучальнай алегарычнай драмы зах.-еўрап. тэатра 15—16 ст. Узнік у Францыі (п’еса «Разважлівы і Неразумны», 1436). Быў пашыраны ў Англіі, Галандыі, Швейцарыі, Італіі. Асн. дзейныя асобы — алегарычныя персанажы, якія ўвасаблялі розныя дабрадзейнасці і заганы (Вера, Справядлівасць, Сквапнасць і інш.) і вялі барацьбу паміж сабой за душу чалавека. Сюжэты М., рэліг. па духу, але свецкія па форме, узнаўлялі пэўныя сітуацыі рэальнага жыцця, што адрознівала яе ад містэрыі і міракля. Шырока ўжывалася ў школьнай драме 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСІ́ЛЕЯ, вадзяная канюшына (Marsilea),
род папарацей сям. марсілеевых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах. Растуць у вадаёмах, на балотах, у месцах, якія перыядычна затапляюцца і перасыхаюць. На Беларусі ў пакоях і аранжарэях культывуюць М. чатырохлістую (M. quadrifolia).
Невысокія травяністыя расліны. Ад ніжняй ч. паўзучага карэнішча адыходзяць шматлікія карэньчыкі, ад верхняй — 2 рады доўгачаранковых, паглыбленых у ваду або плаваючых лістоў. Споры развіваюцца ў сорусах, сабраных у спаракарпіі (у трапічных відаў яны багаты крухмалам, ядомыя). Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА машына для перамотвання пражы і нітак з розных валокнаў на бабіну, шпулю ці інш. пакоўку, зручную для далейшага выкарыстання. Пры перамотванні М.м. ачышчае пражу ад дробнага смецця і ліквідуе патаўшчэнні ў ёй, павялічвае даўжыню і паляпшае якасць нітак. Найб.пашыраны крыжаматальныя машыны, што ўтвараюць бабіну з крыжападобнай намоткай. Выкарыстоўваюцца ў ткацкай, трыкат. і круцільнай вытв-сці.
Схема матальнай машыны: 1 — нерухомае верацяно; 2 — накіравальны дроцік; 3 — нацяжное прыстасаванне; 4 — матальны барабанчык з канаўкамі для нітак (для ўтварэння крыжападобнай намоткі); 5 — бабіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЫЛІ́ЦЫ (Psychodidae),
сямейства насякомых атр. двухкрылых. Каля 450 відаў. Пашыраны ўсюды (у тропіках і субтропіках — кровасысучыя М. з роду маскітаў). Дарослыя жывуць сярод травяністай расліннасці, трапляюцца ў вільготных цёмных памяшканнях, лічынкі — па берагах вадаёмаў, у вільготных імху, глебе, гнаі. На Беларусі найб. трапляецца М. звычайная (Psychoda phaiaenoides).
Дробныя камары, вонкава падобныя да моляў; даўж. да 5 мм. Цела кароткае, густаваласістае. Крылы шырокія, касматыя, з густой сеткай падоўжных жылак. Дарослыя пераважна расліннаедныя, лічынкі кормяцца дэтрытам, расліннымі і жывёльнымі рэшткамі. Развіццё з поўным ператварэннем.