ПАВУ́К,

прасторавая кампазіцыя з саломы, папяровых кветак, зерняў лубіну, фасолі і інш.; традыц. ўпрыгожанне інтэр’ера бел. нар. жылля. П. падвешвалі над сталом (лічылася, што ён прыносіць шчасце). Найб. пашыраны з саломы (шарападобныя, рамбічныя і зорчатыя). Шарападобныя рабілі з саломінак (часта з каласкамі), якія разыходзіліся ва ўсе бакі ад цэнтра (напр., утыкаліся ў бульбіну). Канцы саломінак аздаблялі кветкамі з паперы ці пер’я, зоркамі з фольгі і інш. У аснове рамбічнага П. 8-гранная фігура з 12 саломінак аднолькавай даўжыні. Унутры і да яго вуглоў падвешвалі П. меншых памераў (часта да некалькіх дзесяткаў), саламяныя ці папяровыя ланцужкі, кветкі з рознакаляровай паперы ці пер’я, абгорнутыя фольгай мяцёлкі аўса і інш. Разнавіднасць рамбічнага П., — жорсткая канструкцыя са змацаваных паміж сабою васьміграннікаў аднолькавых памераў. Зорчатыя П. мелі плоскую канструкцыю з саломінак у выглядзе шматпялёсткавай разеткі. Бытавалі таксама П. накшталт абажура: да абруча з лазы ці дроту падвешвалі гірлянды з зярнят фасолі, гароху, лубіну, начэпленых на ніткі. Арыгінальны П. пач. 20 ст. з гірляндаў кудзелі і кутасоў. Выйшлі з нар. ўжытку ў 1950-я г. Вырабляюцца сувенірныя П.

Літ.:

Лобачевская О.А., Кузнецова Н.М. Возьми простую соломку. Мн., 1988;

Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997;

Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998.

Я.​М.​Сахута.

Т.​Агафоненка. Павук.

т. 11, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУСТ ((Proust) Марсель) (10.7.1871, Парыж — 18.11.1922),

французскі пісьменнік; буйнейшы прадстаўнік мадэрнізму. Скончыў Сарбону (1895). Дэбютаваў зб. навел «Уцехі і дні» (1896). Сусв. вядомасць яму прынёс цыкл раманаў «У пошуках згубленага часу» («У бок Свана», 1913; «У засені квітнеючых дзяўчын», 1919, Ганкураўская прэмія; «Германты», 1920—21; «Садом і Гамора», 1921—22; «Нявольніца», выд. 1923; «Уцякачка», выд. 1925; «Знойдзены час», выд. 1927), у якім узняты праблемы пазнання і самапазнання, творчасці і творцы, мастацтва і мастацтва жыцця, кахання як пакуты і хваробы і інш. Яго творы, напісаныя ў форме «рамана-ракі», адметныя спалучэннем імпрэсіянізму з элементамі «плыні свядомасці» і рэалізму, нясуць у сабе рысы сямейнай хронікі, рамана выхавання, рамана культуры і інш. Аўтар аўтабіягр. рамана «Жан Сантэй» (незавершаны, выд. 1952), кнігі эсэ «Супраць Сент-Бёва» (выд. 1954) і інш. Зрабіў уплыў на развіццё сусв. рэаліст. і авангардысцкай (асабліва на «новы раман») л-ры 20 ст.

Тв.:

Рус. пер. — В поисках утраченного времени. Т. 1—7. М., 1992—93.

Літ.:

Андреев Л.Г. М.​Пруст. М., 1968;

Сучков Б. Марсель Пруст (1871—1922) // Сучков Б. Лики времени. М., 1976. Т. 2;

Днепров В. Психологический роман Марселя Пруста // Днепров В. Идеи времени и формы времени. Л., 1980;

Мамардашвили М. Лекции о Прусте. М., 1995;

Мориак К. Пруст: Пер. с фр. М., 1999.

Е.​А.​Лявонава.

т. 13, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЕ́ШКІН (Валянцін Рыгоравіч) (н. 24.5.1951, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). З 1976 мастак Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. Працуе ў галіне маст. керамікі. Творы вызначаюцца арыгінальнасцю колеравага вырашэння і фактуры матэрыялу. Аўтар дэкар. кампазіцый «Жнівень» (1979), «Кветкі» (1980), «Лісты з блакнота» (1981), «Горад на пяску», «Падарункі дзядзькі Антося» (абедзве 1983), «Арэлі» (1984), серыі рэльефаў «Апосталы» (1989), керамічных скульптур «Катапульта», «Каля крыніцы» (абедзве 1998) і інш. Выканаў дэкар. пластыку рэстарана «Мінск» у Патсдаме (Германія, 1977), скульптуры і вазы ў Палацы культуры ў г. Вілейка (1987), рэльеф у Палацы нафтавікоў у г. Наваполацк (1988), дэкар. пано, скульптуру і кафлі для інтэр’ера аптэкі № 137 у г. Барысаў, дэкар. пано для інтэр’ера рэстарана «Планета» (усе 1979), дэкар. скульптуры для залы камернай музыкі (1983), дэкар. пластыку ў кафэ «Батлейка» (1986, усе з М.​Байрачным), пано ў басейне «Гарызонт» (1989), серыю рэльефаў для рэзідэнцыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (усе ў Мінску), рэльефы «Пётр» і «Павел» для Пасольства Вялікабрытаніі ў Рэспубліцы Беларусь (усе 1998), керамічныя рэльефы і скульптуры для рэстарана «Заслаўе» (1989), камін і рэльефы для прафілакторыя Мін-ва ўнутр. спраў Беларусі (1995) у в. Ждановічы Мінскага р-на і інш.

Т.​С.​Мусінская.

В.Прыешкін. Апосталы. 1989.

т. 13, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЕ́ЎСКІ (Іосіф Майсеевіч) (7.1.1901, г. Арэнбург, Расія — 23.9.1972),

расійскі і бел. рэжысёр, педагог, акцёр. Нар. арт. Беларусі (1955). Нар. арт. СССР (1968). Праф. (1968 1939). З 1922 вучыўся ў 2-й студыі Маск. маст. акад. т-ра. З 1925 акцёр, з канца 1930-х г. рэжысёр Маск. маст. акад. т-ра. З 1932 у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага (з 1945 заг. кафедры). Выкладаў акцёрскае майстэрства трупе БДТ-3 на курсах у Маскве (1933). Маст. кіраўнік Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940). Творчасці ўласцівы яснасць рэжысёрскай думкі, завершанасць пастановачнага вырашэння і псіхал. абгрунтаванасць сцэн. існавання персанажаў. Вучань К.Станіслаўскага, развіваў лепшыя традыцыі Маск. маст. акад. т-ра ў галіне рэжысёрскага і акцёрскага майстэрства. Паставіў спектаклі: у т-ры імя Я.​Купалы — «Апошнія» М.​Горкага (1939, з М.​Зоравым, дапрацоўка 1937), «Хто смяецца апошнім» (1939, з Л.​Рахленкам), «Мілы чалавек» (1945) К.​Крапівы; у т-ры імя Я.​Коласа — «Ворагі» М.​Горкага (1952). Са спектакляў у Маск. маст. акад. т-ры: «Дасцігаеў і іншыя» М.​Горкага (1938, з Л.​Леанідавым), «Афіцэр флоту» А.​Крона (1945, з М.​Гарчаковым), «Разлом» Б.​Лаўранёва (1950, з В.​Станіцыным), «Мілы лгун» Дж.​Кілці (1962), «Дон Кіхот вядзе бой» В.​Карастылёва (1966).

К.​Б.​Кузняцова.

І.М.Раеўскі.

т. 13, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РУНЬ»,

бел. самадз. харэаграфічны ансамбль. Створаны ў 1983 пры Доме культуры тэкстыльшчыкаў Магілёўскага адкрытага акц. т-ва «Магатэкс», з 1989 народны. Заснавальнік і маст. кіраўнік, пастаноўшчык танцаў — В.​Папоў. Складаецца з танц. (40 удзельнікаў) і інстр. (10 чал.; існуе з 1988) груп. Мае самабытныя нар. інструменты: ліру, гудок, кмен, жалейкі і інш. У рэпертуары сцэн. варыянты танцаў, засн. на самабытных узорах фальклору розных рэгіёнаў Беларусі. Захоўвае лепшыя традыцыі бел. танц. культуры, даследуе і апрацоўвае рэгіянальны і старадаўні харэагр. і муз. фальклор. Пастаноўка танцаў ажыццяўляецца на матэрыяле даследчыкаў фальклору і сабранага ў экспедыцыях Паповым. Сярод танцаў «Варатынская кадрыля», «Падушачка», «Таўкачыкі», карагоды «Званочкі», «Ляляшы» і інш. Творчасці калектыву прысвечаны дакумент. фільм Магілёўскага тэлебачання «Танцуе «Рунь». Ансамбль — лаўрэат і дыпламант больш як 30 рэсп. і міжнар. конкурсаў і фестываляў, у т. л. ў Францыі (г. Пуацье, 1990), Вялікабрытаніі (г. Сідмут, г. Білінгем, 1991), Італіі (г. Гарыцыя, 1992, Гран-пры), Германіі (г. Марбург, 1996), Іспаніі (г. Барселона, 2000), Беларусі: 1-га Рэсп. фестывалю бел. нар. танца (г. Гродна, 1990), Рэсп. фестывалю бел. нар. танца «Пярэзвы» (г. Бабруйск, 1992), 1-га Міжнар. фестывалю харэагр. мастацтва «Сожскі карагод» (г. Гомель, 1997), 1-га фестывалю нар. мастацтва Беларусі «Беларусь — мая песня» (Мінск, 1998). Пры ансамблі працуе харэагр. студыя «Зярнятка» (кіраўнік Т.​Папова).

А.​А.​Скарына.

Харэаграфічны ансамбль «Рунь».

т. 13, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДА́НАВА (Галіна Барысаўна) (н. 31.1.1961, г. Крычаў Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменніца. Дачка Б.І.Сачанкі. Скончыла БДУ (1983). З 1982 у час. «Мастацтва». Друкуецца з 1978. У кн. прозы «Папяровыя замкі» (1990), «Чалавек без адраса» (1991), «Дом іхняе мары» (1994) распрацоўвае праблемы горада, маст. інтэлігенцыі. Псіхалагізм, увага да духоўнага жыцця чалавека, стрыманасць — асн. рысы яе творчай манеры. Выступае як драматург (містычная феерыя «Рамантычнае падарожжа на той свет», 1994; радыёп’еса «Майстэрня Жучка-Баравічка», паст. 1994), аўтар вершаў для дзяцей, эсэ пра мастакоў.

І.​У.​Саламевіч.

т. 2, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАК ((Bacq) Зянон Марсель) (н. 31.12.1903, г. Ла-Луўер, Бельгія),

бельгійскі фізіёлаг, фармаколаг і радыебіёлаг. Чл. Каралеўскай бельг. акадэміі навук, л-ры і выяўл. мастацтва і Бельгійскай каралеўскай мед. акадэміі (1946). Замежны чл. АН СССР (1958). Праф. (1934). Скончыў Брусельскі ун-т (1927). У 1929—30 у Гарвардскай мед. школе (ЗША), з 1932 у Льежскім ун-це. Заснавальнік параўнальнай фармакалогіі. Стварыў школу радыебіёлагаў-патолагаў. Навук. працы па таксікалогіі і біяхіміі нерв. працэсаў.

Тв.:

Рус. пер. — Химическая защита от ионизирующей радиации. М., 1968.

т. 2, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДУ́ЛЬКА (Леанід Сцяпанавіч) (н. 1.2.1937, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. дзеяч самадзейнага мастацтва, балетмайстар. Засл. работнік культ. Беларусі (1982). Скончыў Віцебскае культ.-асв. вучылішча (1979). З 1964 кіраўнік нар. ансамбля танца «Лявоніха» Віцебскага гар. цэнтра культуры. За час працы з калектывам падрыхтаваў больш як 20 праграм. Сярод пастановак: «Вянок беларускіх танцаў», бел. фалькл. танцы «Кругавая кадрыля», «Таўкуша», «Навалюдная «Лявоніха», харэагр. кампазіцыі «Скрыпяць мае лапці», «Касіў Ясь канюшыну», «У імя жыцця», «Алімпійскі факел», «Сонца Радзімы», «Час — наперад!», «Памяць», «Хатынь» і інш.

т. 2, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́Н ((Baron) Мішэль) (8.10.1653, Парыж — 22.12.1729),

французскі акцёр. З 1665 у трупе Мальера, іграў ролі ў яго п’есах — Амура ў «Псіхеі», Актава ў «Хітрыках Скапэна», Арыста ў «Вучоных жанчынах» і інш. Пасля смерці Мальера (1673) перайшоў у трупу «Бургундскага атэля». З 1680 у т-ры «Камеды Франсэз». Іграў ролі трагічных герояў: Іпаліт, Пір («Федра», «Андрамаха» Ж.​Расіна), Радрыга, Гарацый («Сід», «Гарацый» П.​Карнеля) і інш. Барон парваў з умоўна-дэкламацыйнай школай акцёрскага мастацтва, дамагаўся натуральнасці выканання, падпарадкаванасці аўтарскай задуме. Аўтар шэрагу камедый.

т. 2, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІ́НА, Афіна Палада,

у стараж.-грэч. міфалогіі багіня вайны і перамогі, мудрасці, ведаў, мастацтваў і рамёстваў. Паводле міфа, Афіна ў шлеме і панцыры выйшла з галавы Зеўса. Культ Афіны быў распаўсюджаны па ўсёй Грэцыі, асабліва яе шанавалі ў Афінах. З Афінай грэкі звязвалі назву горада, лічылі багіню яго апякункай. У гонар Афіны штогод спраўлялі свята Панафінеі. Храм Афіны Парфенон — выдатны помнік стараж.-грэч. мастацтва. У рым. міфалогіі ёй адпавядае Мінерва.

Афіна. Скульптар Міран. Сярэдзіна 5 ст. да н.э. Рымская копія.

т. 2, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)