возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Нешчарда, на паўд.-зах. ускраіне г.п. Расоны. Пл. 2,38 км², даўж. 2,37 км, найб.шыр. 1,73 км, найб.глыб. 3,3 м, даўж. берагавой лініі 7,42 км. Пл. вадазбору 30,8 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 2—6 м, участкамі да 1 м, разараныя, на ПдЗ пад лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі сплавінныя. Пойма шыр. 80—500 м, забалочаная, парослая хмызняком. У цэнтры возера востраў пл. 1 га. Дно сапрапелістае, у прыбярэжнай ч. пясчанае. Моцна зарастае. Эўтрофнае. Мінералізацыя вады каля 190 мг/л, празрыстасць 0,8 м. Упадаюць 4 ручаі, выцякае р. Расонка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУКША́НСКАЕ ВО́ЗЕРА.
Ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка, за 25 км на ПнУ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,44 км², даўж. 1,1 км, найб.шыр. 680 м, найб.глыб. 15,2 м, даўж. берагавой лініі больш за 4 км. Пл. вадазбору 3 км². Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы выш. 3—4 м на Пд (да 10 м на ПдУ), разараныя. Берагі пераважна нізкія, на ПдУ зліваюцца са схіламі, у паўн. і паўд.-зах. залівах сплавінныя. Пойма шыр. да 250 м, забалочаная, парослая хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно ілістае і сапрапелістае. Зарастае да глыб. 3 м. Злучана ручаём з воз. Глыбачка, выцякае ручай у воз. Доўгае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МПУЛЬСНАЯ ТЭ́ХНІКА,
галіна радыётэхнікі і электронікі, звязаная з даследаваннем, распрацоўкай і выкарыстаннем метадаў і тэхн. сродкаў атрымання (генерыравання), запамінання (захоўвання), пераўтварэння, узмацнення, вымярэння і індыкацыі імпульсаў электрычных. Імпульсныя сігналы, што выкарыстоўваюцца ў І.т., вызначаюцца амплітудай і працягласцю імпульсаў, частатой іх паступлення (праходжання), адносным узаемным размяшчэннем у серыі, перарывістасцю. Найб. шырока выкарыстоўваюцца імпульсы: у аўтаматыцы працягласцю каля 0,01—1 с, перарывістасцю да 10; у радыёсувязі адпаведна 10−4—10−5 с, 10—102; у радыёлакацыі 10−3—10−9 с, ад 102 да 104; у вылічальнай тэхніцы да 10−9 с і менш.
Генерыраванне імпульсаў рознай формы, іх селекцыя па пэўных адзнаках, функцыянальнае пераўтварэнне і інш. робіцца з дапамогай разнастайных схем і ўстройстваў. Гэта лінейныя ўстройствы фарміравання і пераўтварэння імпульсаў (фарміравальныя лініі, дыферэнцавальныя і інтэгравальныя ланцугі, імпульсныя трансфарматары і ўзмацняльнікі, эл.-магн. і ультрагукавыя лініі затрымкі); нелінейныя ўстройствы пераўтварэння імпульсаў і пераключэння ланцугоў (абмежавальнікі, імпульсныя мадулятары, фіксатары ўзроўню, пік-трансфарматары, пераключальныя матрыцы і інш.); рэгенератыўныя спускавыя ўстройствы і генератары імпульсаў (пераразлічальныя схемы, трыгеры, мультывібратары, блокінг-генератары); імпульсныя дзельнікі частаты паўтору, электронныя генератары лінейназменнага току і напружання, селектары імпульсаў, лагічныя элементы і ўстройствы перапрацоўкі інфармацыі, закадзіраванай імпульснымі сігналамі, і інш. Метады і сродкі І.т. шырока выкарыстоўваюцца ў тэлебачанні (сігналы відарыса і сінхранізацыі імпульсныя), у радыёлакацыі і радыёнавігацыі, у радыёсувязі з высокай перашкодаўстойлівасцю і шматканальнай, у сучасных ЭВМ і лічбавых аўтаматах, радыёвымяральных прыладах і інш.
Літ.:
Ерофеев Ю.Н. Импульсная техника. М., 1984;
Фролкин В.Т., Попов Л.Н. Импульсные и цифровые устройства. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЕ ПО́ЛЕ,
адна з форм існавання электрамагнітнага поля, якая выяўляецца ў сілавым уздзеянні на рухомыя эл. зарады (эл. токі) і магніты. Асн. характарыстыкі М.п. — магнітная індукцыя і напружанасць магнітнага поля. Паводле Максвела ўраўненняў крыніцамі М.п. могуць быць эл. токі, целы з ненулявым магнітным момантам і пераменныя эл. палі.
Адсутнасць у прыродзе адасобленых магн. полюсаў (гл.Манаполь магнітны) прыводзіць да таго, што М.п. саленаідальнае (лініі поля заўсёды замкнёныя) у адрозненне ад электрастатычнага поля, якое з’яўляецца патэнцыяльным (лініі поля бяруць пачатак на дадатных эл. зарадах). Пры вывучэнні ўласцівасцей М.п. пробным элементам (індыкатарам поля) служыць магн.дыполь — замкнёны плоскі контур з эл. токам або пастаянны магніт невялікіх памераў, што дае магчымасць вызначыць напрамак вектара магнітнай індукцыі ў кожным пункце поля. М.п., створанае правадніком адвольнай формы з эл. токам, вызначаецца паводле Біо—Савара закону. Наяўнасць М.п. ў касм. аб’ектаў (Сонца, зорак, некат. планет, міжпланетнай прасторы) прыводзіць да спецыфічных геамагн. і астрафіз. з’яў (напр., магнітныя буры, сінхратроннае выпрамяненне, сонечны вецер), а наяўнасць уласнага магн. моманту ў элементарных часціц — да праяўлення магн. уласцівасцей рэчыва (напр., дыямагнетызм, парамагнетызм, ферамагнетызм). Напружанасць М.п. міжпланетнай прасторы 10−3—10−4 А/м, Зямлі ~40 А/м, зорак да 109—1010 А/м; звышправодныя саленоіды могуць ствараць М.п. напружанасцю да 106 А/м. М.п. выкарыстоўваецца ў паскаральніках зараджаных часціц, для ўтрымання гарачай плазмы ва ўстаноўках кіравальнага тэрмаядз. сінтэзу, ва ўсіх канструкцыях і прыстасаваннях электра- і радыётэхнікі, выліч. тэхнікі і электронікі.
А.І.Болсун.
Магнітнае поле: 1 — прамалінейнага правадніка з электрычным токам (I — сіла току, — магнітная індукцыя); 2 — саленоіда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РЫНА,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Обаль, за 20 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,47 км², даўж. 2,48 км, найб.шыр. 270 м, найб.глыб. 23,9 м, даўж. берагавой лініі каля 6 км. Пл. вадазбору 1,6 км². Схілы катлавіны выш. 5—7 м на Пн і 13—15 м на Пд, на З разараныя, на У пад лесам і хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі. Дно паўн.ч. катлавіны плоскае, на Пд мае варонкападобную форму. На Пн да глыб. 3 м і на Пд да глыб. 6—8 м дно пясчанае, глыбей выслана глеем і сапрапелем. Зарастае слаба. На Пн выцякае ручай у р. Обаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ЙСА,
возера ў Беларусі, у Браслаўскім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка, за 2,5 км на ПнУ ад г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёраў. Пл. 1,39 км², даўж. 2,06 км, найб.шыр. 1,02 км, найб.глыб. 15,6 м, даўж. берагавой лініі 5,8 км. Пл. вадазбору 3 км².
Схілы катлавіны невысокія, спадзістыя, паўд.-ўсх. пад хмызняком, зах. і паўд.-зах. разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, на У гліністыя, месцамі забалочаныя і парослыя хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, на З і У месцамі пясчана-галечнае. Найб. глыбокія часткі дна возера высланы крэменязёмістымі сапрапелямі. 3 невял. астравы. Зарастае да глыб. 5 м. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. да 100 м. Злучана пратокай з воз. Струста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРГАНІЗА́ЦЫЯ ТО́ТА»,
паўваенная спецыялізаваная арг-цыя ў фаш. Германіі ў 1938—45 (назва ад прозвішча яе заснавальніка — нацыста інжынера Ф.Тота). У 2-ю сусв. вайну займалася буд-вам і рамонтам шашэйных дарог, мастоў, аэрадромаў, умацаванняў і іншых ваен. аб’ектаў, у т. л. на акупіраванай Беларусі. Летам 1941 падраздзяленні «Арганізацыі Тота» рухаліся за наступаючымі ням. войскамі, аднаўлялі разбураныя камунікацыі, выкарыстоўваючы працу ваеннапалонных і цывільнага насельніцтва. У 1943—44 арг-цыя ўдзельнічала ў стварэнні герм. стратэгічнага абарончага рубяжа — «Усходняга вала» па лініір. Нарва—Пскоў—Віцебск—Орша—сярэдняе цячэнне р. Дняпро — рэкі Сож і Малочная. Падраздзяленні «Арганізацыі Тота» існавалі ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Слуцку і ў інш.нас. пунктах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЫНА́ЦЫЯ (польск. ordynacja ад лац. ordinatio упарадкаванне),
1) у сярэдневяковай Польшчы збор прававых нормаў, якімі кіраваліся ўстановы, арг-цыі, суды.
2) Збор прававых нормаў, якія рэгулявалі спадчыннае права на нерухомую маёмасць пэўных магнацкіх родаў у Рэчы Паспалітай, а таксама адпаведнае зямельнае ўладанне. Асн. прынцыпы ардынацыі — непадзельнасць і неадчужальнасць зямельнага ўладання, якое пасля смерці ўладальніка (ардыната) пераходзіла да старэйшага нашчадка старэйшай мужчынскай лініі (жанчыны за нашчадкаў не лічыліся). Першыя ардынацыі (Нясвіжская і Клецкая на Беларусі, Алыцкая на Украіне) заснаваны Радзівіламі ў 1586, зацверджаны соймам у 1589. Уласныя ардынацыі стварылі магнаты Замойскія (зацверджана ў 1589), Мышкоўскія (1601), Астрожскія (1609), Сулкоўскія (18 ст.). Ардынацыі працягвалі існаваць у Рас. імперыі і Польск. рэспубліцы; скасаваны сеймам у 1939.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКО́ЎШЧЫНА, Малая Даўгоўшчына,
возера ў Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Ушача, за 8 км на Пд ад г.п. Ушачы. Пл. 0,16 км², даўж. 760 м, найб.шыр. 300 м, найб.глыб. 21,8 м, даўж. берагавой лініі 2,3 км. Пл. вадазбору 11,4 км².
Схілы катлавіны выш. 20—30 м, на Пд і Пн не выражаны, на З абразійны ўступ выш. 2—3,5 м. Берагі нізкія, на ПнЗ і З сплавіна шыр. 5—10 м, усх. бераг пясчаны, паўд. забалочаны. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбакаводдзе выслана глеем. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. ад 10 да 250 м. Злучана ручаём з воз. Доўжына. Уваходзіць у курортную зону Ушачы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТО́РЫНА, Баторын,
возера ў Беларусі, у Мядзельскім раёне Мінскай вобл., у бас.р. Нарач, за 1,5 км на Пд ад г.п. Мядзел. Пл. 6,25 км², даўж. 3,5 км, найб.шыр. 2,4 км, найб.глыб. 5,5 м, даўж. берагавой лініі 15 км. Пл. вадазбору 92,4 км².
Схілы катлавіны выш. 3—6 м, пераважна разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя, асабліва заходні, які зліваецца з забалочанай поймай і пераходзіць у балота. Мелкаводдзе пясчана-глеістае. Асн. частка ложа выслана сапрапелямі магутнасцю да 8 м. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. ад 150 да 300 м. На ПдУ невял. ўчасткі сплавіны. Водапрыёмнік балотных водаў (упадаюць 10 меліярац. канаў); злучана пратокай з воз. Мястра. Месца адпачынку і турызму.