МАЛЯНКО́Ў (Георгій Максімілянавіч) (8.1.1902, г. Арэнбург, Расія—14.1.1988),

савецкі дзяржаўны і паліт. дзеяч. Герой Сац. Працы (1943). Удзельнік грамадз. вайны. Чл. ЦК (1939—57), Палітбюро (Прэзідыума) ЦК (1946—57, канд. з 1941), сакратар ЦК (1939—46 і 1948—53) КПСС. У Вял. Айч. вайну чл. Дзяржаўнага Камітэта Абароны СССР (1941—45). у 1946—53 і 1955—57 нам. старшыні, у 1953—55 старшыня СМ СССР. У 1957 разам з Л.М.Кагановічам, В.М.Молатавым і інш. выступіў супраць паліт. лініі М.С.Хрушчова, быў выведзены з Прэзідыума ЦК і ЦК КПСС. У 1957—61 на гасп. рабоце.

т. 10, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКУ́ЛІЧ (Уладзімір Андрэевіч) (14.10.1920, в. Палявая Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 17.1.2000),

партыйны і дзярж. дзеяч БССР. Герой Сац. Працы (1958). Скончыў ВПШ пры ЦК КПСС (1957). З 1945 на камсам. рабоце. З 1954 1-ы сакратар Мінскага райкома КПБ. У 1963—77 1-ы сакратар Брэсцкага, у 1977—85 Мінскага абкомаў КПБ. У 1985—90 нам. Старшыні Прэзідыума Вярх. Савета БССР. Чл. ЦК КПСС у 1981—86. Чл. ЦК КПБ у 1960—90, Бюро ЦК КПБ у 1977—86. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1955—67, 1985—90, Вярх. Савета СССР у 1966—89.

Я.​С.​Фалей.

т. 10, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛО́ШАВІЧ (Слабадан) (н. 20.8.1941, г. Пажаравац, Сербія),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Югаславіі. Скончыў Бялградскі ун-т (1964). З 1966 у гар. адміністрацыі Бялграда, прам-сці і сістэме фінансаў, у т. л. старшыня Аб’яднанага банка Бялграда. З 1984 старшыня Бялградскага к-та Саюза камуністаў Югаславіі, з 1986 — чл. ЦК, Прэзідыума ЦК СКЮ, старшыня Прэзідыума ЦК Саюза камуністаў Сербіі. Заснавальнік і лідэр (з 1990) Сацыяліст. партыі Сербіі. Старшыня Прэзідыума (1989—90), прэзідэнт Сербіі (1990—95). Прэзідэнт Югаславіі (з 1996). Праводзіць палітыку ўмацавання дзярж. адзінства Югаславіі, узначальваў барацьбу супраць агрэсіі НАТО і бамбардзіровак Югаславіі (сак.чэрв. 1999).

І.​А.​Чарота.

С.Мілошавіч.

т. 10, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРС ((Pearse) Патрык Генры) (10.11.1879, Дублін — 3.5.1916),

ірландскі грамадскі дзеяч, паэт і асветнік. Адзін з кіраўнікоў Гэльскай лігі. Аўтар паэм і драматычных твораў на гэльскай (ірландскай) мове. Удзельнічаў у стварэнні Ірландскага нац. ун-та. З ліст. 1913 чл. выканаўчага к-та ірландскіх валанцёраў, з ліп. 1914 — Вярх. к-та Ірландскага рэспубліканскага брацтва (ІРБ). Пасля пач. 1-й сусв. вайны чл. крыла ІРБ, якое выступала супраць удзелу ірландцаў у вайне на баку Вялікабрытаніі. У час Ірландскага паўстання 1916 прызначаны 24.4.1916 прэзідэнтам часовага ўрада Ірландскай Рэспублікі. Быў узяты ў палон брыт. войскамі і пакараны смерцю.

т. 12, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІТ ((Pitt) Уільям Старэйшы) (15.11.1708, Лондан — 11.5.1778),

дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі, граф Чэтам. Адзін з лідэраў групоўкі «патрыётаў» (прыхільнікаў актыўнай калан. экспансіі) у партыі вігаў. З 1735 чл. парламента. З 1746 чл. урадаў Вялікабрытаніі. З 1756 лідэр вігаў у палаце абшчын, у 1757—61 фактычны кіраўнік урада. Адыграў значную ролю ў развязванні Сямігадовай вайны 1756—63, у выніку якой Вялікабрытанія захапіла амаль усе ўладанні Францыі ў Індыі і Паўн. Амерыцы. З-за канфлікту з каралём пайшоў у адстаўку. У 1766—68 прэм’ер-міністр кааліцыйнага ўрада. Чл. палаты лордаў з 1766 (пасля атрымання графскага тытула).

т. 12, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІ́НІЙ Малодшы,

Гай Пліній Цэцылій Секунд (Gaius Plinius Caecilius Secundus; 61 ці 62, г. Кома, Італія — каля 114), старажытнарымскі пісьменнік і дзярж. дзеяч. Пляменнік і прыёмны сын Плінія Старэйшага. Консул (100), імператарскі легат у прав. Віфінія і Понт (111—113). З твораў П. захаваліся 10 кн. пісьмаў і пахвальная прамова ў гонар Траяна («Панегірык»). У лістах П. вял. гіст. матэрыял, які характарызуе эканам. і паліт. жыццё ў Рым. імперыі 1—2 ст., яе культуру і побыт.

Тв.:

Рус. пер. — Письма Плиния Младшего. 2 изд. М., 1984.

Літ.:

Соколов В.С. Плиний Младший. М., 1956.

т. 12, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУХА́ЛЬСКІ (Уладзімір Вячаслававіч) (2.4.1848, Мінск — 23.2.1933),

рас. і ўкр. піяніст, педагог, кампазітар і муз. дзеяч. Засл. праф. Украіны (1928). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1874) і выкладаў у ёй. З 1876 у Кіеўскім муз. вучылішчы (з 1877 дырэктар). З 1913 праф. Кіеўскай кансерваторыі (у 1913—14 першы дырэктар). Зрабіў значны ўклад у развіццё ўкр. муз. культуры і адукацыі. Стварыў школу піяністаў, вядомую за межамі Украіны. Аўтар оперы «Валерыя» (паст. 1923), «Маларасійскай (Украінскай) фантазіі» для аркестра, канцэрта для фп. з арк., «Эцюдаў у арпеджыях», фп. п’ес, рамансаў і інш. Сярод вучняў А.​Браілоўскі, У.Горавіц, Р.​Коган, Л.Нікалаеў і інш.

т. 13, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́МАС-О́РТА ((Ramos Horta) Хасэ) (н. 26.12.1949, г. Дылі, Усх. Тымор),

палітычны дзеяч Усх. Тымора. Скончыў Оксфардскі (Вялікабрытанія) і Антыяхійскі (ЗША) ун-ты. Удзельнік нац.-вызв. руху супраць партугальскага панавання на Усх. Тыморы. Чл. урада Нар.-Дэмакр. Рэспублікі Усх. Тымор, абвешчанай 28.11.1975. Пасля акупацыі ў снеж. 1975 Усх. Тымора войскамі Інданезіі ў эміграцыі. Міжнар. прадстаўнік усх.-тыморскага супраціўлення. Дамогся прыцягнення ўвагі міжнар. супольніцтва да праблемы Усх. Тымора, да барацьбы супраць інданезійскай акупацыі. Пасля рэферэндуму 1999, які выказаўся за незалежнасць Усх. Тымора, працуе ў адміністрацыі, якая ствараецца там пры дапамозе ААН. Нобелеўская прэмія міру 1996 (з біскупам К.​Х.​Бела).

т. 13, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЦЭ́ВІЧ (Уладзіслава Францаўна) (25.12.1891, в. Вішнева Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 25.2.1960),

бел. літ.-знавец і культ. дзеяч. Засл. дз. культ. Беларусі (1959). Жонка Я.Купалы. Скончыла Віленскую гімназію (1906), пед. курсы ў Варшаве (1908). Працавала выхавацельніцай дзіцячага прытулку ў Вільні. Вяла прапаганду ў рабочых гуртках (у 1909 і 1911 прыцягвалася да суда). У 1914 арганізоўвала прытулак для дзяцей бежанцаў. Прапагандавала бел. л-ру, друкавала вершы ў «Нашай ніве». У 1916 выйшла замуж за Я.​Купалу. З 1919 у Мінску, працавала інспектарам дашкольных устаноў Наркамасветы БССР, выхавацельніцай і педагогам-метадыстам дзіцячых устаноў, на радыё. У 1944—60 дырэктар Літ. музея Я.​Купалы. Складальнік зб-каў матэрыялаў пра жыццё і творчасць Я.​Купалы «Янка Купала» (1952, з В.​Тарасавым), «Любімы паэт беларускага народа» (1960), «Янка Купала ў беларускім мастацтве» (1958), «Бібліяграфія твораў Янкі Купалы» (ч. 1, 1955, з Н.​Г.​Кудраўцавай). Аўтар артыкулаў і ўспамінаў пра Я.​Купалу, успамінаў пра З.​Бядулю, Цётку. Сабрала і апрацавала «Народныя дзіцячыя песенькі» (1939), склала «Дашкольны спеўнік» (1928, з А.​Савёнак), «Зборнік вершаў для дашкольных устаноў» і «Для маленькіх» (абодва 1940), апрацоўвала нар. казкі.

Тв.:

Янка Купала ў Вільні // Беларусь. 1945. № 6;

Мае ўспаміны пра Змітрака Бядулю // Там жа. 1946. № 11—12;

3 успамінаў аб Янку Купалу // Янка Купала. Мн., 1955;

Новыя матэрыялы пра Янку Купалу // ЛіМ. 1959. 30 мая.

Літ.:

Раманоўская Я. Акрыленая песняй // Полымя. 1971. № 12;

Андрэева Е. Педагог і грамадскі дзеяч // Там жа. 1982. № 7;

Тарасава Т. Песня вернасці // Дзень паэзіі—82. Мн., 1982.

т. 9, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫ́К ((Auric) Жорж) (15.2.1899, горад Ладэў, Францыя — 23.7.1983),

французскі кампазітар, музычны дзеяч. Член Інстытута Францыі (1962). У 1920-я гады ўваходзіў у «Шасцёрку». У супрацоўніцтве з С. Дзягілевым стварыў для яго трупы шэраг балетаў, у т. л. «Матросы» (1924). З 1935 член праўлення Народнай музычнай федэрацыі. У 1962—68 генеральны дырэктар Нацыянальных оперных тэатраў. Аўтар 9 балетаў, у т. л. «харэаграфічнай трагедыі» «Федра» (1949), твораў для аркестраў, камерна-інструментальных ансамбляў, п’ес для фартэпіяна, рамансаў, песень, музыкі для драматычнага тэатра і да кінафільмаў, у т. л. «Свабоду нам!» (1932), «Арфей» (1950).

Літ.:

Пуленк Ф. Я и мои друзья: Пер. с фр. Л., 1977.

т. 2, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)