АЎТЫГЕ́ННЫЯ МІНЕРА́ЛЫ (ад грэч. authigenës мясцовага паходжання),

мінералы асадкавых горных парод, якія ўтварыліся ў працэсе седыментацыі і літагенезу. Аўтыгеннымі мінераламі з’яўляюцца розныя карбанаты, растваральныя солі, рудныя мінералы, барыт, цэлесцін, палявы шпат, цэаліты, некаторыя гліністыя мінералы. На Беларусі пашыраны ў пародах асадкавага чахла, складаюць саляныя і сульфатныя пароды дэвону Прыпяцкага прагіну (галіт, сільвін, карналіт, ангідрыт, гіпс і інш.).

т. 2, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РАС (Bērōssos; каля 350—280 да н.э.),

вавілонскі жрэц. Заснавальнік астралагічнай школы на в-ве Кос. Аўтар «Гісторыі Вавілона» ў 3 кн. (на грэч. мове), дзе на падставе стараж. храмавых хронік апісаў перыяд ад стараж. часоў да смерці Аляксандра Вялікага. Кніга 1-я прысвечана астралогіі. Творы Бераса вядомы па асобных фрагментах і цытатах у працах ант. і візант. гісторыкаў.

т. 3, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РДЗІЯН (грэч. Gordion, Gordieion),

старажытная сталіца фрыгійцаў (8—5 ст. да н.э.), на правым беразе р. Сакар’я, каля в. Пебі (Турцыя). Засн. легендарным стваральнікам Фрыгійскага царства Гордзіем. У выніку раскопак выяўлены рэшткі абарончых сцен з каменю і сырцовай цэглы, жытлы, могільнік з багатымі пахаваннямі, якія нагадваюць стараж. пахаванні скіфаў. У 7 ст. да н.э. Гордзіян моцна пашкоджаны кімерыйцамі.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ВІС (ад лац. gravis цяжкі),

1) тон складоў у стараж.-грэч. мове, які характарызуецца адсутнасцю павышэння голасу. Супрацьпастаўляецца акуту.

2) Від націску ў швед. мове, пры якім склад, што ідзе за складам з асноўным націскам, мае слабы пабочны націск; рух тону пры гэтым характарызуецца як сыходна-ўзыходны.

3) Дыякрытычны знак (`), які абазначае ў франц. мове ступень адкрытасці галосных: pére.

т. 5, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ МЕНДЭРЭ́С, Бююк-Мендэрэс (Büyük Menderes),

рака на З Турцыі. Даўж. 380 км, пл. бас. 23,9 тыс. км². Пачынаецца на Анаталійскім пласкагор’і, упадае ў Эгейскае м., утварае дэльту. Сярэдні расход вады 90 м³/с. Мнагаводная зімой. Выкарыстоўваецца на арашэнне. У ніжнім цячэнні рэчышча надзвычай звілістае, таму стараж.-грэч. назва ракі Меандр стала ўжывацца для абазначэння рачных лукавін — меандраў.

т. 4, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАГА́Т (ад грэч. gagatēs чорны бурштын),

разнавіднасць каменнага вугалю, якая мае глыбокі чорны колер, яркі смалісты бляск, вязкасць і ракавісты злом. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 1,3—1,4 г/см³. Утварэнне гагату звязваюць з метамарфізмам драўніны, пахаванай у марскіх мулах мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў. Трапляецца ў выглядзе скопішчаў у пясчаніках, мергелях, пластах вугалю. Добра паліруецца. Вырабны камень.

т. 4, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛО́ІД (ад грэч. diploos двайны + eidos від),

асобіна або клетка з двайным (поўным) наборам гамалагічных пар храмасом. Утвараецца ад зліцця 2 гаплоідных гамет (мужчынскай і жаночай), кожная з якіх мае па аднаму набору храмасом. Дыплоіднымі з’яўляюцца спарафіты вышэйшых раслін, пераважная большасць жывёл, гаметы паліплоідных арганізмаў (гл. Поліплаідыя) або гаметы, якія ўзніклі ў дыплоідных асобін з парушаным меёзам.

т. 6, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫХРАІ́ЗМ (ад грэч. dichroos двухколерны),

розная афарбоўка аднавосевых крышталёў, якім характэрна падвойнае праменепераламленне, пры праходжанні святла ўздоўж аптычнай восі і перпендыкулярна да яе. Напр., крышталь апатыту, які асветлены белым святлом, будзе светла-жоўтым, калі глядзець уздоўж восі, і зялёным — упоперак да яе; пры інш. напрамках назірання крышталь афарбаваны ў які-н. прамежкавы колер. Гл. таксама Плеахраізм.

т. 6, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́РМА (ад грэч. derma скура),

злучальнатканкавая частка скуры пазваночных жывёл і чалавека, якая знаходзіцца пад эпідэрмісам; уласна скура. Развіваецца з мезадэрмы. Д. вял., ці малая рухома злучана з органамі, што ляжаць ніжэй, падскурнай рыхлай злучальнай тканкай, часта багатай тлушчавымі адкладамі. Складаецца з 2 слаёў: паверхневага сасочкавага (мае сасуды, забяспечвае жыўленне эпідэрмісу і яго вытворных) і сеткаватага (выконвае апорную функцыю).

т. 6, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАПЛАФА́ЗА (ад грэч. haploos адзіночны + фаза),

фаза жыццёвага цыкла асобіны, якая характарызуецца адзінарным (гаплоідным) наборам храмасом у ядрах клетак. У большасці жывёл гаплафаза моцна рэдукавана і практычна зведзена да палавых клетак; у многіх зялёных водарасцей увесь цыкл, за выключэннем зіготы, адбываецца ў гаплазе. У пакрытанасенных раслін гаплафаза прадстаўлена зародкавым мяшком (жаночы гаметафіт) і пылковым зернем (мужчынскі гаметафіт).

т. 5, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)