ДРЭ́ЗДЭНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1849,

адно з узбр. выступленняў на апошнім этапе Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў абарону імперскай канстытуцыі, прынятай 27.3.1849 Франкфурцкім парламентам. Адбылося 3—9.5.1849 у г. Дрэздэн як рэакцыя гараджан на адмову саксонскага караля Фрыдрыха Аўгуста прызнаць канстытуцыю. Каля 12 тыс. паўстанцаў (рабочыя, муніцыпальная гвардыя і інш., у т. л. кампазітар Р.​Вагнер) пад кіраўніцтвам левых радыкалаў С.​Чырнера, С.​Борна і рас. эмігранта М.​А.​Бакуніна ўзялі штурмам цэйхгаўз і стварылі барыкады ў старой ч. горада. Ліквідавана вял. сіламі саксонскіх войск з дапамогай прускіх часцей; многія ўдзельнікі паўстання былі прыгавораны ваен. судамі да пакарання смерцю (пазней памілаваны).

т. 6, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫКТА́ТАР (лац. dictator ад dicto дыктую, прадпісваю),

1) у лац. гарадах стараж. Італіі штогадова абраны правіцель, які меў неабмежаваную ўладу, у т. л. кіраўнік Лацінскага саюза.

2) У Стараж. Рыме перыяду Рэспублікі (5—2-я пал. 1 ст. да н.э.) надзвычайная службовая асоба (магістрат) з неабмежаванымі грамадскімі і вайск. паўнамоцтвамі, якая прызначалася консуламі паводле рашэння сената ў выключных выпадках (унутр. беспарадкі, ваен. небяспека) максімальна на 6 месяцаў. У 2—1 ст. да н.э. былі выпадкі бестэрміновай дыктатуры (Карнелій Сула, Юлій Цэзар). Пасада скасавана ў 44 да н.э. Маркам Антоніем.

3) Носьбіт дзярж. улады ў краінах з недэмакр. (аўтарытарным бо таталітарным) праўленнем (гл. Дыктатура).

т. 6, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯНІ́С,

у грэчаскай міфалогіі бог расліннасці, вінаградарства і вінаробства, сын Зеўса і фіванскай царэўны Семелы. Нарадзіўся неданошаным пасля смерці маці, але Зеўс зашыў Д. ў сваім бядры і данасіў. Спадарожнікамі Д. былі німфы, дэманы, сатыры і сілены. Першапачаткова Д. ўяўлялі сталым, барадатым мужчынам, пазней — прыгожым юнаком. Святы ў гонар Д. — дыянісіі, мелі характар оргій. Міф пра Д. — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (фрэскі ў Пампеях, мазаіка з Дэласа, рэльеф на мануменце Лісікрата ў Афінах, карціны А.​Альтдорфера, Тыцыяна, П.​П.​Рубенса, Д.​Веласкеса і інш.). У рымлян вядомы пад імем Вакх (Бахус).

Дыяніс. Фрагмент размалёўкі амфары «майстра Клеафрада». Каля 500 да н.э.

т. 6, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКУРЫЁНЫ [лац. decurio (decurionis)],

1) у Стараж. Рыме начальнік атрада (дэкурыі), які складаўся з 10 коннікаў.

2) Чл. гар. саветаў (сенатаў ці курый), якія спачатку існавалі ў залежных ад Рыма гар. абшчынах, пазней у час імперыі — ва ўсіх гарадах рым. правінцый. Камплектаваліся з былых гар. магістратараў. Пасада была пачэснай і пажыццёвай.

3) У 4 ст. да н.э. прывілеяванае саслоўе сярэдніх землеўладальнікаў. Д. займаліся размеркаваннем і зборам падаткаў, здачай у арэнду гар. зямель, распараджаліся гандл. упраўленнем, арганізоўвалі гульні і святкаванні. Дзейнасць Д. кантралявалі спец. куратары і намеснікі правінцый. Эдыктамі імператара Канстанціна 316 і 325 да н.э. былі навечна замацаваны за месцам жыхарства з забаронай пакідаць гарады.

т. 6, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́РАСЬ (ад грэч. hairesis, асобнае веравучэнне, школа, секта),

адыход ад афіц. царк. дактрыны па пытаннях дагматыкі, культу і арганізацыі. Ідэйнымі вытокамі Е. былі іудаізм і іудзейскае сектанцтва (эсены, эбіяніты, неаплатонікі), якія ўплывалі пазней на антытрынітарыяў, хіліястаў, арыян (гл. Хіліязм, Арыянства), а таксама язычніцтва і містыцызм у выглядзе гнастыцызму, маніхейства, ісіхазму і інш. На глебе незадаволенасці палітыкай Ватыкана ў 14—16 ст. узнік шэраг сял. рухаў, якія зліваліся з рэфармац. рухам (гл. Рэфармацыя).

На Беларусі ўсе Е. прыўнесены з-за мяжы: у 15 ст. гусізм; у 16 ст. рэліг.-рацыяналіст. вучэнне (Ф.​Касой, Арцемій, М.​Башкін), антытрынітарыі, атэісты (К.Бекеш, С.Лован), з 17 ст. сацыніяне.

А.​А.​Цітавец.

т. 6, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭНЕ́ЎСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ ПА РАЗЗБРАЕ́ННІ 1932—35,

міжнародная канферэнцыя аб скарачэнні і абмежаванні ўзбраення. Склікана 2.2.1932 па рашэнні Савета Лігі Нацый, удзельнічалі 63 краіны. Некаторыя краіны імкнуліся выкарыстаць канферэнцыю для аслаблення магчымых праціўнікаў і ўзмацнення сваёй ваен. магутнасці (франц. дэлегацыя дамагалася захавання ваен. перавагі над Германіяй паводле Версальскага мірнага дагавора 1919, герм. дэлегацыя патрабавала роўнасці ва ўзбраеннях, а ў кастр. 1933 адмовілася ад удзелу ў канферэнцыі). Дэлегацыя СССР прапанавала пакласці ў аснову работы прынцыпы ўсеагульнага і поўнага раззбраення, а пасля адхілення гэтай прапановы — правесці прагрэс.-прапарцыянальнае скарачэнне ўзбраенняў і ўзбр. сіл. Сав. прапановы былі адхілены, канферэнцыя зайшла ў тупік і ў 1935 фактычна спыніла сваю работу.

т. 6, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́КУПЫ,

катэгорыя залежнага сялянства ў Кіеўскай Русі і ВКЛ. 1) Паводле Рускай Праўды З. станавіліся збяднелыя сяляне, якія бралі ў феадала грашовую пазыку («купу») і павінны былі працаваць у яго гаспадарцы, пакуль не вернуць яе. У адрозненне ад поўных халопаў З. маглі звярнуцца ў суд са скаргамі на пана, з дазволу пана пайсці на пошукі грошай. У выпадку продажу З. у халопы без законных падстаў пан плаціў штраф, а З. станавіўся вольным.

2) У ВКЛ 14—16 ст. З. — даўжнікі феадалаў, якія закладвалі сваю асобу ў няволю, пакуль не адпрацуюць доўг у гаспадарцы пана. З сярэдзіны 16 ст. з запрыгоньваннем асн. масы сялянства З. паступова знікаюць.

т. 6, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЎС,

у грэч. міфалогіі вярхоўны бог, уладар багоў і людзей. Месцам знаходжання З. лічыўся Алімп. Яго атрыбутамі былі эгіда (шчыт), скіпетр і арол. Першапачаткова З. — бог маланкі, грому і дажджу, пазней аб’яднаў рысы інш. багоў. Паводле міфаў, З., малодшы сын Кронаса і Рэі, брат і муж Геры, пасля перамогі над бацькам, тытанамі і гігантамі пачаў правіць светам разам з братамі Пасейдонам і Аідам. З. — бацька многіх багоў і багінь, у т. л. Апалона, Арэса, Дыяніса, Афіны, Афрадыты, герояў Геракла, Персея і інш. У Рыме культ З. зліўся з культам Юпітэра.

Зеўс (Зеўс Атрыколі). Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 4 ст. да н.э.

т. 7, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІНО́ЎЕЎ Сцяпан, разьбяр па дрэве 2-й пал. 17 ст.; майстар беларускай рэзі. Паходзіў з Беларусі. «Жалаваны» майстар Аружэйнай палаты ў Маскве. Ствараў узоры разьбы («лебядзіныя», «жураўліныя», «гусіныя», 1668). Удзельнічаў у аздабленні царскага палаца ў с. Каломенскае (1678), у стварэнні разных іканастасаў для цэркваў у Ізмайлаве (1680-я г.), званіцы царквы царэвіча Іаасафа (1681) і Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра (1683—85) у Маскве. Зрабіў размаляваную фарбамі, серабром і золатам «Іарданскую сень» на 4 разных слупах (1668, разам з Арсеніем і К.Міхайлавым), разныя царскія вароты з сенню для царквы Фёдара Страцілата на Троіцкім падвор’і ў Маскве (былі ўстаноўлены ў іканастасе Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра, 1685).

т. 7, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБА́ЛЬНЫЯ ХАЛО́ПЫ,

кабальныя людзі, катэгорыя феадальна залежнага насельніцтва ў Рус. дзяржаве 15—17 ст. За грашовую пазыку селянін павінен быў асабіста адпрацоўваць крэдытору працэнты і станавіўся К.х. да таго часу, пакуль не верне пазыку. Найчасцей ён не меў магчымасці вярнуць пазыку, бо яго заробак ішоў на выплату працэнтаў. Залежнасць К.х. вызначалася спец. дакументам — кабальнай граматай (кабалой) і запісам у кабальныя кнігі. Паводле ўказаў 1586 і 1597 К.х. абавязаны былі працаваць на пазыкадаўцаў да іх смерці, нават пры ўмове выплаты пазыкі. Злоўленых беглых К.х. пазыкадаўцы ператваралі ў поўных халопаў. Паводле Саборнага ўлажэння 1649 валодаць К.х. маглі толькі духоўныя землеўладальнікі. У пач. 18 ст. К.х. прыраўнаваны да прыгонных сялян.

т. 7, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)