ЛІГНІ́Н (ад лац. lignum дрэва, драўніна),
арганічнае палімернае злучэнне, што знаходзіцца ў клетачных абалонках сасудзістых раслін. Разам з цэлюлозай выклікае іх адраўненне. Цвёрдасць і моцнасць абалонак дазваляюць дрэвам дасягаць выш. больш за 150 м (напр. эўкаліпты), а галінам вытрымліваць цяжар лісця, пладоў і інш. Драўніна лісцевых парод мае ў сабе 20—30% Л., хвойных — да 50%. Выкарыстоўваецца ў прам-сці як хім. сыравіна.
т. 9, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́НДА (Gironde),
эстуарый рэк Гарона і Дардонь у Францыі, адкрываецца ў Біскайскі заліў. Даўж. 75 км, шыр. да 10 км, у ніжняй ч. глыб. да 35 м, у верхняй, больш вузкай, шмат пясчаных меляў і астравоў. Найменшая глыб. на фарватэры 8 м. Прылівы паўсутачныя, выш. да 5,2 м. У вусці Ж. — порт Ле-Вердон-сюр-Мер і марскі курорт Руаян.
т. 6, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААЗЕ́РЦЫ,
возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Авута, за 42 км на ПдУ ад г. Міёры. Пл. 0,28 км², даўж. больш за 1 км, найб. шыр. 450 м, даўж. берагавой лініі 2,5 км. Пл. вадазбору 4,5 км². Схілы катлавіны выш. да 8 м (на З і Пд да 13 м), пераважна разараныя. Востраў пл. 0,5 га.
т. 6, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВІТО́К,
1) суквецце, у якім спіральна закручана больш маладая частка з нераспушчанымі кветкамі. У З. ад гал. восі (галінкі), якая нясе адну кветку, ніжэй адыходзіць другая аднакветкавая вось, ад яе ў гэты ж бок — вось 3-га парадку і г.д. З. характэрны для сям. бурачнікавых (святаяннік, шчамяліца, жывакост).
2) Абароты спіралі ракавіны ў некат. беспазваночных жывёл (напр., у бруханогіх малюскаў).
т. 6, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЛЕ́ДАВАЛЬНАСЦЬ,
генатыпічная абумоўленасць зменлівасці адзнакі для папуляцыі або групы арганізмаў. Вызначаецца колькасна з дапамогай каэфіцыента. Больш нізкія каэфіцыенты атрымліваюцца для адзнак, якія абумоўліваюць біял. прыстасаванасць арганізмаў (пладавітасць, маса цела пры нараджэнні і інш.). Выкарыстоўваецца ў селекцыі для вызначэння патэнцыяльнай эфектыўнасці адбору (пры высокіх значэннях каэфіцыента эфектыўны масавы адбор), для прагназавання росту прадукцыйнасці парод жывёл, сартоў раслін, штамаў мікраарганізмаў.
Р.Г.Заяц.
т. 11, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДПІ́СКА АБ НЯВЫ́ЕЗДЗЕ,
адна з мер стрымання ў бел. крымінальным працэсе. Заключаецца ў адабранні ад падазронага або абвінавачанага абавязацельства не адлучацца з месца пражывання або часовага знаходжання без дазволу адпаведнай службовай асобы, якая праводзіць дазнанне, следчага, пракурора, суда. У выпадку парушэння гэтай меры да таго, хто даваў абавязацельства, можа быць ужыта больш строгая мера стрымання — пра што ён і папярэджваецца (арышт, зняволенне).
т. 11, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́РНЫ УРА́Л,
паўночная частка Урала ад вярхоўяў р. Хулга (бас. р. Об) на Пд да гары Канстанцінаў Камень на Пн. Даўж. 380 км, выш. да 1499 (г. Паер). Складзена пераважна з кварцытаў, крышт. сланцаў, вывергнутых і асадкавых горных парод. Захаваліся сляды горна-далінных зледзяненняў. Шмат азёр. Схілы паўд. ч. ўкрыты таежным рэдкалессем, вышэй і ў больш паўн. ч. — горныя тундры, ледавікі.
т. 12, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЛІ́НАВА, Грабеніцкае возера,
у Лёзненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мошна, за 7 км на Пн ад г.п. Лёзна. Пл. 0,28 км², даўж. больш за 1 км, найб. шыр. 420 м, даўж. берагавой лініі каля 2,7 км. Пл. вадазбору 3,75 км². Схілы катлавіны выш. да 15 м, параслі хмызняком. Берагі высокія, месцамі зліваюцца са схіламі. На Пн упадае ручай.
т. 10, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́СІН (Сяргей Іванавіч) (14.4.1849, г.п. Рамонь Варонежскай вобл., Расія — 8.2.1902),
расійскі канструктар стралковай зброі. Ген.-маёр (1900). Скончыў Міхайлаўскую артыл. акадэмію (1875). Працаваў на Тульскім зброевым з-дзе. У 1887 распрацаваў вінтоўку з магазінам у прыкладзе; у 1890 стварыў 7,62-мм магазінную 5-зарадную вінтоўку, прынятую ў 1891 на ўзбраенне рас. арміі (вядома пад назвай «трохлінейка»), якая выкарыстоўвалася больш за 60 гадоў.
т. 10, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МСКАЯ ДРЭС,
самая вялікая цеплавая электрастанцыя ў складзе Беларускай энергетычнай сістэмы. Размешчана на беразе Лукомскага возера, каля г. Новалукомль Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. Будаўніцтва пачата ў 1964. У 1969 пушчаны 1-ы энергаблок, у 1974 пасля пуску 8-га энергаблока дасягнута праектная магутнасць 2400 тыс. кВт. У 1978 пабудавана 3-я чарга. На пачатак 1999 магутнасць станцыі больш за 2500 тыс. кВт.
т. 9, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)