БЯЛУ́ГА (Huso huso),

рыба сям. асятровых атр. асетрападобных. Пашырана ў бас. Каспійскага, Чорнага, Азоўскага і Адрыятычнага мораў. Прахадная. Раней па Дняпры заходзіла ў рэкі Беларусі на нераст. Да пач. 20 ст. ў Сажы і Дняпры лавілі бялугу масай каля 300 кг, пазней не траплялася. У 1973—74 у рыбакамбінат «Белае» (Гомельская вобл.) завезены гібрыд бялугі і сцерлядзі (бесцер) для рыбагасп. выкарыстання.

Даўж. да 9 м, маса да 2 т. Жыве больш за 100 гадоў. Палавая спеласць самцоў у 12—14 гадоў, самак у 16—18. Ёсць азімыя і яравыя формы. Нерастуе раз у некалькі гадоў. Плоднасць да 8 млн. буйных ікрынак. Утварае гібрыды з інш. асятровымі. Дарослая корміцца рыбай, моладзь — доннымі беспазваночнымі. Каштоўная прамысл. рыба. Ікра — далікатэсны прадукт. Колькасць скарацілася. Аб’ект развядзення.

Бялуга.

т. 3, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРДЗЯ́НСК (у 1939—58 Асіпенка),

горад на Украіне, цэнтр раёна ў Запарожскай вобл. Засн. ў 1827. 132 тыс. ж. (1993). Порт на Азоўскім м. Чыг. станцыя. Прам-сць: машынабудаванне (с.-г. і дарожныя машыны, кабель і інш.), харч. (у т. л. рыбная), лёгкая (абутковая, трыкат.), нафтаперапрацоўчая; вытв-сць буд. матэрыялаў (шкловалакно). Пед. ін-т. Краязнаўчы, маст. музеі. Гразевы і прыморскі кліматычны курорт за 5 км ад горада, на беразе Азоўскага м. Развіваецца з канца 19 ст. Шырокія пясчаныя пляжы даўж. каля 20 км. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага з мяккай зімой, цёплым летам і вял. колькасцю сонечных дзён. Лячэбныя гразі, рапу салёных азёр і заліваў Азоўскага м. выкарыстоўваюць на лячэнне хвароб органаў руху і апоры, сардэчна-сасудзістай і перыферычнай нерв. сістэм, гінекалагічных.

т. 3, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАЎКА,

горад у Беларусі, у Лідскім р-не Гродзенскай вобл. За 1,5 км ад р. Нёман, за 28 км ад Ліды, 7 км ад чыг. ст. Нёман на лініі Ліда—Баранавічы. Аўтадарогамі злучаны з Лідай і Навагрудкам. 12,8 тыс. ж. (1996). Шклозавод «Нёман». Магіла сав. ваеннапалонных.

У мінулым вёска Лідскага пав. Віленскай губ., побач з якой у 1883 памешчык З.​Ленскі пабудаваў гуту, што пазней стала шклозаводам «Нёман». З 1921 у складзе Польшчы, вёска Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Навагрудскім р-не, цэнтр сельсавета. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 да 9.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі. З 15.5.1959 рабочы пасёлак Навагрудскага, з 1962 Лідскага р-наў, э 24.6.1968 — гар. пасёлак, з 21.9.1990 горад.

т. 3, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАЎСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1961 у г. Бяроза Брэсцкай вобл. Мае 5 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі каля 130 м²), каля 17 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). У тэматычных залах матэрыялы пра мінулае Бярозаўшчыны, дакументы пра паўстанне 1863—64, падзеі 1-й сусв. і грамадз. войнаў, Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, дзейнасць КПЗБ на тэр. раёна, падзеі Вял. Айч. вайны, аднаўленне і развіццё гаспадаркі раёна ў пасляваенны час і інш.; матэрыялы пра знакамітых землякоў: дзеяча рэв. руху А.А.Альшэўскага, ген.-лейт. С.І.Любарскага, гісторыкаў П.В.Горына (Каляду), В.Д.Дружчыца, паэтэсу Р.А.Баравікову і інш. Сярод экспанатаў манетны скарб 15 — пач. 17 ст., драўляная скульптура 17 ст., керамічны посуд 17—18 ст., узоры нац. адзення, калекцыя драўляных муз. інструментаў, узоры прадукцыі мясц. прадпрыемстваў.

Г.​С.​Пуцыковіч.

т. 3, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ВЕРКА вёска ў Беларусі, у Лідскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПдЗ ад г. Ліда, 91 км ад Гродна, 14 км ад чыг. ст. Курган. 567 ж., 210 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, бальніца, гандл. цэнтр, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Касцёл.

У пісьмовых крыніцах згадваецца з 1413, калі тут быў заснаваны касцёл. У 15—19 ст. належала Галігінавічам, Юндзілавічам, Касцевічам, Галеўскім, Кастравіцкім і інш. З 1570 мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Мытлянскай вол. Лідскага пав. У 1881 — 73 ж. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета. У 1970 — 248 ж. Магчыма, першапачатковая гісторыя вёскі звязана з летапісным горадам Вевярэск.

т. 3, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙТО́ВІЧ (Сяргей Данілавіч) (13.10.1925, в. Забалацце Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл. — 12.2.1989),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1979). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1952). З 1962 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Даследаваў гісторыю міжнар. дзейнасці БССР. Адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 5, 1975), калект. манаграфій «Супрацоўніцтва Беларускай ССР з сацыялістычнымі краінамі» (1970), «У адзіным страі змагароў за мір» (1989).

Тв.:

БССР в борьбе за мир и сотрудничество между народами (1945—1965). Мн., 1968;

Белорусская ССР и развивающиеся страны (1945—1970). Мн., 1974;

БССР на форуме наций. Мн., 1978;

БССР в отношениях СССР с развивающимися странами. 1971—1985. Мн., 1985;

БССР в экономических отношениях СССР с зарубежными странами (1945—1987). Мн., 1989.

А.​С.​Ляднёва.

т. 3, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХРЭ́М (Апанас Андрэевіч) (н. 8.2.1914, в. Урэчча Вілейскага р-на Мінскай вобл.),

бел. хімік-біяарганік. Акад. АН Беларусі (1970). Д-р хім. н. (1960), праф. (1970). Засл. дз. нав. Беларусі (1983). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1934). З 1963 у Ін-це арган.. хіміі АН СССР, з 1972 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі, у 1974—88 дырэктар Ін-та біяарган. хіміі АН Беларусі. Навук. працы па біяарган. хіміі стэроідаў, бялкоў, пептыдаў, нуклеатыдаў. Адкрыў з’яву рухомасці двайных сувязяў у спалучаных дыенавых злучэннях. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.

Тв.:

Конформационный анализ и установление пространственной структуры белковых молекул. Мн., 1989 (разам з С.​А.​Шэрманам, А.​М.​Андрыянавым);

Стероиды: Экол. функции. Мн., 1990 (разам з М.​У.​Каўганка).

А.А.Ахрэм.

т. 2, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АША́НІН (Леў Іванавіч) (н. 30.5.1912, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл.),

рускі паэт. Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.​Горкага (1936—39). Аўтар зб-каў вершаў «Дзеці розных народаў» (1950), «Вершы пра каханне» (1957), «Проста я працую чараўніком» (1966), «Ішоў я праз завіруху...» (1970), «Здалёк — доўга» (1977), «Самалёты і салаўі» (1982), «Пакуль я дыхаць умею...» (1985), «Таму што мне васемнаццаць» (1987) і інш., рамана ў вершах «Мой сябра Барыс» (1944), рамана ў баладах «Вада бяссмерця» (1975), аповесці ў вершах «Гаспадар агню» (1977). Асн. тэматыка твораў — рамантыка стваральнай працы, маладосць, каханне. Многія яго вершы, пакладзеныя на музыку («Песня пра трывожную маладосць», «Цячэ Волга», «Хай заўсёды будзе сонца»), сталі вядомымі песнямі.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1980—81.

т. 2, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШМЯ́НКА,

рака ў Беларусі, у Ашмянскім, Смаргонскім і Астравецкім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток Віліі. Даўж. 105 км. Пл. вадазбору 1490 км². Пачынаецца каля в. Мураваная Ашмянка Ашмянскага р-на, у вярхоўі цячэ па цэнтр. частцы Ашмянскага узв., у сярэднім і ніжнім цячэнні па Нарачанка-Вілейскай нізіне. Асн. прытокі: Гаружанка, Панарка, Сікуня, Сікунка (справа), Лоша, Кернава (злева).

Даліна выразная, трапецападобная, шыр. 1—1,5 км. Схілы стромкія і абрывістыя, слабапарэзаныя, выш. 14—18 м. Пойма роўная, перасечаная, шыр. 200—300 м. Рэчышча звілістае, месцамі моцназвілістае. Берагі стромкія, абрывістыя, у ніжнім цячэнні зараслі хмызняком. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 13,4 м³/с. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у канцы сакавіка. На рацэ Рачунскае вадасх., каля в. Харанжышкі сажалка. У пойме меліярац. каналы.

т. 2, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГА́ЦЬКАЎКА,

вёска ў Беларусі, у Раздзельскім с/с Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Рамясцвянка. За 23 км на ПнЗ ад Мсціслава, 104 км ад Магілёва, 27 км ад чыг. ст. Ходасы. 100 ж., 66 двароў (1993).

У 1834 — 116 ж., 28 двароў, уласнасць памешчыка. У пач. 20 ст. існавалі 2 вёскі: Вял. Багацькаўка (172 ж., 30 двароў) і Малая Багацькаўка (160 ж., 21 двор) у складзе Шамаўскай вобласці Мсціслаўскага пав. У Вял. Айч. вайну з 14.7.1941 да 29.9.1943 вёскі акупіраваны ням. фашыстамі. У 1976 аб’яднаны ў адну вёску. Малая Багацькаўка — радзіма бел. пісьменніка Максіма Гарэцкага і бел. вучонага, акад. АН Беларусі Г.І.Гарэцкага. Музей М.​Гарэцкага.

Да арт. Багацькаўка. Хата Гарэцкіх у бы-лой в. Малая Багацькаўка.

т. 2, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)