род шматгадовых травяністых раслін сям. адоксавых. Некалькі відаў (раней род лічыўся манатыпным). Растуць ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я, у гарах да альпійскага пояса. Найб. вядома адокса мускусная, або мускусніца мускусная (Adoxa moschatellina), сустракаецца па ўсёй тэр. Беларусі ў шыракалістых і мяшаных лясах, на схілах, у старых парках. Рэлікт даледавіковага часу.
Выш. 5—15 см. Карэнішча кароткае, паўзучае, белаватае. Лісце са слабым мускусным пахам (адсюль назва). Цвіце вясной адна з першых. Кветкі дробныя, жаўтавата-зялёныя або зеленавата-белыя. Плод — зялёная касцянка з 1—5 костачкамі. Карані (збіраюць увосень) выкарыстоўваюць як антысептычны і гаючы сродак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АДРАДЖЭ́ННЕ»,
бел. кааператыўна-выдавецкае т-ва. Існавала ў Мінску ў крас. — снеж. 1922. Засн.Акад. цэнтрам Наркамасветы БССР для выдання твораў маст. л-ры і падручнікаў для бел. школ. Выдала зб-кі вершаў «Дудка беларуская» і «Смык беларускі» Ф.Багушэвіча (у адной кнізе), «Спадчына» Я.Купалы, «Водгулле» Я.Коласа, «Пад родным небам» З.Бядулі, паэму «Босыя на вогнішчы» М.Чарота, «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры. Старадаўні перыяд» М.Янчука, падручнікі, альманах «Адраджэнне» і інш. Мела кнігарню ў Мінску, вяло продаж бел. кніг у Маскве, Гомелі і інш. гарадах Беларусі. Рэарганізавана ў выд-ва«Савецкая Беларусь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДСО́РБЕР,
асноўны апарат тэхн. установак для адсорбцыі. Адрозніваюць адсорбер перыядычнага і бесперапыннага дзеяння (т.зв. гіперсорберы).
У адсорберы перыядычнага дзеяння адсорбцыя і дэсорбцыя адбываюцца папераменна: спачатку адсарбент насычаюць пэўным рэчывам, потым яго адганяюць, кандэнсуюць, сушаць гарачым газам і пасля ахаладжэння паўтараюць цыкл. У гіперсорберах зярністы адсарбент перамяшчаецца па вертыкальнай калонцы, у верхняй частцы якой адбываецца адсорбцыя, у ніжняй пад дзеяннем нагрэву — дэсорбцыя. Выкарыстоўваецца таксама адсорбер бесперапыннага дзеяння з кіпячым (псеўдазвадкаваным) слоем адсарбенту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗАДО́ЎСКІ (Марк Канстанцінавіч) (18.12.1888, г. Іркуцк — 24.11.1954),
рус. фалькларыст, этнограф, літ.-знавец. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1913). Даследаваў праблемы казказнаўства, асобныя жанры фальклору («Ленскія галашэнні», 1922; «Верхняленскія казкі», 1938), сувязь вуснай нар. творчасці і л-ры («Руская казка», т. 1—2, 1932; «Артыкулы па літаратуры і фальклоры», 1960, і інш.). Найб. значная праца «Гісторыя рускай фалькларыстыкі» (т. 1—2, 1958—63) змяшчае факты з гісторыі збірання і вывучэння бел.нар. творчасці. Бел. фальклорны матэрыял выкарыстаў у каментарыях да складзенага ім зб. «Народныя казкі пра бога, святых і папоў: Рускія, беларускія і ўкраінскія» (1963).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗІЯ́ЦКА-ЦІХААКІЯ́НСКІ САВЕ́Т (Asian and Pacific Council; АЗПАК),
рэгіянальны паліт.-эканам. саюз краін Далёкага Усходу і зах. часткі Ціхага акіяна. Створаны ў 1966 Японіяй, Аўстраліяй, Новай Зеландыяй, Тайландам, Філіпінамі, Малайзіяй, Паўд. Карэяй, Тайванем і Паўд. В’етнамам з мэтай ваен. і гандлёва-эканам. супрацоўніцтва ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне. Пры АЗПАК дзейнічае рэгіянальны цэнтр па прадуктах харчавання і ўгнаеннях (Тайвань), культ. і сац. цэнтр (Паўд. Карэя). Вышэйшы орган паміж сесіямі савета — пастаянны к-т, выканаўчы орган — сакратарыят. Штаб-кватэра ў Бангкоку (Тайланд). У 1990 у АЗПАК уваходзілі Аўстралія, Новая Зеландыя, Паўд. Карэя, Тайланд, Філіпіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗНАБІ́ШЫН (Дзмітрый Пятровіч) (1804, с. Троіцкае, Карсунскі р-н Ульянаўскай вобл. — 14.8.1877),
рус.паэт. Скончыў Маскоўскі універсітэцкі пансіён (1824). У 1827 заснаваў (з С.Я.Раічам) альманах «Северная лира». Першыя арыгінальныя і перакладныя вершы і аповесці друкаваў у альманахах і час. «Вестник Европы», «Северные цветы», «Отечественные записки». Любоўную і пейзажную лірыку ствараў пад уплывам паэзіі Усходу: зб-кі «Селам, або Мова кветак» і «Гінекіён» (1830), «Сізіф і смерць» (1871). Перакладаў на рус. мову творы Хафіза, Нізамі, Саадзі, зах.-еўрап. паэтаў. Склаў першы персідска-рускі слоўнік, зб. матэрыялаў (у 2 тамах) па сялянскай рэформе 1861. Збіраў фальклор народаў Паволжа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́РСКІ АНТЫЦЫКЛО́Н, Азорскі максімум,
субтрапічная вобласць высокага атм. ціску над Атлантычным ак. з цэнтрам каля Азорскіх а-воў. Праяўляецца перавагай антыцыкланічнай дзейнасці на працягу ўсяго года, асабліва добра выражаны летам (у ліп. ціск больш за 1025 Па). Прыкметна ўплывае на клімат Паўд. Еўропы і Паўн. Афрыкі, утварае летам адгалінаванне ў напрамку Міжземнага м., зімой у напрамку Сахары. На надвор’е Беларусі ўплываюць паўн.-ўсх. перыферыя або адасобленыя «ядры» азорскага антыцыклону: устанаўліваецца сухое і сонечнае надвор’е з высокімі т-рамі паветра (зімой часам да 8 °C і больш, летам да 25—30 °C і вышэй).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЙЗБЕРГ (Рома Яфімавіч) (н. 16.6.1933, г. Арцёмаўск Данецкай вобл., Украіна),
бел. геолаг. Д-р геолага-мінер.н. (1978), праф. (1990). Скончыў Новачаркаскі політэхн.ін-т (1956). З 1965 у Бел.н.-д. геолагаразведачным ін-це, з 1990 у Ін-це геал. навук АН Беларусі. Працы па класіфікацыі тэктанічных структур, геадынаміцы, тэктанічнай эвалюцыі зямной кары, тэктанічных крытэрыях размяшчэння карысных выкапняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.
Тв.:
Тектоника Белоруссии. Мн., 1976 (у сааўт.);
Палеотектоника Белоруссии. Мн., 1983 (у сааўт.);
Палеогеодинамические реконструкции платформенных бассейнов: Метод. аспекты. Мн., 1991 (у сааўт.);
Геодинамические обстановки неогея территории Беларуси // Літасфера. 1994. № І.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАЗІЯНАЛІ́ЗМ (ад лац. occasionalis выпадковы),
ідэалістычны кірунак зах.-еўрап. філасофіі 17 ст., які сцвярджаў немагчымасць узаемадзеяння душы і цела без прамога ўмяшання Бога. Прадстаўнікі аказіяналізма (А.Гейлінкс, Н.Мальбранш) ідэалістычна перапрацавалі дуаліст, філасофію Р.Дэкарта (гл.Картэзіянства). Аказіяналізм тлумачыў механістычнае прыродазнаўства ў рэліг.ідэаліст. духу, што адкрывала шлях да паслясхаластычнага абнаўлення рэліг. філасофіі. Гэта абумовіла папулярнасць аказіяналізма сярод прыхільнікаў каталіцызму. На Беларусі ідэі аказіяналізма вядомыя з пач. 18 ст. У сярэдзіне 18 ст. ў навуч. установах у лекцыі па схаластычнай філасофіі ўключаліся і элементы аказіяналізма. Вучэнне аказіяналізма з пазіцый паслядоўнага механістычнага дэтэрмінізму крытыкаваў і абвяргаў Б.Дабшэвіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКО́ЛІЦА,
1) тое, што ваколіца.
2) Тып сельскага паселішча ў Польшчы, Літве, на Украіне і Беларусі ў 16 — пач. 20 ст. Узнікла ў выніку валочнай памеры як паселішча дробнай шляхты, што не мела прыгонных і займалася сельскай гаспадаркай (гл.Ваколічная шляхта). На Беларусі найб. пашырана на З. У 2-й пал. 16 ст. ў Гродзенскім пав. існавала 37 аколіц. У канцы, 18 ст. ў Мінскай губ. было 70 аколіц, у сярэдзіне 19 ст. — 149. Складалася з 3—70 двароў. Забудова была бессістэмная. Назвы пераважна па прозвішчах тых радоў, якія іх засялялі (Абуховічы, Кулікі, Эйсманты).