ГА́ЛІЦКІ (Кузьма Мікітавіч) (24.10.1897, г. Таганрог, Расія — 14.3.1973),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Ген. Арміі (1955). Скончыў Вышэйшую стралк.-тактычную школу (1922), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). У арміі з крас. 1917, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз.сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Паўн.-Зах., Калінінскім, 1-м Прыбалт., 3-м Бел. франтах, удзельнік абароны Ліды, Гомеля, бітвы пад Масквой. 11-я гвардз. армія пад яго камандаваннем вызначылася ў Гарадоцкай аперацыі 1943, Беларускай аперацыі 1944, удзельнічала ў вызваленні Оршы, Барысава, Мінска, Маладзечна. Да 1962 на адказных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1946—62. Аўтар успамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАЗ-РО́К (англ. jazz-rock),
адзін з кірункаў джаза, стыль прафес. музыкі. Выкрышталізаваўся ў канцы 1960-х г. у выніку спалучэння некат. формаў сучаснага джаза і джазавых аранжыровак з элементамі рокавай рытмікі і інструментоўкі. З 1970-х г. у выніку запазычання ім элементаў экзатычных муз. культур і ўскладнення рытмікі і формы адбылося яго пераўтварэнне ў якасна новую разнавіднасць — ф’южн (ад англ. сумесь, сплаў). Найб. росквіту Дж.-р. дасягнуў у творчасці амер. груп «Чыкага», «Прагноз надвор’я», англ. «Калізей», музыкантаў М.Дэйвіса, О.Коўлмена, Дж.Мак-Лафліна, Дж.Дзюка, Ж.Л.Панці, Ч.Корыя, Х.Хэнкака і інш. Многія бел. музыканты ў той ці іншай ступені выкарыстоўваюць у сваёй творчасці элементы джаз-рока (групы Б.Бернштэйна, «Яблычная гарбата» і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖУСО́ЙТЫ (Джусоеў) Нафі Рыгоравіч
(н. 27.2.1925, в. Ногкаў, Паўд. Асеція),
асецінскі пісьменнік і літ.-знавец. Д-рфілал.н. (1968). Паэтычны дэбют — зб. «Сэрца салдата» (1949), у якім складаны свет думак, пачуццяў, душэўных перажыванняў сав. воіна ў гады ваен. выпрабаванняў. У кнігах паэзіі «Лірыка» (1955), «Думы Асеціі» (1959), «Безыменная кніга» (1967), гіст. раманах «Кроў продкаў» (1965), «Дванаццаць ран як адна...» (1970), «Слёзы Сырдона» (1979), п’есе ў вершах «Світальная зара» (1977), аповесці «Сонцаварот» (1965) — мінулае і сучаснае асецінскага народа, складаныя чалавечыя лёсы, хараство роднай зямлі. Даследуе гісторыю асецінскай л-ры. Літ. прэмія імя К.Хетагурава 1979. Пераклаў на асецінскую мову асобныя творы Я.Купалы. На бел. мову асобныя творы Дж. пераклаў Г.Кляўко.
Тв.:
Рус.пер. — Реки вспять не текут: Повести М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕЕПРЫМЕ́ТНІК,
неспрагальная дзеяслоўная форма з асаблівасцямі дзеяслова і прыметніка. Абазначае дзеянне як прыкмету або ўласцівасць прадмета, што выяўляюцца ў часе. У сучаснай бел. мове Дз. захоўвае дзеяслоўнае кіраванне, мае формы незакончанага і закончанага трывання («сушаны», «высушаны»), цяперашняга і прошлага часу («утвараючая», «высахлая»), залежнага і незалежнага стану («засеянае», «засеяўшае»), а таксама роду, ліку і склону, якія выражаюцца тымі самымі грамат. сродкамі (канчаткамі), што і ў прыметніках. Дз. цяперашняга часу ўтвараюцца суфіксамі «-уч-(-юч-)», «-ач-(-яч-)» і «-ом-(-ем-)», «-ш-(-ым-)»; прошлага часу — суфіксамі «-ўш-», «-ш-», «-л-», «-н-(-ен-, -ан-, -ян-)» і «-т-». Яны могуць мець поўную і кароткую форму («збудаваны» — «збудован»).
Літ.:
Шуба П.П. Дзеяслоў у беларускай мове. Мн., 1968. С. 54—61;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КІ (Аляксей Дзянісавіч) (25.2.1889, г. Днепрапятроўск, Украіна — 1.10.1955),
расійскі рэжысёр, акцёр, педагог. Нар.арт.СССР (1949). Праф. (1948). З 1910 у МХТ, з 1911 у 1-й студыі МХТ (пазней МХТ 2-і); у 1944—52 у Малым т-ры. Пастаўленыя ім спектаклі вызначаліся выразнасцю, сакавітасцю фарбаў, гумарам, жыццялюбствам, філас. глыбінёй: «Блыха» (1925) і «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» (1935) паводле М.Ляскова, «Глыбокая правінцыя» М.Святлова (1935), «Цені» М.Салтыкова-Шчадрына (1953). Педагог яўр. секцыі Бел.драм. студыі ў Маскве. Кіраўнік пастаноўкі «Недарэчнасць» К.Фіна ў БДТ-2 і кансультант пастаноўкі «Гісторыя пяці хвастоў» Л.Левіна ў БДТ-3 (1934). Здымаўся ў кіно: «Адмірал Нахімаў», «Кутузаў» і інш.Дзярж. прэміі СССР 1946, 1947, 1949 (двойчы), 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖЫ́НСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́ЙЗасн. ў 1985 на базе гіст. музея сярэдняй школы № 3 г. Дзяржынск, адкрыты ў 1987. Пл. экспазіцыі 400 м², 4 тыс. адзінак асн. фонду (1997). Сярод экспанатаў прылады працы эпохі неаліту, бронзавага і жал. вякоў, ляпны і ганчарны гліняны посуд, бронзавыя і жал. ўпрыгожанні з археал. помнікаў Дзяржыншчыны, манетны скарб 17 ст., абраз-складзень 19 ст., кантракт 1897 графа Г.Чапскага на перадачу зямлі ў арэнду. Экспануюцца дакументы часоў 1-й сусв. і Вял.Айч. войнаў, асабістыя рэчы і рукапісы землякоў-пісьменнікаў К.Каганца, А.Вольскага, С.Шушкевіча і інш., карціны мастакоў Дзяржыншчыны, бел.нар. адзенне і абутак, прылады працы і побыту сялян 19—20 ст., вырабы дзіцячай творчасці, прамысл. прадпрыемстваў раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЙ-ХМА́РА (Міхайла) (сапр.Драй Міхайла Панасавіч; 10.10.1889, с. Малыя Каніўцы Чаркаскай вобл., Украіна — 19.1.1939),
укр. паэт, перакладчык, літ.-знавец. Скончыў Кіеўскі ун-т (1913), дзе ў 1926—33 быў прафесарам. У 1935 рэпрэсіраваны. Загінуў на Калыме. Аўтар зб. вершаў «Прорасць» (1926), манаграфіі «Леся Украінка» (1926), даследаванняў па гісторыі ўкр., серб., польск., бел. л-р. Пераклаў на ўкр. мову вершы і паэмы А.Пушкіна, М.Лермантава, А.Міцкевіча, П.Верлена, Ш.Бадлера, карэла-фінскі эпас «Калевала» і інш., зб. М.Багдановіча «Вянок» (1929). Аўтар арт. «Паэт беларускага адраджэння Максім Багдановіч» (1928), «Жыццё і творчасць Максіма Багдановіча» (1929), «Фрагменты Мінскага пергаментнага апракаса XIV ст.» (1931).
Тв.:
Вибране. Київ, 1989.
Літ.:
Рагойша В. І нясе яна дар... Мн., 1977. С. 141—146.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ШЧА ((Huszcza) Ян) (24.12.1917, б. фальварак Загасцінне, Міёрскі р-н Гродзенскай вобл. — 26.6.1986),
польскі пісьменнік і перакладчык. Скончыў Віленскі ун-т (1939). Працаваў настаўнікам на Дзісеншчыне, потым у Маскве; з 1945 жыў у Польшчы. Аўтар кніг паэзіі («Балада пра падарожных», 1938; «Вершы і байкі», 1969), прозы («Мястэчка над Альшанкай», 1948; «З далёкіх дарог», 1957; «Кругі», 1964, і інш.). Складальнік анталогій «Беларускія вершы» (1971), «Анталогіі беларускай паэзіі» (1978), для якіх пераклаў на польскую мову большасць вершаў. Пераклаў творы М.Багдановіча (у зб. «Выбраныя вершы», 1974), кнігі У.Караткевіча «Блакіт і золата дня» (1976), Я.Брыля «Ніжнія Байдуны» (1979). У зб. эсэ «Аповесці ў чорных рамках» (1979) апісаў сваё падарожжа па Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІДО́ВІЧ (Сяргей Фёдаравіч) (н. 20.6.1942, в. Карпілаўка Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік, мастак. Скончыў Вышэйшую школу МУС Рэспублікі Беларусь (1981). Зб-кі вершаў «Спасцігнуў я тайну» (1991), паэм «Люстэрка лёсу» (1993), паэт.-празаічных твораў «Нясу свой крыж» (1995), «Горкая кропля» (1997) вызначаюцца глыбінёй абагульненняў, вобразнасцю, метафарычнасцю. Аўтар больш як 30 паэм, сярод іх «Зона», «Адкрыты ліст», «Маналог», «Лёс лесу» і інш. Многія яго вершы пакладзены на музыку (кампазітары Я.Глебаў, І.Лучанок, В.Іваноў, Л.Захлеўны і інш.). Як мастак працуе ў жанрах пейзажа («Вясна», «Курапаты», «Лагойшчына»), тэматычнай карціны («Трэба выжыць, Беларусь», «Мама-выратавальніца», «Чарнобыльская пастка», «Першамай-86») — усе 1990-я г. Работы прасякнуты любоўю да Радзімы, актуальныя па тэматыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМБАВЕ́ЦКІ (Аляксандр Станіслававіч) (1840 — каля 1914),
бел. краязнавец, грамадскі дзеяч. Скончыў Кіеўскі ун-т. З 1872 магілёўскі губернатар, з 1893 сенатар. Ініцыятар адкрыцця ў Магілёве гіст.-этнагр. музея (1879). Пачынальнік выдання і рэдактар калектыўнай працы «Спроба апісання Магілёўскай губерні ў гістарычных, фізіка-геаграфічных, этнаграфічных, прамысловых, сельскагаспадарчых, лясных, вучэбных, медыцынскіх і статыстычных адносінах» (кн. 1—3, 1882—84), дзе змешчаны матэрыялы па археалогіі, ёсць звесткі пра побыт, абрады, нар. творчасць, помнікі старажытнасці. Арганізоўваў археал. экспедыцыі па Магілёўшчыне, выстаўкі іх знаходак у Магілёве і Вільні. Садзейнічаў Е.Р.Раманаву ў падрыхтоўцы «Археалагічнай карты Магілёўскай губерні», спрыяў археал. даследаванням У.З.Завітневіча, Д.Я.Самаквасава, М.В.Фурсава, С.Ю.Чалоўскага, выданню «Дзённіка курганных раскопак...» Фурсава і Чалоўскага (1892).