БУ́ЛГАК (Тамаш Іосіфавіч) (падп. мянушка Гуліч; 1801, б. фальварак Міцкевічы Навагрудскага ваяв. — 16.2.1895),
бел.рэв. дзеяч, мемуарыст. Вучыўся ў Віленскім ун-це. Падзяляў погляды філарэтаў і філаматаў. Удзельнік паўстання 1830—31. З 1836 выконваў даручэнні Ш.Канарскага. Пасля правалу тайнай арг-цыі арыштаваны ў Вільні і ў 1839 сасланы ў Зах. Сібір. Адтуль дасылаў матэрыялы ў «Rocznik Literacki» («Літаратурны штогоднік», 1843—49). У 1857 вярнуўся на радзіму ў Міцкевічы. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863—64, уваходзіў у склад віленскіх рэв. арг-цый, за што сасланы на катаргу ў Томскую губ., у 1869 пераведзены ў Цывільск (Чувашыя), потым у Казань. У 1871 па амністыі вярнуўся дамоў. Аўтар успамінаў і філас. трактатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЗЗУ́БЫЯ КІТЫ́, вусатыя кіты (Mysticeti),
падатрад млекакормячых атр. кітападобных. 3 сям.: гладкія кіты (Balaenidae), шэрыя кіты (Eschrichtiidae), паласацікавыя (Balaenopteridae). 10—11 відаў. Найб. вядомыя блакітны кіт, сейвал, фінвал, грэнландскі (палярны) кіт, паўднёвы, шэры, малы паласацік, гарбач. Пашыраны ў Сусветным акіяне. Мігрыруюць.
Даўж. да 33 м, маса да 160 т. Самкі большыя за самцоў. Зубы закладваюцца, але рассыпаюцца ў зародку; замест іх у верхняй сківіцы развіваюцца рагавыя пласціны (180—400 пар), вядомыя пад назвай кітовы вус. Праз яго кіт адцэджвае з вады дробных жывёлін (малюскаў, ракападобных, дробную рыбу), якімі корміцца. Нешматлікія. Колькасць скарачаецца. У Чырв. кнізе МСАП 5 відаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛКО́ВЫ МІ́НІМУМ,
найменшая колькасць бялку ў ежы, неабходная для захавання азоцістай раўнавагі ў арганізме. Чалавек і жывёла павінны атрымліваць патрэбную колькасць паўнацэнных (якія маюць усе незаменныя амінакіслоты) бялкоў. Калі іх паступае менш, арганізм траціць уласныя. Пры безбялковым харчаванні 8—10 дзён арганізм выдзяляе 23,2 г бялку ў суткі, што характарызуе распад тканкавых бялкоў (каэфіцыент зношвання). Бялкі арганізма здольныя пастаянна абнаўляцца (за суткі да 400 г). Пра гэта сведчыць стан азоцістага балансу (колькасць азоту, які паступае і выводзіцца з арганізма). Для падтрымкі нармальнага стану здаровага дарослага чалавека (стан азоцістай раўнавагі) неабходна 0,7 г бялку ў дзень на 1 кг вагі цела. Сутачная патрэбнасць бялку ў залежнасці ад умоў фіз. і разумовай працы 80—100 г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРСЕ́НЕЎ (сапр.Паўлішчаў) Іван Мікалаевіч
(23.4.1889, Масква — 25.12.1951),
рускі рэжысёр, акцёр. Нар.арт.СССР (1948). Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1907—08). Працаваў у МХТ (з 1911), МХАТ 2-м (1924—36, з 1928 маст. кіраўнік). З 1938 гал.рэж. Маскоўскага т-ра імя Ленінскага камсамола. З 1939 праф.Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва. Яго рэжысёрскія і акцёрскія работы вызначаліся высокай культурай. Сярод пастановак: «Хлопец з нашага горада» (1941) і «Так і будзе» (1944) К.Сіманава, «Фронт» А.Карнейчука (1942), «За тых, хто ў моры» Б.Лаўранёва (1947). З роляў: Гельмер («Нора» Г.Ібсена), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Сірано дэ Бержэрак (аднайм. п’еса Э.Растана) і інш. Здымаўся ў кіно («Маці», «Вялікі грамадзянін»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЖКІ,
вёска ў Беларусі, у Зэльвенскім с/с Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.За 2 км ад г.п. Зэльва, 200 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Зэльва. 157 ж., 86 двароў (1995). Б-ка. Брацкая магіла сав. воінаў і ахвяр фашызму.
Упамінаюцца ў дакументах 1478 як паселішча (дварэц) Копачаў для прыслугі, якая даглядала панскі статак. У 16—17 ст. тут сфарміравалася вёска і ўмацаваны панскі двор кн. Палубенскіх. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 1905 вёска Старавескай вол. Слонімскага пав. Гродзенскай губ., 464 ж. З 1921 у Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Зэльвенскім р-не. У 1962—66 у Ваўкавыскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСХВО́СТЫЯ ЗЕМНАВО́ДНЫЯ (Anura, Ecaudata),
атрад земнаводных. 19 сям., 297 родаў, каля 3500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць пераважна на паверхні зямлі, часткова ў глебе (рыючыя), на дрэвах. На Беларусі 10 відаў: жабы — азёрная, вастрамордая, сажалкавая, травяная; жарлянка чырванабрухая; квакша звычайная; рапухі — зялёная, чаротавая, шэрая; часночніца.
Даўж. да 35 см. Тулава кароткае, шырокае, з нерухомай галавой (шыя невыразная), галава трохвугольная, хвост бывае толькі ў лічынкавай стадыі (у апалонікаў). Канечнасці добра развітыя, заднія ў 2—3 разы даўжэйшыя за пярэднія (прыстасаваныя да скачкоў). Самкі большасці бясхвостых земнаводных кладуць ікру ў ваду. Кормяцца насякомымі, лічынкамі камароў, дробнымі ракападобнымі. Карысныя. 22 віды ў Чырв. кнізе МСАП. Рапуха чаротавая (Bufo calamita) занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КАР ((Wakar) Уладзімір) (26.8.1885, г. Тамбоў, Расія — 9.5.1933),
польскі эканаміст, публіцыст, грамадскі дзеяч. У 1917—24 выкладаў у Вышэйшай гандл. школе ў Варшаве. У 1915—19 працаваў у Бюро грамадскай працы (з 1918 дырэктар), дзе рэдагаваў важнейшыя дзярж. дакументы напярэдадні і ў час абвяшчэння незалежнасці Польшчы. Ініцыятар стварэння і кіраўнік ін-та грамадскай гаспадаркі (1920—21). Рэдактар варшаўскіх час. «Polska» («Польшча»), «Przegląd Wschodni» («Усходні агляд»), «Przymierze» («Саюз») і інш. У апошнім часопісе шмат увагі аддаваў нац. пытанням у Польшчы, у т. л. беларускаму; там надрукаваны арт. Б.Тарашкевіча «Беларускія палітычныя патрабаванні». Аўтар прац «Сто гадоў барацьбы за польскую асвету» (1916), «Праблема самакіравання ў Здабытай Рэчы Паспалітай» (1924) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАВО́КА (Troglodytes troglodytes),
птушка сям. валавокавых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. Каля 40 падвідаў. На Беларусі трапляецца ўсюды, на Пд — часам зімой, пералётная. Жыве ў мяшаных і лісцевых захламленых ламаччам, зарослых крапівой лясах з густым падлескам. Нар. назвы валовае вока, блыха, блышка.
Адна з самых дробных птушак у фауне Беларусі. Даўж. каля 9,5 см, маса 8—11 г. Апярэнне спіны рыжавата- або карычнявата-бурае з чорнымі і бурымі папярочнымі палосамі, брушка больш светлае. Хвост кароткі, тарчма. Дзюба прамая, тонкая. Крылы кароткія, круглаватыя. Гнёзды шарападобныя (5—8) з бакавой уваходнай адтулінай. Двойчы за сезон нясе 5—7 яец. Корміцца насякомымі, павукамі, насеннем раслін, ягадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕ́НСА ((Wałęsa) Лех) (н. 29.9.1943, в. Папоў, Вроцлаўскае ваяв., Польшча),
дзяржаўны і палітычны дзеяч Польшчы. У 1960—80-я г. электрык на суднаверфях Гданьска. З 1970 актывіст рабочага руху. Як кіраўнік міжвытворчага забастовачнага к-та ў Гданьску ў 1980 падпісаў пагадненні з урадам аб спыненні ўсеаг. забастоўкі ў Польшчы. Адзін з заснавальнікаў незалежнага прафсаюза «Салідарнасць» (1980, з 1981 яго старшыня). У 1981—82 арыштаваны і інтэрніраваны. З 1987 старшыня Усяпольскай выканаўчай камісіі «Салідарнасць». Праводзіў палітыку дыялогу і захавання мірных метадаў барацьбы. У 1989 сустаршыня перагавораў за «круглым сталом», пасля завяршэння якіх адбылася легалізацыя «Салідарнасці» і ўстанаўленне дэмакр. улады ў Польшчы. Прэзідэнт Польшчы ў 1990—95. Міжнар. прэмія па правах чалавека. Нобелеўская прэмія міру 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ САЛДА́ТАЎ 1905,
рэвалюцыйнае выступленне салдатаў дысцыплінарнага батальёна ў Бабруйскай крэпасці, дзе зарэв. дзейнасць трымалі на суровым рэжыме 900 салдатаў (4 роты), у т. л. 300 матросаў Балтыйскага флоту. 5 снеж. салдаты 3 рот адмовіліся ісці на страявыя заняткі, захапілі зброю і запатрабавалі ў 5-дзённы тэрмін вырашыць пытанне аб іх вызваленні. На мітынгу выпрацаваны дадатковыя патрабаванні: неадкладная мабілізацыя прызваных у армію з запасу, скарачэнне тэрміну службы, адмена цялесных пакаранняў, ліквідацыя дысцыплінарных батальёнаў і штрафных рот, вызваленне паліт. зняволеных, перадача зямлі сялянам, 8-гадзінны рабочы дзень і інш. Віленскі ген.-губернатар накіраваў у Бабруйск карную экспедыцыю на чале з ген. Арловым, якая прымусіла паўстанцаў здацца. Па справе аб паўстанні было адсуджана 28 чалавек.