РА́ХЛІН (Натан Рыгоравіч) (10.1.1906, г. Шчорс Чарнігаўскай вобл., Украіна — 28.6.1979),
украінскі і рас. дырыжор, педагог. Нар.арт.СССР (1948). Скончыў муз.-драм.ін-т імя М.В.Лысенкі. Вучань А.І.Арлова. У 1931—37 маст. кіраўнік, гал. дырыжор сімф. аркестраў Харкава і Данецка (Украіна). У 1937—62 (з перапынкамі) гал. дырыжор дзярж.сімф. аркестра Украіны, у 1941—45 СССР, у 1966—79 Татарстана. Адначасова ў 1946—66 праф. Кіеўскай, у 1967—79 Казанскай кансерваторый. Дырыжорскае майстэрства, артыстызм, тэмперамент Р. найб. выявіліся пры выкананні твораў І.С.Баха, Л.Бетховена, Г.Берліёза, П.Чайкоўскага, С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча. Першы выканаўца шматлікіх твораў сучасных кампазітараў. Дзярж. прэмія СССР 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАХМАНЬКО́ (Яўген Міхайлавіч) (н. 25.8.1945, в. Заполле Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. хімік-аналітык. Д-рхім.н. (1994), праф. (1996). Скончыў БДУ (1969), дзе і працаваў (з 1992 заг. кафедры).З 2000 ген. дырэктар прадпрыемства «Унітэхпрам БДУ». Навук. працы па даследаванні экстракцыйных працэсаў розных тыпаў, механізмаў функцыянавання вадкасных і плёначных аніёнселектыўных электродаў на аснове вышэйшых чацвярцічных амоніевых асноў. Арганізаваў вытв-сць дыягнастычных матэрыялаў, неабходных для мед. біяхім. даследаванняў.
Тв.:
Экстракция гомологов и их энергии гидратации (у сааўт.) // Журн. физ. химии. 1987. Т. 61, №4;
Пленочный хлоридселективный электрод на основе трихлормеркуриата тринонилоктадециламмония (разам з С.В.Ламака, В.Л.Ламакам) // Журн. аналитич. химии. 2000. Т. 55, №4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАХЦЕ́ЕНКА (Іван Навумавіч) (21.9.1905, в. Шэкі Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 29.6.1988),
бел. вучоны ў галіне батанікі. Д-рбіял.н. (1961), праф. (1967). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Бацька Л.І.Рахцеенкі. Скончыў БСГА (1930). З 1951 у Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі (дырэктар), з 1955 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі (да 1978 заг. лабараторыі). Навук. працы па эколага-фізіял. асновах узаемадзеяння раслін у фітацэнозах, прынцыпах падбору біялагічна сумяшчальных відаў для высокапрадукцыйных змешаных лясных насаджэнняў.
Тв.:
Рост и взаимодействие корневых систем древесных растений. Мн., 1963;
Корневое питание растений в фитоценозах. Мн., 1971 (у сааўт.);
Эколого-физиологические основы взаимодействия растений в фитоценозах. Мн., 1976 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЦЮ́НКІ,
гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і часоў Кіеўскай Русі каля в. Рацюнкі Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Пляцоўка круглая, дыям. 45 м. Выяўлены рэшткі драўлянай сцяны, якой было ўмацавана паселішча, і рэшткі вял. жытлаў слупавой канструкцыі. Знойдзены клінападобныя сякеры, тачыльныя брускі (асялкі) з каменю, вырабы з косці (долатцы, шпількі, праколкі, утульчатыя наканечнікі кап’я, грузік, абломак са стылізаванымі выявамі чалавека на адным баку і конніка на другім), фрагменты штрыхаваных пасудзін, формай падобных на посуд мілаградскай культуры; фрагменты керамікі з круглаватым пляскатым дном, рабрыстыя і слоікападобныя пасудзіны; гліняныя прасліцы; вырабы з жалеза (нажы, сярпы, шылы, іголкі, рыбалоўныя кручкі і інш.); бронзавае спіралепадобнае скроневае кольца, шыферныя прасліцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗЕНШЭЙН (Давід Іосіфавіч) (май 1903, г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — пасля 1960),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, журналіст. У 1920—29 сакратар Віленскіх гаркомаў КСМ Літвы і КПЗБ, 2-і сакратар Віленскага, сакратар Гродзенскага акр. к-таў КПЗБ. Кіраваў цэнтр. краёвай рэдакцыяй КПЗБ. З 1934 рэдактар газ. «Чырвоны сцяг» і інш. выданняў КПЗБ і КСМЗБ на мовах насельніцтва Зах. Беларусі. Тройчы (1921, 1929, 1936) арыштаваны польск. ўладамі і асуджаны на розныя тэрміны зняволення. З кастр. 1939 супрацоўнік абл.газ. «Вольная праца» ў Беластоку, у Вял.Айч. вайну — падп.газ. «Белостокская правда», пасля вайны — газ. «Wolna Polska» («Свабодная Польшча») і «Wolność» («Свабода»). У 1953—59 на журналісцкай рабоце ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ТМАН (Давід Генрыхавіч) (н. 12.11.1944, г. Багародск Ніжагародскай вобл., Расія),
бел. сацыёлаг і палітолаг. Д-р сацыялагічных н. (1992), праф. (1996). Скончыў БДУ (1972) і працаваў там з 1974 (у 1986—92 заг. аддзела). З 1997 дырэктар Цэнтра сацыялагічных і паліт. даследаванняў. Навук. працы па метадалогіі і тэхналогіі сацыялагічных даследаванняў, праблемах адукацыі, культуры і міжнац. адносін. Распрацаваў канцэпцыю аператыўных і сацыялагічных даследаванняў, шэраг методык арганізацыі электаральных сацыялагічных даследаванняў.
Тв.:
Оперативные социологические исследования. Мн., 1997 (у сааўт.);
Электоральные исследования: сущность и технология // Социол. исслед. 1998. № 9;
Общественно-политическая и экономическая ситуация в стране: Метод. подходы к анализу результатов исслед. // Социология. 1999. № 2;
Политика, выборы и электоральное поведение. Мн., 2000 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОЎ Я́НА І ЦЭЦЫ́ЛІІ,
эразійная лагчына, геолага-геамарфалагічны і палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1998). Размешчаны каля зах. ускраіны в. Багатырэвічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.Даўж. 700 м, шыр. да 100 м, глыб. да 10 м, пл. 0,3 км². Лагчына ўтварылася пры размыве азёрна-ледавіковай нізіны за 14 тыс. гадоў. Мае звілістую форму. Уключае помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963) Самастрэльнікі — апорнае геал. агаленне стараж. азёрных і балотных адкладаў муравінскага міжледавікоўя. Адклады (магутнасць 3,3 м) багатыя на рэшткі выкапнёвай флоры (больш за 100 відаў), што існавала каля 100 тыс.г. назад. На паверхні зах. схілу, паводле падання, знаходзяцца магілы герояў рамана Э.Ажэшкі «Над Нёманам» Яна і Цэцыліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЯЖЭ́ВІЦКІ ІО́СІФАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Рубяжэвічы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1907—11 з каменю. Асн. аб’ём прамавугольны ў плане, накрыты высокім 2-схільным дахам, з усх. боку прылягаюць больш нізкія паўкруглая апсіда і сіметрычныя сакрысціі пад вальмавымі дахамі. На гал. фасадзе ўзвышаюцца 2 магутныя 3-ярусныя чацверыковыя вежы, умацаваныя па вуглах ступеньчатымі контрфорсамі і завершаныя востраканечнымі шатрамі. Тарэц нефа паміж вежамі завершаны 2-схільным зубчастым шчыпцом з круглым вітражным акном-ружай у цэнтры і бетонным лац. крыжам. Бакавыя фасады рытмічна члянёны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі. У інтэр’еры 12 насценных рэльефных пано на тэму «Крыжовы шлях Хрыста».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДЗЯНО́К (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 9.8.1943, в. Новыя Юркавічы Клімаўскага р-на Бранскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне біяфізікі. Д-рбіял.н. (1998). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1966). З 1972 у Ін-це фотабіялогіі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па біяфізіцы і фотабіялогіі энергаспалучальных мембран і тэрмінальных аксідаз дыхальнага ланцуга.
Тв.:
Мембранный контроль реакции фотодеблокирования цитохромоксидазы в электронтранспортной цепи митохондрий (разам з С.В.Коневым, Л.М.Выбіранец) // Биофизика. 1993. Т. 38, вып. 6;
Фотодеблокирование цитохромоксидазы, ингибированной цианидом: роль межгемового переноса электронов (у сааўт.) // Докл.Нац.АН Беларуси. 1998. Т. 42, №6;
Механизм взаимодействия цитохромс-оксидазы с ингибиторами — лигандами ее окисленной формы (у сааўт.) // Весці Нац.АН Беларусі. Сер. біял.навук. 1999. №4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ДКІН (Піліп Мікітавіч) (27.11.1893, в. Чорная Сасна Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 12.10.1954),
Герой Сав. Саюза (1943), ген.-маёр танк. войск (1943). Скончыў Ваен. акадэмію механізацыі і матарызацыі Чырв. Арміі (1937). З 1915 у арміі, з 1917 у Чырв. гвардыі, з 1918 у органах ВЧК, НКУС: камандзір атрада, палка, дывізіі. Удзельнік баёў пад Дзвінскам, Псковам, задушэння паўстанняў у Маскве, Разані, Кранштаце, Булак-Балаховіча паходу 1920. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Карэльскім, Паўд.-Зах., 3-м Бел. франтах: камандзір танк. брыгады, корпуса, нам. камандуючага бранятанк. і механізаванымі войскамі фронту. Вызначыўся ў баях пад Кантэміраўкай, Валуйкамі і Харкавам (Украіна). Да 1952 на адказных пасадах у ваен. акругах.