ГЕРУ́СІ́Я (грэч. gerusia ад gerōn старац, старэйшына),
у Старажытнай Грэцыі савет старэйшын у гарадах-дзяржавах, дзе пераважала арыстакратычнае ўпарадкаванне. Разглядаў важныя дзярж. справы, якія потым абмяркоўваліся нар. сходам. Колькасць членаў герусіі (геронтаў), іх паліт. роля ў розных полісах былі неаднолькавыя. Напр., у Спарце герусія складалася з 30 чал. (28 геронтаў ва ўзросце за 60 гадоў, якія выбіраліся пажыццёва, і 2 цары), была вышэйшым урадавым органам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЫ́НДА (Gerindo, скарочана ад Gerakan rajat Indonesia інданез.нар. рух),
палітычная арг-цыя левага кірунку ў Інданезіі ў 1937—42. Заснавальнікі — А.Шарыфуддзін, А.К.Гані, М.Ямін і інш. дзеячы нац.-вызв: руху ва ўмовах нідэрл. панавання ў краіне. Мела на мэце дасягненне самакіравання Інданезіі. З 1939 у складзе адзінага нац. фронту — арг-цыі Паліт. саюз Інданезіі (распушчаны ў 1942 пасля акупацыі краіны японцамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЫНА́КС,
слаісты пластык з паперы, прамочанай сінт. смоламі. Найчасцей выкарыстоўваюць фенола-фармальдэгідныя смолы, акрамя звычайнай паперы — азбеставую для вырабу азбагетынаксу і сінт. для арганагетынаксу. Мае высокую мех. трываласць, добры электраізаляцыйны матэрыял, прыдатны для працяглай эксплуатацыі пры т-рах ад -65 °C да 105 °C (азбагетынакс — да 130 °C). Выкарыстоўваюць у вытв-сці трансфарматараў, тэлефонаў, дэталей радыёапаратуры і інш.; дэкаратыўны — для абліцоўкі мэблі, інтэр’ераў суднаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЁТА-КАНА́Л, Ёта-канал (Göta kanal),
водны шлях у Швецыі. Злучае Паўночнае і Балтыйскае моры. Агульная працягласць 420 км (адг. Гётэбарг да г. Сёдэрчэпінг), глыб. 3—5 м. Пабудаваны ў 1810—30. Уключае р. Гёта-Эльв, азёры Венерн, Ветэрн і інш. і ўласна канал (даўж. 200 км). Выкарыстанне канала ў 2 разы скарачае шлях у параўнанні са шляхам па пралівах Катэгат, Скагерак, Эрэсун (паўд. край Скандынавіі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГРАСКАПІ́ЧНАСЦЬ (адгігра... + грэч. skopeō назіраю),
здольнасць некаторых рэчываў і матэрыялаў паглынаць вільгаць з паветра. Уласцівая матэрыялам капілярна-сітаватай структуры (драўніна, зерне і інш.), у тонкіх капілярах якіх адбываецца кандэнсацыя вільгаці, а таксама рэчывам, якія добра раствараюцца ў вадзе (харч. соль, цукар, канцэнтраваная серная к-та), і асабліва хім. злучэнням, здольным утвараць крышталегідраты. Некаторыя гіграскапічныя рэчывы (напр., бязводны хларыд кальцыю) выкарыстоўваюць як асушальнікі паветра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАДУ́НЬ, Жадунька,
рака ў Клімавіцкім і Касцюковіцкім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Беседзь (бас. Дняпра). Даўж. 47 км. Пл. вадазбору 488 км². Пачынаецца за 2,5 км на ПдУадв. Жадунька Клімавіцкага р-на.
Цячэ па зах.ч. Аршанска-Магілёўскай раўніны. Асн. прытокі — Крупня і Крупнянка (злева). Даліна невыразная, пойма месцамі забалочаная. Рэчышча каналізаванае на працягу каля 25 км. На рацэ г. Касцюковічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАДЭІ́Т (франц. jadeite ад jade нефрыт),
мінерал, які належыць да групы манаклінных піраксенаў, сілікат натрыю і алюмінію, NaAI(Si2O6). Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Звычайна ў выглядзе зярністых ці валакністых агрэгатаў. Колер зялёны, белы ці карычневы. Бляск шкляны. Паўпразрысты, вельмі падобны на нефрыт. Цв. 6,5—7. Шчыльн. 3,3—3,5 г/см³. Трапляецца ў метамарфічных горных пародах; утварае скопішчы ў серпенцінітах. Найб. радовішчы ў Бірме. Каштоўны вырабны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЮЗІ́ (франц. jalousie),
1) аканіцы, шторы з паралельных пласцінак, замацаваных у верт. або гарыз. становішчы на раме (звычайна пад вуглом 45°) ці на шнурках (могуць устанаўлівацца пад любым вуглом). Выкарыстоўваюцца для засцярогі жылых і грамадскіх памяшканняў ад сонечных прамянёў, атм. ападкаў, пылу.
2) Паваротныя метал. створкі, якія ўстанаўліваюцца перад масляным або вадзяным радыятарам сістэмы ахаладжэння аўтамабіля і інш. машын для рэгулявання патоку паветра, што праходзіць праз радыятар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ДЗЕНЬ,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Свіна, за 32 км на ПнЗадг. Гарадок. Пл. 0,5 км², даўж. 1,1 км, найб.шыр. 900 м, даўж. берагавой лініі 3,6 км. Пл. вадазбору 62,3 км². Схілы катлавіны выш. 2—3 м, пад лесам і хмызняком, на У разараныя. Праз возера працякае р. Копань, на Пд упадае ручай з воз. Соміна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫТКАВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА БУ́РАГА ВУ́ГАЛЮ,
у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., на ПнЗадг. Жыткавічы. Выяўлена ў 1969 у адкладах неагену. Аб’ядноўвае 4 збліжаныя самаст. вугальныя паклады. Магутнасць вугальнага пласта 0,3—15,6 м, глыб. залягання 12,4—44,4 м. Вугалі гумусныя (марка 1Б). Сярэдняя цеплыня згарання 6,2—7,2 МДж/кг. Сярэдняя попельнасць 18,5%. На пл. 16,9 км² запасы вугалю 69,1 млн.т. Радовішча не распрацоўваецца.