тры законы, на якіх грунтуецца класічная механіка. З’яўляюцца вынікам абагульнення даследаванняў Г.Галілея, Р.Гука, К.Гюйгенса, І.Ньютана і інш.
Сфармуляваны І.Ньютанам (1687) у наступным выглядае. 1-ы закон: «Кожнае цела працягвае ўтрымлівацца ў сваім стане спакою або раўнамернага і прамалінейнага руху, пакуль і паколькі яно не вымушаецца прыкладзенымі сіламі змяніць гэты стан». 2-і закон: «Змена колькасці руху (імпульсу) прапарцыянальная прыкладзенай рухальнай сіле і адбываецца ў напрамку той прамой, уздоўж якой гэтая сіла дзейнічае». 3-і закон: «Дзеянню заўсёды ёсць роўнае і процілеглае процідзеянне, інакш, узаемадзеянне двух цел адно на аднаго паміж сабой роўныя і накіраваны ў процілеглыя бакі». Паводле сучасных уяўленняў пад целам трэба разумець матэрыяльны пункт, а яго рух разглядаць адносна інерцыяльнай сістэмы адліку. Матэм. фармулёўка 2-га закону:
, дзе
— імпульс, m — маса і — скорасць матэрыяльнага пункта, t — час, — раўнадзейная ўсіх сіл, што дзейнічаюць на матэрыяльны пункт. Н.з.м. выконваюцца для ўсіх макрацел, якія рухаюцца са скарасцямі, значна меншымі за скорасць святла ў вакууме. Рух мікрааб’ектаў (атамаў і малекул) падпарадкоўваецца законам квантавай механікі. Н.з.м. разам з сусветнага прыцягнення законам адыгралі важную ролю ў станаўленні фізічнай карціны свету.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 128—133;
Гинзбург В.Л. К трехсотлетию «Математических начал натуральной философии» Исаака Ньютона // Успехи физ. наук. 1987. Т. 151, вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЯ ЗДАБЫ́ЧАкарысных выкапняў,
распрацоўка радовішчаў цвёрдых карысных выкапняў з дна рэк, азёр, мораў і акіянаў. Ажыццяўляецца многачарпаковымі драгамі, фрэзерна-ўсмоктвальнымі земснарадамі, грэйферамі, драглайнамі, эрліфтамі, якія ўстанаўліваюцца на пантонах ці суднах.
Здабытая горная маса транспартуецца да берага ў трумах суднаў, на баржах, гідратранспартам па плывучым пульпаправодзе. Пры П.з. на часткова або цалкам абводненых пакладах на кар’ерным полі праводзяць траншэі-проразі, якія злучаюць тэхнал. абсталяванне з крыніцай валы, надводную ч. ўскрыцця распрацоўваюць экскаватарам з мех. лапатай, выкапні здабываюць з-пад вады драглайнам і ўкладваюць у штабель, потым транспартуюць на з-д. Пры П.з. істотна скарачаюцца горнакапітальныя работы, траты на транспартаванне выкапняў, не патрэбныя аднаўляльна-рэкультывацыйныя работы. П.з. вядома з II ст. да н.э., калі фінікійцы здабывалі ў моры сыравіну для фарбы. У 6 ст. да н.э. ў Палінезіі распрацоўвалі каралавыя рыфы для атрымання буд. матэрыялаў. У 3 ст. да н.э. ў праліве Басфор нырцы здабывалі медную руду. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачалі здабываць рассыпное золата і інш. на ўзбярэжжы Аўстраліі, Бразіліі, Індыі. У 1920-я г. пачата П.з. волава з марскіх россыпаў у Інданезіі, у пач 1960-х г. — жал. руды ў Японіі.
На Беларусі выкарыстоўваецца П.з. пяску, пясчана-жвіровых матэрыялаў і даламітаў земснарадамі і драглайнамі ў рэчышчах і поймах рэк, у забоях моцна абводненых кар’ераў.
Б.А.Багатаў.
Тэхнічныя сродкі падводнай здабычы карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІНЕЗІ́ЙСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Займае астравы Ціхага ак. (акрамя Новай Зеландыі і а-воў Кермадэк). Уваходзіць у царства Палеагею. Паводле сістэмы раянавання рас. вучонага У.Г.Гептнера (1936) лічылася Палінезійскай зоагеагр. падвобласцю, што ўваходзіла ў Аўстрал. зоагеагр. вобласць з царства Натагею.
Багацце флоры астравоў П.б.в. знаходзіцца ў прамой залежнасці ад памераў вострава або архіпелага і разнастайнасці рэльефу. На астравах трапляюцца ўсе тыпы раслінных згуртаванняў, ад трапічных лясных да пустынных фітацэнозаў. Відавая разнастайнасць залежыць ад спосабаў пападання насення і дарослых раслін на акіянічныя астравы (з паветранымі і марскімі плынямі, з дапамогай птушак, жывёл і чалавека). Фауна ярка выяўленага астраўнога характару, мае мноства эндэмічных форм. З наземных млекакормячых трапляюцца некат. дробныя грызуны, завезеныя чалавекам, і рукакрылыя (даўгакрылы, крыланы, начніцы). Найб. багатая арнітафауна (каля 100 родаў): мноства галубоў, вадаплаўных (альбатросы, чайкі і інш.), веліканогія куры, зімародкі, зязюлі, кулікі, ластаўкі, медасосы, папугаі, совы і інш. (каля 35 эндэмічных груп). З паўзуноў характэрны геконы і сцынкі, каля берагоў — марскія змеі. Жабы трапляюцца на Гавайскіх, Фіджы а-вах і архіпелагу Бісмарка. З прэснаводных рыб пераважаюць прахадныя формы (напр., вугры). Беспазваночныя найб. багата прадстаўлены ў зах.ч. вобласці, сярод іх ад 30 да 80% эндэмікаў (жукі, матылі і інш.). Характэрны наземны рак — пальмавы злодзей.
А.М.Петрыкаў.
Да арт.Палінезійская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі флоры і фауны: 1 — аргіраксіфіум гавайскі; 2 — эрытрына; 3 — сцэвола такада; 4 — ігуана каналоф; 5 — серпадзюбка-акіялоа; 6 — канюк галапагоскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ТЫКА З ПАЗІ́ЦЫІ СІ́ЛЫ,
палітычны курс дзяржавы, ваенна-паліт. саюзу абоміжнар. супольнасці, пры якім выкарыстанне сілы ў розных формах становіцца гал. сродкам дасягнення паліт. мэт. Найб. актыўна выкарыстоўваецца ў перадваенны перыяд і ў ходзе вайны. Узнікла ў стараж. часы ў выглядзе агрэсіўных памкненняў адной дзяржавы супраць другой (гл.Агрэсія). Мела пашырэнне і ў славян, у т. л. ва ўзаемаадносінах княстваў і гарадоў Полацкай зямлі з суседзямі і паміж сабой. Такая палітыка прывяла да шматлікіх войнаў у Еўропе, у т. л. паміж Рэччу Паспалітай і Рус. дзяржавай, у час якіх адбываліся вял. разбурэнні і страты насельніцтва Беларусі. Яна стала адной з прычын 1-й і 2-й сусв. войнаў, амаль усіх ваен.-паліт. канфліктаў у пасляваен. перыяд. Формы і метады такой палітыкі: пагроза скарыстання ваен. сілы, эканам. націск, рэжым блакады, інфарм.-псіхал. ўздзеянне, паліт. шантаж, «палітыка кананерак» і інш. У адпаведнасці са Статутам ААН Савет Бяспекі ўпаўнаважаны выкарыстоўваць ваен. сілу для прадухілення пагрозы міру (парушэння міру) і актаў агрэсіі; можа ўключаць таксама дэманстрацыі, блакады, інш. аперацыі. Унутры краіны такая палітыка можа выкарыстоўвацца ўрадам як сродак сілавога задушэння сепаратысцкіх тэндэнцый (напр., падзеі ў Паўн. Ірландыі, Турцыі, Расіі), а таксама паліт. суб’ектамі ў працэсе іх барацьбы за ўладу.
Літ.:
Военная политология. Мн., 1993;
Игнатов В.А., Шульгин В.В. Организация Объединенных Наций: Краткий справ. 2 изд. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПУЛІ́ЗМ (франц. populisme ад лац. populus народ),
арыентацыя суб’ектаў палітыкі (паліт. дзеячаў, партый) на паліт. ідэі шырокіх мас, незадаволеных сац. рэчаіснасцю. З’явіўся з развіццём капіталізму сярод «прамежкавых» паміж пралетарыятам і буржуазіяй пластоў грамадства, звычайна яго носьбіты — сяляне, фермеры, дробныя прадпрымальнікі, частка рабочых, люмпенаў і інш. Пераважна развіваецца ў эпоху сац. крызісаў. Напр., разнавіднасцю П. лічаць рас.народніцтва 19 ст. У ЗША партыя папулістаў (1891—1900) узнікла як альянс фермерскіх і рабочых арг-цый. П. пашырыўся ў многіх краінах Афрыкі і Азіі ў перыяд іх барацьбы за вызваленне ад калан. залежнасці. Папулісцкімі лідэрамі былі Сунь Ятсен у Кітаі, М.К.Гандзі ў Індыі, Сукарна ў Інданезіі і інш. У аснове П. ідэя роўнасці, роўных магчымасцей для ўсіх пластоў насельніцтва задавальняць свае жыццёвыя і грамадска-паліт. патрэбы. Адрозніваюць П. рэальны і спекуляцыйны. Рэальны П. — правядзенне правячай элітай палітыкі, накіраванай на абмежаванне пануючых сац. сіл (буйных капіталістаў і зямельных уласнікаў) на карысць шырокіх нар. мас (напр., палітыка прэзідэнта Чылі С.Альендэ Госенса ў 1970—73). Спекуляцыйны П. — паддобрыванне народа на ўзроўні лозунгаў дзеля прыходу да ўлады або яе ўтрымання, дасягнення карыслівых мэт і г.д. Гэтая форма П. асабліва характэрна для аўтарытарных, таталітарных, фаш. і інш. падобных рэжымаў. Такі П. — адзін з відаў сац. і паліт. дэмагогіі (гл.Дэмагог), маніпуліравання свядомасцю маладасведчаных людзей, галасамі выбаршчыкаў і г.д. Тэрмін П. (у спекуляцыйным значэнні) выкарыстоўваюць (часта ўзаемна) розныя паліт. партыі і плыні, каб абвінаваціць сваіх праціўнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАВА́Я ТУРБІ́НА,
цеплавы рухавік, у якім цеплавая энергія вадзяной пары пераўтвараецца ў кінетычную энергію, а потым у мех. работу вярчальнага вала. З’яўляецца асн. рухавіком для прывода электрагенератараў на цеплавых электрастанцыях, выкарыстоўваецца таксама для прыводу цэнтрабежных паветрадувак, кампрэсараў, помпаў.
Бываюць актыўныя турбіны, рэактыўныя турбіны і камбінаваныя, стацыянарныя (на ЦЭС) і транспартныя (на суднах, лакаматывах); адна- і мнагакорпусныя (звычайна не больш як 4 корпусы), аднавальныя (валы ўсіх карпусоў на адной восі) і з паралельным размяшчэннем 2—3 валоў. Да стацыянарных П.т. адносяцца кандэнсацыйныя (рабочы цыкл заканчваецца кандэнсацыяй пары, а кандэнсат вяртаецца ў паравы кацёл), цеплафікацыйныя (для адначасовага атрымання эл. і цеплавой энергіі — турбіны з рэгулюемым адборам пары або з проціціскам) і інш. Амаль усе П.т. многаступеньчатыя — расшырэнне пары ад пачатковага да канчатковага ціску і пераўтварэнне яго цеплавой энергіі ў мех. работу адбываецца ў шэрагу паслядоўна размешчаных ступеняў. П.т. складаецца са статара, аснашчанага накіроўнымі апаратамі (сопламі), і ротара з дыскамі, на якіх замацаваны рабочыя лапаткі. П.т. эканамічныя, быстраходныя, простыя ў эксплуатацыі. Магутнасць да 1200 МВт і больш, частата вярчэння ротара ад 3000 аб/мін (у стацыянарных) да 30 000 і больш (у турбін невял. магутнасці). П.т. прамысл. значэння стварылі Ч.А.Парсанс (1884) і швед. вынаходнік К.Г.П.Лаваль (1889).
На Беларусі самыя магутныя П.т. (300 МВт) устаноўлены на Лукомскай ДРЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РУСНЫ СПОРТ, ветразевы спорт,
спаборніцтвы на спарт. парусных суднах (швертботы, яхты).
Узнік у Англіі ў 18 ст., першы яхт-клуб засн. ў г. Корк (1720). У праграме Алімп. гульняў з 1900. Міжнар. саюз П.с. засн. ў 1907. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1922, Еўропы — з 1932. Алімп.кл. суднаў з’яўляюцца «Еўропа», «Зорны», «Лазер», «Лятучы галандзец», «Містраль», «Солінг», «Тарнада», «Фін», «470»; у чэмпіянатах свету ўдзельнічаюць і інш.кл. суднаў — «Дракон», «Фаербол», «5,5» і інш. Гонкі праходзяць па кругавых дыстанцыях на 12 марскіх міль або 20—30 км і інш. Пераможца вызначаецца па суме некалькіх гонак (звычайна 7). У кл. крэйсерскіх яхт спаборніцтвы праводзяцца на вял. адлегласці. Найб. пашыраны П.с. у Аўстраліі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Італіі, Польшчы, Расіі, Францыі, скандынаўскіх краінах.
На Беларусі развіваецца з 1950-х г. З 1969 дзейнічае Мінскі яхт-клуб. Федэрацыя П.с. існуе з 1992. Першы чэмпіянат Беларусі праведзены ў 1967 (Заслаўскае вадасх.). З бел. спартсменаў найб. вызначыліся С.Краўцоў (чэмпіён свету 1988, Еўропы 1989, 1991 у кл. «Тарнада», разам з Ю.Канавалавым, Расія), В.Буданцаў (сярэбраны прызёр чэмпіянату свету 1987, чэмпіён Еўропы 1990 у кл. «Лятучы галандзец»), Г.Страх і А.Мірон (сярэбраныя прызёры чэмпіянату свету 1984, Еўропы 1989 у кл. «Солінг»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКА́ЛЬ ((Pascal) Блез) (19.6.1623, г. Клермон-Феран, Францыя — 19.8.1662),
французскі матэматык, фізік і філосаф, адзін з заснавальнікаў гідрастатыкі. Атрымаў дамашнюю адукацыю, з дзяцінства выявіў выдатныя матэм. здольнасці. Навук. працы па арыфметыцы, тэорыі лікаў, алгебры, тэорыі імавернасцей, механіцы, філасофіі. Сфармуляваў метад поўнай матэм. індукцыі, знайшоў агульную прыкмету падзельнасці цэлых лікаў. Прапанаваў спосаб вылічэння бінаміяльных каэфіцыентаў (трохвугольнік П.), сфармуляваў адну з асн. тэарэм праектыўнай геаметрыі (гл.Паскаля тэарэма). Сканструяваў першую лічыльную машыну (1641 або 1642). Адкрыў адзін з асн. законаў гідрастатыкі (гл.Паскаля закон), эксперыментальна пацвердзіў існаванне атм. ціску (1648) і даказаў, што ён памяншаецца з вышынёй, выявіў гідрастатычны парадокс. З 1655 жыў у манастыры янсеністаў у Пор-Раялі. Аўтар філас. трактатаў і сатырычных твораў. Ў філас. творах развіваў думкі аб трагічнасці і кволасці чалавека, які знаходзіцца паміж двума бяздоннямі — бясконцасцю і мізэрнасцю (чалавек — «чарацінка, якая мысліць»). Шлях спасціжэння таямніц быцця і выратавання чалавека ад адчаю бачыў у хрысціянстве. Адыграў значную ролю ў фарміраванні франц. класічнай прозы. Яго імем названа мова праграмавання — паскаль і адзінка ціску — паскаль.
Тв.:
Рус.пер. — Трактат о равновесии жидкостей // Начала гидростатики. 2 изд. М.; Л., 1933;
Из мыслей // Ларошфуко Фр. де, Паскаль Б., Лабрюйер Ж. де. Суждения и афоризмы. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЗУ́ЧАСЦЬ матэрыялаў, уласцівасць матэрыялу павольна і бесперапынна пластычна дэфармавацца пад уздзеяннем пастаяннай мех. нагрузкі — напружання механічнага. Назіраецца пры расцяжэнні, сцісканні, кручэнні і інш. відах дэфармацый. Залежыць ад т-ры, мех. нагрузкі, саставу і структуры матэрыялу. Вывучаецца тэорыямі цячэння, умацавання, спадчыннасці (гл.Паўзучасці тэорыя). Фіз. механізм П. такі ж, як і пластычнасці.
П. характарызуецца скорасцю і тэхн. мяжой П. — напружаннем, пры якім гэтая скорасць або сумарная дэфармацыя не перавышае пэўнага дапушчальнага значэння Апісваецца крывой паўзучасці, якая паказвае залежнасць дэфармацыі ад часу пры пастаянных т-ры і прыкладзенай нагрузцы. Эксперыментальна даследуецца на спец. устаноўках, у якіх узор матэрыялу награваюць у спец. камеры і выпрабоўваюць на розныя віды дэфармацый. У пэўнай ступені П. уласцівая ўсім цвёрдым матэрыялам (асабліва пры т-рах, больш за 0,4—0,5 т-ры плаўлення), у шэрагу матэрыялаў (алюміній, свінец, бетон і інш.) яна значная нават пры пакаёвых т-рах. Высокае супраціўленне П. — адзін з фактараў, што вызначаюць гарачатрываласць (гл.Гарачатрывалыя матэрыялы). Супраціўленне П. павышаюць арміраваннем, легіраваннем, умацаваннем і інш.
Літ.:
Малинин Н.Н. Прикладная теория пластичности и ползучести. 2 изд. М., 1975;
Колтунов М.А. Ползучесть и релаксация. М., 1976;
Работнов Ю.Н. Элементы наследственной механики твердых тел. М., 1977.
І.І.Леановіч.
Крывая паўзучасці: AB — участак паўзучасці, якая яшчэ не ўстанавілася; BC — участак дэфармацыі, што ідзе з пастаяннай скорасцю; CD — участак паскоранай паўзучасці; E0 — пачатковая дэфармацыя; пункт D — момант разбурэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РАЦ (Piper),
род кветкавых раслін сям. перцавых. Каля 700 (паводле інш. звестак каля 2000) відаў. Пашыраны ў тропіках абодвух паўшар’яў, пераважна ў Амерыцы і мусонных абласцях Усх. Азіі. У культуры 9 відаў. Найб. значэнне мае П. чорны (P. nigrum) — лазячая расліна, расце ў Індыі. Яго няспелыя высушаныя плады — прыправа (чорны перац). Лісце П. бетэль (P. betle) выкарыстоўваюць для жавання. Некат. інш. віды П. ўжываюць як лекі, араматычныя прыправы, гатуюць рытуальныя (наркатычныя) напоі.
П. струкавы, абоагароднінны, ці капсікум (Capsicum), — род кветкавых раслін сям. паслёнавых. 20 (паводле інш. звестак каля 50) відаў. Пашыраны ў Цэнтр., Паўд. Амерыцы і на а-вах Галапагас. Плады П. агародніннага, ці папрыкі (C. annuum), выкарыстоўвалі ў Амерыцы аптэкі; у Еўропу іх прывёз Х.Калумб; у Расіі з 19 ст. Культывуюць у краінах з трапічным, субтрапічным і ўмераным кліматам (у т. л. на Беларусі).
Шматгадовыя (у культуры — аднагадовыя) травы, кусты і паўкусты. П. агароднінны — аднагаловая самаапыляльная расліна. Лісце авальнае, ланцэтнае. Кветкі белыя, зеленаватыя. Плод — канічная несапраўдная ягада ад жоўтага да цёмна-чырв. колеру. Мае вітамін C і алкалоід капсаіцын (выкарыстоўваецца ў медыцыне), які абумоўлівае горкі смак некат. разнавіднасцей. 15 разнавіднасцей П. агародніннага падзяляюць на салодкія і вострыя (горкія). Найб. вядомыя сарты салодкага П.: Новачаркаскі 35, Ратонда, розныя варыянты сорту Балгарскі, горкага — Украінскі горкі, Астраханскі 147. Культывуюць таксама найб. востры П. каенскі (C. sinense). Харч., лек., тэхн. расліны.