ДЖЭ́ЛАМ,
рака ў Індыі і Пакістане, правы прыток р. Чынаб (бас. Інда). Даўж. 810 км, пл. бас. 55,3 тыс. км².
Пачынаецца ў хр. Пір-Панджал (Цэнтр. Гімалаі), перасякае Кашмірскую даліну, Паўн. і Зах. Гімалаі, цячэ па раўнінах Пенджаба. Сярэдні расход вады каля 900 м³/с. Летняя паводка. Ад Дж. адыходзіць сетка арашальных каналаў. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. ГЭС. На Дж. — гарады Срынагар (Індыя), Джэлам (Пакістан).
т. 6, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭМА́ЛЬ-АД-ДЗІН АЛЬ-АФГАНІ́ (Мухамед Сеід) (1838, с. Асадабад, каля Кабула — 9.3.1897),
мусульманскі рэліг. і паліт. дзеяч, філосаф, пісьменнік, публіцыст. Заснавальнік панісламізму. Заклікаў да мадэрнізацыі ісламу з мэтай паліт. адраджэння халіфата пад эгідай Асманскай імперыі і вызвалення з-пад еўрап. паліт. і культ. ўплыву. У 1883—86 жыў у Зах. Еўропе. Выдаваў у Парыжы газ. «Надзейная апора». Аўтар твораў на перс. мове «Абвяржэнне матэрыялізму».
т. 6, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕРВЯНІ́СКАЕ ВО́ЗЕРА, Кальніца,
у Гродзенскім р-не, у бас. р. Пыранка. за 32 км на ПнУ ад Гродна. Пл. 1,04 км², даўж. 3,9 км, найб. шыр. 420 м, даўж. берагавой лініі больш за 9 км.
Схілы катлавіны выш. 9—10 м, стромкія. пад лесам. Берагі пераважна супадаюць са схіламі. Праз возера цячэ р. Сламянка (злучае яго з азёрамі Вераўскае і Стаў), упадае ручай з воз. Чартова.
т. 6, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КСАН,
скалісты востраў у Енісейскім зал. Карскага м., за 1,5 км ад мацерыка, у Краснаярскім краі Расіі. Пл. каля 25 км². Складзены пераважна з дыябазаў. Выш. да 50 м. Палярная станцыя (з 1916), на базе якой у 1930-я г. пабудаваны арктычны радыёметэаралагічны цэнтр і геафіз. абсерваторыя. Рыбазавод. Востраў названы Н.А.Э. Нордэншэльдам у 1878 у гонар швед.
купца Дзіксана, які фінансаваў яго экспедыцыю. Порт Дзіксан.
т. 6, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДРО́Н (франц. goudron),
астатак пасля адгонкі з нафты бензінавых, газавых і асн. масы масляных францый. Вязкая вадкасць ці цвёрды асфальтападобны прадукт чорнага колеру, шчыльн. 950—1030 кг/м³. Мае парафінавыя, нафтэнавыя і араматычныя вуглевадароды (45—95%), асфальтэны (найб. высокамалекулярныя кампаненты нафты, 3—17%), нафтавыя смолы (2—38%). Выхад гудрону складае 10—45% ад масы нафты. Выкарыстоўваюць для вытв-сці дарожнага, дахавага і буд. бітумаў, як сыравіну крэкінгу.
т. 5, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСТА́ТЫ, Густата,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Густатка (выцякае з возера), за 22 км на ПдУ ад г. Браслаў. Пл. 2,4 км², даўж. 3,2 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. Глыб. 2,8 м, даўж. берагавой лініі 7,7 км. Пл. вадазбору 24,7 км². Схілы катлавіны выш. 2—5 м, пераважна разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя. Вакол возера забалочаная пойма. Дно плоскае, сапрапелістае. Зарастае.
т. 5, с. 547
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКУМЕ́НТ (ад лац. documentum сведчанне, доказ),
1) дзелавая папера, што юрыдычна пацвярджае які-н. факт (напр., нараджэнне, узяцце шлюбу) ці права на што-н. (напр., дыплом, завяшчанне).
2) Афіц. пасведчанне асобы (напр., пашпарт).
3) Пісьмовыя помнікі пра гіст. падзеі.
4) Матэрыяльны носьбіт (папера, кіна- і фотаплёнка, магн. стужка і інш.) з запісанай на ім інфармацыяй, прызначанай для захоўвання і перадачы ў часе і прасторы.
т. 6, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАФІ́ЗІКА (ад гідра... + фізіка),
раздзел геафізікі, які вывучае фіз. ўласцівасці гідрасферы і працэсы, што ў ёй адбываюцца. Даследуе малекулярную будову вады ва ўсіх яе станах (вадкім, цвёрдым, газападобным); фіз. ўласцівасці вады, снегу, ільду (цеплавыя, радыяцыйныя, электрычныя, радыеактыўныя, акустычныя, мех. і інш.), а таксама дынамічныя і тэрмічныя працэсы ў воднай абалонцы Зямлі, пашырэнне, паглынанне і рассейванне святла ў ёй. Падзяляецца на фізіку мора і фізіку вод сушы.
т. 5, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРО́ГРАФ (ад гідра... + ...граф),
храналагічны графік штодзённых расходаў вады за пэўны перыяд у пэўным створы вадасцёку. Будуецца паводле звестак пра расход вады ў месцы назірання за сцёкам у вызначаны адрэзак часу. Адрозніваюць гідрограф разводдзя, паводкі, сезона, за каляндарны або гідралагічны год; бывае адзінкавы, абагульнены (разводдзя і паводкі), тыповы (за год). Служыць асновай для выдзялення крыніц жыўлення вадацёку. Выкарыстоўваецца ў гідратэхн. праектаванні і воднагасп. разліках.
В.В.Дрозд.
т. 5, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІНЕЦЭ́Й (ад гін... + грэч. oikion хата, жыллё),
рэпрадукцыйная ч. кветкі, сукупнасць усіх пладалісцікаў, якія ўтвараюць адзін або некалькі песцікаў — жаночых органаў кветкі. Гінецэй, складзены з свабодных пладалісцікаў, кожны з якіх утварае песцік, наз. апакарпным (напр., у казяльцу). У працэсе эвалюцыі пладалісцікі зрастаюцца і ўтвараецца цэнакарпны гінецэй. У цэнакарпным адрозніваюць сінкарпны (напр., у лілеяў і цюльпанаў), паракарпны (у маку, агурка, гарбуза) і лізікарпны (напр., у вочнага цвету) гінецэй.
т. 5, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)