ГАМЕТА́НГІЙ (ад гаметы + грэч. angeion сасуд), спецыялізаваная клетка або шматклетачны палавы орган раслін і грыбоў, у якім развіваюцца гаметы. У некат. грыбоў і водарасцей гаметангій прадстаўлены адной шмат’ядзернай клеткай, змесціва якой без падзелу на гаметы зліваецца са змесцівам другой падобнай клеткі. У ааміцэтаў, аскаміцэтаў, базідыяміцэтаў і вышэйшых раслін з дыферэнцыраванымі паводле полу гаметамі мужчынскія гаметангіі называюцца антэрыдыямі, жаночыя — аагоніямі або архегоніямі.
В.С.Гапіенка.
т. 5, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НА ДЫЁД,
паўправадніковая прылада, у якой пры дасягненні «крытычнай» напружанасці поля ўзбуджаюцца эл. ваганні. Прынцып работы засн. на Гана эфекце. Мае амічныя кантакты (без p-n-пераходаў). Выкарыстоўваецца ў радыётэхніцы ў ланцугах звышвысокай частаты для генерацыі і ўзмацнення ваганняў з частатой ад 0,1 да 100 ГГц і магутнасцю да 200 Вт (у імпульсным рэжыме; у неперарыўным — да 200 мВт), для стварэння хуткадзейных элементаў электронных прылад і інш.
т. 5, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗІ́ШЧА,
вадасховішча ў Шклоўскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Чавенка (прыток Басі, бас. Дняпра), за 20 км на У ад г. Шклоў, каля в. Гарадзішча. Створана ў 1982. Пл. 0,39 км², даўж. 3 км, найб. шыр. 280 м, найб. глыб. 9 м. Аб’ём вады 1,19 млн. м³. Берагі слаба парэзаныя, правы парослы рэдкім хмызняком, месцамі стромкі, левы пад лугам. Выкарыстоўваецца для арашэння, рыбагадоўлі, водазабеспячэння навакольных вёсак.
т. 5, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЯНЕ́Ц,
возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Выдрыца, за 17 км на ПдУ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,2 км², даўж. 650 м, найб. шыр. 450 м, даўж. берагавой лініі 1,78 км. Схілы катлавіны выш. да 10 м, разараныя, на Пд і У выш. да 15 м, пад лесам. Берагі высокія, на Пд і У зліваюцца са схіламі. Злучана ручаём з воз. Вербна.
т. 5, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДНІ́ЧЫ (Антон Ягоравіч) (каля 1848, в. Касцяневічы Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 1917?),
удзельнік рэв. руху ў Расіі. З 1871 працаваў на з-дах Пецярбурга, дзе вёў рэв. прапаганду; чл. «Паўночнага саюза рускіх рабочых». У 1874 арыштаваны. З 1876 жыў у Пецярбургу пад тайным наглядам паліцыі. У 1879 зноў арыштаваны, сасланы на радзіму, потым у г. Мезень Архангельскай губ. Пасля ад паліт. дзейнасці адышоў.
т. 5, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎСМАНІ́Т (ад прозвішча ням. мінералога І.Гаўсмана),
мінерал падкласа складаных аксідаў, аксід марганцу Mn2+Mn23+O4. Прымесі жалеза, цынку, барыю, магнію, кальцыю і інш. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі псеўдаактаэдрычныя. Пераважна зярністыя або шчыльныя агрэгаты. Колер карычнева-чорны. Бляск металічны. Цв. 5,5. Крохкі. Шчыльн. каля 4,9 г/см³. Метамарфічнага, кантактава-метасаматычнага, гідратэрмальнага ўтварэння. Уваходзіць у састаў марганцавых руд. Руда для выплаўкі ферамарганцу і легіраваных чыгуноў.
т. 5, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЦЬ,
вадасховішча ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., за 22 км на ПдЗ ад Баранавіч, каля в. Яжона, на р. Лахазва (бас. Нёмана). Створана ў 1934. Пл. 1,26 км², даўж. 3,1 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 4,7 м. Аб’ём вады 3,15 млн. м³. Берагі моцна парэзаныя, спадзістыя, пад лесам. Дно ўкрыта торфам і глеем. Сярэдні шматгадовы сцёк 32 млн. м³. Выкарыстоўваецца для адпачынку і рыбагадоўлі.
т. 5, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГДА́НЬСКІ ЗАЛІ́Ў, Гданьская бухта (польск. Zatoka Gdańska),
заліў Балтыйскага м., каля берагоў Польшчы і Расіі. Даўж. да 74 км, шыр. каля ўваходу 107 км, глыб. да 115 м. У Гданьскі заліў упадае р. Вісла. Салёнасць 8 ‰. На ПнЗ Гэльская каса аддзяляе ад Гданьскага заліва Пуцкую бухту, на ПдУ Балтыйская каса — Віслінскі і Калінінградскі залівы. Прылівы мяшаныя (да 0,1 м). Гал. парты: Гдыня, Гданьск (Польшча), Балтыйск (Расія).
т. 5, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕААКУ́СТЫКА (ад геа... + акустыка),
раздзел прыкладной геафізікі, які вывучае заканамернасці распаўсюджвання акустычных палёў у горных пародах, вадкасцях і газах, што запаўняюць сітавіны і расколіны ці знаходзяцца ў ствалах буравых свідравін. Метады геаакустыкі — акустычная разведка, сейсмічная разведка, глыбіннае сейсмічнае зандзіраванне, ультрагукавая эхалакацыя, гукавы каратаж і інш. Займаецца даследаваннем будовы і ўласцівасцей зямной кары, пошукам і разведкай радовішчаў карысных выкапняў, рашэннем тэхналагічных задач пры правядзенні горных і буравых работ.
т. 5, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЫДЗІ́ННЕ,
вадасховішча ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., за 3 км на З ад в. Тышкавічы. Створана ў 1983 на месцы аднайм. возера. Пл. 2,5 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 2 км, найб. глыб. 4,7 м, аб’ём вады 7 млн. м³. Напаўняецца вадой з р. Ясельда ў час веснавой паводкі. Схілы катлавіны спадзістыя, пясчаныя. Берагі нізкія, забалочаныя, месцамі пад лесам. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель, рэкрэацыі.
т. 6, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)