ПУСТЭ́ЧА.

пустка, біягеацэноз, які ўтвараецца на месцы лесу, знішчанага высечкамі або пажарамі. Сустракаюцца ў моцна ўвільготненых раёнах умеранага пояса з халаднаватым кліматам на рыхлапясчаных, радзей звязнапясчаных глебах, глыбокаападзоленых, кіслых, вельмі бедных арган. рэчывамі. На Беларусі П. часцей паяўляюцца ў выніку парушэння правіл правядзення меліярац. работ на прылеглых да асушаных балот пясчаных прасторах, таксама на мінер. «астравах» сярод вял. балот, месцы мелказалягаючых тарфяных глеб, якія ператвараліся ў малаўрадлівыя тарфяна-мінер. глебы ў выніку інтэнсіўнага с.-г. выкарыстання. Характарызуюцца нізкай біял. прадукцыйнасцю і экалагічнай няўстойлівасцю. Паводле складу другаснай расліннасці вылучаюць травяністыя, лішайнікавыя (баравыя), імховыя, кустовыя (ядлоўцавыя) і кусцікавыя П. У расл. покрыве пераважаюць вечна зялёныя расліны з сям. верасовых, кіпарысавых, міртавых, бабовых і інш. У натуральным стане з’яўляюцца лесапаляўнічымі ўгоддзямі, уваходзяць у зямельны фонд, які падлягае рэкультывацыі. На П. арганізуюцца рэкрэацыйныя зоны, садова-агароднінныя т-вы і інш.

Л.​В.​Круглоў.

т. 13, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАВАЛПІ́НДЗІ,

горад на Пн Пакістана, на р. Лех, паблізу г. Ісламабад (практычна зліліся). Каля 2 млн. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Гандл.-прамысл. цэнтр. Прам-сць: тэкст., цэм., хім. і нафтахім., гарбарна-абутковая, харч., маш.-буд. і металаапрацоўчая. Нар. промыслы: ручное дыванаткацтва, вышыўка, вытв-сць ювелірных вырабаў з серабра, каштоўных і паўкаштоўных камянёў, саматужна-маст. вырабаў з дрэва, металаў, тэкстылю (нац. адзенне, кашмірскія хусткі). Ун-т. Археал. музей.

На месцы Р. да н.э. знаходзіўся стараж. г. Гаджыпур; у сярэднявеччы — г. Фатэхпур-Баоры, які ў пач. 14 ст. разбурылі манголы. Адноўлены правадыром племя гакхараў Равал-ханам, які назваў яго сваім імем. У 1-й пал. 19 ст. належаў сікхам, у 1849 захоплены брыт. войскамі і да 1947 важная брыт. ваен. база. Пасля ўтварэння Пакістана (1947) значэнне Р. пабольшала. У 1959—65 часовая сталіца Пакістана.

т. 13, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́МУЛ (Romulus),

заснавальнік Рыма і першы рымскі цар [753—716 да н.э.]. Паводле стараж.-рым. падання Р. і яго брат-блізня Рэм былі сынамі весталкі Рэі Сільвіі і бога вайны Марса. Кінутых паводле загаду дзядзькі Рэі Амулія ў р. Тыбр братоў-немаўлят рака вынесла на бераг. Ваўчыца выкарміла іх сваім малаком (Капіталійская ваўчыца), пасля братоў знайшоў пастух Фаўстул, які разам з жонкай выхаваў іх. Р. і Рэм вярнулі свайму дзеду Нумітару царскую ўладу над Альба-Лонгай, несправядліва захопленай Амуліем, а на месцы свайго выратавання заснавалі горад. Падчас сваркі Р. забіў Рэма і стаў адзіным уладаром горада, які атрымаў яго імя. Ва ўяўленнях нашчадкаў Р. быў ініцыятарам выкрадання сабінянак, заснавання рым. сената, курый, арганізацыі войска, падзелу грамадзян на патрыцыяў і плебеяў. Пасля смерці Р. абагаўлёны, пазней атаясамліваўся з богам Квірынам.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФЛЕКСАЛО́ГІЯ (ад лац. reflexus адлюстраваны + ...логія),

кірунак у псіхалогіі, які разглядаў псіхічную дзейнасць у сувязі з нервовымі працэсамі. Вытокі Р. ў прыродазнаўчанавук. тэорыі псіхічнай рэгуляцыі паводзін І.М.Сечанава, які сцвярджаў, што ўсе акты свядомых і бессвядомых псіхічных працэсаў рэфлекторныя і павінны даследавацца ў кантэксце фізіялогіі вышэйшай нервовай дзейнасці. Заснавальнік Р. У.М.Бехцераў лічыў асн. праблемай псіхалогіі паводзіны, якія разумеў як сукупнасць прыроджаных і набытых рэфлексаў, разглядаў Р. як асаблівую навуку, здольную замяніць псіхалогію. Р. атрымала развіццё ў 1900—30-я г. ў Расіі і СССР як апазіцыйны кірунак інтраспектыўнай псіхалогіі, адзіным метадам якой было назіранне. Р. выкарыстоўвала выключна аб’ектыўныя метады ў даследаванні рэфлексаў, якія працякаюць з удзелам галаўнога мозга. Р. паўплывала на педагогіку, псіхіятрыю, сацыялогію і мастацтвазнаўства. Нягледзячы на шэраг эмпірычных дасягненняў, Р. не змагла пераадолець механістычную трактоўку псіхікі, і ў 1930-я г. большасць рэфлексолагаў перагледзела ранейшыя пазіцыі.

т. 14, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛДА́Т (ням. Soldat ад італьян. soldo манета, жалаванне),

1) пярвічнае (малодшае) воінскае званне ў арміях многіх дзяржаў; катэгорыя ваеннаслужачых і ваеннаабавязаных у званнях радавы, яфрэйтар і інш. ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, у т. л. Беларусі. З 15 ст. ў Італіі С. наз. воінаў-наёмнікаў, якія атрымлівалі жалаванне за службу. У Рас. імперыі назва С. пашырылася ў 17 ст., існавала (з перапынкамі) да 1917. У Сав. Арміі катэгорыя «С.» уведзена ў 1946 (з 1918 да 1946 С. наз. чырвонаармейцамі).

2) У шырокім сэнсе С. — баец, воін, ваенны чалавек ( у любым званні і ўзросце), які захоўвае адпаведны менталітэт і выпраўку (напр., стары С.), а таксама партызан (лясны С.) і інш. 3) У пераносным сэнсе — удзельнік якой-н. арг-цыі або грамадскага руху, які прысвяціў сябе іх мэтам і задачам або пэўнай справе (напр., С. партыі, рэвалюцыі, супраціўлення і інш.).

т. 14, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІДЖАПУ́Р,

феадальная дзяржава (султанат) у паўд.-зах. Дэкане (Індыя) у 1489—1686. Засн. бахманідскім намеснікам Юсуф Адзіл-ханам, які паклаў пачатак дынастыі Адзіл-шахаў. Біджапур быў аслаблены паўстаннямі маратхаў пад кіраўніцтвам Шываджы і войнамі з Маголамі. З 1599 у складзе віцэ-каралеўства Дэкану. У 1686 падпарадкаваны дзяржавай Вялікіх Маголаў.

т. 3, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІРКЕБЕ́ЙНЕРЫ,

удзельнікі грамадз. войнаў (пераважна збяднелыя бонды) у Нарвегіі ў 2-й пал. 12 — пач. 13 ст. У 1177 рух узначаліў самазванец Сверыр, які ў 1184 разбіў ваен. сілы праціўнікаў біркебейнераў (буйных землеўладальнікаў, вышэйшага духавенства, караля Магнуса Эрлінгсана) і стаў каралём; многія біркебейнеры ператварыліся ў каралеўскіх служылых людзей.

т. 3, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАФА́Н (ад грэч. allophanes які здаецца іншым),

мінерал, водны сілікат алюмінію непастаяннага саставу; Al2O3∙1,2SiO2∙3,3H2O. Аморфны. Утварае рыхлыя, шчыльныя, шклопадобныя нацёкі і інш. Колер белы, блакітны, зялёны, буры. Цв. 1—3. Вельмі крохкі. Шчыльн. 1,9 г/см³. Утвараецца пры разбурэнні сілікатаў і алюмасілікатаў пад уздзеяннем сернай кіслаты.

Алафан.

т. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́СІ ((Alessi) Галеаца) (1500 ці 1512, г. Перуджа — 30.12.1572),

італьянскі архітэктар эпохі позняга Адраджэння. Вучыўся ў Рыме ў Мікеланджэла, працаваў у Генуі. Стварыў тып гар. палаца з разгорнутай углыбіню тэраснай кампазіцыяй, які ўзбагачаўся лесвіцамі і аркадамі: палац Пародзі ў Генуі (1567), палац Марына ў Мілане (пачаты ў 1557).

т. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БЕРДЗІ́Н, Эбердзін (Aberdeen) Джордж Гамільтан Гордан (28.1.1784, г. Эдынбург — 14.12.1860), англійскі паліт. дзеяч. Адзін з лідэраў партыі торы, з 1850 лідэр пілітаў. У 1852—55 прэм’ер-міністр кааліцыйнага ўрада, які ўключаў прадстаўнікоў торы, пілітаў, вігаў, ірл. лібералаў. У 1854 урад Абердзіна аб’явіў вайну Расіі (гл. Крымская вайна 1853—56).

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)