КАТАБАЛІ́ЗМ (ад грэч. katabolē скіданне, разбурэнне),
дысіміляцыя, сукупнасць хім. працэсаў у жывым арганізме, якія забяспечваюць раскладанне ў ім уласных і тых, што паступілі з ежай (кормам), складаных арган. рэчываў на больш простыя. Непарыўна звязаны з анабалізмам і абменам энергіі ў арганізме. Суправаджаецца паступовым вызваленнем назапашанай у хім. сувязях буйных малекул энергіі, якая выкарыстоўваецца ў арганізме на сінтэз новых арган. злучэнняў, забеспячэнне працэсаў жыццядзейнасці (скарачэнне мышцаў, правядзенне нерв. імпульсаў, падтрыманне т-ры пела, асматычнага ціску і інш.) або назапашваецца ў форме багатых энергіяй фасфатных сувязей, пераважна адэназінфосфарнай кіслаты (гл.Акісленне біялагічнае). Цэнтр. месца ў К. займаюць гліколіз, браджэнне і працэс дыхання. Асн. канчатковыя яго прадукты — вуглякіслы газ, вада, аміяк, мачавіна, малочная кіслата. Як правіла, К. забяспечваецца спецыфічным наборам ферментаў. Шэраг прамежкавых прадуктаў, якія пры гэтым утвараюцца (напр. ацэтылкаэнзім А), звязваюць К. і анабалізм у адзінае цэлае, абумоўліваюць іх узаемазалежнасць і ўзаемаабумоўленасць. У высокаарганізаваных арганізмаў у рэгуляцыі К. акрамя ферментаў удзельнічаюць гармоны і інш. біялагічна актыўныя злучэнні, нерв. сістэма (гл.Нейрагумаральная рэгуляцыя). Паталагічнае павышэнне ўзроўню К. выяўляецца схудненнем, дыстрафіяй і інш. знешнімі прыкметамі і станам арганізма. Многія прыродныя і сінтэтычныя рэчывы, здольныя павышаць ці паніжаць інтэнсіўнасць К., выкарыстоўваюць як лек. сродкі ў тэрапіі хвароб абмену рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАРТЭ́Т (італьян. quartetto ад лац. quartus чацвёрты),
1) ансамбль з 4 выканаўцаў (інструменталістаў ці вакалістаў). Можа быць аднароднага складу (струнны смыковы, драўляных духавых інструментаў, вак. мужчынскі або жаночы) і мяшанага (т. зв. фартэпіянны К. — фп., скрыпка, альт, віяланчэль). З інстр. К. найб. пашыраны струнны смыковы (2 скрыпкі, альт, віяланчэль). Як самаст. тып выканальніцкага калектыву сфарміраваўся ў 2-й пал. 18 ст. На Беларусі вядомы Гарадзецкі прыгонны квартэт У.Г.Кастрыёта-Скандэрбека, Дзяржаўны смыковы квартэт БССР, Квартэт Саюза кампазітараў БССР, вакальныя Беларускі вакальны квартэт, «Купалінка» і інш. 2) Муз. твор для ансамбля з 4 інструментаў або пеўчых галасоў. Струнны смыковы К. з канца 18 ст. — адзін з асн. жанраў камернай музыкі. Яго вызначаюць індывідуалізацыя партый, поліфанічная фактура, санатная цыклічная форма. Класічныя ўзоры К. стварылі І.Гайдн, В.А.Моцарт, Л.Бетховен, Ф.Шуберт, П.Чайкоўскі, А.Барадзін, Б.Бартак, П.Хіндэміт, Дз.Шастаковіч і інш. У бел. музыцы да К. звярталіся М.Аладаў, У.Алоўнікаў, В.Войцік, Г.Гарэлава, С.Картэс, П.Падкавыраў, А.Туранкоў, К.Цесакоў, М.Чуркін, Л.Шлег, В.Яфімаў. Менш пашыраны ў сусв. музыцы фп. К. Вакальныя К. часта ўваходзяць у оперы, кантаты, араторыі. Шэрагнар. песень апрацавалі для вак. К. бел. кампазітары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСКА́Д (франц. cascade),
1) у садова-паркавым мастацтве і ландшафтнай архітэктуры — сістэма вадаспадаў, якія ствараюцца вадаёмамі, размешчанымі на розных узроўнях. У паркавых кампазіцыях дэкар. вырашэнне К. узбагачаецца арх. элементамі (паркавыя К. на італьян. вілах 16—18 ст., у Петрадварцы і інш.) і прыроднымі формамі з натуральнага каменю. Штучныя К. набываюць маляўнічасць і дэкаратыўнасць у спалучэнні з кветкамі, дэкар.-лісцевымі раслінамі. На Беларусі ў выглядзе дэкар. К. аформлены вадаскід на вадасховішчы «Крыніца» пад Мінскам, шэраг К. створаны на Сляпянскай воднай сістэме.
2) К. узмацнення — радыётэхнічная прылада, якая мае ўзмацняльны элемент (напр., электронную лямпу, паўправадніковую прыладу), ланцугі нагрузкі і сувязі з папярэднімі і наступнымі К. Звычайна ўзмацняльнік мае некалькі К., злучаных паслядоўна.
3) К. электрамашынны — агрэгат з дзвюх ці больш эл. машын, звязаных паміж сабой механічна і электрычна ці толькі электрычна. Выкарыстоўваецца для плаўнага рэгулявання частаты вярчэння эл. рухавіка ў электрапрыводах сярэдняй і вял. магутнасці.
4) К. гідраэлектрастанцый — сукупнасць гідраэлектрастанцый, размешчаных паслядоўна ўздоўж цячэння ракі. Дазваляе паўней выкарыстоўваць энергет. рэсурсы ракі, павысіць ступень рэгулявання сцёку і інш. 5) У пераносным сэнсе — імклівы, нястрымны паток чаго-н., напр., слоў, гукаў і інш.
А.В.Сычова (у садова-паркавым мастацтве і ландшафтнай архітэктуры).
Фантан «Каскад» у г. Петрадварэц Ленінградскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАМСКО́Й (Іван Мікалаевіч) (8.6.1837, г. Астрагожск Варонежскай вобл., Расія — 5.4.1887),
расійскі жывапісец і ідэйны кіраўнік дэмакр. руху ў рус. мастацтве 1860—80-х г. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1857—63). Выкладаў у Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1863—68). Ініцыятар «бунту чатырнаццаці», завершанага выхадам з АМ яе выпускнікоў, якія стварылі Арцель мастакоў. Адзін са стваральнікаў і ідэолагаў Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). Лідэр рэаліст. кірунку ў рус. жывапісе 2-й пал. 19 ст. Працаваў пераважна ў жанры партрэта.
Стварыў галерэю вобразаў прадстаўнікоў дэмакр. інтэлігенцыі Расіі: Л.Талстой, І.Шышкін (абодва 1873), П.Траццякоў (1876), М.Някрасаў (1877), М.Салтыкоў-Шчадрын (1879), С.П.Боткін (1880) і інш., шэраг твораў на мяжы партрэта і тэматычнай карціны: «Някрасаў у перыяд «Апошніх песень» (1877—78), «Невядомая» (1883), «Несуцешнае гора» (1884). Пранікнёнае назіранне нар. тыпажу, пераасэнсаванне рэліг. тэматыкі ў маральна-філас. плане, ідэю гераічнага самаахвяравання ўвасобіў у творах «Палясоўшчык» (1874), «Міна Майсееў» (1882), «Селянін з аброццю» (1883), «Хрыстос у пустыні» (1872). У Нац.маст. музеі Беларусі знаходзяцца яго творы «Жаночы партрэт» (1870-я г.), «Дзеці ў лесе» (1887).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕВА́НГЕЛЬСКІЯ ХРЫСЦІЯ́НЕ,
паслядоўнікі адной з плыней пратэстантызму, падобнай да баптызму (гл.Баптысты). Найб. распаўсюджаны ў ЗША. У Расіі з’явіліся ў 1870-я г. ў арыстакратычным асяроддзі Пецярбурга. Першапачатковая назва — рэдстакісты або пашкоўцы (ад імён актыўных прапаведнікаў лорда Рэдстака і палкоўніка В.А.Пашкова). З сярэдзіны 1890-х г.наз. Е.х. У 1909 засн. Усерасійскі Саюз Е.х. на чале з І.С.Праханавым і адбыўся іх 1-ы з’езд у Пецярбургу. У аснову веравучэння, распрацаванага Праханавым, былі пакладзены агульнапратэстанцкія догматы: вучэнне аб спрадвечнай грахоўнасці чалавека і выратавальнай місіі Ісуса Хрыста; догмат аб другім прышэсці Хрыста і магчымасці выратавання толькі асабістай верай у выратавальную ахвяру Хрыста. Іх абраднасць і царк. арганізацыя яшчэ больш спрошчаныя, чым у баптыстаў. У 1930-я г. шмат кіраўнікоў Саюза Е.х. і вернікаў было рэпрэсіравана, дзейнасць яго фактычна спынілася; адноўлена ў 1942. У 1944 Е.х. аб’ядналіся з баптыстамі ў царкву Евангельскіх хрысціян-баптыстаў (Саюз ЕХБ). На Беларусі першыя паслядоўнікі Е.х. (пашкоўцы) з’явіліся ў 1870—90-я г. на Гомельшчыне. У 1920—30-я г. ў Зах. Беларусі замежныя місіі заснавалі шэраг абшчын Е.х., у асноўным у Палескім ваяв. Цяпер большасць Е.х. уваходзіць у Саюз ЕХБ Беларусі. 1 абшчына Е.х. зарэгістравана аўтаномна (1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТАРО́Ў (Васіль Андрэевіч) (7.3.1872, г. Таганрог, Расія —25.5.1964),
рускі і бел. кампазітар, педагог. Засл. арт. Расіі (1932), нар.арт. Беларусі (1949). Праф. (1918). Вучыўся ў Прыдворнай пеўчай капэле ў М.Балакірава і А.Лядава, скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1900, клас М.Рымскага-Корсакава). У 1909—33 выкладаў у кансерваторыях і муз.-драм. ін-тах у Расіі і на Украіне, у 1933—41 — у Бел. кансерваторыі. Творча развіваў рэаліст. традыцыі рус. класічнай музыкі. Напісаў шэраг твораў на матэрыяле фальклору розных народаў, у т. л.ўкр., узб., малд., туркм. і інш. У бел.муз. культуру арганічна ўвайшлі яго балет па матывах нар. легенд «Князь-возера» (паст. 1949, Дзярж. прэмія СССР 1950; на тую ж музыку паст. балеты «Аповесць пра каханне», 1953, і «Палымяныя сэрцы», 1955); сімфонія «Беларусь» (4-я, 1934), танц. сюіта і уверцюра-фантазія на бел. тэмы (1937) для сімф.арк.; Маленькая сюіта на тэмы зах.-бел.нар. песень для хору а капэла (1943); цыкл апрацовак нар. песень для голасу з сімф.арк. «Кантрасты» (1939). Сярод інш. твораў: опера «Дзекабрысты» (паст. 1925), 4 кантаты, 6 сімфоній, 6 стр. квартэтаў і інш. Аўтар манаграфіі «Фуга» (1932) — першай рус. працы, спецыяльна прысвечанай гэтай муз. форме.
Літ. тв.: Воспоминания... М., 1957; Фуга. 3 изд. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОСМАРЭГУЛЯ́ЦЫЯ (ад осмас + лат. regulo накіроўваю),
сукупнасць фіз.-хім. працэсаў, якія забяспечваюць адноснае пастаянства асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. асяроддзі арганізма жывёл. Уласціва большасці жывёл. Існуюць 2 крайнія тыпы рэакцыі на асматычны стрэс. Пойкіласматычныя жывёлы асматычна лабільныя, асматычная канцэнтрацыя вадкасцей іх цела залежыць ад асяроддзя. Гамойасматычныя жывёлы асматычна стабільныя, пры змене навакольнага асяроддзя асматычны ціск іх унутр. вадкасцей застаецца адносна пастаянным. Адрозніваюць таксама гіперасматычных жывёл (прэснаводныя жывёлы, марскія храстковыя рыбы), якія падтрымліваюць больш высокую канцэнтрацыю асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. вадкасцях, чым у навакольным асяроддзі, і гіпаасматычных жывёл (марскія касцістыя рыбы, марскія паўзуны і некат. ракападобныя), што маюць ніжэйшую за асяроддзе канцэнтрацыю рэчываў. У млекакормячых асн. орган О. — ныркі, здольныя выдзяляць гіпатанічную мачу пры лішку вады і асматычна канцэнтраваную — пры яе недахопе. Прыстасаванне сістэм О. да ўмоў арыднай зоны ўключае шэраг механізмаў — павелічэнне канцэнтрацыйнай здольнасці нырак, што дазваляе абыходзіцца без пітной вады (кенгуровы пацук), павелічэнне трываласці да абязводжвання (асёл), выкарыстанне мачавой к-ты як канчатковага прадукту азоцістага абмену (паўзуны, птушкі), наяўнасць насавых залоз, якія выдзяляюць соль (некат. яшчаркі) і інш. У О. прымаюць удзел гіпаталамус, гіпофіз, наднырачнікі, шчытападобная і падстраўнікавая залозы, а таксама сенсорныя органы і рухальныя сістэмы. Эвалюцыя О. спрыяла асваенню разнастайных умоў існавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТУГА́ЛЬСКАЯ МО́ВА,
адна з раманскіх моў (ібера-раманская падгрупа). Афіц. мова Партугаліі, Бразіліі, Анголы, Мазамбіка, Гвінеі-Бісау, Каба-Вердэ, Сан-Таме і Прынсіпі. Склалася ў 12—14 ст. у выніку змяшэння партугала-галійскіх гаворак поўначы і поўдня. У пач. 16 ст. ў сувязі з геагр. адкрыццямі адбылася экспансія -П.м. ў Бразілію, а таксама на тэр. Афрыкі і Азіі. Сучасная П.м. мае 2 асн.тэр. варыянты: партуг. і браз., якія адрозніваюцца пераважна ў фанетыцы і лексіцы. У працэсе фарміравання знаходзяцца афр. варыянты П.м., у першую чаргу ў Анголе і Мазамбіку. На тэр. Партугаліі 3 дыялектныя групы: паўд., цэнтр. і паўночная. Для П.м. ў Бразіліі характэрна адноснае адзінства. На базе П.м. развіўся шэраг крэольскіх моў (у Гвінеі-Бісау, Каба-Вердэ, Аамыні і інш.). П.м. ўласцівы; у фанетыцы — назалізацыя і рэдукцыя галосных, насавыя дыфтонгі, адрозненне зычных па вымаўленні ў залежнасці ад пазіцыі і акружэння; у марфалогіі — наяўнасць т.зв. асабовага інфінітыва, абмежаванае ўжыванне складаных дзеяслоўных часоў; у лексіцы — шмат запазычанняў з ісп., франц., араб. моў. Першыя пісьмовыя помнікі датуюцца прыкладна 12 ст. Пісьменства на аснове лацініцы.
Літ.:
Вольф Е.М., Никонов Б.А. Португальский язык: Граммат. очерк, лит. тексты с комментариями и словарем. М., 1965;
Вольф Е.М. История португальского языка. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТАГО́НСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ, Голантарктычная біягеаграфічная вобласць. Уваходзіць у царства Натагею. Займае тэр.ПдПаўд. Амерыкі (Пд Аргенціны і Чылі) разам з архіпелагамі Вогненная Зямля, Хуан-Фернандэс, а-вы Фалклендскія, Кергелен, Кразе, Паўд. Георгія і інш. Больш як палавіна відаў флоры і фауны — эндэмікі.
Відавы склад раслін характэрны для стэпаў (пампасаў), паўпустынь і пустынь, з перавагай злакаў, кактусаў, азарэлы, болаксу і інш. Шмат лішайнікаў і мохападобных. Есць 10 эндэмічных сям. кветкавых раслін. Вільготныя лясы з паўд. бука трапляюцца пераважна на архіпелагах Вогненная Зямля і Чылаэ. Фауна даволі бедная. Тыповыя прадстаўнікі сярод наземных млекакормячых — вікунья, гуанака, грызуны нутрыя, шыншыла, віскаша, мара, тука-тука, цэналеставыя сумчатыя пацукі і мышы і інш.; з марскіх млекакормячых—ластаногія (марскі леапард, паўд. марскі слон і інш.), кіты. Сярод птушак эндэмічныя прадстаўнікі атр.пінгвінападобных, а таксама белыя сяўцы, калібры, тынаму, чарнашыі лебедзь і інш. Сярод паўзуноў—ігуаны, вужападобныя змеі і інш., з земнаводных — рынадэрмы, свістуны і інш. Прэснаводныя рыбы прадстаўлены пераважна відамі з атр. карпападобных (сям. харацынавыя), ласосепадобных (сям. галаксіевыя) і інш. З наземных беспазваночных характэрны шэраг эндэмічных жукоў-жужаляў, нагахвостак-калембал, матылёў і інш.
А.М.Петрыкаў.
Да арт.Патагонская біягеаграфічная вобласць. Тыповыя прадстаўнікі фауны: 1 — свістун пяціпальцы; 2 — чырок оклендскі; 3 — тынаму вохрыстагаловы; 4 — тука-тука; 5 — мара; 6 — віскаша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІНЕ́І-ЧЭ́ЦЦІ»
(ад грэч. mēnaios месячны + стараж.-рус. чытанне),
«Штомесячныя чытанні», царкоўна-рэлігійныя зборнікі твораў павучальнага зместу. Уключалі жыціі святых, павучанні, словы, казанні, легенды, складзеныя па месяцах у адпаведнасці з днямі ўшанавання царквою памяці кожнага святога. Прызначаліся для штодзённага чытання.
Узніклі ў Візантыі ў 9 ст. На Русі вядомы з 11 ст., найб. пашыраны ў 16 ст. ў сувязі з умацаваннем ідэалаг. асноў самадзяржаўя і стварэння культу агульнарасійскіх святых. У 1530—40-я г. складзены «Вялікія Чэцці-Мінеі» ў 12 т., у якіх сабраны творы царкоўна-апавядальнай і духоўна-павучальнай л-ры Русі ад пачатку хрысціянства, уключаны шэраг помнікаў стараж.-рус. л-ры. Амаль пасля кожнага жыція або казання змешчана «слова» айцоў царквы ці твор свецкага зместу. У складзе «М.-Ч.» дайшлі спісы каштоўнейшых помнікаў стараж.-рус. л-ры.
На Беларусі вядомы «М.-Ч.» камянецкая і жыровіцкая (15 ст.), слуцкая (16 ст.), супрасльская рукапісная і друкаваная «Мінея агульная», віленская рукапісная (усе 17 ст.).