«АДЫСЕ́Я»,
старажытна-грэчаская эпічная паэма, якую разам з «Іліядай» (створана раней за «Адысею») прыпісваюць Гамеру. Напісана гекзаметрам, пазнейшымі ант. выдаўцамі падзелена на 24 кнігі. Апавядае пра падарожжы і прыгоды Адысея. У аснове «Адысеі» сусв. вядомы фалькл. сюжэт: муж (Адысей) пасля доўгіх блуканняў вяртаецца непазнавальны да дня новага вяселля сваёй жонкі (Пенелопы). У адрозненне ад ваенна-гераічнай тэматыкі «Іліяды» «Адысея» мае ў асн. бытавы і казачны матэрыял. У вобразе Адысея вылучаюцца разумовыя і маральныя якасці, хітрая вынаходлівасць і разлік.
т. 1, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЕРАЦКО́ЎСКІ Мікалай Якаўлевіч
(1750, с. Азерацкае Загорскага р-на Маскоўскай вобл. — 12.3.1827),
рускі натураліст і падарожнік. Акад. Пецярбургскай АН (1782). У 1768—72 удзельнічаў у акад. экспедыцыі па вывучэнні прадукц. сіл. Расіі. У 1773 працаваў на Беларусі, сабраў матэрыял пра стан гаспадаркі, побыт насельніцтва, прыроду, склаў гербарыі раслін Віцебскай губ. (400 відаў) і заал. калекцыі. Падарожнічаў па Анежскім і Ладажскім азёрах, воз. Ільмень, вярхоўях Волгі, воз. Селігер. Аўтар каля 100 навук. прац па геаграфіі, этнаграфіі, гісторыі і археалогіі.
т. 1, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКІ ВЕРШ,
у франц. паэзіі — 12-складовы верш з націскам на 6-м і 12-м складах, цэзурай пасля 6-га склада і парнай рыфмоўкай; у ням. і рус. вершаскладанні перадаецца 6-стопным ямбам з цэзурай пасля 3-й стапы. Назву звязваюць з франц. паэмай пра Аляксандра Македонскага (12 ст.), напісанай такім вершам. У рус. паэзію александрыйскі верш увёў В.Традзякоўскі, асаблівае пашырэнне атрымаў у творчасці А.Пушкіна. У бел. паэзіі александрыйскім вершам карыстаўся М.Багдановіч (вершы «Перапісчык», «Летапісец»).
т. 1, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАШЫ́ДЗЕ Грыгол Рыгоравіч
(1.8.1914, г. Чыятура, Грузія — 29.7.1994),
грузінскі пісьменнік. Акад. АН Грузіі (1979). Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Тбіліскі ун-т (1936). Распрацоўваў гіст. і актуальныя тэмы сучаснасці: паэмы «Георгій Шосты» (1942), «Непераможны Каўказ» (1943), «Легенда пра першых тбілісцаў» (1959), цыкл вершаў «Продкі і сучаснікі. Літаратурныя пісьмы» (1979), зб. вершаў «Залаты вінаграднік» (1966) і інш. Раманы (трылогія) «Лашарэла» (1957), «Доўгая ноч» (1963), «Цотнэ, або Падзенне і ўзвышэнне Грузіі» (1975) прысвечаны Грузіі 11—13 ст. Дзярж. прэмія СССР 1951.
т. 1, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНОТАБІЁТЫ
(ад грэч. gnōtos вядомы + біёта),
жывёлы, вырашчаныя ва ўмовах поўнай стэрыльнасці, свабодныя ад мікраарганізмаў, вірусаў і макрапаразітаў. Ідэю пра магчымасць жыцця без мікробаў выказаў Л.Пастэр (1885). У канцы 1940-х г. амер. і яп. вучоныя распрацавалі дыеты і апаратуру, стварылі штучныя ўмовы для развіцця і размнажэння безмікробных жывёл. Выкарыстанне гнотабіётаў (марскіх свінак, мышэй, трусоў, парасят, цялят, авечак і інш.) у розных галінах эксперым. біялогіі і медыцыны прывяло да фарміравання ў 1960-я г. самаст. навук. кірунку — гнатабіялогіі.
т. 5, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАГРА́МА
(ад грэч. holos увесь, поўны + ...грама),
зарэгістраваная на святлоадчувальным матэрыяле (або інш. носьбіце) інтэрферэнцыйная карціна хвалевага поля, якая змяшчае інфармацыю пра аб’ёмны відарыс аб’екта і дае магчымасць узнаўляць гэты відарыс.
Атрымліваецца пры інтэрферэнцыі святла ў тонкім слоі фотаэмульсіі ў выглядзе інтэрферэнцыйных палос — двухмерная (плоская) галаграма або ў тоўстым слоі фотаэмульсіі — трохмерная (аб’ёмная) галаграма. Узнаўленне відарыса аб’екта адбываецца за кошт дыфракцыі святла пры праходжанні яго праз галаграму (прапускальная галаграма) або пры адбіцці ад галаграмы (адбівальная галаграма). Гл. таксама Галаграфія.
т. 4, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАШКЕ́ВІЧ Мікалай Паўлавіч
(16.8.1852, в. Бяжоў, Жытомірская вобл., Украіна — 2.2.1908),
украінскі і расійскі гісторык і літаратуразнавец; прадстаўнік культ.-гіст. школы і параўнальна-гіст. метаду ў літаратуразнаўстве. Акад. Пецярб. АН (з 1907). Скончыў Кіеўскі ун-т (1873), потым прафесар у ім. Даследаваў гісторыю Паўд. Расіі і ВКЛ, у т.л. Беларусі. Удакладніў храналогію некат. падзей, асветленых у Галіцка-Валынскім летапісе, выказаў здагадку, што летапісная Літва знаходзілася ў вярхоўі Нёмана. Аўтар прац пра рус. былінны эпас, творчасць рус. і ўкр. пісьменнікаў.
т. 6, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬСКІ Мікола
(1762—1803),
мысліцель, гісторык, літаратар. Працаваў бібліятэкарам у І.І Храптовіча. Удзельнічаў у рабоце «Таварыства аматараў навук» у Варшаве. Аўтар вершаў, перакладаў і твораў па гісторыі. У працы «Прамова..., якая мае заўвагі пра першапачатковую гісторыю свету» (Вільня, 1784; на польск. мове) прытрымліваўся асветніцкіх поглядаў на прыроду чалавека і натуральнае права, ёсць элементы матэрыяліст. разумення ролі эканам. адносін у гісторыі, аднак асноўная пазіцыя ідэалістычная. Прыхільнік моцнай каралеўскай улады, выступаў супраць рэв., «якабінскіх» ідэй. Творчасць Вольскага прасякнута памяркоўнай асв. ідэалогіяй.
т. 4, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДАНО́ВІЧ Ігнат Аляксандравіч
(13.1.1841, Вільня — 2.1.1864),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Літве і Беларусі. Сын А.Здановіча. У 1858—62 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Атрымаў ступень канд. матэм. навук. Слухаў лекцыі ў Берлінскім ун-це. 3 лют. 1863 у Вільні, бліжэйшы памочнік К.Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем: касір Віленскага паўстанцкага цэнтра, са жн. 1863 паўстанцкі начальнік Вільні. Арыштаваны 8.10.1863, публічна павешаны ў Вільні на гандл. плошчы Лукішкі. Аўтар брашуры «Успамін пра філаматаў і філарэтаў» (Парыж, 1860).
Г.В.Кісялёў.
т. 7, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ЛАДЗЬ»
(«Byelorussian Youth»),
штоквартальны часопіс. Выдаваўся ў 1959—67, 1972—80 у Нью-Йорку на бел. і англ. мовах. Выйшлі 52 нумары. Выдаўцы: Згуртаванне бел. моладзі ў Амерыцы, Саюз бел.-амерыканскай моладзі (з № 16 за 1962). Друкаваў гіст. і літ.-маст. матэрыялы, хроніку культ. жыцця бел. эміграцыі, у тым ліку моладзі і студэнцтва ў розных краінах свету, творы бел. (у тым ліку эмігранцкіх) пісьменнікаў і дзеячаў культуры, успаміны. З 1972 меў англамоўную рубрыку «Амерыканцы гавораць пра Беларусь».
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)