ЗЕ́МСКІ СУД,

1) на Беларусі, Літве і Украіне пав. шляхецкі суд у 16—1-й пал. 19 ст. Разглядаў крымін. і грамадз. справы, выконваў натарыяльныя функцыі, запісваў скаргі на незаконныя дзеянні службовых асоб павета. Складаўся з суддзі, падсудка і пісара. Выбіраўся пав. шляхтай з мясц. шляхціцаў (хрысціян), якія ведалі права, мелі маёнткі. Сесіі З.с. збіраліся З разы на год. Судаводства вялося на падставе Бельскага прывілея 1564 і Статутаў ВКЛ 1566 і 1588, да сярэдзіны 17 ст. на бел., потым на польск. мове. Дзейнічаў да 30.10.1831.

2) У Расіі мясц. судовы і адм.-паліцэйскі орган у 2-й пал. 18—2-й пал. 19 ст. Створаны паводле «Устанаўлення для кіравання губерняў 1775». Падзяляўся на Ніжні (разглядаў дробныя крым. і грамадз. справы, дзейнічаў як паліцэйска-адм. пав. орган; у 1862 заменены пав. паліцэйскім упраўленнем) і Верхні (саслоўны суд. орган для дваран і апеляцыйная інстанцыя для пав. судоў, дваранскіх апек і ніжніх З.с.). Скасаваны ў 1796.

т. 7, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮ́СЮ,

востраў на Пд Японіі. Пл. каля 42 тыс. км². Нас. 13,3 млн. чал. (1992). Абмываецца на У Ціхім ак., на ПнУ — Унутр. Японскім м., на З — Усх.-Кітайскім м. Усх. бераг прамалінейны, астатнія моцна парэзаныя бухтамі, залівамі. Паверхня гарыстая, выш. да 1788 м (вулкан Кудзю). На З і ПнЗ нізінныя алювіяльныя раўніны. Горы складзены пераважна з гранітаў, сланцаў, вулканічных парод; узгоркі і нізіны з пясчанікаў і кангламератаў. Радовішчы каменнага вугалю. Актыўна дзеючыя вулканы (Аса, Кірысіма і інш.). Шмат гарачых крыніц. Частыя землетрасенні (найб. моцныя ў 1909, 1961, 1968). Клімат субтрапічны, на Пд трапічны мусонны. Т-ра паветра ў гарах у студз. каля 0 °C, на прыбярэжных раўнінах 10 °C, у ліп. адпаведна 15 і 28 °C. Ападкаў да 300 мм за год. Тайфуны. Рэкі выкарыстоўваюцца для арашэння. Вечназялёныя і лістападныя лясы, лугі. Вырошчваюць рыс, збожжавыя, цукр. трыснёг, цытрусавыя, тытунь. Гарады: Кітакюсю, Фукуока, Кагосіма, Кумамота, Нагасакі. Нац. паркі: Асо, Кірысіма—Яку, Сайкай і інш.

т. 9, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАНЬСІ́,

правінцыя на Пн Кітая, у бас. сярэдняга цячэння р. Хуанхэ. Пл. 156 тыс. км². Нас. 32,7 млн. чал. (2001). Адм. ц. — г. Таюань. Размешчана на Шаньсійскім плато (ч. Лёсавага плато), на У — зах. схілы гор Тайханшань. Клімат умераны, мусонны. Сярэдняя т-ра студз. ад -16 °C на Пн да -2 °C на Пд, ліп. ад 20 да 25 °C. Ападкаў 400—500 мм за год. Гал. р. Фыньхэ (прыток р. Хуанхэ). Расліннасць на З і ПнЗ пераважна паўпустынная, на У — мяшаныя і шыракалістыя лясы (у гарах). Гаспадарка прамысл.-агр. тыпу. Асн. галіны прам-сці: вугальная (Датунскі, Янцюаньскі, Сітаньскі бас.), металургічная, машынабудаванне (цяжкае, с.-г., тэкст.), хім. (сода, к-та, сера), лёгкая, харч. (алейная, мукамольная, вінаробная). Рамёствы (метал., фарфоравыя вырабы, дываны). Тэр. Ш. — стараж. земляробчы раён Кітая. Вырошчваюць пшаніцу, чумізу, гаалян, кукурузу, авёс, бавоўнік, кунжут, лён, цукр. буракі. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, аслоў, мулаў, свіней, авечак (у горных раёнах). Гал. гарады: Таюань, Датун, Янцюань, Чанчжы, Юйцы.

т. 17, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭФІО́ПСКАЕ НАГО́Р’Е.

На ПнУ Афрыкі, пераважна ў Эфіопіі. Пераважаюць выш. 2000—3000 м. Найб. выш. 4623 м (г. Рас-Дашэн). Стромка абрываецца да раўнін на У і прыступкамі апускаецца на 3. Складаецца з дакембрыйскага крышт. фундаменту, перакрытага магутнымі тоўшчамі пясчанікаў і вапнякоў, базальтавымі лавамі. Ападкі на зах. і паўд.-зах. схілах да 1500 мм, на ўсх. да 500 мм за год. З Э.н. бяруць пачатак рэкі Блакітны Ніл, Атбара, Собат (бас. Ніла), Вебі-Шэбелі, Джуба (бас. Індыйскага ак.).

Характэрна вышынная пояснасць ландшафтаў. Да 1700 м — пояс кола (сярэднегадавыя т-ры 20 °C); на наветраных схілах трапічныя лясы, кафейныя плантацыі, на падветраных — саванны. Да 2400 м — пояс война-дэга (сярэднегадавыя т-ры 17 °C); пераважаюць саванны. Да 4000 м — пояс дэга (сярэднегадавыя т-ры 14 °C); хвойныя лясы, вышэй якіх — высакагорная стэпавая расліннасць. Нац. паркі — Сымен, Аваш, Гамбела і інш. Э.н. — адзін са стараж. раёнаў земляробства, радзіма многіх збожжавых культур, у т. л. цвёрдай пшаніцы, жыта, ячменю.

т. 18, кн. 1, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХА́ГАР (Ahaggar), Хогар,

пустыннае нагор’е ў Цэнтральнай Сахары, у Алжыры. Складзена з плоскавяршынных ступеньчатых хрыбтоў (сярэдняя выш. да 800 м), выцягнутых з Пн на Пд, і базальтавых плато (сярэдняя выш. 2000 м), над якімі ўздымаюцца вулканічныя конусы, найбольшы выш. 3003 м (г. Тахат). З Пн і Пд нагор’е акаймавана пясчанікавымі градамі (куэстамі) палеазойскага ўзросту. Складзена з крышт. сланцаў, гнейсаў і гранітаў. Радовішчы плаціны, алмазаў, урану, нікелю, медзі і інш. Клімат трапічны горна-пустынны. Сярэдняя т-ра студз. 10 °C, ліп. 35 °C, ападкаў менш як 100 мм за год. Пастаянны паверхневы сцёк толькі ў вярхоўях сухіх далін (уэдаў), дзе шчыльнае травяное покрыва. Трапляюцца асобныя дрэвы і гаі (кіпарысы, мірт, пальмы, акацыі). Жывёльны свет: муфлоны, гепарды, ільвы; у аазісах шмат птушак.

т. 2, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЦЫО (Lazio),

адміністрацыйная вобласць у Цэнтр. Італіі, на Апенінскім п-ве. Уключае правінцыі: Вітэрба, Лаціна, Рыеты, Рым, Фразіноне. Пл. 17,2 тыс. км². Нас. больш за 5,3 млн. чал. (1995). Адм. і прамысл. цэнтр г. Рым. Большая ч. тэрыторыі перадгор’і Цэнтр. Апенін (выш. да 2247 м), у сярэдняй — нізіна (Рым. Кампанія). Клімат міжземнаморскі. Ападкаў 500—1000 мм за год.

Прам-сць: маш.-буд. (электратэхн. і радыёэлектронная), харч., паліграф., папяровая, буд. матэрыялаў, дрэваапр., швейная, тэкст., галантарэйная, хім., нафтаперапр., гумавая. Вытв-сць сувеніраў, муз. інструментаў, цацак. Кінапрамысловасць. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,2 млн. га, у т. л. пад ворывам каля 65%, пад лугамі і пашай 16%, пад садамі, вінаграднікамі і аліўкавымі насаджэннямі 15%. Вырошчваюць вінаград, пшаніцу, аліўкі, агародніну. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Міжнар. турызм.

т. 9, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУБКАЗУ́БЫЯ (Tubulidentata),

атрад плацэнтарных млекакормячых. Вядомы з пліяцэну Еўразіі і міяцэну Афрыкі (каля 20—5 млн. г. назад). Адзіны сучасны від — трубказуб афрыканскі (Orycteropus afer). Пашыраны ў Афрыцы на Пд ад Сахары. Жыве ў разнастайных ландшафтах.

Даўж. цела да 158 см, хваста да 61 см, маса да 82 кг. Скура тоўстая, ружавата-шэрая, з рэдкім валасяным покрывам. Вушы доўгія (да 21 см), трубкаватыя. Канец морды выцягнуты ў трубку. Зубы складаюцца са зрослых дэнтынавых трубачак (адсюль назва), растуць усё жыццё. Пярэднія канечнасці 4-, заднія 5-пальцыя, з моцнымі капытападобнымі кіпцюрамі. з дапамогай якіх Т. разбураюць тэрмітнікі, рыюць грунт. Кормяцца тэрмітамі. мурашкамі. інш. насякомымі. Нараджаюць 1, зрэдку 2 дзіцяняці ў год. Аб’ект палявання.

Э.​Р.​Самусенка.

Да арт. Трубказубыя. Трубказуб афрыканскі.

т. 15, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫЛА́К Балгангадхар (23.7.1856, Ратнагіры, штат Махараштра, Індыя — 1.8.1920),

дзеяч інд. нац.-вызв. руху, вучоны. Скончыў Дэканскі каледж (г. Пуна, 1879). Юрыст. З 1881 выдаваў грамадска-паліт. газеты. У 1890-я г. супрацоўнічаў з Індыйскім нацыянальным кангрэсам (ІНК), лідэр яго радыкальнага крыла, т.зв. экстрэмістаў, якія стаялі за сур’ёзныя паліт. рэформы ў Брыт. Індыі, за ўцягванне ў паліт. барацьбу шырокіх нар. мас. За арганізацыю нац.-рэлігійных святкаванняў і паліт. дзейнасць у 1908 брыт. суд асудзіў Т. на 6 год турэмнага зняволення. З 1914 Т. — адзін з лідэраў барацьбы за самакіраванне для Індыі. У 1916 ён падпісаў т.зв. Лакхнаўскі пакт з кіраўніцтвам Мусульманскай лігі пра адзінства з ІНК у барацьбе за незалежнасць Індыі. Аўтар навук. прац, прысвечаных аналізу ранніх этапаў інд. цывілізацыі.

т. 16, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«УКРАЇНСЬКИЙ ІСТОРИ́ЧНИЙ ЖУРНА́Л»,

навуковы часопіс, орган Ін-та гісторыі Нац. АН Украіны. Выдаецца ў Кіеве з 1957 6 разоў на год. Змяшчае матэрыялы па гісторыі Украіны і сусв. гісторыі, па метадалогіі і методыцы гіст. даследаванняў, гіст. дакументы і каментарыі да іх, мемуары, агляды гіст. крыніц і інш. Друкуюцца матэрыялы па гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Пытанням гісторыі Беларусі прысвечаны арт. Я.​М.​Карпачова «Гарады і мястэчкі Беларусі ў другой палове XVIII ст.» (1968, № 9), А.​П.​Грыцкевіча «Універсал Багдана Хмяльніцкага гораду Слуцку (1656 г.)» (1970, №12), Г.​Д.​Казьмірчука і А.​В.​Сілкіна «М.​В.​Доўнар-Запольскі як дзекабрыстазнавец» (1995, № 1), Ф.​М.​Шабульда «Бітва каля Сініх Вод 1362 г.: малавядомыя і невядомыя аспекты» (1996, №2) і інш.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 16, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРА́НКА-В’ЕТНА́МСКІЯ ВО́ЙНЫ,

заваёўніцкія войны Францыі супраць В’етнама. Першая Ф.-в.в. 1858—62 пачалася ў вер. 1858 з захопу аб’яднанай франка-ісп. эскадрай г. Дананг на Пд В’етнама. У лют. 1859 французы авалодалі г. Сайгон, пасля чаго ваен. дзеянні ішлі з пераменным поспехам. У чэрв. 1862 падпісаны франка-в’етн. мірны дагавор, паводле якога да Францыі адышоў Паўд. В’етнам (Кахінхіна). Другая Ф.-в.в. 1883—84 пачалася 19.8.1883 з высадкі франц. дэсанта ў вусці р. Ханіха (Чырвоная), а праз 6 дзён в’етн. імператарскі ўрад капітуляваў. Але асобныя часці в’етн. арміі і партыз. атрады амаль год працягвалі супраціўленне франц. экспедыцыйным войскам. 6.6.1884 прадстаўнікі в’етн. ўрада падпісалі канчатковы дагавор, паводле якога В’етнам ператвараўся ў пратэктарат Францыі. Гл. таксама Франка-кітайская вайна 1884—85.

т. 16, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)