МЕ́СЯЦАВЫ КА́МЕНЬ,

спажывецкая назва некаторых разнавіднасцей светлаафарбаваных палявых шпатаў, якім уласціва апалесцэнцыя або серабрыста-сіняватая ірызацыя. Эфектам М.к. валодаюць асобныя рознасці паўпразрыстага адуляру, плагіяклазу (напр., т.зв. «беламарыт»), зрэдку мікракліну. Трапляецца ў пегматытах. Лепшыя ўзоры ірызуючага плагіяклазу паходзяць са скальных агаленняў Кій-вострава на Белым моры. Каштоўны вырабны камень.

т. 10, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́СЦЕРАВА ПЯТЛЯ́,

«мёртвая пятля», адна з фігур вышэйшага складанага пілатажу, якая ўяўляе сабой замкнутую крывую ў верт. плоскасці. Назва ад імя П.М.Несцерава. Асобныя элементы Н.п. выкарыстоўваліся ў паветр. баях у 1-ю і 2-ю сусв. войны, таксама пры выпрабаванні авіяц. тэхнікі, у спаборніцтвах і інш.

Несцерава пятля.

т. 11, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНДЭ́КТЫ (лац. pandectae ад грэч. pandektēs усёабдымны),

у Стараж. Рыме творы вядомых юрыстаў, пабудаваныя ў выглядзе кароткіх вытрымак з законаў і прац папярэдніх аўтараў. Шырокую вядомасць атрымалі П., якія склалі 2-ю частку Кадыфікацыі Юстыніяна (найб. пашырана назва Дыгесты). П. разглядаліся як зб-кі дзеючага права і падручнікі.

т. 12, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСТО́Л,

1) у манархічнай дзяржаве назва трона — сімвала ўлады манарха.

2) У праваслаўным храме стол з мошчамі, накрыты пакрывалам — гал. прыналежнасць алтара. На П. знаходзіцца антымііс (хустка з выявай палажэння ў труну Ісуса Хрыста), прастольнае Евангелле, даразахавальніца, напрастольны крыж. Прастольнае свята — дзень святога, у гонар якога пабудавана царква.

т. 13, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗВА́ЛКІ, розвальні,

найбольш пашыраны від саней на Беларусі. Паверх пагрузачнай пляцоўкі (для яе павелічэння) уздоўж саней прымацаваны 2 жэрдкі з папярочкай на канцах — развалкі (адсюль назва). Выкарыстоўваюцца на гасп. работах і для выездаў (тады на Р. ставяць кузаў — трохбаковую рашотку, або драбінкі, плецены палукашак). Бытуюць і ў наш час.

т. 13, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РУ́СКАЯ АМЕ́РЫКА»,

неафіцыйная назва рус. уладанняў у 18—19 ст. у Паўн. Амерыцы (Аляска, Алеуцкія а-вы, ч. Паўн. Каліфорніі). Адкрыта і даследавана рус. падарожнікамі і даследчыкамі. Рус. паселішчы там існавалі з 1784. Адм. ц. — Новаархангельск (цяпер Сітка). У 1867 гэтыя тэрыторыі прададзены ЗША. Часткова захавалася рус. тапаніміка.

т. 13, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГІСТА́Н (іран., літар. — месца, укрытае пяском; тадж. рэгістон),

назва парадных плошчаў у гарадах Сярэдняй Азіі. Прастору Р. з 3 бакоў абмяжоўваюць пышна арнаментаваныя будынкі медрэсэ, мячэцяў, ханакі, караван-сарая і інш. Найб. вядомы Р. у г. Самарканд (Узбекістан) — шэдэўр горадабуд, мастацтва 15—17 ст. Іл. гл. да арт. Медрэсэ.

т. 13, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ТНІК,

1) назва пасады ў некат. прадстаўнічых органах дзярж. улады (міністэрствах, пасольствах і пад.), таксама асоба, якая займае гэтую пасаду. Напр., С. юстыцыі, С. пасольства.

2) У дарэв. Расіі С. наз. чыны розных класаў паводле іерархіі рангаў, што існавалі ў цывільнай службе (напр. надворны С., тытулярны С., калежскі С.).

т. 14, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАБА́ЦКАЯ СТРЭ́ЛКА,

вузкая і доўгая пясчаная каса ва ўсх. ч. Крымскага п-ва. Цягнецца амаль паралельна паўн.-ўсх. берагу і аддзяляе зал. Сіваш ад Азоўскага мора. Даўж. 113 км, шыр. ад 270 м да 8 км. На Пн аддзяляецца ад мацерыка вузкім Генічаскім пралівам. Назва паходзіць ад стараж. ўмацавання Арабат.

т. 1, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСМА́НСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ, Атаманская імперыя,

афіцыйная назва султанскай Турцыі да 1922 — ад імя заснавальніка дынастыі султана Асмана I [1299 ці 1300 — 1324]. Склалася ў 15—16 ст. Аб’ядноўвала Пярэднюю Азію, Балканскі п-аў, Егіпет і інш. краіны Паўн. Афрыкі. Фактычна распалася пасля паражэння ў 1-й сусв. вайне (1918), юрыдычна — у 1922, калі быў ліквідаваны султанат.

т. 2, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)