АСЕ́ЕЎ (Мікалай Мікалаевіч) (9.7.1889, г. Льгоў Курскай вобласці — 16.7.1963),
рускі паэт. Вучыўся ў Маскоўскім камерцыйным ін-це (1909—12), Маскоўскім і Харкаўскім ун-тах. Ранняя творчасць звязана з футурызмам (зб-кі «Зор», «Начная флейта», абодва 1914; «Летарэй», 1915). Пад уплывам падзей і творчага сяброўства з У.Маякоўскім яго паэзія набыла грамадз. гучанне (зб-кі «Бомба», 1921; «Стальны салавей», 1922; «Рада вятроў», 1923). З 1923 у літ. групе «Леф». У 1920—30-я г. выступаў як публіцыст (зб-кі «Час лепшых», «Маладыя вершы», «Масква-песня», «Высакагорныя вершы»). Паэмы «Будзённы» (1922), «Дваццаць шэсць» (1925), «Сямён Праскакаў» (1928) пра грамадз. вайну. У паэме «Маякоўскі пачынаецца» (1940, Дзярж. прэмія СССР 1941) спалучаны дзённікава-мемуарная і лірыка-публіцыст. плыні. Падзеі Вял.Айч. вайны — у зб-ках «Першы ўзвод» (1941), «Полымя перамогі» (1946); лірыка-філас. асэнсаванне гіст. лёсу 20 ст. — у кн. вершаў «Роздумы» (1955) і «Лад» (1961).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВА́ЖНЫ (Вінцук) (сапр.Германовіч Язэп Станіслававіч; 4.3.1890, в. Гальшаны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — 26.12.1978),
бел. пісьменнік. Скончыў Віленскую духоўную семінарыю (1913). Служыў ксяндзом. За казанні на бел. мове зазнаў ганенні польскіх улад. У 1924 у Друі ўступіў у ордэн марыянаў. У 1932 выехаў у Харбін (Кітай), у 1936 вярнуўся ў Вільню, адтуль выселены ў Польшчу, потым зноў выехаў у Харбін. У 1948 арыштаваны кіт. ўладамі і перададзены ў СССР, дзе беспадстаўна асуджаны на 25 гадоў. Вызвалены ў 1955, выехаў у Польшчу, потым у Італію, Англію, дзе рэдагаваў час. «Божым шляхам». Друкаваўся з 1917. Празаічная гутарка «Як Казюк сабраўся да споведзі» (1928) пра маральнае самаўдасканаленне зах.-бел. моладзі. Самадурства чыноўнікаў выкрыў у вершаваным апавяданні «Як Гануля збіралася ў Аргентыну» (1930). Аўтар зб-каў вершаў «Беларускія цымбалы» (Вільня, 1933), «Байкі і іншыя вершы» (Лондан, 1973) і інш., аповесці «Хлопец» (Вільня, 1935), успамінаў «Кітай—Сібір—Масква» (Мюнхен, 1962).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРМЕ́ЙСТАР (Уладзімір Паўлавіч) (15.7.1904, г. Віцебск — 5.3.1971),
расійскі артыст балета, балетмайстар. Нар.арт.СССР (1970). Вучыўся ў Тэатр. тэхнікуме імя А.В.Луначарскага (1925—29, Масква). З 1930 у Муз. т-ры імя К.С.Станіслаўскага і У.І.Неміровіча-Данчанкі (у 1941—60 і 1963—71 гал. балетмайстар). Сярод партый: Нуралі («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Алека («Цыганы» С.Васіленкі), Нікез («Саперніцы» на муз. П.Л.Гертэля). Тэмперамент і вынаходлівасць Бурмейстара-харэографа найб. выявіліся ў пастаноўках сучасных балетаў [«Лола» Васіленкі, «Бераг шчасця» А.Спадавекія (з І.Курылавым), «Жанна д’Арк» М.Пяйко, «Чырвоныя д’ябаляты» на муз. І.Дунаеўскага і В.Кнушавіцкага] і класічных балетаў («Эсмеральда» Ц.Пуні, «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), харэагр. інтэрпрэтацый сімф. музыкі («Снягурачка» на муз. Чайкоўскага, «Апасіяната» на муз. Л.Бетховена і інш.). Ставіў балеты ў Парыжскай оперы («Лебядзінае возера», 1960), у Лондане («Снягурачка», 1961) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙДА́Р (Ягор Цімуравіч) (н. 19.3.1956, Масква),
расійскі дзярж. і грамадскі дзеяч, эканаміст. Унук пісьменніка А.Гайдара. Скончыў Маскоўскі ун-т, д-рэканам.навук. З 1980 працаваў ва Усесаюзным НДІ сістэмных даследаванняў, у 1985—87 вядучы навук. супрацоўнік Ін-та эканомікі і прагназавання навук.-тэхн. прагрэсу АНСССР, у 1987—90 на журналісцкай рабоце. У 1990 — 91 дырэктар Ін-та эканам. палітыкі Акадэміі нар. гаспадаркі СССР, у 1991 — 92 нам. Старшыні ўрада РСФСР па пытаннях эканам. палітыкі, міністр эканомікі і фінансаў, з лют. 1992 — міністр фінансаў, 1-ы нам. Старшыні ўрада па эканам. рэформе, выконваючы абавязкі Старшыні ўрада Рас. Федэрацыі. У 1992 і з 1994 дырэктар Ін-та эканам. праблем пераходнага перыяду. У 1993—94 1-ы нам. Старшыні ўрада Расіі, міністр эканомікі. Старшыня партыі «Дэмакратычны выбар Расіі» (з 1994). У 1993—95 дэпутат Дзярж. думы. Гайдар пачаў практычнае ажыццяўленне курсу на рэфармаванне рас. эканомікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРО́Ў (Андрэй Дзмітрыевіч) (22.7.1903, Масква — 1979),
рускі графік. Нар. мастак РСФСР (1973). Вучыўся ў Маскве ў прыватных студыях, у Дзярж. вольных маст. майстэрнях і Вышэйшым дзярж.маст.-тэхн. ін-це (1918—27) у І.Машкова, А.Шаўчэнкі, У.Фаворскага. Выкладаў у Маск. паліграфічным ін-це (1930—34, 1948—79). Адзін з заснавальнікаў т-ва станкавістаў (1925). Для графікі Ганчарова (у асн. ксілаграфіі) характэрны цесная ўзаемасувязь усіх элементаў маст. афармлення кнігі, напружаная эмацыянальнасць зрокавага вобраза ілюстрацый, сакавітасць чорна-белых тонаў (іл. да «Прыгоды Перыгрына Пікля» Т.Смолета, 1934—35, 1955, твораў У.Шэкспіра, 1953—64; раманаў і аповесцей Ф.М.Дастаеўскага, 1969—71, і інш.). Працаваў таксама ў галіне станковага («С.Корань у ролі Меркуцыо», 1947), манум., тэатр.-дэкарацыйнага жывапісу. Дзярж. прэмія СССР 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕР’Е́ (Уладзімір Іванавіч) (29.5.1837, Масква — 30.6.1919),
расійскі гісторык, паліт. дзеяч. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1902). Д-ргіст.н., праф. (1868). Скончыў Маскоўскі ун-т (1858), дзе і працаваў (1868—1904). Вучань Ц.М.Граноўскага. Адзін са стваральнікаў Вышэйшых жаночых курсаў у Маскве. Старшыня Маскоўскай гар. думы (1892—1904), чл. партыі акцябрыстаў (1906—17), чл.Дзярж. савета (з 1907). Адзін з першых рус. гісторыкаў даследаваў гісторыю новага часу, эпоху Франц. рэвалюцыі 1789—99. Аўтар прац: «Барацьба за польскі трон у 1733 г.» (1862), «Адносіны Лейбніца да Расіі і Пятра Вялікага» (1871), «Ідэя народаўладдзя і Французская рэвалюцыя 1789 г.» (1904), «Аб канстытуцыі і парламентарызме ў Расіі» (1906), «Французская рэвалюцыя 1789—1795 гг. у асвятленні І.Тэна» (1911), «Заходняе манаства і папства» (т. 1—2, 1913—15), «Філасофія гісторыі ад Аўгусціна да Гегеля» (1915).
Літ.:
Шаханов А.Н. Воспоминания В.И. Герье // История и историки. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НКА (Фёдар Мікалаевіч) (19.6.1786, маёнтак Сутокі, цяпер у Смаленскай вобл., Расія — 23.2.1880),
рускі пісьменнік, дзекабрыст. Брат С.М.Глінкі. Удзельнік вайны 1812, якую паказаў у «Пісьмах рускага афіцэра» (ч. 1—8, 1815—16). Чл. тайных дзекабрысцкіх т-ваў «Саюз выратавання» (з 1818) і «Саюз працвітання» (1818—21, адзін з кіраўнікоў). У 1819—25 старшыня Вольнага таварыства аматараў расійскай славеснасці. Пасля паражэння паўстання дзекабрыстаў звольнены са службы (1826) і сасланы ў Петразаводск (да 1830). Аўтар празаічных твораў: «Пісьмы да сябра» (1816—17) і «Нарысы Барадзінскай бітвы» (1839). У яго творчасці ёсць матывы біблейскія (паліт. элегія «Плач палонных іудзеяў», 1823; «Спробы свяшчэннай паэзіі», 1826; «Духоўныя вершы», 1839); фалькл. (паэмы «Дзева карэльскіх лясоў» і «Карэлія», 1828—30), рэлігійныя, містычныя паэмы «Іоў», 1859; «Таямнічая кропля», разам з жонкай А.П.Глінкай, 1861). Вершы «Тройка», «Вязень», «Масква» сталі папулярнымі песнямі.
Тв.:
Соч.М., 1986.
Літ.:
Карпец В.И. Федор Глинка: Ист.-лит. очерк. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛЕ́ГІНА (Марыя Агасаўна) (н. 9.8.1959, г. Адэса, Украіна),
спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыла Адэскую кансерваторыю (1983). З 1983 салістка Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Валодае гнуткім прыгожым голасам шырокага дыяпазону, высокай каларатурнай тэхнікай. Ёй уласцівы яркая эмацыянальнасць, моцны тэмперамент. Сярод партый на бел. сцэне: Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Лізавета, Аіда («Дон Карлас», «Аіда» Дж.Вердзі), саліруючае сапрана ў вак.-харэаграфічным прадстаўленні «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа. З 1990 працуе па кантрактах у буйнейшых т-рах свету («Ла Скала», «Метраполітэн-опера», Гамбургская і Венская оперы). Партыі: Тоска, Манон («Тоска», «Манон Леско» Дж.Пучыні), Амелія («Баль-маскарад»), гал. партыі ў операх «Два Фаскары» і «Сімон Баканегра» Вердзі і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.Глінкі (1984, Ерэван), Міжнар. конкурсу спевакоў (1985, Рыо-дэ-Жанейра), міжнар. конкурсу вакалістаў імя П.Чайкоўскага (1986, Масква).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЧКО́Ў (Аляксандр Іванавіч) (26.10.1862, Масква — 14.2.1936),
расійскі паліт. і дзярж. дзеяч, прадпрымальнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1885), працягваў адукацыю ў Берлінскім, Цюбінгенскім і Венскім ун-тах (1888—91). У 1885—87 і 1897—99 на вайск. службе, у 1893—97, 1901—07 у Маскоўскай гар. думе. Дырэктар Маскоўскага ўліковага банка (з 1901). Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў партыі акцябрыстаў. Дэп. (з 1907) і старшыня (1910—11) 3-й Дзярж. думы, выступаў за аднаўленне ваен. магутнасці Расіі, у падтрымку дзейнасці П.А.Сталыпіна, супраць правага крыла думы і інш. У 1915—17 старшыня Цэнтр.ваен.-прамысл.к-та, удзельнік апазіц.«Прагрэсіўнага блока». Ваен. і марскі міністр у 1-м складзе Часовага ўрада (15.3—12.5.1917). Пасля 1918 у эміграцыі, падтрымліваў белы рух.
Тв.:
«Корабль потерял свой курс»: [Полит. речи 1912—1913 гг.]. М., 1991.
Літ.:
Сенин А.С. А.И.Гучков // Вопр. истории. 1993. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Леў Іванавіч) (2.3.1834, Масква — 24.12.1901),
рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1852), выкладаў у ім з 1858. З 1852 артыст, з 1869 вядучы танцоўшчык пецярбургскай балетнай трупы. З 1882 рэжысёр, з 1885 другі балетмайстар Марыінскага т-ра, памочнік М.Петыпа. Сярод партый: Феб і Клод Фрола, Валянцін («Эсмеральда», «Фауст» Ц.Пуні), Базіль, Салор («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Кален («Марная засцярога» П.Л.Гертэля), Конрад («Карсар» А.Адана). Вял. значэнне надаваў сімфанізацыі балета. Стварыў выдатныя ўзоры сімф. распрацоўкі танца — характарнага («Палавецкія танцы» ў оперы «Князь Ігар» А.Барадзіна, 1890; слав. танцы ў оперы-балеце «Млада» М.Рымскага-Корсакава, 1892; «Другая венгерская рапсодыя» на муз. Ф.Ліста, 1900) і класічнага (танец сняжынак у «Шчаўкунку», 1892, і сцэны на возеры ў «Лебядзіным возеры», 1895, П.Чайкоўскага). Творчасць І. стала вяршыняй акад. стылю рус. балета. Сярод вучаніц М.Кшасінская, В.Праабражэнская, А.Ваганава.