палітычная кампанія праследавання Камуніст. партыі ЗША, блізкіх да яе прафсаюзаў, дзярж. служачых, дзеячаў культуры і інш. у час «халоднай вайны». Ініцыіраваны і разгорнуты старшынёй (з 1953) пастаяннай сенацкай падкамісіі па расследаваннях Дж.Макарці (адсюль назва). У ходзе М. ў ЗША узмацніліся антыкамуністычныя, нацыяналіст. і антысеміцкія погляды, абвінавачанні ў «падрыўной дзейнасці» і шпіянажы на карысць СССР; з дзярж. службы звольнены каля 8,8 тыс. «ненадзейных элементаў». Ад паклёпу пацярпелі многія амерыканцы (пазбавіліся працы, незаконна асуджаны, у т. л. пакараны смерцю муж і жонка Розенбергі), што прывяло да значнай дыскрэдытацыі ўлад краіны. 2.12.1954 сенат вынес ганьбаванне Макарці за перавышэнне ім улады, пасля чаго ён страціў паліт. ўплыў, а М. паступова згас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ТЫНГЛІ (Mattingly) Томас (н. 17.3.1936, г. Чыкага, штат Ілінойс, ЗША),
касманаўт ЗША. Бакалаўр навук па авіяц. тэхніцы. Скончыў вышэйшую школу ў г. Маямі (штат Фларыда), ун-т у г. Оберн (1958, штат Алабама), школу па падрыхтоўцы пілотаў для аэракасм. даследаванняў. З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 16—27.4.1972 з Дж.Янгам і Ч.Дзюкам здзейсніў палёт да Месяца з выхадам у адкрыты космас як пілот асн. блока касм. карабля (КК) «Апалон-16» (у час пасадкі месяцавай кабіны знаходзіўся на калямесяцавай арбіце); 27.6—4.7.1982 з Г.Хартсфілдам — палёт на КК «Калумбія» (як камандзір); 24—27.1.1985 — палёт на КК «Дыскаверы» (як камандзір). У космасе правёў 20,8 сут. Залаты медаль НАСА.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУШМУЛА́ (тур. muşmula),
1) Mespilus, род лістападных кветкавых раслін сям. ружакветных з 1 відам М. германскай, або звычайнай (M. germanica). Пашырана на Пд Еўропы, у М. Азіі. Культывуюць у Еўропе і ЗША. Плады маюць цукар, яблычную к-ту, вітамін C, ужываюцца ў ежу сырыя і салёныя, з іх гатуюць пасцілу, віно. Драўніна ідзе на такарныя вырабы. Меданосная расліна.
2) М. японская, або субтрапічная, або локва (Eriobotrya japonica), вечназялёнае субтрапічнае дрэва ці куст. сям. ружакветных. Пашырана ў Кітаі і Паўн. Індыі. Культывуецца ў Міжземнамор’і, Сярэдняй Азіі, Кітаі, Японіі, ЗША. Плады спажываюць свежыя і перапрацаваныя (кампоты, варэнні і інш.). З насення робяць сурагат кавы. Дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЙНС (Pines) Дэвід (н. 8.6.1924, г. Канзас-Сіці, штат Місуры, ЗША),
амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл.Нац.АНЗША (1973), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1980). Замежны чл.Рас.АН (1988). Скончыў Каліфарнійскі (1944) і Прынстанскі (1948) ун-ты. З 1959 праф. Ілінойскага ун-та, з 1999 у Ін-це складаных адаптыўных асяроддзяў Каліфарнійскага ун-та. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела і плазмы, тэорыі ядра, квантавай тэорыі вадкасцей, астрафізіцы. Паказаў наяўнасць плазмонаў у металах (1953). Распрацаваў тэорыю рассеяння электронаў і дзірак на аптычных ваганнях крышт. рашоткі.
Тв.:
Рус.пер. — Проблема многих тел. М., 1963;
Элементарные возбуждения в твердых телах. М., 1965;
Теория квантовых жидкостей. М., 1967 (разам з Ф.Наз’ерам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́НЗІЯС (Penzias) Арна Алан (н. 26.4.1933, г. Мюнхен, Германія),
амерыканскі астрафізік і спецыяліст у галіне інфарм. тэхналогій. Чл.Нац.АНЗША (1975), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1974). З 1940 у ЗША. Скончыў Калумбійскі ун-т (1958). З 1961 у н.-д. фірме «Бел тэлефон лаборатарыс» (з 1981 віцэ-прэзідэнт), з 1998 у кампаніі «Нью энтэрпрайс асашыэйтс». Навук. працы па радыёастраноміі, спадарожнікавай сувязі, касмалогіі, хіміі міжзоркавага рэчыва, патэнты ў галіне тэлекамунікацыйных і камп’ютэрных тэхналогій. Адкрыў эксперыментальна разам з Р.В.Вільсанам мікрахвалевае фонавае выпрамяненне (рэліктавае выпрамяненне; 1965) і міжзоркавы дэйтэрый (1973). Нобелеўская прэмія 1978 (з Вільсанам).
Тв.:
Рус.пер. — Происхождение элементов // Успехи физ. наук. 1979. Т. 129, вып. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРС (Peirce) Чарлз Сандэрс (10.9.1839, г. Кеймбрыдж, штат. Масачусетс, ЗША — 19.4.1914),
амерыканскі філосаф, логік, матэматык і прыродазнавец, адзін з заснавальнікаў прагматызму і семіётыкі. Чл.Амер.АН і мастацтваў (1877), Нац.АНЗША (1879). Скончыў Гарвардскі ун-т (1859). Праф. Кембрыджскага, Гарвардскага, Балтыморскага, Бостанскага ун-таў. Распрацаваў шэраг асноватворных ідэй агульнай і матэм. логікі. Імкнуўся спалучыць навук. даследаванні з рэліг. верай. Гал. прынцып прагматызму выклаў у працах «Як зрабіць нашы ідэі выразнымі» (1876), «Замацаванне вераванняў» (1877). Лічыў, што змест паняццяў поўнасцю вычэрпваецца ўяўленнем аб яго магчымых практычных выніках; адсюль вызначэнне ісціны як веры, якая выклікае дзеянне, што вядзе да пастаўленай мэты. Яго тэзіс «існаваць — значыць быць карысным» (т.зв. «прынцып 11.») стымуляваў распрацоўку ідэаліст. філасофіі прагматызму У.Джэмсам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЭН, Пейн (Paine) Томас (29.1.1737, г. Тэтфард, Вялікабрытанія —8.6.1809), грамадскі і паліт. дзеяч ЗША і Вялікабрытаніі; асветнік радыкальнага кірунку.
З 1774 у Паўн. Амерыцы. У памфлеце «Здаровы сэнс» (1776) заклікаў англ. калоніі абвясціць сваю незалежнасць. Разам з Т.Джэферсанам выступаў за адмену рабства. Удзельнік вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. У 1777—79 П. — сакратар К-та кангрэса па замежных справах. Аўтар трактата «Правы чалавека» (1791—92), скіраванага ў абарону франц. рэвалюцыі, пасля яго забароны эмігрыраваў у Францыю; абраны чл. Канвента. У 1792—94 зняволены якабінцамі. У працы «Век розуму» (1794) выступіў як прыхільнік радыкальнага дэізму. У 1802 вярнуўся ў ЗША. Погляды П. зрабілі ўплыў на чартысцкі рух (гл.Чартызм) у Вялікабрытаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎС, Роўс (Rous) Фрэнсіс Пейтан (5.10.1879, г. Балтымар, ЗША — 16.2.1970), амерыканскі патолаг і вірусолаг. Чл.Нац.АНЗША і інш.АН і навук. т-ваў. Скончыў мед. школу Унта Дж.Хопкінса (1905). З 1909 у Ракфелераўскім ін-це мед. даследаванняў у Нью-Йорку, з 1945 ганаровы чл. гэтага ін-та. Навук. працы па анкалогіі. Адкрыў пухлінародныя вірусы (вірус саркомы Р.); у 1911 паказаў, што саркома курэй можа быць перапрышчэплена ад хворай птушкі да здаровай бясклетачнымі фільтратамі пухліннай тканкі; што анкагеннасць пухлінародных вірусаў нарастае пры іх уздзеянні сумесна з канцэрагеннымі рэчывамі ці стымулятарамі клетачнага росту. Вылучыў паняцце «прагрэсіі пухлін». Нобелеўская прэмія 1966 (разам з Ч.Б.Хагінсам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́ЗНЫ САВЕ́Т ДЛЯ ЯПО́НІІ Існаваў у 1945—52. Створаны ў адпаведнасці з рашэннем нарады міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі ў Маскве (снеж. 1945) як кансультацыйны орган саюзных дзяржаў пры амер. галоўнакамандуючым акупацыйнымі войскамі саюзнікаў у Японіі. Знаходзіўся ў Токіо. Уключаў прадстаўнікоў ЗША, СССР, Кітая, Вялікабрытаніі (апошні прадстаўляў таксама Аўстралію, Новую Зеландыю і Індыю), Нідэрландаў; пазней да іх далучыліся прадстаўнікі Пакістана і М’янмы. Меў права прыпыняць рашэнні амер. акупацыйнай адміністрацыі да ўзгаднення пытання з усімі членамі савета. У цэлым адыгрываў станоўчую ролю ў распрацоўцы агульнай паліт. лініі саюзнікаў у справе пераўтварэнняў пасляваен. Японіі (аграрная рэформа, дэмакратызацыя паліт. жыцця і інш.). Распушчаны ў крас. 1952 пасля ўступлення ў сілу Сан-Францыскага мірнага дагавора 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ФТБОЛ (англ. softball літар. — мяккі мяч),
спартыўная камандная гульня з мячом; разнавіднасць бейсбола. 2 варыянты: т. зв. «фаст-піч» і «слоў-піч». Каманда складаецца з 9—10 гульцоў. Гуляюць на ромбападобным корце з даўж. бакоў 18,3—19,8 м. Інвентар: драўляная або метал. біта даўж. 86,5 см; мяч (з расл. пуху або сінт. матэрыялаў) дыяметрам 9,5 см, пальчаткі, ахоўныя маскі, камізэлькі.
Узнік у Ірландыі ў сярэднія вякі. У сучасным выглядзе склаўся ў ЗША у канцы 19 — пач. 20 ст.Міжнар. федэрацыя С. заснавана ў 1952. Чэмпіянаты свету для мужчын і жанчын праводзяцца з 1965 раз у 2 гады. Найб. пашыраны ў Аўстраліі, ЗША, Канадзе, Кубе, Мексіцы, Японіі і інш.